Збаўчы пост

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сапраўды, як было б добра, каб гэтыя 40 дзён, пра якія так многа ўжо сказана і пра якія турбуемся сёння, ачысцілі нас ад ўсяго непатрэбнага і фальшывага, і перш за ўсё – ад бруду грахоў душы і зрабілі нас паслухмянымі дзецьмі Божымі. Каб гэта адбылося, мы гатовыя прынесці нават ахвяру (пра гэта часта гаворым), але – якую? Якую ахвяру, калі гэтая ахвяра – у нас самых, глыбока схаваная, закопаная, засыпаная штодзённымі клопатамі і смеццем…

Пра Вялікі пост разважаем з пробашчам барысаўскай парафіі Спаслання Духа Святога кс. канонікам Аляксеем РАМАНЧУКОМ.

 

 

 

кс. Алексей Романчук– Шаноўны кс. Аляксей, пачніце, калі ласка, з тэалагічнага сэнсу посту. І ці можам гаварыць аб змяненні патрабаванняў з боку Касцёла да жыцця хрысціяніна ў перыяд Вялікага посту?

– Па-першае, хацеў бы падзякаваць за зварот да гэтай тэмы менавіта на пачатку самага важнага перыяду ў духоўным жыцці Касцёла, тэма актуальная. Па-другое: няма катэгарычных “патрабаванняў” з боку Касцёла, а ёсць заахвочванне да ўсіх, хто лічыць сябе паслядоўнікамі Езуса Хрыста, – наследаваць Яго жыццёвы і духоўны подзвіг. У гэтым сэнсе вельмі яскравым з’яўляецца тэкст казання хрысціянскага багаслова, Святога Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы Пятра Хрызалога на пачатак 40-дзённага посту, у якім ён заахвочвае, радзіць, напамінае і перасцерагае ад маральных хібаў (гл. стар. 16  — рэд.). Ужо ў першыя вякі хрысціянства перыяд Вялікага посту напаўняецца сваім адмысловым зместам – спажываць праўдзівую ежу, якой з’яўляецца воля Айца Нябеснага. Таму натуральна і лагічна, што няма і змяненняў (узмацненняў ці наадварот – паслабленняў), якія б насілі кардынальны характар. Ёсць рэкамендацыі, на якіх за-становімся крыху пазней.

На мой погляд, аб тэалагічным сэнсе посту таксама яскрава і дакладна сказаў і Леў Вялікі, Папа і айцец Касцёла, які жыў у той жа час – на пачатку першага тысячагоддзя: “Пост – гэта пастава ўстрыманасці, якая  агарняе  ўсяго чалавека, гэта  значыць яго маральную, інтэлектуальную і фізічную  сферы. Ды не ў самым абмежаванні ежы заключаецца сэнс нашых пастоў. Ні на што непрыдатны голад цела, калі дух не вырачыцца ўсялякай несправядлівасці і неўтаймаваны язык не спыніць ганьбу”. І далей: “Гэта ёсць, пэўна, найбольш збаўчы пост – трымацца здалёк ад усялякай памылковай навукі, бо дух тады посціцца свята і духоўна, калі прэч адкідаем памылку і фальш”. Калі зазірнуць у гісторыю хрысціянства, у Святое Пісанне, то ў кнізе Быцця, у II раздзеле знойдзем аповеды, дзе Пан Бог кажа: “Не ешце, гэта забаронена”. Значыць, ужо тады было прамое ўказанне на пост і ўстрыманасць. Калі працягнем углядацца ў постаці прарокаў, патрыярхаў, праайцоў Касцёла, усіх Божых людзей, заўважым матываванае – праз просьбу Самога Пана Бога і іх асабістую – прагненне ўмацаваць сваю еднасць з Госпадам праз пост. Асаблівым чынам заўважаем гэта ў Майсея, які правёў 40 дней і 40 начэй на гары Сінай, не спажываючы ні вады, ні яды, але ў еднасці з Панам Богам. Штосьці падобнае назіраем у прарока Іллі, у Даніэля – маладога чалавека, які ў імя посту і захавання традыцый не пабаяўся нават смерці. Яскравым прыкладам постніка і чалавека вялікай малітвы, еднасць з Богам якога прыцягвала ўвесь народ да Ярдана і хросту, быў Ян Хрысціцель, жыццё якога было: пост і малітва.f-str-14

У жыцці Езуса Хрыста таксама заўважаем гэтую лучнасць дзейснага жыцця і няспыннай малітвы, ўмацаваную постам. Вельмі часта Божы Сын удаляўся на пустыннае месца, каб прабываць сам-на-сам з Богам, у малітве і посце. А перад сваім публічным уваходам у жыццё і прапаведваннем навіны аб збаўленні прабываў на малітве і ў еднасці з Панам Богам 40 дзён.

Пост – гэта праяўленне чалавечай пакуты, скрухі душы, якая хоча паяднацца з Панам Богам і аб гэтым Бога просіць. У першыя тры стагоддзі гісторыі хрысціянства існавала практыка посту перад прыняццем (у Вялікую суботу перад Пасхай) велічнага сакрамэнту Хросту. Гэта рабілася на знак таго, што, чалавек, прымаючы пакуту перапрашэння за грахі, імкнецца ўпадабняцца Сыну Божаму. У раннім хрысціянстве, калі пачало развівацца манаства, вялікімі прапагандыстамі аскетычнага і постнага подзвігу былі манахі. І рабілі гэта для таго, каб наследаваць Хрыста, а наследаванне – гэта адзін з важнейшых аспектаў посту.

Пачынаючы з IV ст., святыя айцы Касцёла заўважылі, што практыка 40-дзённага посту стала амаль паўсюднай. Святое Пісанне сведчыць, што пасціліся ўсе – і прарокі, і настаўнікі, і каралі, і простыя людзі. І рабілі гэта ў знак пакаяння, а праз устрыманасць імкнуліся праявіць сваю любоў і адданасць Пану Богу. Гэтая ідэя працягнута праз усе стагоддзі існавання чалавецтва. Яна захоўваецца па сённяшні дзень.

 

– Дарэчы, нашыя продкі прытрымліваліся не толькі 40-дзённага посту перад Пасхай, пасціліся і ў іншыя дні… Не дазвалялі сабе ніякіх забаваў, не гулялі вяселляў…

– Так, акрамя Вялікага посту, яшчэ ў сярэднявеччы нарадзіўся звычай практыкаваць квартальныя, або так званыя сухія дні. І па сваіх дзядулях і бабулях мы заўважалі, што яны посцяць у сераду, пятніцу і суботу. Практычна чатыры разы ў год – у чатыры пары года – да малітвы яны далучалі сціслы пост і прасілі благаславення ў Бога на канкрэтную пару і працу. І гэтымі днямі былі серада, пятніца і субота пасля I нядзелі Вялікага посту, серада, пятніца і субота пасля Ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, серада, пятніца і субота пасля Ўрачыстасці Ўзвышэння Святога Крыжа і серада, пятніца і субота пасля ўспаміну Святой Люцыі ў снежні.

40-дзённы пост у Каталіцкім Касцёле называецца кадрагезіма, складаецца з шасці тыдняў і чатырох дней; апошнія тры дні –Трыдуум Пасхальны – святыя дні, якія перажываюцца асаблівым чынам. На дадзены момант сціслы пост прадпісаны Касцёлам у Папялец і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана, але не з’яўляецца абавязковым для маленькіх дзяцей, кормячых маці і хворых. Па пят-ніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў. У выпадку хваробы верніка пост можа быць рэдактаваны святаром і заменены іншымі святымі практыкамі ў інтэнцыі перапрашэння за грахі, навяртання і пакуты.

 

– Але першае, пра што ўспамінаюць людзі на перыяд посту, – гэта патрабаванне не есці мяса…

– …Бо гэта самае лёгкае. Але яно – не самае галоўнае; абмежаванне ў ежы – па якасці і па колькасці – гэта толькі адзін з элементаў посту. Самае важнае, як падкрэсліваў Леў Вялікі, каб перыяд посту агортваў і маральную, і інтэлектуальную сферы хрысціяніна.

Яшчэ ў Кнізе Левіт падкрэслівалася: “Рабіце сціплымі і пакорнымі душы вашыя, каб прынесці ахвяру Пану”. Увага звярталася перадусім не на патрабаванне мяса ці малака не ўжываць, а выказваўся клопат пра дух пакорлівасці і сціпласці. Таму вельмі важна, каб перыяд Вялікага посту чалавек выкарыстаў для ўтаймавання свайго самалюбства, устрымання свайго “эга”, а не дага-джаў целу. Найпрыгажэй, калі, жадаючы ўміласцівіць Самога Бога, Які цярпеў за нас і нашыя грахі, мы становімся больш сціплымі, больш лагоднымі, абмяжоўваем сябе ў карыстанні рознымі прыемнымі рэчамі, праз якія таксама ў нашае жыццё ўваходзіць грэх. Прыхільнасць да Пана Бога, дух пакорлівасці, дух сціпласці, міласэрнасць у адносінах да бліжняга – вось тыя цноты, якіх мы павінны дасягнуць у перыяд посту. Таму некаторыя святары, не падбіраючы слоў, кажуць проста: вы толькі не “ешце”, не “згрызайце” адзін аднаго ў перыяд посту. Або інакш: святымі былі б і авечкі з каровамі, каб справа заключалася толькі ў тым, што есці, а чаго – не есці. Святы Ян Златавуст вельмі трапна ахарактарызаваў перыяд посту: “Пост – гэта супакой для нашых душ, упрыгожванне старых, выхаваўца маладых і настаўнік устрыманасці”.

 

– Атрымоўваецца, што паміж абмежаваннямі чалавека і яго духоўным удасканаленнем – прамая сувязь…

– Так, абмежаванні, якія рэкамендуе Касцёл і якія сам чалавек прымае на сябе, патрабуюць і цярпення, і пакуты, і ахвяры, але абавязкова прыводзяць да ачышчэння і ўдасканалення. Гэта нялёгкі шлях, а чалавек, на жаль, эгаістычнае стварэнне, не хоча адмовіцца ад таго, што камфортнае, прыемнае, радаснае, не хоча ў чымсьці дакараць сябе, таму што гэта невыгодна, нясмачна, непрыемна. А калі хрысціянін, перакананы ў сваёй грахоўнасці, хоча ўласкавіць Пана Бога, выказаць Яму сваю ўдзячнасць і сваё пакаянне як знак навяртання, ён перажывае вялікую патрэбу ў духоўным подзвігу, у яго нараджаецца патрэба аскезы. Святыя айцы Касцёла, манахі надавалі гэтаму вялікую ўвагу, падкрэслівалі, што пост – вельмі важны чыннік для вызвалення са шматлікіх грахоў, якія прыходзяць праз задавальненні і дагаджэнні самому сабе. І, гледзячы на сучасны свет, ні ў якім разе нельга зацыклівацца толькі на абмежаваннях у ежы. Трэба памятаць пра той самы інтэлектуальны і маральны пост, пра які казаў Леў Вялікі, – трымацца здалёк ад памылковай навукі і фальшы. А што можна сказаць пра веруючага, які прызнае Хрыста за свайго Збаўцу і Адкупіцеля, а сам цікавіцца ўсходнімі рэлігіямі, моднымі філасофскімі тэндэнцыямі, рознымі акультнымі навукамі, патанае ў гараскопах, прадказаннях і г.д. Ён толькі засмечвае свой розум і сэрца і не ў стане прыняць ўсё чыстае, што паходзіць ад Бога, як і не ў стане ўпадабніцца Богу ў Яго вялікай любові і міласэрнасці да іншага чалавека.

І яшчэ пра рэкамендацыі. Жывём у такі час, калі людзі маюць моцны дух, але не заўсёды моцнае здароўе. Вызначаючы сабе пастанову на Вялікі пост, наогул на постныя дні, патрэбна быць разважлівымі. Удасканальвайце свае духоўныя практыкі, абмяжоўвайце сябе ў слуханні песень, музыкі, якія не даюць магчымасці паглыбіцца ў малітву і разважанне над Словам Божым, але не прымайце на сябе складаных пакутаў, якія пасля могуць зашкодзіць і вам, і вашым блізкім. Прыслухоўваючыся да сябе, абавязкова папрасіце параду і благаслаўленне ў свайго духоўніка.

 

– Ойча, а ці маглі б Вы назваць прыклады такога посту, такой аскезы, калі чалавек адмаўляецца ад усялякіх дабротаў, упадабняецца Езусу ў пустыні, жыве на хлебе і вадзе і ні ў чым сабе не дагаджае толькі дзеля таго, каб сапраўды зрабіць прыемнае Пану Богу, уміласцівіць Яго?

– Ведаю душпастыра, нашага сучасніка, які служыць Богу і людзям на Беларусі. Многа гадоў назад, будучы яшчэ маладым святаром, ён пачаў і па сёння практыкуе сапраўдныя пасты: перад Пасхай – 40 дзён на хлебе і вадзе, шмат часу праводзіць у малітвах, многа падарожнічае, наведвае сем’і парафіянаў, сацыяльныя дзіцячыя прыюты, размаўляе з тымі, каго далёка абыходзяць іншыя  людзі, абмяжоўвае сябе ва ўсіх формах даступнага яму камфорту… І, калі святару падалося, што Бог не чуе яго просьбу, да Вялікага посту ён дадаў яшчэ 10 дзён… У духоўных разважаннях, пакутах і цярпеннях, у той ахвярнасці, якую вымагае ад сябе, яму хіба няма роўных…

 

– Кс. Аляксей, шчырае Вам дзякуй за час, які знайшлі для часопіса і яго чытачоў. Няхай Вашае слова ўпадзе на добрую глебу і прынясе плёны ў гэты благаслаўлёны Богам перыяд!                                                                  

 

 

 

 

Размаўляла Раіса СУШКО.

Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD

Мінская вобласць


 

 Пётр Хрызалог (380 – 450 гг.).

 

Казанне на 40-дзённы пост

(пачатак):

 

 

Св. Пётр Хрызалог“Як бачым, надыйшоў вясновы час посту, час духоўных змаганняў. Мы, як салдаты Хрыста, адкінуўшы ўсялякую гнюснасць цела і душы, выйдзем на поле дабрадзейнасці, каб далоні, знясіленыя зімовай бяздзейнасцю, узмоцніць трэніроўкай у валоданні нябеснай зброяй. Далі мы целу год, дык дадзём душы хоць крыху дзён, так шмат часу мы выкарысталі для сябе, дык прынясём крыху Стварыцелю, пажывём крышачку для Бога, раз так доўга жылі для свету, адкладзём у бок хатнія клопаты, застанемся ў абозе Касцёла, будзем чуваць ў Хрысце і не шукаць ложа да доўгага сну, злучымся з мужнай кагортай, пакінем мяккія абдымкі, хай нашае сэрца пакіне прага трыумфу, няхай яго не спакушаюць дзяцінныя капрызы, няхай у вушах гучаць Божыя словы, іх супакою хай не мяшае гоман даверлівых размоў, хай сціплую ежу спасылае нам з неба далонь Прадбачлівасці; не будзем шукаць лішніх зямных прыпраў у напаўненні чараў, захаваем меру цвярозасці, няхай п’янства не псуе нашыя сілы.

   Празмерныя даходы няхай бярэ таварыш па зброі – бедны; хай нічога не растраціць праклятая марнатраўнасць; накормлены табой таварыш прыйдзе табе на дапамогу ў баі. Так узброеныя, браты, так натрэніраваныя, аб’явім вайну грахам, пачнём змаганне са злачынствамі, выступім у бітву, упэўненыя ў перамозе. Бо нябеснай зброі не перамагчы зямным ворагам, і Божага Караля не перамогуць арміі свету; каго вера трымае ў ваеннай гатоўнасці, таго не здолее нечакана захапіць варожая пастка, а асцярожных, чуйных, цвярозых не збянтэжыць сатана раптоўным нападам, таму і нас, так узброеных, у адкрытае поле не адважыцца выклікаць, не спрабуе пабіць хітрасцю.

Няхай жа наш дух трывае ў нябеснай станіцы, няхай нішчыць подлыя, скрытыя пасткі сатаны, няхай ухіляецца ад іх. Бо д’ябал сам па сабе зласлівы, яшчэ горшым робіцца, калі яго зачапіць. Слухай словы Апостала: “Д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць” (1 П 5,8). Калі посцім, голад церпіць д’ябал, які насычаецца нашымі грахамі. Гэта ён спажыванне ежы замяняе ў абжорства, наш напой ператварае ў п’янства, каб адабраць у нас дух цвярозасці, а нашае цела змяшаць з граззю, цела, гэтае жыллё розуму і душы, мур, які асланяе духа, школу дабрадзейнасцяў і святыню Бога замяніць на месца злачынстваў, учыніць відовішчам праступкаў і тэатрам марнай раскошы. Насычаецца злы дух, цешыцца раскошай і піруе, калі нас захапляе празмернасць, узносіць прыязнасць, прыцягвае раскоша, закранае амбіцыя, распальвае гнеў, гоніць шаленства, грызе зайздрасць, запальвае прагавітасць, непакояць клопаты, дакучае сварлівасць, асляпляе выгада, няволіць ліхва, звязваюць векселі, абцяжарваюць поўныя касы, прыгнятае золата.

 Калі паміраюць дабрадзейнасці – жывуць праступкі, памнажаецца раскоша – гіне пачцівасць, знікае міласэрнасць – расце скупасць, пануе замяшанне – руйнуецца парадак і нішчыцца карнасць. Вось якія сілы змагаюцца супраць салдата Хрыста, яны – памочнікі сатаны, д’ябальскія легіёны, гэта яны напоўнілі свет магіламі, заваявалі народы, знішчылі плямёны, увесь свет захапілі ў сваю няволю.

Ніхто са смяротных не здолеў уласнай моцай супрацьстаяць ім, і таму сам Бог, Кароль неба сыйшоў на зямлю перамагчы іх, сам першы пераможца ступіў на поле бітвы, устанаўліваючы саракадзённы пост, каб яго чатырма дзясяткамі, нібы чатырма сценамі непераможнага муру, ахінуць свет”.


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий