Да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі

кс. ДроздУ сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.

Пачатак серыі артыкулаў кс. доктара Юрыя  Дразда,  прысвечаных Пінскай  дыяцэзіі, глядзіце  ў №9 (333) за 2024 год.

 

 

Грэка-каталіцтва ў гісторыі

Пінскай дыяцэзіі

 

 

Грэка-каталіцкі цэнтр Святога Язэпа ў Мінску

Грэка-каталіцкі цэнтр Святога Язэпа ў Мінску

Падчас урачыстых св. Імшаў з нагоды таго ці іншага свята ў Пінскай катэдры або ў іншых святынях мы часта можам убачыць каля алтара духоўных асобаў, якія знешне нагадваюць праваслаўных святароў. Гэта ніхто іншы, як нашы браты з Грэка-каталіцкай Царквы. Яны з’яўляюцца католікамі ўсходняга абраду. Іх супольнасці ў Пінскай  дыяцэзіі ёсць у Брэсце, Івацэвічах, Баранавічах, Гомелі. Мінулае і сучаснасць гэтых суполак – неад’емная частка гісторыі нашага Касцёла, якую нельга не ўзгадаць, рыхтуючыся да святкавання вялікага юбілею дыяцэзіі.

Гісторыя Грэка-каталіцкай Царквы  на беларускай зямлі пачалася з 1596 года, калі была заключана Брэсцкая царкоўная унія паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і часткаю іерархаў і вернікаў Праваслаўнай Царквы. Усходнія хрысціяне падпарадкоўваліся ўладзе Папы Рымскага і цалкам захавалі свае абрады і традыцыі. Гэта падзея стала  важным  дасягненнем на шляху пошукаў адзінства паміж хрысціянамі. Хоць таксама трэба сказаць, што унія мела і нямала праціўнікаў. Безумоўна, не ўсе праваслаўныя яе падтрымалі, а ў далейшым  на  фоне  міжканфесійных спрэчак мелі месца разнастайныя канфлікты і непаразуменні паміж людзьмі. З іншага боку справа уніі развівалася і крок за крокам ішла наперад. Напрыканцы XVIII стагоддзя, напрыклад, 39% ад агульнага насельніцтва земляў былога Вялікага  Княства  Літоўскага  складалі  грэка-католікі, а сярод вясковых  жыхароў  і  беднай засцянковай  шляхты  іх  колькасць  дахо-дзіла да 80%. Некаторы час уніятамі былі амаль усе продкі сучасных беларусаў.

Слуга Божы Зыгмунт  Лазінскі (1870 – 1932).

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі (1870 – 1932).

Грэка-каталіцкая Царква мела сваю арганізацыйную структуру, важнейшым элементам якой з’яўляецца епархія. Так склалася, што ў XVII – XVIII стагоддзях большую частку тэрыторыі цяперашняй Пінскай  дыяцэзіі  ахоплівала  Пінска-Тураўская грэка-каталіцкая епархія. Да яе адносіліся цэрквы Пінскага і Мазырскага паветаў, а таксама некалькі парафій на тэрыторыі Навагрудскага, Рэчыцкага і Слонімскага. Епархія складалася з больш дробных адзінак – пратапопій або, інакш кажучы, дэканатаў. Мяркуецца, што напярэдадні 1772 года іх існавала  прыкладна дванаццаць. На думку даследчыкаў, гэта маглі быць  Давыдгарадоцкі, Дубровіцкі, Кажангарадоцкі, Лагішынскі, Лахвенскі, Любяшоўскі, Мазырскі, Нобельскі, Петрыкаўскі, Пінскі, Тураўскі, Янаўскі дэканаты. Але не выключана, што існавалі яшчэ Гародзенскі, Капаткевіцкі, Скрыглаўскі, Целяханскі, Тамашгародскі і Высоцкі.

Цэрквы ў парафіях будавалі, як правіла, буйныя землеўладальнікі пры  падтрымцы  вернікаў. Нярэдка  сродкі на ўзвядзенне храмаў выдзяляла духавенства. Так, у парафіі  вёскі  Грабаў (цяперашні Петрыкаўскі  раён) уніяцкую царкву пабудаваў петрыкаўскі настаяцель айцец Ілля Бародзіч. З гэтай прычыны ён карыстаўся правам прызначаць у памяненай парафіі святароў. Усяго ж колькасць парафій у Пінска-Тураўскай  епархіі  на працягу XVII – XVIII стагоддзяў балансавала на мяжы лічбы 80. Па прычыне нярэдкіх у той час узброеных канфліктаў і розных іншых грамадска-палітычных катаклізмаў лічбы пастаянна зменьваліся. Так што пра іх можна гаварыць толькі з пэўнымі агаворкамі.

З канца XVIII і ў першыя тры дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзяў католікі ўсходняга абраду на нашых землях сутыкнуліся з выпрабаваннямі. З 1839 года дзейнасць Грэка-каталіцкай Царквы ў Ра-сійскай імперыі была паралізавана. Многія уніяты былі пераведзены ў праваслаўе. Невялікая частка перайшла ў рыма-каталіцтва. Але, як пісала  беларуская даследчыца Святлана Марозава, унія дзякуючы гэтаму, “стала для многіх яшчэ больш дарагой”. З’явіліся тайныя грэка-каталіцкія  супольнасці,  якія  знешне  імітавалі  лаяльнасць да праваслаўнай веры, а тым часам падтрымлівалі сваю традыцыю. Настальгія па уніі захавалася да ХХ стагоддзя.

Гістарычны шанец на адраджэнне грэка-каталіцтва стаў магчымым дзякуючы заклапочанасці гэтай праблемай з боку Апостальскай  Сталіцы ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя і ўтварэнню Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ў 1925 годзе. Новаствораная Пінская дыяцэзія ў канцы 20 – 30-х гадоў ХХ стагоддзя стала адной з асноўных пляцовак, на якой ажыццяўлялася праца па развіцці візантыйска-славянскага абраду. У гісторыю гэты феномен увайшоў пад назваю “неаунія”. Тут галоўная роля належала нашаму першаму біскупу Слузе Божаму Зыгмунту Лазінскаму (1870 – 1932).

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў  Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек

Унійныя памкненні біскупа Лазінскага асаблівым чынам праявіліся падчас правядзення Першага Пінскага  дыяцэзіяльнага  сіноду, які адбыўся з 3 па 5 верасня 1929 г. Асобны раздзел другой кнігі Статутаў Сіноду быў прысвечаны ўсходняму  абраду. Там было прапісана наступнае  палажэнне: “У апостальскай працы вельмі важная справа – пашырэнне Божага культу ў грэка-каталіцкім альбо ўсходнім абрадзе, як гэта растлумачылі адпаведныя інструкцыі Апостальскай Сталіцы. Таму лацінскае духавенства павінна лічыць усіх каталіцкіх усходніх святароў сваімі сапраўднымі братамі і аказваць ім усялякую дапамогу; перадусім жа трэба растлумачыць вернікам юрыдычную розніцу абрадаў і еднасць ката-ліцкай веры пад адзінаю нябачнаю Галавою – Езусам Хрыстом і бачнаю – Святым Айцом. Зразумела, і ўсходняе духавенства павінна мець тыя самыя пачуцці да лацінскага духавенства”.

Да пачатку Другой сусветнай вайны парафіі ўсходнеславянскага абраду ў Пінскай дыяцэзіі былі створаны ў населеных пунктах Зарэчча, Бабровічы, Дэлятычы, Гародна, Косьна, Курашэва, Олпень і Таракань. З мэтаю пошуку большай колькасці прыхільнікаў унійнай справы сярод дыяцэзіяльнага духавенства біскуп Зыгмунт Лазінскі арганізаваў у 1930 г. у Пінску Святарскія унійныя канферэнцыі. Актыўны ўдзел у іх прымалі прафесары Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ксяндзы К. Кулак, А. Петрані, М. Крывіцкі і іншыя. Задача канферэнцый палягала таксама ў дапамозе праваслаўнаму насельніцтву лепш пазнаць Каталіцкі Касцёл. Апошнія сустрэчы ў Пінску прайшлі ў 1937 г. ужо пры біскупе Казіміру Букрабе. Без сумніву, яны ў значнай ступені прычыніліся да папулярызацыі ідэй адраджэння уніі. Але тагачасныя польскія ўлады баяліся яе як магчымага каталізатару росту нацыянальнай свядомасці беларусаў, таму перашкаджалі справе. Неадназначным таксама было стаўленне да яе з боку асобных прадстаўнікоў рыма-каталіцкага духавенства. Да таго ж ланцуг падзей пасля 1939 года фактычна звёў на нішто ўсе прадпрынятыя ў гэтым накірунку намаганні.

Гісторыя беларускага грэка-каталіцтва працягвалася ў эміграцыі. У самой жа Беларусі ўніяты да канца 1980-х гадоў вымушана знаходзіліся  ў  падполлі. Гісторык Сяргей Верамееў у сваёй нядаўна выдадзенай  абагульняючай  манаграфіі, прысвечанай  гісторыі  Грэка-каталіцкай  Царквы ў  нашай краіне, прыводзіць цікавыя факты, якія сведчаць, што ў пасляваенны савецкі перыяд у рэспубліцы пражывалі  асобныя вернікі, якія выразна акрэслівалі сябе як уніятаў. Такія людзі знайшліся на Століншчыне, а ў Пінску, напрыклад, да 1980-х  гадоў  жыла грэка-каталіцкая манахіня з шэрагу сясцёр місіянерак “Дзеці  Марыі”.

30 сакавіка 2023 г. Папа Францішак устанавіў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі  на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам

30 сакавіка 2023 г. Папа Францішак устанавіў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам

Новае вакно магчымасцяў для беларускіх уніятаў адкрылі змены ў стаўленні да рэлігійных арганізацый  з  боку дзяржавы  ў канцы 1980-х гадоў і станаўленне Рэспублікі Беларусь як цалкам незалежнай  і  суверэннай краіны. У розных гарадах былі зарэгістраваныя  парафіі. Па стане на 2023 год іх налічвалася шаснаццаць. Гэта з аднаго боку не шмат, але грэка-каталіцкія  вернікі тым не менш актыўна сведчаць аб сваёй веры і робяць вялікі ўклад у памнажэнне духоўнай спадчыны Беларусі. А аб падтрымцы іх з боку Святога Айца Папы Францішка сведчыць тое, што 30 сакавіка 2023 года ім была ўстаноўлена Апостальская адміністратура для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Згодна з Кодэксам Кананічнага  права Каталіцкага Касцёла Апостальская адміністратура ўяўляе сабой  пэўную частку Народу  Божага,  якая з увагі на асобыя і вельмі важкія прычыны  не  заснавана Найвышэйшым Пантыфікам у якасці дыяцэзіі і даручана пастырскай апецы апостальскага адміністратара, які кіруе ёю ад імя Найвышэйшага Пантыфіка (пар. ККП, кан. 371 §2).

Новы этап у развіцці Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі датычыцца, у  тым ліку, Пінскай дыяцэзіі, на тэрыторыі якой, як ужо гаварылася, пражываюць прадстаўнікі гэтай канфесіі. Для нас – гэта повад дзякаваць Пану Богу за дар  разнастайных  духоўных  дароў, харызматаў і традыцый. І немалаважна  тое, што за многія гады нашы папярэднікі выпрацавалі ў сабе ўменне мірна жыць у неаднародным культурным асяроддзі. Пінская дыяцэзія пераняла гэты бясцэнны вопыт талерантнасці і цярпімасці,  каб несці яго ў чарговае стагоддзе будучай гісторыі.

 

 

 Кс. д-р Юрый ДРОЗД


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий