У сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.
Пачатак серыі артыкулаў кс. доктара Юрыя Дразда, прысвечаных Пінскай дыяцэзіі, глядзіце ў №9 (333) за 2024 год.
Як з’явілася Пінская дыяцэзія
Новы год, у які мы ўвайшлі, будзе асаблівым для Пінскай дыяцэзіі. Мы зможам стаць сведкамі і ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў, прымеркаваных да сотай гадавіны яе ўтварэння. Яны ў сваю чаргу ўвянчаюцца ўрачыстым святкаваннем Юбілею ў Пінску 28 кастрычніка – ў дзень, калі ў 1925 г. была абвешчана була Святога Айца Пія ХІ “Vixdum Poloniae Unitas”, запачаткаваўшая новы этап у развіцці Касцёла на Палессі.
Аднак дата афіцыйнага абвяшчэння папскага дакумента – гэта толькі завяршэнне таго ці іншага працэсу. Насамрэч падрыхтоўка да абвяшчэння Пінскай дыяцэзіі пачалася нашмат раней. І тут важную ролю адыгрывалі не толькі юрыдычныя аспекты пытання, але і агульны грамадска-палітычны кантэкст. Каб зразумець, як з’явілася Пінская дыяцэзія, нам трэба ў якасці кропкі адліку ўзяць як мінімум 1921 год.
У сакавіку 1921 г. пасля завяршэння савецка-польскай вайны 1919–20 гг. бакі канфлікту падпісалі ў Рызе мірную дамову. Польшча, якая ў 1918 г. стала незалежнай дзяржавай, тэрытарыяльна павялічылася, таму што ў выніку дамовы, апроч заходніх абласцей Украіны, да яе адышла 4,5-мільённая заходняя частка Беларусі плошчай больш за 110 тысяч км кв. Мы не будзем засяроджвацца на ацэнцы гэтай падзеі, таму што для нас важна іншае – у новай польскай дзяржаве, Другой Рэчы Паспалітай, узнікла вострая праблема неабходнасці рэфармавання адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Каталіцкага Касцёла, якія б адпавядалі новым рэаліям і новым межам. Польскі епіскапат абмяркоўваў гэту тэму ўжо з 1919 г. Тады на з’ездзе ў Гнезне пад старшынствам прымаса Эдмунда Дальбора, іерархі даручылі біскупу Падляшскаму Генрыку Пшаздзецкаму, які стаў сакратаром Канферэнцыі епіскапату Польшчы, падрыхтаваць план рэарганізацыі структур Касцёла ў Польшчы. Яму дапамагаў суфраган сейненскі, а потым Мітрапаліт Віленскі біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Усе біскупы атрымалі анкету, у якой іх пыталі пра новыя мітраполіі, змены межаў існуючых дыяцэзій і магчымыя змены біскупскіх кафедраў. Першапачатковы праект, створаны ў 1924 годзе, таксама ўзгадняўся з апостальскім нунцыем у Польшчы і дзяржаўнымі ўладамі. Прапановы пастаянна абмяркоўваліся на біскупскіх канферэнцыях у 1921–1924 гг. Праект новага падзелу дыяцэзій, распрацаваны польскімі біскупамі і прыняты Святым Айцом Піем ХІ, быў уключаны ў канкардат (дамову) паміж Польшчай і Апостальскай Сталіцай, які падпісалі 10 лютага 1925 года.
Канкардат юрыдычна замацаваў і нават яшчэ больш пашырыў шматлікія прывілеі, якімі Каталіцкі Касцёл карыстаўся ў тагачаснай Польшчы. Польская канстытуцыя 1921 г. у артыкуле 114-м падкрэслівала дамінуючае становішча каталіцызму ў дзяржаве сярод іншых рэлігій і веравызнанняў. Канкардат таксама гарантаваў Касцёлу свабоднае выкананне духоўнай улады і распараджэнне маёмасцю згодна з боскім і кананічным правам. Дзяржава брала на сябе абавязак быць “brachium saeculare” (свецкай рукой). На практыцы гэта азначала аказанне дапамогі Касцёлу ў выкананні яго дэкрэтаў і пастаноў.
Што датычыць рэформы касцёльных межаў, то гэтаму пытанню быў непасрэдна прысвечаны дзевяты артыкул канкардату. Паводле яго, арганізацыя жыцця вернікаў лацінскага абраду прадугледжвала стварэнне пяці касцёльных правінцый і адпаведна архідыяцэзій – Гнезненска-Познаньскай, Варшаўскай, Віленскай, Львоўскай і Кракаўскай, як і ўключаных у іх дыяцэзій – Хэлмскай, Влоцлаўскай, Сандамерскай, Люблінскай, Падляскай, Лодзскай, Ломжынскай, Пінскай, Пшэмыскай, Луцкай, Тарноўскай, Келецкай, Чэнстахоўскай, Сілезскай. Пінская дыяцэзія павінна была знаходзіцца ў складзе Віленскай касцёльнай правінцыі. Таксама агаворваліся змены ў жыцці Грэка-Каталіцкай Царквы і католікаў армянскага абраду. Адзначым, што ў такім выглядзе касцёльная структура праіснавала ажно да пачатку 1990-х гадоў.
Польскі ўрад ратыфікаваў канкардат у сакавіку. Прэзідэнт Станіслаў Вайцяхоўскі паставіў апошні подпіс 30 мая, а 9 чэрвеня Польшча і Ватыкан абмяняліся ратыфікацыйнымі дакументамі. Да афіцыйнага абвяшчэння Пінскай дыяцэзіі заставаліся лічаныя месяцы. Нарэшце, 28 кастрычніка 1925 г. Святы Айцец Пій ХІ выказаў сваю волю спецыяльнай булай. Яна пачыналася словамі: “Калі адзінства Польшчы пасля доўгага падзелу гэтага каталіцкага народа пад рознымі ўладамі было цудоўным чынам адноўлена Божым Провідам, неабходнасць арганізацыі не толькі грамадзянскіх, але асабліва рэлігійных спраў адразу стала для ўсіх відавочнай”.
Пасля кароткага ўступнага слова ў буле “Vixdum Poloniae Unitas” пералічваліся рэарганізаваныя адміністрацыйныя адзінкі Касцёла і дакладна акрэсліваліся іх межы. Пінскай дыяцэзіі быў прысвечаны адзін абзац, у якім перш за ўсё ўказвалася, што пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца катэдрай. Само ж месцазнаходжанне Пінска акрэслівалася фразай “in palatinatu Polessiae”. Выкарыстанае ў тэксце булы слова “палатынус” не атрымаецца дакладна пера-класці на беларускую мову. Але мы можам тут адчуць алюзію на назву ўзгорка, на якім узнік Рым. Па-другое, так яшчэ ў старажытныя часы называлі імператарскі двор і высокіх асобаў у некаторых мясцовасцях. Ад гэтага лацінскага слова паходзіць, між іншым, і старажытнарускае “палата”, якое можна разумець як палац, рэзідэнцыю, пабудову з каштоўных матэрыялаў і падобным чынам. Карацей кажучы, була падразумявала, што Пінск – гэта цэнтр і галоўны горад Палесся, у якім будзе ажыццяўляцца кіраванне касцёльнымі справамі.
Була ў наступным парадку пералічвала цэнтры дэканатаў Пінскай дыяцэзіі: Стаўбцы, Навагрудак, Баранавічы, Нясвіж, Сталовічы, Пінск, Лунінец, Ляхавічы, Бельск, Брэст, Драгічын (меўся на ўвазе цяперашні Драгічын над Бугам у Польшчы), Кобрын, Браньск (як і Бельск сёння гэта горад у Падляскім ваяводстве ў Польшчы), Пружаны. Затым указваліся важнейшыя парафіі: Ружаны, Косава, Івацэвічы, дзве Івянецкія парафіі – Святога Міхала Арханёла і Святога Аляксея, Камень, Волма, Пяршаі, Хотаў, Пральнікі, Налібокі і Дзераўная. У хуткім часе пасля публікацыі булы івянецкая парафія Святога Аляксея была таксама ўзвышана да ўзроўню дэканальнай.
Вось такім чынам, у выніку маштабных рэформ у межах Віленскай мітраполіі ўзнікла новае кананічнае ўтварэнне – Пінская дыяцэзія. Яна займала плошчу ў 50 424 кв. км і ахоплівала тэрыторыі Палескага, Навагрудскага і Беластоцкага ваяводстваў. У дыяцэзіі пражывалі каля 1,7 мільёна чалавек. Але да каталіцкага веравызнання сябе адносілі толькі 17% насельніцтва. Пераважную большасць складалі праваслаўныя. Было нямала юдэяў, якія часта аказваліся дамінантнай групай у гарадах і мястэчках. А ў некаторых населеных пунктах жыло шмат татараў, рэлігіяй якіх быў іслам. Бачна, што этнічная і канфесійная палітра была вельмі неаднароднай. І хоць, як адзначалася вышэй, каталіцызм меў прыярытэтнае становішча ў міжваеннай Польшчы, спецыфічная сітуацыя ў Пінскай дыяцэзіі аб’ектыўна схіляла іерархаў, святароў і вернікаў да дыялогу і паглыблення досведу міжкультурнай камунікацыі. Нашы продкі старанна падтрымлівалі ідэалы міру, братэрскага ўзаемаразумення і перадалі гэты каштоўны скарб нашчадкам.
Кс. д-р Юрый ДРОЗД