У год 100-гадовага юбілею Пінскай дыяцэзіі вернікі ўсё часцей успамінаюць імя святара, які гэтай дыяцэзіі аддаў больш за сорак гадоў жыцця. Ён быў не проста верны свайму пакліканню, не проста бясконца працаздольны, настойлівы і дбайны – ён быў яшчэ і, як крэмень, цвёрды, таму застаўся не зламаны атэістычнаю сістэмаю і сталінскімі лагерамі. Гэта Яго Эмінэнцыя, ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк – першы ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кардынал, арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Няхай ніжэй пададзены тэкст яшчэ раз нагадае нам пра ахвярнага святара, які зрабіў невымерна высокі ўнёсак у адраджэнне Касцёла на Беларусі.
Верны сын і адданы слуга
Дзіўным, а часам нават загадкавым бывае шлях чалавека да свайго паклікання. А што казаць, калі справа датычыць па-клікання святарскага…
Вось як успамінаў пра той вызначальны момант у сваім жыцці сам ксёндз кардынал: “Пасля заканчэння Баранавіцкай гімназіі мы ўсім класам паехалі на рэкалекцыі ў Пінск. Было гэта праз год пасля смерці першага Пінскага біскупа, чалавека вялікай святасці – Зыгмунта Лазінскага. Ксёндз прэфект, які арганізаваў гэтыя рэкалекцыі, на заканчэнне прапанаваў нам наведаць крыпту ў катэдры, дзе спачываў біскуп, і сказаў, што кожны можа аб чым-небудзь папрасіць вялікага пастыра… Труна была замуравана, але заставалася адтуліна, праз якую можна было да яе дакрануцца. Калі падышла мая чарга, я датыкнуўся рукою да вельмі халоднай труны і сабраўся выходзіць. Але ў апошні момант штосьці мяне затрымала: як бы стала няёмка за маю такую паспешнасць… Я вярнуўся, згаварыў “Ойча наш” і зноў дакрануўся да труны. Цяпер яна ўжо не здалася такою халоднаю. “Біскупе Лазінскі, – сказаў я, – маю да цябе дзве просьбы: каб я праз усё жыццё быў верным слугою Хрыста (зразумела, як чалавек свецкі, але адданы Богу), і каб мая мама жыла як мага даўжэй”.
Аказалася, што абедзве тыя просьбы біскуп Лазінскі выслухаў. Маці мая пражыла 91 год. Праўда, наконт другой ён вырашыў па-свойму: калі хочаш быць слугою Божым – павінен быць святаром. І хоць я ніколі да таго часу не думаў пра святарскае пакліканне і не прасіў аб гэтым, аднак, выйшаўшы з падзямелля Пінскай катэдры, быў упэўнены, што стану ксяндзом. Я і сёння не магу да канца зразумець таго пералому, які адбыўся са мною…”.
Крыж
8 красавіка1939 года у Пінскай катэдры дыякан Казімір Свёнтэк атрымаў з рук мясцовага біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт святарства. Але ці думаў ён у той шчаслівы вясновы дзень, які цяжкі крыж бярэ на свае плечы…
Пазней, успамінаючы перажытае, Яго Эмінэнцыя скажа: “Мяне ўтрымала і пры жыцці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці брэсцкай турмы. Адтуль кожную ноч а 12-й гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру… Але ў душы быў перакананы, што выжыву… І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі (…). Звяртаўся ў думках да Маці Божай і да Яе Сына і верыў, што Яны не пакінуць мяне, не дадуць прапасці…”.
А колькі такіх безнадзейна цяжкіх, драматычных сітуацый давялося перажыць яму за ўсе дзесяць гадоў, праведзеных у лагерах у Сібіры і Далёкай Поўначы…
“Знаходзячыся ў ізаляцыі, я не сустрэў ніводнага каталіцкага святара і быў пазбаўлены магчымасці спавядацца. Толькі ў апошнія гады знаходжання ў лагеры я раздабыў аплаткі і разынкі і ўжо мог ва ўкрыцці цэлебраваць святую Імшу. У якасці келіха мне служыў маленькі фаянсавы кубачак, а кансэкраваныя дары я разносіў католікам у пустым карабку з-пад запалак.
На Вялікдзень у прысутнасці некалькіх вязняў-католікаў я адслужыў святую Імшу ў пральні сярод густой пары…
А ў Варкуце я арганізаваў вігілію Божага Нараджэння. З нараў мы зрабілі стол і пас тавілі на яго розныя стравы. Я паклаў дзве дзённыя порцыі хлеба, зэканоміўшы сваю пайку за два дні. Іншыя, а было нас больш за дзесяць, паклалі лепшыя стравы, якія атрымалі ў харчовых пасылках ад сем’яў. Былі таксама аплаткі. Трымаючы ў руцэ аплатак, я звярнуўся да сабраных. Голас мой дрыжаў, прысутныя выціралі слёзы. І раптам расчыніліся дзверы і ўвайшоў начальнік рэжыму з пісталетам у руцэ, а за ім – салдат з карабінам і штыком. “Што вы робіце?” – запытаўся начальнік. Я стаў насупраць кадэбіста і пачаў тлумачыць абрад вігіліі. Працягнуўшы руку з аплаткам, прапанаваў яму падзяліцца ім і павіншаваць са святам Божага Нараджэння. Узнікла арыгінальная і поўная напружання сітуацыя. Былі дзве працягнутыя рукі: мая – з аплаткам і кадэбіста – з пісталетам. Начальнік схаваў пісталет у кабуру, перапрасіў, што не можа па службовых абставінах прыняць аплатак, але дазволіў працягваць гэту нашу вігілію і выйшаў з салдатам з камеры. Калі ён выходзіў, я заспяваў нашу традыцыйную калядную песню “Wsrod nocnej ciszy”. Раніцаю наступнага дня я быў пераведзены з Варкуты ў глухую паўночную тундру.
“Божа, які Ты магутны, які Ты добры!”
І яшчэ адзін эпізод быў вырашальным у маім лёсе ў апошні дзень знаходжання ў лагеры. Мяне пад канвоем прывялі ў канцылярыю КДБ, якая знаходзілася па-за межамі лагера. За сталом сядзеў маёр КДБ, а я павінен быў стаяць каля сцяны. Маёр пачаў уважліва правяраць вельмі вялікую папку з дакументамі майго знаходжання ў турмах і лагерах. Час ад часу ён са здзіўленнем глядзеў на мяне і круціў галавою. Нарэшце, дайшоўшы да апошняй старонкі, ён запытаўся ў мяне: “Як гэта ты, усё перажыўшы, застаўся жывы?”. Для яго ўсё гэта было незразумелым, таму што прынцып КДБ быў ясны і адназначны: для такога, як я, шкада кулі, яна можа спатрэбіцца на фронце, а забіць мяне можна цяжкай працай звыш чалавечых сілаў і жудаснымі ўмовамі жыцця ў лагеры. І таму ён быў вельмі здзіўлены. Мой адказ быў выразны і рашучы: “Грамадзянін маёр, мне захавала жыццё мая моцная, непахісная вера ў Бога. Ён мне захаваў жыццё”. Маёр не стаў адмаўляць існаванне Бога, толькі засумняваўся ”а ці ёсць гэты Бог” і яшчэ больш задумаўся. Ад яго залежала рашэнне аб маім далейшым лёсе, аб маім жыцці. Стоячы каля сцяны, я горача маліўся, просячы аб выратаванні, аб захаванні жыцця, аб свабодзе. І пасля доўгага роздуму ён добразычліва глянуў на мяне – гэта была ўпершыню праяўленая да мяне добразычлівасць з боку кадэбіста. Ён узяў ручку і размашыста напісаў, кажучы ласкава: “Вы вольныя”. Я выйшаў з канцылярыі КДБ без канвоя, я быў вольны! Божа, які Ты магутны, які Ты добры!”.
Вяртанне
Прайшоўшы праз увесь жах сталінскіх лагераў, ксёндз Казімір у 1954 годзе вярнуўся на Беларусь. Пружанскі касцёл, у якім у 1939 годзе ён распачынаў сваё святарскае служэнне, бальшавіцкая ўлада таго часу паспела пераабсталяваць пад Дом культуры. Ксёндз Казімір прыехаў у Пінск. Прыехаў туды, дзе ўпершыню пачуў і прыняў Божы покліч, дзе спачываў ягоны апякун і заступнік біскуп Лазінскі. У Пінскай катэдры не было святара, але сама святыня па-ранейшаму заставалася ў руках вернікаў. Яна як бы чакала менавіта яго, Казіміра Свёнтка. І гэта таксама была Божая воля. Але каб яе выканаць, зноў трэба было прайсці праз цяжкія выпрабаванні і цярпенні. Не адну ноч святар правёў у будынку КДБ: бязбожнай уладзе вельмі не хацелася, каб Пінская катэдра займела свайго пробашча. Яго ўгаворвалі, прапаноўноўвалі іншыя пасады, пагражалі саслаць назад, у Варкуту. Нічога не дзейнічала . Пяць месяцаў цягнулася процістаянне. Нарэшце, у снежні таго ж 1954 года, ксёндз Казімір атрымаў дазвол на рэгістрацыю і распачаў працу.
Наперадзе былі 60-я і новая хваля барацьбы з хрысціянскаю вераю і з каталіцкім касцёлам. Ізноў масава разбураліся і ўзрываліся святыні, ператвараліся ў амбары, канюшні, склады…Быў той час, калі на пытанне, колькі вернікаў налічвае яго парафія, пробашч Пінскай катэдры адказваў, што лічыць парафію не на душы, а на кіламетры…
А колькі сілаў забрала рэстаўрацыя Пінскай катэдры, колькі ён нацярпеўся, аднаўляючы хоць бы адзін толькі дах святыні, перабіраючы сваімі рукамі кожную чарапічыну…
У 1991 годзе была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і пробашч Пінскай катэдры стаў яе першым арцыбіскупам, а таксама Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Лёс Каталіцкага Касцёла на Беларусі Божы Провід даручыў таму, хто сам быў лёсам гэтага Касцёла, быў яго верным сынам і адданым слугою.
Ахвярная праца і руплівасць Казіміра Свёнтка ў адраджэнні Касцёла на Беларусі, у абвяшчэнні Евангелля былі годна ацэнены Апостальскаю Сталіцаю: 26 лістапада 1994 года у часе публічнага кансістару ў Рыме Папа Ян Павел II менаваў арцыпастыра беларускіх католікаў кардыналам.
(Па старонках выдання “ Fidei testis” – «Сведка веры», “Pro Christo”, 2004).
(Заканчэнне ў наступным нумары).