…Ад гэтай Вялікай ночы, ад гэтага Вялікага, Чыстага, Сонечнага ранку і, урэшце, ад гэтага Вялікага дня кожны з нас чакае для сябе таксама нечага вялікага. Чакае, колькі жыве на гэтай зямлі, а дакладней – з таго моманту, калі, усвядоміўшы сябе як створаную Богам істоту, пачуе яшчэ і пра Ўваскрасенне, якое для Сына Божага надыйшло пасля смерці. Але ж Ён быў чалавекам і Богам! А як жа з тымі, хто “па вобразу і падабенству”? Памерці, каб пасля ўваскрэснуць? Як гэта?
У дзяцінстве мы разам з бацькамі і малодшымі сёстрамі жылі на вёсцы ў бабулі і дзядулі. Аднойчы, прыйшоўшы са школы, я быў вельмі здзіўлены тым, што да нас прыйшло многа суседзяў, а дзядуля Юзаф, урачыста адзеты, ляжыць у труне. Да мяне падыйшла смутная бабуля і сказала, што дзядулі ўжо няма, ён памёр. Я вельмі здзівіўся словам бабулі, але не мог зразумець сказанага ёю пра тое, што дзядулі няма… Як жа яго няма, калі ён вось тут ляжыць… Я прысеў на лаўку каля труны і доўга чакаў, калі ж дзядуля, нарэшце, прачнецца і ўстане. Аднак дзядуля ляжаў у труне непарушна. На наступны дзень труну з дзядулем закрылі і занеслі на грузавую машыну, і за ёй мы пайшлі ў суседнюю вёску да касцёла. Пасля набажэнства ў касцёле пайшлі на могілкі. Усе былі смутныя, плакалі, падыходзілі да труны і развітваліся з дзядулем. Потым труну закрылі, апусцілі ў магілку і пачалі засыпаць зямлёй. Гэта ўсё было для мяне вельмі дзіўным. У галаве кружыла думка: як дзядуля выберацца з гэтай труны і з-пад гэтай зямлі, калі прачнецца.
З гэтым пытаннем я і звярнуўся да бабулі, калі мы прыехалі дадому пасля пахавання. І тады бабуля паклікала да сябе другіх унукаў і пачала нам расказваць пра смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста і пра тое, што душа дзядулі пайшла ўжо на той свет, але, калі наступіць канец свету, то і дзядуля, і ўсе, хто пахаваны на могілках, змёртвыхпаўстануць і вернуцца на гэты свет. Кожны дзень пасля гэтага, ідучы ў школу ў суседнюю вёску і вяртаючыся з яе, я праходзіў каля магілы дзядулі, але там усё было без зменаў. Праз некаторы час да яго там далучылася і бабуля, і многа хто з радні і аднавяскоўцаў. Такая смутная рэальнасць нашага жыцця. І так ёсць у нашым жыцці, што кожная магіла, асабліва блізкага і знаёмага нам чалавека, напаўняе нашае сэрца смутнымі і трывожнымі думкамі. Магілка прыкрывае смяротнае цела чалавека і сведчыць пра нашу часовасць, пра кароткае зямное жыцце, запісанае ў двух датах – нараджэння і смерці – на магільным крыжы ці помніку.
На зямлі жыло шмат тысяч слаўных людзей – мудрацоў, валадароў, мастакоў. Залатымі альбо крывавымі літарамі запісвалі яны свае імёны ў людскую гісторыю. Аднак быў момант, калі і іх, падобна да ўсіх іншых звычайных людзей, апусцілі ў магілу. Нават вялікая слава, улада і багацце не ўратавалі іх ад смерці, не затрымаліся яны на гэтым свеце. Усё гэта для нас становіцца вялікай праблемай асэнсавання і зразумення.
Пакуль жывём на гэтым зямным свеце і маем многа спраў, працы і заняткаў і не маем занадта шмат часу, каб добра задумацца і разважыць над жыццём і над смерцю. Аднак памяць пра нашых памерлых мабілізуе нас затрымацца і задумацца над нашым жыццём і над тым, што будзе, калі і мы далучымся да іх. Яны таксама калісьці так, як і мы, мелі многа спраў і заняткаў, а цяпер іх ужо няма на гэтым свеце. Калісьці так здарыцца і з намі… І тут нам з дапамогай прыходзіць наш Збаўца Езус Хрыстус і навука нашага Каталіцкага Касцёла, які Ён заснаваў.
Бог стварыў чалавека для вечнасці. Аднак пакуль пачнецца гэтая вечнасць, трэба спачатку пажыць на Зямлі. Першыя людзі жылі ў блізкасці да Бога і былі шчаслівымі. Аднак свет, створаны Богам як шчаслівы рай для чалавека, быў даволі хутка знішчаны. Пракраўся ў яго грэх, а разам з ім – цярпенне і смерць. Пасля раю засталося толькі імкненне да шчасця. Чалавек пастаянна яго шукае і не знаходзіць… Людзі праз свой грэх аддзяліліся ад Бога, утрацілі блізкасць да Яго. Наступствам гэтага аддзялення ад Бога стала смерць, у моманце якой душа аддзяляецца ад цела. Цела чалавека застаецца на гэтым свеце і мы стараемся яго з ушанаваннем праводзіць у апошнюю дарогу на могілкі. І для людзей далёкіх ад веры ўсё гэтым і заканчваецца. І магілка для іх азначае фінал жыцця і ўсяго. Бо чалавек для іх мае толькі цялеснае і псіхічнае вымярэнне. Пры смерці псіхічная актыўнасць чалавека замірае, а цялесная старана не функцыянуе. Таму пры смерці прызнаюць, што наступае канец жыцця і існавання чалавека. З гэтага пункта гледжання, які да гэтай пары дамінуе ў навуковым і медычным асяроддзі, з прынцыпа адкідаюць кожную думку аб існаванні і жыцці пасля смерці. Такія ідэі аб несмяротнасці многія адносяць да абшару фантазіі альбо прыватнай веры, якая не мае пад сабой аб’ектыўнага фундаменту.
Для веруючых людзей смерць і магілка – гэта не канец усяго, а толькі новы этап далейшага жыцця. Бо чалавек – гэта не толькі цела і псіхіка, але і несмяротная душа. І гэтым духоўным вымярэннем з яго разумнасцю і вольнай воляй чалавек падобны да Бога. Біблія прыпамінае нам, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. І нават калі першыя людзі праз грэх аддзяліліся ад Яго, Ён не перастаў быць для нас Створцам і Айцом. Таму ўжо тады Бог паабяцаў прыслаць нам Збаўцу, які дасць людзям магчымасць вярнуцца да блізкасці да Бога і на Зямлі, і ў вечнасці. І Бог выканаў сваё абяцанне. Збаўца Езус Хрыстус прыйшоў да нас. Сын Божы стаў чалавекам, нарадзіўся падобна нам, рос, і працаваў так, як і мы, пражыў сярод людзей 33 гады. На працягу амаль 3 гадоў абвяшчаў Добрую Навіну аб збаўленні, вучыў, як трэба жыць у любові да Бога і людзей, каб збаўленне ад зла і граху стала нашым удзелам на вечнасць. І каб збавіць нас ад грэшных даўгоў перад справядлівасцю Бога, Езус заплаціў за гэтыя даўгі цаной свайго жыцця. Для гэтага Ён прайшоў крыжовы шлях і памёр за нас на крыжы. Найцаннейшае, што мае чалавек на гэтым свеце, – гэта наша жыццё, таму і жыццё Сына Божага з’яўляецца найвялікшай цаной, заплачанай за нашыя даўгі перад Богам.
Але нават смерць на крыжы не стала фіналам для Збаўцы. На трэці дзень пасля смерці Ён уваскрос і аб’яўляўся Апосталам і другім людзям, каб і яны змаглі пераканацца ў тым, што сапраўды са смерцю жыццё не заканчваецца, але прадаўжаецца ў вечнасці. І Хрыстус ахвяраваў сваё жыццё за нас, каб гэтае вечнае жыццё было шчаслівым. Навіну аб гэтым пачуў горад Ерузалем раніцай Вялікай Нядзелі. Ад чалавека да чалавека, ад дому да дому пайшла незвычайная навіна: Езус з Назарэту, якога забілі на крыжы, – жыве. Яго гроб пусты. Ён паўстаў з мёртвых. Сапраўды існуе жыццё вечнае. Гэта вялікая праўда, пра якую сведчыць Хрыстус сваім Змёртвыхпаўстаннем Велікоднай раніцай. Для гэтага Ён нарадзіўся, для гэтага Ён прыйшоў у свет, каб пацвердзіць гэту вялікую праўду. Езус Хрыстус вучыць нас, што ўсе людзі сілай Божай змёртвыхпаўстануць. Таму, калі сам Сын Божы сказаў нам, што мы паўстанем з мёртвых і пацвердзіў гэтыя словы сваім Уваскрасеннем, а Бог з’яўляецца ўсемагутным, то напэўна так станецца. Чалавек можа жыць вечна! Яго жыцця нельга за-крыць у цесных межах ад нараджэння да смерці. Чалавек можа не толькі ўвайсці ў магілу, але і з гэтай магілкі выйсці. Гэта вельмі важная праўда, сведчанне якой дае Езус праз ужо дваццаць вякоў. Наша вера ў змёртвыхпаўстанне людзей мае толькі адзін фундамент: факт сапраўднага і рэальнага Ўваскрасення Езуса Хрыста. Новы Запавет падкрэслівае рэалізм цялеснага Змёртвыхпаўстання Хрыста. Езус аб’яўляўся Апосталам у сваім целе. Апостал Тамаш меў нават магчымасць дакрануцца сваімі рукамі да ран на целе Езуса і пераканацца, што гэта не міраж, не галюцынацыя, а сапраўдны жывы Хрыстус. Гэты рэалізм аб’яўленняў Езуса сведчыць аб тым, што Сын Божы паўстаў з мёртвых у сваім целе і ў гэтым целе пасля слаўнага Ўнебаўшэсця жыве ў Айца Нябеснага. Гаворка тут ідзе пра цела праслаўленае, якое ўжо не падлягае правам прастору і часу, перамененае ў вечнасці ў славе Айца. Так Бог у Змёртвыхпаўсталым Хрысце аб’яўляе нам канчатковы эсхаталагічны этап, да якога ўсе мы ідзём. Нас усіх папярэдзіла ў гэтым Панна Марыя, якая з душой і целам была Ўнебаўзятая. Нашыя памерлыя не зніклі, але жывуць на тым свеце. Яны маюць поўную свядомасць мінулага і дасведчваюць блізкасці Бога ў вечнасці.
Навука Каталіцага Касцёла вучыць нас, што чалавек, зложаны з душы і цела, з’яўляецца чалавекам поўным. Таксама чалавек імкнецца да сапраўднага шчасця, якое заснаванае на поўным пазнанні праўды, дабра і прыгажосці. Бачанне Бога і прабыванне пры Ім з’яўляецца жыццём і дае жыццё. Да гэтага бачання Бога і прабывання пры Ім ідзём усе мы. Зямное жыццё чалавека перамяняецца ў моманце смерці. Яно можа стаць вечна шчаслівым альбо вечна няшчасным, у залежнасці ад таго, як чалавек пражыў зямное жыццё. Аднак поўнае шчасце асягне чалавек толькі пасля змёртвыхпаўстання.
Чым канкрэтна ёсць гэтае новае вечнае жыццё і як яно будзе выглядаць пасля змёртвыхпаўстання – гэтага мы пакуль пазнаць не можам. Сэнсам веры не з’яўляецца заспакойванне людской цікаўнасці. Там, дзе Божае Слова выходзіць па-за межы зямнога людскога досведу, там нам паказана толькі дарога. Вароты вечнасці Бог прыадкрывае нам толькі настолькі, наколькі гэта патрэбна для нашай жыццёвай арыентацыі на Зямлі. Таму свет змёртвыхпаўстання і жыцця вечнага ў канкрэтных справах з’яўляецца для нас неўяўляльным і таямнічым.
Пасля змёртвыхпаўстання душа і цела будуць звязаны з сабой новым і дасканалым спосабам. Не толькі душа, але і цела будзе несмяротным, без дэфектаў і калецтваў. Нашае адноўленае цела будзе існаваць па-над усялякай знішчальнасцю. Яно будзе вызвалена ад залежнасці прастору і часу, ад гравітацыі. Такую грандыёзную перспектыву вечнасці даў нам наш Збаўца Езус Хрыстус! Ён, Змёртвыхпаўсталы, зноў і зноў звяртаецца да нас і прызывае, каб мы не баяліся смерці і вечнасці. Хрыстус прызывае, каб мы не баяліся рака, вірусаў, інфарктаў, інсультаў, усялякіх хваробаў, якія нішчаць наша зямное жыццё. Езус прызывае нас, каб мы не баяліся і калецтва, не баяліся старасці, якая робіць чалавека слабым і непарадным. Хоць са-праўды зямныя хваробы і цярпенні з’яўляюцца для нас вялікай праблемай і цяжкасцю і чалавек перад імі адчувае страх і стараецца ўсімі даступнымі спосабамі, каб яны яго абыйшлі бокам. Аднак клопатаў і цярпенняў гэтага свету няма чаго параўноўваць са славай і шчасцем, якія нас чакаюць у будучым жыцці. І хоць штодзённае жыццё часта нам паказвае, што ў гэтым свеце зло мацнейшае за дабро, няволя мацней, чым вольнасць, што смерць нішчыць жыццё, аднак Хрыстус прыпамінае нам, што так сапраўды дабро мацнейшае, чым зло, любоў мацнейшая, чым нянавісць, вольнасць мацнейшая, чым няволя, жыццё мацнейшае, чым смерць. Ён дае нам перспектыву жыцця вечнага, дзе ўсё гэта стане рэальнасцю. А ў гэтым жыцці гэтую навуку Езуса дапамагае нам прызнаць наша вера. Змёртвыхпаўстанне Хрыста з’яўляецца фундаментам нашай веры. І таму паглыбленне і ўмацаванне нашай веры асноўваецца на сталым шуканні Змёртвыхпаўсталага Хрыста, гэта імкненне спаткацца з Ім і прабываць з Ім у вечнасці. І няхай з Божай дапамогай гэтая шчаслівая вечнасць і слаўнае змёртвыхпаўстанне пры канцы свету стане ўдзелам нашых памерлых, а некалі – і нашым!
Кс. доктар Юрый ПАВАЙБА.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD