Да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі

кс. ДроздУ сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.

Разам з аўтарам, кс. доктарам  Юрыем  Драздом працягваем знаёміцца з каталіцкай спадчынай  Гомельшчыны – самага ўсходняга рэгіёна дыяцэзіі.

 

 

Каталіцкая спадчына Мазыра

 

 

Мазыр. Касцёл у пачатку XX ст.

Мазыр. Касцёл у пачатку XX ст.

Ва Усходнім Палессі на правым беразе Прыпяці з даўніх часоў стаіць горад Мазыр. Ён стане адным з пунктаў святкавання стогадовага юбілею Пінскай дыяцэзіі. І не выпадкова, таму што  Мазыр мае багатую хрысціянскую гісторыю, у якой, апроч праваслаўя, у немалой  ступені  прысутнічае  каталіцызм. Каталіцкія храмы з’явіліся ў горадзе ў першай палове XVII стагоддзя. Перадусім гэта былі  святыні манаскіх ордэнаў – езуітаў, бернардзінцаў, базыльян. Але найбольшы след пасля сябе пакінуў ордэн цыстэрцыянцаў.

Кім  увогуле з’яўляюцца цыстэрцыянцы? Гэта манаскі ордэн,  які  ў  ХІ  стагоддзі  адга-лінаваўся  ад  бэнэдыктынскага ў мясцовасці Сіто каля горада Дыжон у  Францыі. Па-лацінску Сіто  гучыць  як “Цыстэрцыум”. Гэты тапонім у сваю чаргу даў назву манаскай супольнасці. Яе члены вядуць пустэльніцкае жыццё, прытрымліваюцца суровай аскезы, а ў мінулым да таго  ж вельмі актыўна займаліся гаспадарчай дзейнасцю на зямлі. У межах цяперашняй Пінскай дыяцэзіі, ды і ўвогуле Беларусі,  цыстэрцыянскія  кляштары,  апроч Мазыра, дзейнічалі ў  Вістычах  пад Брэстам і ў Алізаравым Ставе пад Жабінкай. У Мазыры, а дакладней у яго  прадмесці  Кімбараўцы, было ажно цэлых два кляштары цыстэрцыянцаў – мужчынскі і жаночы. Раён колішняй Кімбараўкі сёння займае вуліца Гогаля. Прайшоўшы   ўздож  яе,  мы можам уласнымі вачыма ўбачыць некаторыя сляды мінулага. Так, недалёка ад новага  моста  праз Прыпяць знаходзіцца  парафіяльны касцёл Св. Міхала Арханёла і будынак былога кляштару, якія раней  належалі манахіням цыстэрцыянкам. За апошні час яны яшчэ  больш  пахарашэлі  ў выніку  праведзенага добраўпарадкавання. Крыху далей да вуліцы Гогаля падступаюць перабудаваныя пад свецкія патрэбы будынкі мужчынскага кляштару цыстэрцыянцаў. Але сёння, на жаль, распазнаць у гэтым аб’екце рысы сакральнай архітэктуры не так лёгка.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.  Пачатак XX ст.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пачатак XX ст.

Мужчынская галіна ордэна цыстэрцыянцаў першай пусціла карані на Мазыршчыне. Пачатак дзейнасці адносіцца да 1711 года, калі айцец Бэнэдыкт Ружанскі, які да той пары быў прыёрам  у Вістычах, пры падтрымцы  павятовай  шляхты і са згоды ордэнскага кіраўніцтва заклаў падмуркі кляштару ў Кімбараўцы. Мужчынскі кляштар застаўся ў гістарычнай памяці  пад  назвай  “Даліна ценяў” альбо “Цёмная  даліна” (лац. Vallis Umbrosae). Магчыма, такую назву ён атрымаў з-за таго,  што знаходзіўся  ў  акружэнні  старадаўніх  цяністых лясоў. Цыстэрцыянцы асядалі, як правіла, далей ад мітусні гарадоў і мястэчак. У поўнай цішыні яны аддаваліся малітве і сузіранню. Хоць, вядома, фізічнай працы таксама надавалася вялікая ўвага. Падобна  іншым манастырам тых часоў цыстэрцыянцы мелі вялікія зямельныя ўладанні і падначаленыя сабе вёскі. Прычым, нават дастаткова далёка  ад  Кімбараўкі – ў межах Рэчыцкага павета. Прыбытак з гаспадаркі  дазваляў  утрымліваць  касцёльныя будынкі і займацца дабрачыннасцю.

Адносна хутка, у 1744 годзе, было прынята рашэнне аб заснаванні жаночага кляштара цыстэрцыянак. Жаночай супольнасці  была дадзена  назва  “Даліна анёлаў” (лац. Vallis Angelicae). У пачатку дзейнасці ў ёй налічвалася 12 манахінь. Першыя  насельніцы  манастыра былі прыезджымі, праўдападобна, з Алабоку (сёння гэта вёска на поўдзень ад горада Каліш  у  Польшчы),  дзе з 1211 па 1864 гады існаваў вялікі жаночы цыстэрцыянскі канвент. Пазней сталі з’яўляцца і мясцовыя пакліканні. Сёстры не толькі практыкавалі глыбокае духоўнае жыццё, але і займаліся выхаваўча-асветніцкай працай. У цэнтры іх увагі знаходзіліся перадусім мясцовыя дзяўчаты, якім яны стараліся даць добрую адукацыю. Напрыклад, па стане на 1809 год пры жаночым кляштары ў Кімбараўцы навучалася 28 дзяўчат. Выкладчыцкай працай займаліся 5 настаўніц. У школу на платнае навучанне прымалі ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў, а пасля дасягнення 14-гадовага  ўзросту  яны  мусілі пакінуць кляштар. Заняткі праводзіліся ад 8 да 11 гадзін дня. Праграма  навучання ў Кімбараўцы  не  захавалася, але аб тым, што яна магла сабою ўяўляць, мы можам меркаваць ,паводле вучэбных планаў ідэнтычнай школы ў Алабоку. На працягу пяці-шасці гадоў вучаніцы засвойвалі замежныя мовы, геаграфію, гісторыю, прыродазнаўства, музыку, катэхізіс, уменне планаваць сямейны бюджэт. Была нават фізкультура і, безумоўна,  – сур’ёзнае маральна-этычнае выхаванне.

Касцёл цыстэрцыянак у Мазыры.   Пачатак  XX ст.

Касцёл цыстэрцыянак у Мазыры.
Пачатак XX ст.

Жаночы манастыр праіснаваў да 1886 года, пакуль царскі ўрад не спыніў яго дзейнасць. Касцёл цыстэрцыянак пэўны час дзейнічаў як праваслаўная царква. Вядомы лёсы некаторых кімбараўскіх манахінь. Так, апошняя  настаяцельніца сястра Аляксандра Пацэвіч памерла ў выгнанні 20 жніўня 1887 года, а апошняя з кімбараўскіх цыстэрак сястра Міхаліна Леасевіч скончыла зямное жыццё ў сакавіку 1917 года ва ўзросце 90 гадоў. І можна сказаць, што ад той пары гісторыя цыстэрцыянак на нашай зямлі стаіць пакуль на паўзе. Як, зрэшты, і гісторыя мужынскай галіны ордэна. Айцам цыстэрцыянцам пашанцавала яшчэ меней. Улады Расійскай імперыі пазбавілі іх кляштара ў 1864 годзе. Будынкі пачалі прыходзіць у заняпад. У 1894 годзе іх выкупіў яўрэйскі  фабрыкант,  які адкрыў тут запалкавую фабрыку “Маланка”. Пасля 1917 года фабрыка была нацыяналізавана дзяржавай, а з 1929 года яна вырабляла  мэблю. Зараз неабыякавыя людзі  жадаюць    аднавіць  занядбаныя  будынкі.  Аднак відавочна, што для вырашэння такой складанай задачы патрэбны не толькі энтузіязм, але і велізарныя матэрыяльныя  сродкі.

З таго, што яшчэ ў нашы дні нагадвае пра каталіцкае мінулае Мазыра, можна адзначыць быўшы касцёл бернардзінцаў па вуліцы Савецкай. Першы храм ордэна з’явіўся ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Пасля быў перабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1762 годзе. Самае ж неверагоднае ў гэтай гісторыі тое, што мазырская святыня  лічылася  ўсяго-наўсяго  філіялам  кляштара  ў Сухавічах,  вёскі ў 15  кіламетрах  ад Калінкавічаў. Ад Сухавіцкага  кляштара сёння не засталося ніякага  следу. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл бернардзінцаў у Мазыры перайшоў ва ўласнасць права-слаўнай Царквы. Аднак вочы  не  падмануць, калі ў цяперашнім Свята-Міхайлаўскім  саборы  распазнаюць  архітэктоніку,  характэрную больш для каталіцкай  святыні, чым  для  праваслаўнай.

Мы бачым, што ў Мазыры душпастырскія  пляцоўкі  паўставалі перадусім  у  выніку  дзейнасці  тых ці іншых манаскіх супольнасцей. Таму, калі ў ХІХ стагоддзі царскі ўрад прадпрыняў шырокамаштабную кампанію па ліквідацыі  каталіцкіх кляштароў, гэта нанесла вялікі ўрон іх нармальнаму функцыянаванню. У адным з выданняў канца ХІХ стагоддзя, прысвечанаму гісторыі  Мінскай  дыяцэзіі  (Мазыр некалі належаў да яе), можна прачытаць, што па стане на 1886  год  у Мазыры налічвалася крыху больш за 9000 жыхароў.  З  іх  католікамі лічыліся 900 чалавек. У горадзе быў толькі адзін касцёл і два святары – настаяцель і вікарый. Прычым, вікарыю было 75 гадоў. Мазырскі касцёл таксама быў адзінай   святыняй  для  каталіцкіх вернікаў з ваколіц горада,  а  іх  налічвалася каля 6000 чалавек. У тагачасных умовах  не  так лёгка было абслугоўваць раскіданых па розных  канцах  вёскі, ды і самым вернікам з аддаленых  населеных  пунктаў  далёка  не заўсёды ўдавалася выбрацца ў касцёл на набажэнства. Дарэчы, касцёл, аб якім ідзе гаворка, можна пабачыць на старых паштоўках. Ён быў пабудаваны з дрэва ў 1757 годзе і называўся ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да нашых дзён храм не захаваўся.

Падсумоўваючы, адзначым, што  каталіцтва ў Мазыры перажывала   часы  росквіту  і   часы  сваёй  Галгофы.  У  за-вірусе гістарычных падзей не аднойчы  страчваліся вялікія духоўныя  набыткі. Але ж і тут дзейнічалі  Божы  Провід  і парадаксальная  евангельская  логіка: “Калі  пшанічнае  зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24). Кожны раз, насуперак цяжкасцям, зерне  веры прарастала  і дарога  веры  такім чынам  працягвалася.

 

 Кс. д-р Юрый ДРОЗД


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий