15 жніўня б. г. у Старых Дарогах адбылася вялікая падзея – кансэкрацыя касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святкавалі яе парафіяне, як святкуюць людзі нараджэнне свайго моцна жаданага дзіцяці, – з трапяткім пачуццём радасці, шчырай падзякай Усявышняму, што яно, урэшце, з’явілася на гэты свет, і з сардэчнай малітвай аб яго далейшым шчаслівым лёсе. Быць сведкамі свайго ўзнёслага настрою запрасілі вернікаў з суседніх парафій – Слуцка, Салігорска, Асіповіч, Мінска: бачыць Бог – няхай бачаць і людзі, як, дзякуючы шчырым прагненням вернікаў,іх гарачым малітвам і рэгулярным асабістым грашовым ахвярам, вырасла ў цэнтры горада “жамчужына”, як ахарактарызаваў святыню Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі пры кансэкрацыі яе.
…І кардынал сціснуў францішканіна за плечы
Узвядзенне храма працягвалася сем гадоў, а кіраваў гэтым пробашч Слуцкай парафіі св. Антонія а. Аляксей Рамановіч, OFM. “Мне пашанцавала на добрых людзей”, – скажа ён пасля пра гэтае будаўніцтва і наогул пра сваё амаль 30-гадовае служэнне на Беларусі. “Нам моцна пашанцавала з ксяндзом”, – скажуць пра яго вернікі.
Праўду кажучы, а. Аляксей яшчэ да гэтага набыў багаты вопыт, будуючы і дабудоўваючы разам з братамі-францішканамі храмы ў Слуцку, ЛюбанІ, Салігорску, Копылі, Асіповічах. Добра памятае і сёння, як пасля ўрачыстасці з нагоды ўмуравання вуглавога каменя ў будынак касцёла ў Копылі ў 2003 годзе святой памяці ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк падыйшоў да яго, гледзячы ў вочы: “Пачынай, айцец, Старыя Дарогі…”. “Ксенжэ кардынале, – адказаў адразу, – ідзе будаўніцтва тут, Копыль ад Старых Дарог за 100 кіламетраў, а я, Слуцк, пасярэ-дзіне, ці магчыма…”. А хвіліну пазней дадаў: “Але калі разам будзем маліцца, то касцёл у Старых Дарогах будзе!”. У адказ кардынал моцна сціснуў францішканіна за плечы: “Добра!”.
Хоць час, здавалася, і пры-спешваў хутчэй брацца за ўзвядзенне каталіцкага храма ў Старых Дарогах, і гэтага моцна праглі вернікі, якія рэгулярна збіраліся на малітвы ў старым маленькім доміку, але ў Бога былі свае планы. І толькі пасля таго, як касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Копылі быў завершаны і на службу ў парафію быў прызначаны новы ксёндз, парафіяне ў Старых Дарогах далікатна спыталі а. Аляксея, які па-ранейшаму прыязджаў да іх праводзіць набажэнствы: “Айцец, то як будзе з нашым касцёлам?..”. “Вы – збіраеце грошы, я – дабаўляю, і разам будуем”, – адказаў. Гэта азначала пачатак канкрэтнай справы.
– Не ведаю нават, як было б, – разважаў пазней а. Аляксей, – каб мы адразу, у 2003-м пачалі будаўніцтва. Ці знайшлі б на той час такіх архітэктараў-праектантаў, каб стварылі “жамчужыну” і звонку, і знутры. Сапраўды, на маёй памяці дастаткова многа гісторый, звязаных з узвядзеннем храмаў, і хачу сказаць, што творчы тандэм, які завязваецца паміж святаром і архітэктарам, – гэта таксама падарунак ад Бога, і парафія ў Старых Дарогах атрымала яго, дзякуючы старанням сужэнства Ўладзіміра і Ларысы Гарэлікавых, архітэктараў. Яны не проста разумелі сваю задачу – вывучалі гісторыю, паглыбляліся ў францішканскія будаўнічыя традыцыі, улічвалі пажаданні святара, прыслухоўваліся да заўваг… Весь час, пакуль ішло будаўніцтва, я быў задаволены тым, што святыня наша нараджалася, так бы сказаць, удасканальваючыся ў працэсе працы. Яна ніколі не была “канчаткова завершанай”: нешта пастаянна змянялася, удакладнялася, іншымі словамі, праект храма на шляху да духоўнай прыгажосці амаль штодня адчуваў на сабе дотык людскіх сэрцаў і рук, бо амаль штодня тут працавалі Ўладзімір, Ларыса і будаўнікі розных спецыяльнасцей. Можна сказаць, што ў старадарожскім касцёле сужэнства пакінула апошнія сем гадоў жыцця…
Пра адметнасць і годнасць адначасова
Так, сапраўды сужэнства пакінула, але не ў сэнсе “не ўзяло з сабою”, а ў сэнсе “перадало каму-небудзь у карыстанне” працу сваіх рук. Як пакідаюць спадчыну – з любоўю, ад усяго сэрца. І бескарысна! Але перш чым пакінуць – патрэбна было стварыць. Ларыса Гарэлікава ў пэўны час была сааўтарам праекта салігорскага храма, а касцёл у Старых Дарогах быў першым сакральным аб’ектам, над якім сужэнства працавала ад пачатку і да канца разам. Практыкуючыя католікі (Уладзімір шмат гадоў з’яўляўся старшынёю касцёльнага камітэта ў Салігорску), яны ведаюць жыццё Касцёла не звонку, таму імкнуліся, каб тыя архітэктурныя формы, вобразы, якія нараджаюцца ў іх уяўленні, не былі толькі мастацкімі фантазіямі, а адпавядалі патрабаванням, стваралі высокую духоўную атмасферу ў храме, прыцягвалі да сябе. Але… гэта – у ідэале і ва ўмовах хіба неабмежаваных фінансавых магчымасцей. У канкрэтным старадарожскім выпадку выбар праекта абмяжоўваўся, па-першае, межамі пляцу, які быў выдзелены ўладамі ў сектары прыватнай забудовы, па-другое, наяўнай колькасцю парафіянаў, па-трэцяе, наяўнасцю сродкаў… Аднак прыгажосці, прывабнасці і адметнасці, як кажуць, ніхто не адмяняў. І пасля таго, як а. Аляксей прапанаваў Уладзіміру (ён узначальвае праектна-архітэктурнае бюро) заняцца праектам, сужэнства адправілася ў Будслаў за падтрымкай да Маці Божай – чалавек ніколі не можа разлічваць толькі на свае сілы… Так, прасілі Бога, каб іх творчыя пошукі ў спалучэнні з уменнем і шчырым жаданнем прывялі да аптымальнага рашэння, каб храм атрымаўся годным, вабіў людское вока і цалкам адпавядаў сваёй місіі Дома Божага.
Відаць, сапраўды было за-планавана на нябёсах, каб яшчэ задоўга да пачатку старадарожскай будоўлі Ўладзімір і Ларыса Гарэлікавы былі запрошаныя іх сябрамі ў Польшчу, дзе шмат падарожнічалі, наведваючы заходнія архітэктурныя шэдэўры. Пасля, калі ўжо працавалі над праектам, вярталіся да іх неаднаразова ў сваіх думках, прымаючы рашэнні.
– Безумоўна, – згаджаецца Ўладзімір, – знаёмства з сакральнай архітэктурай замежжа, у тым ліку з францішканскімі касцёламі з іх фантастычнай готыкай для нас мела вялікае значэнне, як і наогул усе нашыя падарожжы за мяжу. Вяртаючыся з Чанстахова яшчэ ў 1991 годзе (у прафесіі мы з Ларысай з 1992 г.), пад уражаннем сустрэчы моладзі з Папам Янам Паўлам II, ужо тады разумеў, што маё месца – у касцёле, ужо тады адчуў у сабе жаданне “дагадзіць” Богу.
Пазней, працуючы над праектам, Гарэлікавы, якія выконвалі архітэктурную частку работ, не раз заўважалі, што з настроем “дагадзіць” Богу працавалі і іх калегі, якія праекціравалі інжынерную частку работ, і гэта надавала ім сіл. На сённяшні дзень шмат працы ўнутры касцёла яшчэ застаецца – галоўны алтар, бочныя алтары, лесвіца, поручні і інш., і інш. Айцец Аляксей марыць пра арган…
KRONIKA, напісаная з любоўю
У руках у мяне – яшчэ адзін, хочацца сказаць, “кавалак” спадчыны для будучых пакаленняў – КRONIKA. Кніга ў цвёрдым пераплёце, з металічнымі канцікамі на вугалках вокладак распавядае, што “у гэтай мясцовасці ніколі не існавала ні касцёла, ні царквы”, што “парафія была зарэгістравана з кс. Раманам Факсінскім”, што “з 1996 года пачаў ездзіць а. Аляксей Рамановіч са Слуцка”, а ў кастрычніку 2013 года старадарожскія католікі “вырашылі пачаць доўгую і цяжкую справу – будаўніцтва святыні”.
Скрупулёзна, дзень за днём (дарэчы, вельмі прыгожым дробненькім почыркам) вёўся запіс падзей, якія хвалявалі супольнасць: 5 лістапада 2013 г. – заява ў РВК; 1 лістапада 2014 г. – зняцце расліннага пласта глебы; 9 лістапада 2014 г. – асвячэнне тэрыторыі пад будаўніцтва святыні, пачалося залажэнне фундамента…
Тэксты ілюстрыруюцца здымкамі, здымкі падмацоўваюцца тэкстамі, у якіх і клопат, і радасць, і шчырасць самых аўтараў, што таксама моцна цэнна, гэтага незвычайнага летапісу: “Так выглядае падрыхтаваны да зімоўкі 2014/15 гг. фундамент. Маем надзею, што з пачаткам вясны і першым цяплом будаўнічыя працы працягнуцца”. І адпаведны здымак (лістапад 2014 г.). Аўтарамі і складальнікамі былі муж і жонка Віталій і Марына Татаржынскія.
Перагортваем старонку за старонкай, запіс 12.08.2015 г.: “Як радасна было назіраць, што пачынаецца ўзвядзенне сцен будучай святыні. Пакладзена толькі пара шэрагаў цэглы, але такое адчуванне, што ўжо зроблены два вялікія крокі наперад да здзяйснення мары”.
Падзеі 2016 года. 27.03 – Пастырская візітацыя кс. біскупа Юрыя Касабуцкага; 13.08 – асвячэнне вуглавога каменя Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам і ўмураванне адмысловай капсулы з каменем са Святой Зямлі; 25.12 – першае свята Божага Нараджэння ў святыні, якая будуецца…
Вока фатографа, якім была парафіянка Святлана Татур (дарэчы, гэта яна пісала заяву ў райвыканкам ад імя старадарожскіх католікаў у лістападзе 2013 г.), не прапусціла, хіба, ні адзінага “кадра” і ў 2017-м: пракладка электрычнага кабеля, уцяпленне столі, тынкаванне сцен, кладка цёплай падлогі… І, канечне ж, парафіяльны фэст, шлюб маладой пары – Андрэя Адамуліса і Іны Макарыч.
Хроніка старадарожскай парафіі зафіксіравала ўсё, што адбывалася на працягу апошніх сямі гадоў. Неахвотна адкладваем яе ў бок – так звычайна адбываецца з цікавай кнігай, з героямі якой не хочацца расставацца. Самая галоўная падзея – кансэкрацыя касцёла – адбылася 15 жніўня 2021г. Фотарэпартаж аб ёй зрабіў бр. Карнэлій Консэк, SVD, і гэтыя здымкі, якія сёння выкарыстоўваем і мы, таксама сталі часткай KRONIKI.
…Урэшце, чытаем запіс, зроблены 15 жніўня 2021 г.: «Няхай Бог шчодра адорыць ласкамі ўсю старадарожскую парафію. Біскуп Юрый Касабуцкі».
Да гэтых слоў біскупа далучаемся і мы, аўтары артыкула.
Раіса СУШКО.
Кансэкрацыя
Урачыстасць пачынаецца перад зачыненым касцёлам. На рукі Дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага а. Аляксей перадае сімвалічны ключ ад святыні. Біскуп адчыняе касцёл і ўваходзіць першы, за ім святары і ўсе вернікі.
Ва ўступных абрадах асвячэння алтара знаходзіцца благаслаўленне вады і акрапленне верных на знак пакуты і на памяць хросту, а таксама акрапленне алтара (на знак яго ачышчэння), верных і сцен касцёла. Акрапленне вадою напамінае апусканне ў раку вады жыцця, якая выплывае ад трона Бога і Баранка; гэта выліванне моцы Духа Святога на ўдзельнікаў цэлебрацыі і наяўнасць захавальных падзей пасхальных, а таксама ўключэнне у іх верных.
У новых Абрадах ёсць заахвочванне да захавання традыцыі рымскай літургіі змяшчэння пад алтаром частак рэліквіі аднаго або некалькі святых. Рэліквіі складаюцца на знак, што ахвяра членаў узяла свой пачатак ад ахвяры Галавы. Змяшчэнне рэліквіі пад алтаром мае сваё біблійнае абгрунтаванне. Св. Ян у Апака-ліпсісе піша: “Убачыў пад алтаром душы забітых за Божае Слова і за сведчанне, якое мелі” (Ап 6,9). Тое, што ўбачыў Ян, адносіцца да неба, дзе мучанікі чакаюць завяршэння сваёй колькасці, прадказанай Богам.
Пасвячэнне Божага алтара адбываецца праз выліванне на яго асвечанага алею. Самым дасканалым алтаром з’яўляецца сам Хрыстус. У каменным алтары выкавана пяць крыжыкаў, сімвал пяці ранаў Хрыстуса; алтар застаецца намашчоны пасярэдзіне і на чатырох вуглах, у месцах, дзе былі крыжыкі. Намашчэнне алтара з крыжам азначае, што алтар застаецца цалкам сімвалам Хрыстуса як памазанага праз Айца Святым Духам і ўстаноўленага найвышэйшым Святаром.
Памазанню алтара алеем Хрызма папярэднічае кароткая малітва: “Няхай Бог сваёю моцаю асвяціць гэты алтар, які намашчаецца як Яго слугі, каб выражаў таямніцу Хрыстуса, Які ахвяраваў сябе Айцу за жыццё свету”. Паводле гэтай малітвы, сімволіка памазання выражае асвячальную моц Бога і таямніцу збаўчай ахвяры Хрыстуса. Алей Хрызма, якім памазваецца алтар і сцены касцёла, мае ў літургіі шырокае прымяненне. Алеем памазвалі караля, што азначала, што памазанік абраны Богам, каб стаць Яго прыладаю ў кіраванні людзьмі. Як вынік намашчэння кароль станавіўся ўдзельнікам Духа Святога. Памазанне атрымоўвалі святары і першасвятары. Асаблівым памазанікам павінен быў стаць абяцаны Богам і чаканы праз Ізраэля Месія, які павінен быў аб’яднаць у сабе функцыі караля, прарока і святара. Тым Месіяй стаў Езус, які памазаны Святым Духам і моцай.
Пасля намашчэння на алтары змяшчаецца пасудзіна для палення ладану. Пры гэтым гаворыцца: “Няхай нашая малітва ўзносіцца перад Табой, Пане, як ладан. А як гэтая святыня напоўніцца прыемным водарам, так няхай Твой Касцёл прамянюе святасцю Хрыстуса”. Ёсць тут таксама пэўная сувязь з алтаром каджэння ў ізраэльцянаў, на якім ладан спальваўся раніцой і ўвечары. Дым, які ўздымаецца і які падобны да воблака, напамінае малітву, што ўзносіцца да неба, як узносяцца рукі ў жэсце ахвяравання.
Накрыццё алтара азначае, што гэта стол Пана, да якога ўсе верныя прыходзяць з радасцю, каб пасілкавацца Божай ежай, ці Целам і Крывёю ахвяраванага Хрыстуса.
Біскуп трымае ў руках запаленую свечку і гаворыць: “Няхай на алтары засіяе святло Хрыстуса і няхай агорне ўдзельнікаў Урачыстай Трапезы Пана”. Запальваюцца свечкі і лямпы, змешчаныя вакол алтара. Ад алтара разыходзіцца святло на ўсю святыню як знак радасці, які прыпамінае абрад святла Пасхальнай Вігіліі.
З асвячэннем алтара цесна звязана цэлебрацыя Эўхарыстыі. Не можна асвяціць алтар, амінуўшы Эўхарыстыю; яна галоўная і найдаўнейшая частка ўсяго абраду. Алтар служыць цэлебрацыі Эўхарыстыі, якая пэўным спосабам асвячае яго. У традыцыі Касцёла існавала перакананне, што крыж Хрыстуса з’яўляецца прататыпам алтара.
Подпісы да здымкаў зроблены на падставе тлумачэнняў Казіміра Лійка «Сімволіка дзеянняў пры асвячэнні алтара» (Познаньскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча, факультэт тэалогіі).
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Мінская вобласць