…Прыходзіць светлы май, і каля прыдарожных капліц збіраюцца вернікі, каб узнесці хвалу Богу і папрасіць Насвяцейшую Маці аб заступніцтве за іх сённяшнія лёсы. Пра гісторыю адной з такіх каплічак нам расказала краявед з Геранёнаў Алена Смалянічэнка.
– Зараз на тэрыторыі нашага Геранёнскага сельсавета 37 вёсак, і амаль каля кожнай з іх захавалася каплічка. Я часта праводжу экскурсіі для літоўцаў, палякаў, жыхароў беларускай сталіцы, і яны абавязкова пытаюць пра гісторыю стварэння прыгожай капліцы, што стаіць паблізу касцёла святога Мікалая ў в. Геранёны, і тады пачынаю расказваць ім пра Роцкішкі.
Роцкішкі… Мілыя сэрцу мясціны, яны ў некалькі кіламетрах ад Геранёнаў. Я была там зусім нядаўна. Здаецца, час захаваў толькі цішыню, якая пануе амаль на памежжы з Літвою, ды зелень былога вя-лізнага парку. Раскідзістыя таполі, ліпы, бярозы нашэптваюць пра мінулае былых уладальнікаў фальварку, ад сядзібнага дому якіх засталіся толькі калоны пры ўваходзе ды слупы пры ўездзе ў былую галоўную браму. Лёгка адгадваецца дарога, якая вяла ў сярэдзіну двара, – паабапал яе стаяць магутныя дрэвы. Калісьці на Геранёнскіх землях (тэрыторыя ўваходзіла ў Навагрудскае ваяводства Валожынскага павета, гміна Седліцка) існавала пяць фальваркаў, і менавіта з фальваркам Роцкішкі звязана гісторыя вышэй названай капліцы.
Уладальнікамі яго ў розныя часы былі розныя заможныя людзі, апошнім быў Мацей Ямант – вядомы віленскі адвакат. У Вільні ён меў вялікі 2-павярховы дом, і ў Роцкішках сям’я жыла толькі ўлетку. Круглы год у фальварку, у асобным доме жыў толькі брат Мацея – Міхаіл, былы ваенны. Дарэчы, гэты дом, ён стаіць збоку, у лагчыне, захаваўся і па сёння – у цёплую пару года тут пражывае сям’я з Вільні.
У 1928 годзе ў сям’і Мацея Яманта нарадзілася дачка Зося, што было вялікай радасцю для пана, і ў гонар яе перад цэнтральным уездам у сядзібу фальварка ўладальнік заснаваў скульптурную групу Святой Марыі з анёламі. Святая Панна стаяла на пастаменце ў атачэнні маладых бярозак, і да фігуры вяла алея, паабапал якой таксама на пастаментах стаялі анёлы. Але наляцеў 1939 год, і савецкія аўтаматы пазбівалі анёлаў, а знішчыць Святую Марыю не далі рады – “паранілі” Яе твар, “пакалечылі” Ёй рукі… Так і заставалася Панна маўклівай сведкаю пабожнасці адных людзей і блюзнерства другіх аж да пачатку бягучага тысячагоддзя.
Як склаўся лёс былых уладальнікаў фальварка? З успамінаў, якія напісаў жыхар Познані (ураджэнец в. Суботнікі) Казімір Нехвядовіч стала вядома, што Мацей Ямант быў арыштаваны ў верасні 1939 года ў Вільні, яго жонка і дачка хаваліся адразу ў знаёмых, а пасля вярнуліся ў Роцкішкі. Пасля вайны, у 1946 годзе, выехалі ў Польшчу. Там Зося вышла замуж, нарадзіла дачку Малгажату.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя, па запрашэнню кс. Геранёнскай парафіі Кшыштафа Грошэка, у Геранёны прыяз-джала дачка Мацея Яманта пані Зося з Польшчы. Наведала былы бацькоўскі фальварак, хадзіла па сцежках свайго дзяцінства і юнацтва і, вядома, была моцна ўражана тым, што застала ў Роцкішках праз дзесяцігоддзі – высечаны лес, на месцы бору – хмызняк, зруйнаваная сядзіба. Прапанавала перанесці фігуру Святой Панны Марыі ў Геранёны.
У 2007 годзе намаганнямі кс. Рычарда Чайкі была рэстаўрыравана фігура і ўстаноўлена капліца Святой Марыі ў Геранёнах. Сёння да Яе прыходзяць, каля Яе спыняюцца і моляцца, усхваляючы Пана Бога і просячы Святую Панну Марыю аб заступніцтве, людзі. Тая, у чый гонар з’явілася фігура ў фальварку Роцкішкі 90 гадоў назад, у сакавіку 2013 года адыйшла ў вечнасць, а ў былым фальварку і па сёння застаўся пастамент, на якім чытаюцца словы: “GRATIA PLENA” (рус. – благодати полная, бел. – поўная ласкі) і пазначаны год: “ANNO MCM XXX”.
Запісала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD
і з архіва А. Смалянічэнка.