…Ці ёсць такія хвіліны ў жыцці чалавека, калі сэрца напаўняецца толькі пачуццём ўдзячнасці Богу, менавіта Яму, і адчуваннем, што гэта і ёсць тое адзінае, што ты наогул хацеў бы ў гэты момант зрабіць? Надта адмысловыя хвіліны, але і іх немагчыма мець без Божай ласкі, бо ўсё ў жыцці толькі з Ім, вакол Яго і дзеля Яго!
30 мая 2013 года ў дольным касцёле парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – без перапынку ў сярэдзіне дня, без перапынку на ноч… Адарацыя вячыстая.
Крок да цішыні
… Асцярожна, каб не грукнуць масіўнымі дзвярыма, на якія ўказвае надпіс Капліца вячыстай адарацыі, адважваюся зрабіць першы крок. Яшчэ адзін, яшчэ… Можна мне ўвайсці?.. З грузам сваіх пытанняў і праблем… Можна ўсім?.. Мужчынам, жанчынам, маладым, старым?.. Ведаю, што Езус запрашаў: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас…”, але зараз нічога не адказвае, я нічога не чую, і ад хвалявання ў мяне займае дух. Наогул мяне нешта стрымлівае, можа, нават гэтая надзвычайная цішыня, што ўсталявалася за сівымі мурамі… Стрымлівае не ў сэнсе, чаго я туды пайду, а як мне туды ўвайсці? Мае адважныя намеры і думкі раптам прыціхлі, перамяшаліся з сумненнямі і звычайнай бояззю – і я ведаю, якою! – бояззю быць непрынятаю… Але ўсё ж іду. Спускаюся ўніз і, каб супакоіцца, пералічваю ступені пад сваімі нагамі: адна, другая, трэцяя… Мяне пачынае абдымаць густое паветра, адчуваю, што вяртаюся да нечага спрадвечнага, дарагога і, на шчасце, не страчанага, яно напаўняе маю істоту ўдзячнасцю Богу, што я – тут!… З кожным крокам цішыня становіцца ўсё болей дасканалай і ўсё болей кранаючай, я моцна хвалююся. Апошняя ступень, і вось Ён – перад маімі вачыма, утоены ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і выстаўлены для адарацыі, Езус – прысутны! Ён чакае! І з чаго мне пачаць гэтае незвычайнае спатканне, на якое я даўно спазнілася? Адразу перапрашаць? Не, адразу трэба дзякаваць за тое, што жыву, што маю сям’ю, маю хлеб і да хлеба, і прызнацца, што моцна шкадую аб тым, чаму не прыйшла сюды раней. Колькі такіх радасных і шчырых хвілін можна было б перажыць, але галава была забіта іншым. І гэта ёсць страта. Усведамленне яе прычыняе сэрцу боль, крыўду, з гэтым нешта патрэбна зрабіць, неяк ачысціць думкі, падрыхтаваць душу, надаць ім здольнасці ад-крыць веліч Бога нанава. А ці ёсць у мяне на гэта час? Дакладней, ці Бог дасць мне на гэта час? Божа Міласэрны, не зважай на маю чалавечую абмежаванасць, на ўсе мае грахі і заганы, а паглядзі на мяне як на здольнага вучня, які прагне слухаць Тваё слова, каб жыць Ім. Пачынаючы з сённяшняга дня, буду прыходзіць да Цябе. А зараз кленчу перад Табою, захоўваючы маўчанне, скруху сэрца, а разам з тым – радасць ад таго, што гэтая сустрэча ўсё ж адбылася…
Дайна і Георгій
Лацінскае слова adoratio азначае “ўшанаванне і праслаўленне”, або “аддаванне пашаны” Хрысту. Таму колькі існуе Касцёл, столькі адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. Пробашч парафіі а. Лех Боханэк, OFMConv, які служыць у Івянцы з 2000 года, падкрэсліў, што практыка чуванняў парафіяльнай супольнасці перад Езусам, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце і выстаўленым для адарацыі, адбывалася ў парафіі кожны месяц, асобна – падчас моладзевых рэкалекцый, музычнай майстэрні, якая збірала юнакоў і дзяўчат практычна з усіх дыяцэзій краіны, падчас парафіяльных свят. Існавала і думка аб увядзенні вячыстай адарацыі, толькі адбылося гэта не адразу, бо не дазвалялі ўмовы. Штуршок для распачатку гэтай духоўнай практыкі даў ліст, які атрымаў а. Лех ад не знаёмых яму людзей з Латвіі. Дайна і Георгій, апосталы вячыстай адарацыі, расказалі, што такую духоўную практыку яны дапамаглі арганізаваць у многіх краінах, і выказалі гатоўнасць зрабіць гэта ў Івянцы.
– Шчыра кажучы, – успамінае пробашч, – я не адразу паверыў, што ў нашым Івянцы можна сабраць людзей на кругласутачнае чуванне, сумняваўся, але ідэю не адкідаў. Праз год Дайна і Георгій прыехалі. Сустрэліся з парафіянамі, разам з імі маліліся, правялі канферэнцыі, тлумачылі, далі заданне падрыхтаваць месца для адарацыі, і ўсю зіму 2012 – 13 года мы правялі з рабочымі ў дольным касцёле. Памяшканне перад гэтым не выкарыстоўвалася, стала моцна вільготным, і, каб прывесці яго ў належны стан, спатрэбілася шмат часу. Але з Панам Богам ўсё магчыма: сваімі сіламі добраўпарадкавалі, стварылі алтар, падрыхтавалі месцы, дзе чалавек можа прыйсці і застацца з Езусам сам-на-сам. І калі Дайна і Георгій прыехалі другі раз, размову ўжо павялі аб тым, як арганізаваць справу практычна. Выбралі капітана. Ім стала парафіянка, якую таксама моцна кранула дзеянне, якое распачыналася ў парафіі. Са студзеня б.г. капліца вячыстай адарацыі адчынена з 8.00 да 23.00 (што-дзённа з аўторка па чацвер уключна) і з 8.00 пятніцы – да 23.00 у нядзелю.
Капітан Люся
– Калі Дайна з Георгіем праводзілі рэкалекцыі, а доўжыліся яны цэлы тыдзень, – успамінае Люся Смяян, – я не прапусціла ні аднаго дня. Слухала ўважліва, але ўсё ж нейкія пытанні ўзніклі, і я падыйшла да іх. Растлумачылі, мне стала цікава. У апошні дзень іх прабывання ў парафіі прыйшла да касцёла, і бачу – сядзяць нашыя госці на лаўцы. Прывіталася, і тут яны кажуць мне: “Вы будзеце капітанам, будзеце арганізоўваць “дзяжурствы». Я засумнявалася: а ці спраўлюся, нічога падобнага ніколі не рабіла. І тут яны пачынаюць гаварыць: “Аднаго канкрэтнага дня мы ма-ліліся за тое, каб тут быў капітан, інакш мы не зможам ад вас ад’ехаць, у гэты момант да нас падыйшлі Вы. Мусіць, Бог вядзе Вас на гэтую справу…”. “Ну, калі гэта воля Божая, – адказала я, – то спрабую…”. І з Божай дапамогай пачалі мы вячыстыя адарацыі. Сама я выбрала для сябе ноч з чацвярга на пятніцу, хадзіла ў чатыры гадзіны, а пасля адна пажылая жанчына папрасіла вы-значыць ёй іншы час, і я пачала “дзяжурыць” з 3 часоў ночы. Божа, які гэта благаслаўлёны час! Табе нічога не перашкаджае, ёсць толькі ты і Пан Езус. Ты адчуваеш ласку і тое дабро, якім Бог надзяляе чалавека. Вячыстая адарацыя асвячае табе шлях, надае моцы і адвагі. Кс. Сяргей аднойчы пытаў: “Не баіцеся ісці ўначы адна?”. “Не баюся, – адказала я. – У адной руцэ крыж, у другой – ружанец, іду да Езуса – каго мне баяцца?”. Так я хадзіла чатыры гады, зараз хаджу днём. А калі ў цэлым сказаць, то ў нас распісаны ўсе “дзяжурствы” на год наперад. Людзі прыязджаюць на вячыстую адарацыю – раз на ты-дзень – нават цэлымі сем’ямі, з усяе акругі, здалёк – з Мінска, Ліды, Баранавіч, а летам – яшчэ і былыя ўраджэнцы гэтых мясцінаў, якія прыбываюць наведаць свае радавыя «гнёзды» з Амерыкі, Польшчы, Расіі, Украіны. Сэнс арганізацыі “дзяжурстваў” у тым, каб уцелаўлёны Езус Хрыстус ніколі не заставаўся адзін. А той, хто прагне паразмаўляць з Ім у цішыні, але не запісаўся раней, таксама можа далучыцца да “дзяжурнага” ў любы момант. Здараюцца выпадкі, калі хто не можа прыйсці ў свой час па прычыне хваробы ці занятасці, я раблю замену, знаходжу яму іншы час; бывае, гэтым займаецца капітан па васкрэснаму дню – Наташа Чараповіч. І ведаеце – людзі становяцца спакайнейшымі, больш міласэрнымі. Што яшчэ трэба дадаць: мы моцна ўдзячныя Богу за нашага пробашча а. Леха, за яго вялікі клопат пра нашыя душы і сэрцы, бо, дзякуючы менавіта яму, маем такія цудоўныя магчымасці глыбей пазнаваць Бога і самых сябе; дзякуючы яму, маем месца, дзе можна ўтаймаваць боль, перажыць радасць, выказаць падзяку…
Што прамаўляе Бог
…Пра тое ж казалі нам і скаўты – Вераніка Карачун, Надзя Адамовіч і Аліна Мішугова.
– Акрамя таго, што мы як скаўты кожную суботу ўвечары маем агульныя дзве гадзіны перажывання вячыстай адарацыі, ёсць у мяне яшчэ і свой асабісты час,– падкрэсліла Вераніка. – Я з радасцю прыходжу ў капліцу, ведаю, што тут мяне заўсёды чакаюць; магу пабыць у цішыні, памаліцца, падзякаваць Богу. Пасля кожнай адарацыі адчуваю новае перажыванне, кожны раз яна дае мне многа повадаў для разважання. Дарэчы, тры гады запар сустракала ў капліцы Новы год. Прымаўка ёсць такая: як Новы год сустрэнеш – так і пражывеш яго. Я б хацела – пражыць з Богам.
Аліна прызналася, што яна не можа бываць на адарацыі часта, бо жыве за 20 км ад Івянца, але заўсёды выкарыстоўвае час разам са скаўтамі: адмаўляе ружанец, просіць прабачэння, выказвае Богу просьбы свае асабістыя, за сваіх бацькоў, за блізкіх лю-дзей, за хворых. “Пасля адарацыі, – прызнаецца дзяўчына, – бывае такі трапяткі і ўзняты стан духу, што цяжка падабраць словы, каб яго ахарактарызаваць; бывае, доўга чакаеш ад Бога адказу на свае просьбы, але адказ прыходзіць…”. Надзя падтрымала сяброўку: “Калі просіш Бога, і Ён дапамагае, пачынаеш разумець, што духоўныя практыкі – не марнатраўства часу, а ўзмацненне сябе самога, узмацненне Богам. Толькі патрэбна ўважліва слухаць, што прамаўляе табе Бог”.
Цяжар з плячэй
“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас…”, – зноў заклікае Езус, а мы, абцяжараныя, быццам разгубіліся перад гэтым новым за-клікам, пайшлі выбраныя з нас…
– Для мяне вячыстая адарацыя – гэта магчымасць сустрэцца з Панам Богам, падзякаваць Яму, адказаць любоўю на Яго бязмерную любоў, выказаць нейкія просьбы, – прызнаецца Алена Анкута. – Але самае галоўнае, дзеля чаго іду, – гэта магчымасць пабыць з Ім у цішыні, пачуць у сваім сэрцы, што Пан Бог прамаўляе да мяне. Гэта магчымасць узрастаць у сваёй веры і, канешне, магчымасць маліцца. Не толькі за сваю сям’ю, але і за нашу родную Беларусь, за наш народ, за навяртанне грэшнікаў.
Нэла Чарняўская дзівілася сама з сябе: “Яшчэ я працавала, як пачыналася ў нас вячыстая адарацыя. На світанні, у 4.30 я выходзіла з дому, 2 км ішла пехатой, баючыся толькі аднаго, каб не спазніцца (з пяці да шасці раніцы па пятніцах было маё “дзяжурства”), пасля яшчэ вярталася дамоў і ішла на працу. Праца ў мяне была цяжкая, але Бог на ўсё даваў сілы – ноччу не спаць, весь дзень працаваць, больш таго, тая пятніца была такая лёгкая – пралятала хутка, радасна, быццам цяжар с плячэй сыходзіў… Зараз хаджу ўдзень, і гэта вялікая Божая ласка: ты адзін з Езусам, табе ніхто не перашкаджае, і папрасіць можна, і паплакаць… І прыхо-дзяць думкі, і адказы на твае пытанні”.
– А я хаджу Богу дзякаваць, – ледзь стрымліваючы слёзы прашаптала Тэрэса Рындзевіч, – бо на самой справе, што мы значым без Яго ўмяшальніцтва ў нашыя лёсы! Мы ў сваёй сям’і Божую дапамогу адчулі шмат разоў, скажу пра сябе асабіста. У мяне былі частыя прыступы жоўцекаменнай хваробы, ляжала ў шпіталі, урачы прапаноўвалі аперацыю, а мяне браў страх. Аднойчы раптоўны гостры прыступ хапіў падчас адарацыі: што рабіць?.. Лягла крыжам перад Панам Богам, проста перад алтаром, моцна церпячы адгаварыла дзве часткі ружанца, і з’я-вілася адчуванне, быццам мой правы бок цягне ўніз, уваходзіць у падлогу… Бог даў сілы падняцца, пайшла дамоў… З таго дня больш года прайшло: ніякіх лекаў не прымаю, дыеты не пры-трымліваюся, дактароў не турбую, і мяне не турбуе нішто.
“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас…”. (Мц 11, 28).
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць