Маці Божая Гудагайская, маліся за нас

…Дзе знаходзіцца месца нашай сустрэчы з Богам? Прагнем яе і нават хацелі б ведаць, дзе, калі і пры якіх абставінах гэта адбудзецца, але ведаць нам не дадзена. Бог Сам прызначае на гэта час. Для многіх вернікаў, якія сведчаць аб Божай любові, гэтым месцам з’яўляецца Гудагай – невялікая вёска ў Астравецкім раёне Гро-дзенскай вобласці, дзе на ўзгорку ўзвышаецца касцёл, у галоўным алтары якога знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай Шкаплернай. У ліпені бягучага года вернікі збяруцца, каб сумесна памаліцца за 250 гадоў знаходжання абраза  Маці Божай у Гудагаі і за ласкі, атрыманыя праз Яе.

Месца вызначыў Бог f-str-19 Наконт таго, якім чынам з’явіўся тут цудатворны абраз Маці Божай, існуе некалькі легендаў. У адной з іх гаворыцца, што ў мясцовых ваколіцах у старажытнай ашмянскай пушчы жыў пустэльнік, які ў аддаленасці ад людзей па-глыбляўся ў малітву і практыкі пакаяння, а таксама даваў парады і аказваў духоўную дапамогу лю-дзям, якія да яго прыходзілі. Непадалёку праходзіў шлях, што яднаў Захад з Усходам. У той час ездзілі па ім шматлікія купцы, якіх вельмі часта рабавалі злодзеі. Аднойчы на купецкі караван напалі рабаўнікі, і на месцы, дзе гэта адбылося, засталося шмат каштоўных рэчаў. Сярод іх магла быць і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку, а ён змясціў яе ў сваім доме. Іншая легенда апавядае, што непадалёку ад Бернасішак, на хутары Паляны, стаяла леснічоўка, дзе жыў вельмі пабожны ляснік, які меў асаблівае набажэнства да Найсвяцейшай Маці. У яго шалашы, або вартаўнічым будане, і з’явіўся абраз Марыі. Паводле яшчэ адной легенды, гэты абраз быў выкінуты з дома аднаго са шляхецкіх родаў пасля прыняцця гаспадарамі пратэстантызму (кальвінізму), у якім адмаўляўся культ Маці Божай і святых.

Каранаванне абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі             кардыналам Казімірам Свёнткам

Каранаванне абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі кардыналам Казімірам Свёнткам

Незалежна ад праўдзівасці версій, відавочна адно: сам Бог выбраў гэтае месца, як і шмат іншых, каб удзяляць свае ласкі людзям. Касцёл у Гудагаі быў пабудаваны багатым родам па прозвішчы Война ў 1763 годзе. Праз год, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 верасня 1764 года кармэліты босыя, якія прыбылі з Вільні  дзеля  апекі  цудатворным абразом, урачыста перанеслі абраз у касцёл і змясцілі яго ў галоўным алтары. Кляштарны летапісец занатаваў, што «ўвесь Гудагай набыў урачысты выгляд. Узведзены і прыгожа аздоблены брамы на месцах прамоваў. Шлях каля ўваходу ў касцёл на некалькі метраў быў высланы дыванамі і кветкамі… Меладычная музыка злівалася з боем касцёльных званоў». З самага пачатку сваёй прысутнасці ў Гудагаі кармэ­літы пашыралі культ Маці Божай, асабліва развіваючы шкаплернае набажэнства і беручы пад душпастырскую апеку мясцовае насельніцтва. На жаль, гісторыя парафіі і яе святыні не абыходзілася без рэпрэсій з боку кіруючых уладаў, што прыводзіла ў розныя часы да абмежавання рэлігійнага жыцця. Так адбылося і пасля Лістападаўскага паўстання, калі  дэкрэтам цара Мікалая I у 1832 г. гудагайскі кляштар кармэлітаў быў ліквідаваны, парафія падзелена і далучана да суседніх, а касцёл,  званіца і іншыя збудаванні былі прададзены габрэям на разборку. Аднак славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай знайшоў сховішча ў касцёле ў Ашмянах, куды яго разам з вотамі ва ўра­чыстай працэсіі занеслі адданыя шанавальнікі і дзе ён знаходзіўся на працягу 75 гадоў. На сваё даўняе месца, у той самы храм, які, дзякуючы апецы Маці Божай Гудагайскай, а таксама малітвам і дзейнасці парафіянаў, габрэі не разабралі, абраз вярнуўся 2 жніўня 1907 года. f-str-21Пасля ліквідацыі кляштару кармэлітаў босых душпастырскія паслугі аказвалі ахвярныя  дыяцэзіяльныя ксяндзы, сярод якіх найбольш працяглы час у гудагайскай парафіі працавалі  кс. Павел Сянкевіч і кс. Адам  Вайцэхоўскі. Дзень 7 ліпеня 1990 года ў гісторыі парафіі знамянальны тым, што ў Гудагай, пасля 158 гадоў перарыву, зноў вярнуліся кармэліты босыя і сталі сапраўднымі вартаўнікамі санктуарыя Маці Божай Гудагайскай, развіваючы Яе культ, яднаючы людзей з Богам.  Айцец Казімір Мораўскі разам з айцамі-кармэлітамі прыклаў намаганні, каб аднавіць кароны да цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай. 18 кастрычніка 2003 года святы Ян Павел II асвяціў кароны, якія былі выкананыя з залатых дароў удзячных вернікаў і шанавальнікаў цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай, а 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў абраз Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Дотык Божага пальца    Колькі шляхоў-дарог пракладзена людзьмі ў Гудагай! Колькі слёз тут праліта, і колькі верных атрымалі ў гэтым намоленым месцы ласку Божую праз заступніцтва Маці Божай Гудагайскай, адчулі на сабе дотык Божага пальца! Ніжэй прыводзяцца некалькі са шматлікіх ласкаў Маці Божай Гудагайскай, якія былі запісаны і па-цверджаны душпастырамі.

Каля 1912 г. дванаццацігадовая дзяўчынка з гудагайскай парафіі страціла зрок. Аслеплую дачку бацькі адвезлі ў шпіталь у Вільні. Дактары сцвердзілі, што стан вачэй невылечны і адправілі яе дадому. Тады заклапочаныя бацькі звярнуліся па паратунак да Маці Божай Гудагайскай. Іх вера і малітва былі пачутыя. Да дзяўчыны вярнуўся зрок. З таго часу яна штогод прыязджала ў Гудагай на галоўную ўрачыстасць, каб падзякаваць Маці Божай за ласку здароўя. У 1923 г. пробашч кс. Павел Сянкевіч асабіста размаўляў з ёю і сцвердзіў, што ў яе зусім здаровыя вочы. Уладзіслава Барысевіч, якая жыла ў Вільні, 23 снежня 1936 г. прыслала пробашчу кс. Паўлу Сянкевічу срэбны вот у форме пласцінкі з выяваю вуха і словамі падзякі Маці Божай за аздараўленне. Яна доўга малілася да Маці Божай, просячы аб здароўі. Толькі ў 1928 г. пасля пілігрымкі з Ашмянаў у Гудагай на штогадовы адпуст яна атрымала дар аздараўлення вуха. Кс. Аляксандр Ляховіч, які нарадзіўся ў Гудагаі, вялікі шанавальнік Маці Божай Гудагайскай, у 1944 г. прыслаў з Вільні кс. Вацлаву Радзівону, вікарыю парафіі ў Гудагаі, апісанне атрыманай ласкі: «Уся наша сям’я мела вялікі культ да Маці Божай Гудагайскай, але пасля наступнага здарэння пашана і пакланенне яшчэ больш павялічыліся, а Яе абраз стаў для нас найдаражэйшаю каштоўнасцю. У 1907 ці 1908 г. мая самая малодшая сястра Ядзвіга цяжка захварэла. Дзіця згасала на вачах і пасля некалькіх дзён хваробы было ў агоніі. У роспачы мая маці ў гэтую крытычную хвіліну з глыбокаю вераю звярнулася па дапамогу да Маці Божай Гудагайскай. Яна ўкленчыла і публічна прысягнула, што, калі яе дзіця застанецца жыць, яна ў знак удзячнасці да канца жыцця будзе пасціцца ў суботы. У гэты момант на твары дзіцяці з’явіўся румянец, дзяўчынка радасна ад-крыла вочы, а пасля некалькіх дзён стала цалкам здаровай». Ласку выратавання свайго жыцця апісаў вікарый гудагайскай парафіі кс. Вацлаў Радзівон: «Падчас эпідэміі тыфу, якая распаўсюджвалася ў парафіі, абслугоўваючы шматлікіх хворых ці калядуючы, у канцы 1941 г. я падхапіў гэтую страшную хваробу. Ужо 3 студзеня я адчуваў сябе вельмі дрэнна. Мяне мучыла моцная гарачка. Мне здавалася, што гэта звычайная прастуда, і, маючы моцны арганізм, я з усіх сіл супраціўляўся хваробе. Гэтае змаганне працягвалася да 6 студзеня. Я пайшоў у касцёл, хоць ногі хісталіся так, быццам былі з гумы. Я прамовіў казанне, маючы тэмпературу 39,40, памаліўся Нешпары і выканаў іншыя святарскія абавязкі. Потым ахрысціў некалькі дзяцей. У мяне пачало цямнець у вачах. Я лёг у ложак і ўжо не мог устаць. Праз некалькі дзён я страціў прытомнасць. Мяне адвезлі ў шпіталь у Ашмяны. Хвароба праходзіла вельмі цяжка. Амаль з апошніх сіл я змагаўся са смерцю. Прыкладна тыдзень тэмпература не апускалася ніжэй за 40. Увесь час я амаль што быў непрытомны. 14 студзеня дактары, якія сабраліся на кансіліум, прызналі, што яны бездапаможныя. Парафіянка Шыдлоўская, якая апекавалася мною, бачачы гэта, з гучным плачам пачала прасіць іх выратаваць мяне. Гэты плач на хвіліну вывеў мяне з непрытомнасці. Тады я пачуў такі адказ з вуснаў аднаго ўрача: «Мы яму ўжо нічым не дапаможам!». Я зразумеў, што павінен памерці ва ўзросце 27 гадоў. «Маці, – уздыхнуў я да Гудагайскай Пані, – Ты мне дапаможаш!!!». Ноч прайшла ў змаганні са смерцю. Раніцай я адкрыў вочы. Усё ўспомніў. Гарачка зараз жа спала. Прыйшлі дактары і медперсанал. Яны былі здзіўленыя такім станам хваробы. «Дзякую Табе, Маці, за здароўе», – шапталі бледныя спечаныя вусны… Я  моцна веру ў тое, што маё вылячэнне адбылося не без удзелу Маці Божай». «26 мая 2003 г. майго ўнука Ваню Кляўду (9 гадоў) збіла машына, калі ён вяртаўся са школы. Ён атрымаў страсенне мозга і ад-крыты пералом правай нагі. Тры дні знаходзіўся ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане. Разам з яго бацькамі мы маліліся аб ягоным аздараўленні. Сітуацыя была складаная, бо косці зрасталіся няпра-вільна, перасаджаная скура не хацела прыняцца. Усё змянілася, калі па маёй просьбе 26 мая 2003 г. айцец Леанард Цеханоўскі адслужыў св. Імшу перад абразом Маці Божай Гудагайскай аб здароўі для ўнучка. З таго часу хлопчык пачаў папраўляцца і хутка вярнуўся дадому. Я ўпэўнена, што гэта Маці Божая Гудагайская вылечыла яго, і няспынна дзякую Ёй за гэта (Лукойць Галіна, 67 гадоў, Гарадоўшчына). «Падзяка Маці Божай Гудагайскай за дар здароўя маёй дачцы Валянціне. Маё дзіцятка, маючы год і шэсць месяцаў, цяжка захварэла. Рэцыдыў  хваробы  паўтараўся 15 разоў на працягу двух гадоў. Лячэнне  дактароў  расчаравала нас. Тады я звярнулася з просьбаю да  Маці  Божай  Гудагайскай. Увесь год я кожны дзень малілася на ружанцы, і мая просьба была пачута. Дзіця  паправілася і больш ужо не хварэе. Сёння маёй дачцы 45 гадоў». …І  ўсё гэта – дотык  Божага  пальца.

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD «Абраз Маці Божай у Гудагаі» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий