Пінская дыяцэзія: гісторыя і сучаснасць

gr-str-26Заходняе хрысціянства на землях сучаснай Беларусі пачало распаўсюджвацца яшчэ ў IХ ст.  Прычым яно выступала не толькі ва ўсходняй (візантыйскай) форме, але і ў заходняй. У 1009 г. “на сумежжы Літвы і Русі” г. зн. недзе  на паўднёвым захадзе Беларусі прапаведаваў  нямецкі біскуп святы Бруна Баніфацый з Кверфурта. Св. Бруна і некалькі яго памочнікаў  загінулі мучаніцкай смерцю ад рук язычнікаў.
Прыкладна ў той самы час  (паміж 1008 і 1013 гг.) тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Разам з маладой князёўнай у Тураў прыбылі святары лацінскага абраду на чале з біскупам Рэйнбернам. Было  заснавана першае біскупства. Крыніцы сведчаць, што Рэйнберн не толькі выконваў функцыю Духоўнага кіраўніка маладой князёўны, але і актыўна прапаведаваў каталіцкую веру сярод насельніцтва.  Місіянерская справа, аднак, хутка спынілася па прычыне неспрыяльнай  палітычнай сітуацыі і перашкод з боку Кіеўскага князя Ўладзіміра.
У сярэдзіне ХIII  ст.  другім значным цэнтрам каталіцтва стаў Навагрудак – першая ста-ліца Вялікага Княства Літоўскага. Мы  бярэм яго пад  увагу, паколькі Навагрудчына ў 1920-30-х гг. уваходзіла ў склад Пінскай дыяцэзіі. У 1251 г. першы  навагрудскі князь Міндоўг выправіў у Рым  афіцыйнае і адмысловае пасольства. Яно было надзвычай плённым: Папа Інацэнт IV  прыняў усе землі  Міндоўга  і яго з сям’ёю пад абарону і юрысдыкцыю Апостальскай Сталіцы. У 1253 г. па благаслаўленні таго ж Папы князь быў каранаваны Кульмскім (Хэлмінскім) біскупам  Генрыкам. На наваградскіх землях было заснавана  біскупства. У 1260 г. Міндоўг адрокся ад каталіцкай веры і страціў правы на каралёўскі тытул.
Распаўсюджванне каталіцкай веры ў Беларусі больш актыўна вялося з канца ХIV ст. Напрыканцы ХV ст. налічвалася ўжо каля 150 парафій. Пашыралася колькасць кляштараў.  Самы першы кляштар з’явіўся ў 1396 г. у Пінску. Яго заснавалі францысканцы.
У сярэдзіне ХVII стагоддзя на тэрыторыі паміж Пінскам і Янавам Палескім (Іванава) прапаведаваў святы  Андрэй Баболя, езуіт. Ён загінуў ад рук казакоў 16 мая 1657 г. Св. Андрэй Баболя з’яўляецца Апекуном Пінскай дыяцэзіі. На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у яе склад, розныя манаскія супольнасці вялі актыўную місіянерскую дзейнасць. Акрамя кляштараў такіх вядомых ордэнаў як дамі-ніканцы, езуіты, бенедыктынцы, кармеліты, тут быў адзіны ў Беларусі кляштар ордэну картузіянцаў у Бярозе (1689 г.) і кляштар барталамітаў у Пінску (1695 г.)
Утварэнне Пінскай дыяцэзіі адбылося ў першай палове ХХ стагоддзя.  Папа Пій ХI на падставе булы “Viхdum Poloniae unitas” ад 28 кастрычніка 1925 г. рэарганізаваў адміністрацыйныя  адзінкі Каталіцкага Касцёла. Змяніліся межы некаторых дыяцэзій і ўзніклі новыя, а сярод іх – Пінская.
Першым ардынарыем Пінскай дыяцэзіі стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі (1870 – 1932). За некалькі тыдняў да заснавання дыяцэзіі ён пераехаў з Навагрудка на сталае  месца жыхарства ў Пінск. Пастыра радасна сустрэла  вя-лікая колькасць гараджан, прычым не толькі хрысціянскага веравызнання. Са сваёй першай прамовай да ўсіх дыяцэзіянаў біскуп З. Лазінскі звярнуўся каля брамы  касцёла  езуітаў. Яго разам з супрацоўнікамі чакала нялёгкая праца па аднаўленні рэлігійнага жыцця на Палессі.
У 1925 г. была ўтворана дыяцэзіяльная курыя.  З 1926 г. пачалася дзейнасць дыяцэзіяльнай друкарні і Дыяцэзіяльнага інстытута  каталіцкай акцыі. 1 мая 1927 г.  была створана катэдральная капітула.
Асаблівае месца ў гісторыі Пінскай дыяцэзіі займае Духоўная семінарыя  імя св. Тамаша Аквінскага.  Яна пачала дзейнічаць 12 верасня 1925 г. у мурах былога францысканскага кляштара ў Пінску. Сярод яе выпускнікоў такія славутыя асобы, як мучанік Другой сусветнай вайны  кс. Мечыслаў Багаткевіч, Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч, кардынал Казімір Свёнтэк, біскуп Драгічынскі Ўладзіслаў  Ендрушук, прафесар  Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве ксёндз пралат Уладзіслаў Гладоўскі, святары  Гжэгаж Каласоўскі, Станіслаў Лазар,  Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка і іншыя.
Пасля вайны  тэрыторыя Пінскай дыяцэзіі  амаль цалкам увайшла  ў склад БССР. Тая частка, што засталася ў межах Польшчы, узначальвалася Апостальскім Адміністратарам  з рэзідэнцыяй у Драгічыне-над-Бугам. Функцыю  адміністратараў выконвалі ксёндз-інфулат Міхал Кшывіцкі (1950–1967) і ксёндз біскуп Уладзіслаў  Ендрушук (1967 – 1991). У самой жа Беларусі з 31 снежня 1946 г. і да красавіка 1989 г. Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі быў кс. Вацлаў Пянткоўскі. Пад яго кіраўніцтвам у вёсцы Мядзве-дзічы Ляхавіцкага раёна  некаторы час  функцыянавала падпольная духоўная семінарыя, у якой былі падрыхтаваны кандыдаты да святарства.
У 1989 г.  біскуп Тадэвуш  Кандрусевіч быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду  ў Беларусі. А ў 2011-2012 гг. ён узначальваў Пінскую дыяцэзію як яе Апостальскі Адміністратар.
У 1991 г. адбыліся змены межаў Пінскай дыяцэзіі. Між іншым у яе склад увайшла  тэрыторыя  сучаснай  Гомельскай вобласці. З 1991  па 2011 гг. Апостальскім Адміністратарам  для Пінскай дыяцэзіі быў Казімір Свёнтэк спачатку як арцыбіскуп, а пасля як кардынал (1994 г.). Ён аднавіў і пабудаваў  у дыяцэзіі многія касцёлы. Пры ім былі ўзноўлены многія парафіі. У 2001 г. ўзнавіў дзейнасць Духоўнай семінарыі ў Пінску. Запрасіў да працы ў дыяцэзіі святароў “fidei donum”. Спрыяў паўстанню ў Лагішыне Дома Міласэрнасці і ў Гомелі – Дома для дзяцей-інвалідаў на 70 чалавек.
У 1999 г. дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі быў пры-значаны Яго Эксцэленцыя Казімір Велікаселец. З 2012 г. ён адказвае  за  душпастырства ў гомельскім рэгіёне дыяцэзіі з ся-дзібай у Гомелі.
У 2012 г. Апостальскім Пасадам паводле рашэння Папы Бэнэдыкта ХVI дыяцэзіяльным біскупам Пінскім быў прызначаны Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка, які выконвае гэтыя абавязкі па сённяшні дзень.
f-str-27Сёння Пінская дыяцэзія ўключае ў сябе дзве вобласці Беларусі – Гомельскую і Брэсцкую. Душпастырская праца ажыццяўляецца ў 80 парафіях, аб’яднаных у сем дэканатаў. У дыяцэзіі, апроч Духоўнай семінарыі, дзейнічае каталіцкая навучальная ўстанова для свецкіх асоб – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, які рыхтуе спецыялістаў у галіне тэалогіі, хрысціянскай педагогікі, псіхалогіі і сямейнага кансультавання.
Абшары Пінскай дыяцэзіі славяцца трыма  цудатворнымі абразамі: Маці Божай Берасцейскай, Маці Божай Лагішынскай (Каралевы Палесся) і Маці Божай Юравіцкай. Брэсцкая і Лагішынская  выявы Панны Марыі ўвенчаныя каронамі, асвечанымі Папамі. Месцамі шматлікіх  пілігрымак вернікаў сталі санктуарыі – Маці Божай, Каралевы Палесся, у Лагішыне і святога Андрэя Баболі ў Іванава. У в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна знаходзіцца самы старажытны ў Беларусі касцёл, пабудаваны ў 1472 г. у гатычным стылі.
Дыяцэзія мае шырокае кола для экуменічнага  супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі канфесіямі і для  міжрэлігійнага дыялога. Праваслаўныя вернікі аб’ядноўваюцца ў чатыры епархіі. Пратэстанцкія  абшчыны прадстаўлены Хрысціянамі веры евангельскай, Евангельскімі хрысціянамі-баптыстамі і іншымі супольнасцямі. У Брэсце, Пінску, Баранавічах, Гомелі і Мазыры існуюць яўрэйскія абшчыны. У Гомелі і Брэсце ёсць супольнасці мусульман.  Але  значная частка жыхароў дыяцэзіі – гэта людзі, якія не ведаюць Бога, або знаходзяцца ў пошуках веры.

 

  Кс. Юрый ДРОЗД


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий