За душы чыстцовыя

Str-12“Тое, што нехта робіць  для душаў чыстцовых – моліцца ці ахвяруе за іх свае цярпенні, – адразу  ж ідзе яму  на карысць, і тады гэтыя душы  вельмі задаволеныя, шчаслівыя і ўдзячныя. Калі я ахвярую  за іх сваё цярпенне, тады яны моляцца за мяне” .   

(бл. Кацярына Эмерых)

 

 

 

 

 

 

 

 

Лістапад

 Душпастыр  малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі  кс. Ігар Лашук

Душпастыр малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Ігар Лашук

Лістападаўскія дні зноў вяртаюць да тых самых думак… Прызнаюся шчыра, сумных думак. Як ні ў якія іншыя, востра адчуваю, што ўжо даўно нікога з іх побач са мною няма, хоць у вушах да гэтай пары гучаць і маміны песні, і вяселы гумар і жарты маёй цёці… Здаецца, што нават усёю істотаю адчуваю ціхую і задаволеную ўсмешку свайго мужа і бачу сваю адданую Касцёлу свякроўку – зграбную, прыбраную і з чорнай лакавай сумачкай, у якой абавязкова ляжалі дзве рэчы – малітоў-нічак і ружанец. Дзе яны сёння? Ці бачаць мяне, ці чуюць мае малітвы? А можа ўжо яны, узятыя ў Неба, моляцца за мяне, каб дапамагчы мне тут, на зямлі, належным чынам пражыць сваю старасць і падрыхтавацца да сустрэчы з Богам, з усімі святымі… А з імі самымі? Дзе яны зараз – у Доме Айца, сузіраюць Бога тварам у твар ці ўсё яшчэ знаходзяцца ў чыстцы? Калі і сёння ўсё яшчэ пакутуюць за кары часовыя, то значыць, я павінна прадаўжаць маліцца за іх, браць удзел у эўхарыстычнай Ахвяры, шчыра трываць у посце, даваць міласціну, перажываць пакаянне, бо іх душы, як кажа навука Касцёла, не прабываюць у чыстцы вечна – гэта справа пэўнага часу. Толькі не ведаем, якой працягласці той  час… Ці для ўсіх адышоўшых з гэтага свету ён аднолькавы?.. Не, за памерлых  патрэбна ма-ліцца нястомна… А калі памру сама, малітву павінны будуць працягваць мае дзеці і ўнукі… І гэта бясконцасць,  пакуль існуе свет. У гэтай бясконцасці – таксама нашая лучнасць з Богам, у гэтай бясконцасці –  рэалізацыя Ягонай задумы аб жыцці вечным. І як на самой справе патрэбна шмат спазнаць чалавеку, каб душа яго была збаўлена! Але пасля смерці для сябе самога  ты ўжо нічога не зробіш – для цябе павінны рабіць твае родныя, блізкія, якія яшчэ пілігрымуюць…

 

Рух
– Касцёл з самага пачатку свайго існавання, – падкрэслівае душпастыр малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Багданава Валожынскага раёна, – быў перакананы ў дзейснасці дапамогі, якая ахвяруецца праз эўхарыстычную Ахвяру і іншыя малітвы, а таксама праз пост, міласціну і розныя практыкі пакаяння. Сёння, калі назіраем, як у выніку няшчасных выпадкаў і катастрофаў людзі адыходзяць з гэтага свету заўчасна, непадрыхтаванымі да натуральнай смерці, гэтая дапамога патрэбная ў разы большая. У вялікай ступені пашырэнню малітваў за памерлых, за церпячых у чыстцы спрыяюць малітоўныя групы Апостальства.
З гісторыі вядома, што ўпершыню дапамога душам чыстцовым пачала аказвацца ў  Францыі. У 1889 годзе бл. Ганарат Казьміньскі і маці Ванда Алендска заснавалі ў Польшчы Кангрэгацыю сясцёр памочніцаў душам  чыстцовым. Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ), як называецца гэты рух, – форма апостальства Кангрэгацыі  сясцёр успамогі душам чыстцовым. Яна ўзнікла як адказ на шматлікія просьбы, якія скіроўвалі да сясцёр Кангрэгацыі свецкія людзі. Каля 30 гадоў таму, дзякуючы сястры супольнасці Кінзе Шчурэк, малітоўныя групы ўзніклі ў сучаснай Польшчы. Адразу прыйшлі ў іх жанчыны, якія  страцілі ўжо дарослых дзяцей, і, разумеючы патрэбу  малітоўнай дапамогі ўсім памерлым, пачалі заахвочваць да гэтай справы іншых. У Беларусі першымі, хто далучыўся да АДДЧ, былі вернікі Гро-дзенскай дыяцэзіі, якія пачалі маліцца яшчэ ў 1995 годзе. Дзякуючы канферэнцыям і сустрэчам з сястрой Кінгай, групы з’явіліся і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у Даўгінаве, Капылі, Слуцку,  у  касцёле  святых Сымона і Алены, а таксама былі створаныя ў парафіях на Серабранцы, у Бараўлянах. Сёння такія групы свецкіх вернікаў дзейнічаюць практычна ва ўсіх дыяцэзіях на Беларусі, маюць сваіх душпастыраў і аніматараў з ліку самых сяброў Апостальства.

 

Сябры Апостальства
– Хто становіцца сябрам руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым? Вызнаўца Хрыста, хрысціянін, які сам імкнецца да святасці. Так, пакліканне да святасці не з’яўляецца чымсьці надзвычайным, хрысціянін павінен рэалізоўваць яго ва ўсім сваім жыцці. Безумоўна, даўцам святасці з’яўляецца сам Бог, які сваёю ласкаю няспынна пад-трымлівае нас,– падкрэслівае кс. Ігар, – але мы павінны прыкладаць намаганні, каб выконваць Яго святую волю, адказваць на гэты Божы дар. Адна з асноўных умоваў узрастання на шляху да святасці – знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі, дзякуючы якой мы яднаемся  з Хрыстом, а таксама заўсёдны клопат пра развіццё, узбагачэнне нашага ўнутранага, духоўнага жыцця. Памятаючы пра гэта, сябры АДДЧ павінны карыстацца дапамогаю, якую ахвяруе Касцёл:
– рэгулярна прыступаць да сакрамэнтаў пакаяння і паяднання, у якім мы спазнаем  прабачальную любоў міласэрнага Бога, а таксама да сакрамэнту Эўхарыстыі, які з’яўляецца крыніцаю асвячэння;
– весці малітоўнае жыццё;
– праяўляць дзейную любоў да бліжняга.
Патрэбна памятаць, што першым крокам да аказання дапамогі памерлым з’яўляецца  прабачэнне ім усялякага ўчыненага зла. Сябры Апостальства павінны заахвочваць і іншых да прабачэння памерламу усіх крыўдаў. Яны прымаюць удзел у святой Імшы ў інтэнцыі памерлых, якая цэлебруецца кожны месяц, ахвяруюць у інтэнцыі памерлых штодзённую працу, напатканыя цяжкасці і цярпенні, замаўляюць святую Імшу за адышоўшых  родных, ахвяруюць у інтэнцыі душаў, якія церпяць у чыстцы, свае добрыя ўчынкі, міласціну, адпусты, пакаянне. Кожны дзень яны чытаюць “Акт штодзённага ахвяравання”, змешчаны на пасведчанні, якое атрымліваюць, малітву “Вечны адпачынак…” або «Анёл Панскі» ці  іншыя на свой выбар.  Кожную пятніцу молімся за паміраючых.
Днём асаблівай узаемнай лучнасці паміж сябрамі АДДЧ і сёстрамі Кангрэгацыі сясцёр памочніц душам чыстцовым з’яўляецца кожны панядзелак. У гэты дзень сёстры моляцца ў інтэнцыі ўсіх сяброў гэтага апостальства — як жывых, так і памерлых, а сябры моляцца за сясцёр і аб новых пакліканнях у кангрэгацыю.
Дарэчы, у малітоўных супольнасцях разам з католікамі могуць маліцца і праваслаўныя браты і сёстры.
Асабліва хацеў бы пад-крэсліць, што маліцца за памерлых, за душы чыстцовыя – вельмі пабожная справа, бо той, хто памёр, аніяк не можа сабе дапамагчы – па-першае, а па-другое, і што вельмі важна, праз сваё пакліканне несці дапамогу душам чыстцовым сябры АДДЧ даюць сведчанне веры ў несмяротнасць чалавечай душы, у магчымасць ачышчэння пасля смерці, ва ўваскрашэнне. У такім кантэксце сяброў АДДЧ мы называем апосталамі, якія абвяшчаюць, што Езус – нашае ўваскрэсенне і жыццё.

 

Божая расаf-str-14
– Шмат чытаю, – працягваў душпастыр руху кс. Ігар, – на тэму рэлігійнага досведу святых аб Божай справядлівасці, якая праяўляецца ў чыстцы і ў пекле. Бог, прамаўляючы іх вуснамі, дае нам зразумець, што чалавек, які паддаецца злому духу і чыніць грэх, усё ж мае шанс і магчымасць увайсці ў Неба. Але пакуль ён трапіць туды, Божая справядлівасць патрабуе ачышчэння яго душы. І той, хто трапляе ў чысцец, спазнае ў ім не толькі цярпенне, але і мае надзею ўбачыць Бога. У святога а. Піо, вядомага каталіцкага містыка ХХ ст., які таксама апекаваўся малітоўнымі групамі, знайшоў такое сведчанне: аднойчы ў касцёле побач з вернікамі, якія прыйшлі на святую Імшу, святы ўбачыў душы чыстцовыя. Але іх было ў некалькі разоў болей, чым тых, хто прыйшоў на набажэнства, каб за іх памаліцца. Яны глядзелі з надзеяй у кожны твар, кожныя вусны, праглі малітвы жывых…
Вельмі важная справа – прымаць святую Камунію за душы чыстцовыя. Асаблівую ўвагу звяртаю на тое, што пры гэтым  незвычайна  вялікую духоўную карысць атрымоўвае сам вернік. Бо як прыняць яе без Сакрамэнту споведзі, без пакаяння? І тут пачынаецца шчырае разважанне пра саміх сябе, пра асабістае духоўнае жыццё, жыццё сваіх дзяцей, пра адносіны з суседзямі, калегамі па працы: ці не абразіў каго, не зняважыў, ці не асудзіў і г. д. Такім чынам хрысціянін, які прагне дапамагчы сваім адышоўшым родным, блізкім, сябрам, пачынае духоўна ўдасканальвацца і сваёю паставаю, сваім асабістым  пры-кладам ўдасканальвае іншых. І гэта ўжо набывае рысы евангелізацыі, прычым евангелізацыі з боку душ чыстцовых; іншымі словамі, клопат пра ачышчэнне душ чыстцовых  ачышчае нас самых…
Вельмі  хацеў бы заахвоціць – не толькі тых, хто уваходзіць у малітоўныя супольнасці, але і ўсіх вернікаў – не абмяжоўвацца толькі слуханнем казання святара на святой Імшы, але чытаць, перачытваць Святое Пісанне, часцей разважаць над яго тэкстам, бо яно мае адказы на ўсе нашыя пытанні. Слова Божае быццам ранішняя раса, якая ніколі не знікае бясследна,  не даўшы плёну дрэвам, травам, птушкам – усяму жывому… Слова Божае ачышчае: паветра, зямлю, нашу грэшную істоту… Людзі старэйшага веку і сёння сведчаць, як збіраліся пасля вайны па хатах, каб разам чытаць Святое Пісанне, бо менавіта ад яго атрымоўвалі надзею на Божую Міасэрнасць, на жыццё вечнае. Няхай  кожны, хто прачытае гэтыя радкі, задасць  сабе пытанне: ці не замала малюся? Ці не прабываю ў тэлефоне, на фэйсбуку больш, чым ў разважаннях над Божым Словам? Ці не надаю ўвагі тэлевізійным серыялам (часта агідным) больш, чым чытанню Кнігі мудрасці?
Заахвочваю ўсіх хрысціянаў да малітвы за памерлых, за душы чыстцовыя. Клапаціцеся пра чыстасць свайго сэрца, з пакораю рабіце ўчынкі міласэрнасці, цярпліва перажывайце смутак, хваробу і іншыя цярпенні, праз рукі Беззаганнай Маці ўсё гэта ахвяруйце Айцу Міласэрнасці ў інтэнцыі памерлых, якія церпяць ачышчэнне. І не перарвецца нітка сувязі паміж тымі, хто ўжо адышоў з зямнога жыцця, і іх жывымі нашчадкамі. Як сведчаць святыя, гэтая сувязь доўжыцца вякамі…

 

 

Раіса  СУШКО.
Здымак  Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мінская вобл.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий