Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у вёсцы Дындылішкі Іўеўскага раёна.

 

 

 

Каля ціхай рачулкі Іўянка…

 

 

…Колькі разоў прамчаліся мы на вялікай (дазволенай) хуткасці па дарозе, пазначанай р. 5 на картах аўтамабільных  дарог! Мо’ дзесяць, мо’ пятнаццаць, здзіўляючыся: што  за каплічка ў агародзе? Хат –  усяго дзве, нікога  не відаць, нібы  хутар  які  ці  што… Але не можа быць, каб  на  такім  ажыўленым месцы ды нікога не ўбачыць! І  кожны  раз  сабе  абяцалі: у  наступны  раз  абавязкова спынімся,  распытаем. Такіх намераў  было шмат, і, урэшце, пашанцавала:  убачылі маладога чалавека. “Лепей  вам праехаць у  Дындылішкі, – параіў  ён. – Там ёсць жанчына, якая дакладней раскажа… Едзьце праз рэчку, далей паварот направа, там  знойдзеце   дом  пад  нумарам  трынаццаць…”.

 

f-str-28Так і зрабілі. Звярнулі з трасы, праз паўкіламетра пераехалі мост над ціхай рачулкай Іўянкай, з правага боку пакінулі вадзяны млын і трапілі ў прыгожую вёсачку Дындылішкі, пачаткам якой і з’яўляюцца (крыху дзіўна, аднак!) тыя самыя дзве хаты на трасе Баранавічы – Навагрудак – Іўе.

Яніна Кеўра, даведаўшыся, з якою мэтаю патурбавалі  яе, перад усім заўважыла: у вёсцы здаўна жывуць адданыя Богу людзі, памяркоўныя між сабою, дружныя. Калі якая праца – то ўсе  разам. І расказала,  як  калісьці  пілігрымавала па іх Іўеўскай парафіі фігура Маці Божай, аб’ядноўваючы мясцовых вернікаў у духу пакаяння і навяртання  перш  за ўсё вакол тэмы  святасці сям’і. Перэгрэнацыю арганізоўваў былы пробашч кс. Ян Гавецкі. З вёскі ў вёску, з хаты ў хату вандравала Святая Божая  Маці,  нараджаючы ў людскіх сэрцах моцна трапяткія хваляванні.  Сапраўды, што скажаш,  калі  Найсвяцейшая  прыбудзе да цябе? У чым прызнаешся Ёй – што ў віхуры штодзённых   клопатаў не заўсёды ідзеш за голасам Божым? А чаго малітоўна папросіш?.. Яніна Станіславаўна расказвала, разважала, быццам перажывала сустрэчу з Маці Божай тут і зараз, у момант нашага знаёмства, і не было ніякага сумневу ў тым, што словы гаспадыні ідуць з глыбіні сэрца: “Шкада, што ўсё меней жыхароў застаецца, – старэйшыя паміраюць, маладыя з’язджаюць у гарады, на працу…”.f-str-29

А гісторыя зацікавіўшай нас прыдарожнай каплічкі пачыналася з крыжа, і вельмі даўно. Сама Яніна родам з  суседняй, Дудскай парафіі, прыйшла сюды замуж за мясцовага хлопца Яна  шэсцьдзесят гадоў таму. Добра памятае, што каля той першай ад лесу хаты, у якой жыла Марыя Козел, стаяў стары драўляны крыж. Канечне, людзі яму кланяліся, здымалі шапкі, маліліся і ішлі далей. Крыж і сустракаў падарожнікаў, і праводзіў. У вёску ад крыжа вяла сцежка, праз кладачку, праз Іўянку… І мясцовыя  прынаравіліся, у рэчку ніхто не падаў.

– Праз некаторы час прыйшлі будаўнікі, пачалі дарогі пракладваць, – працягвае свой роспавед жанчына, – расчысцілі лясы, павысякалі  густыя хмызнякі, і крыж аказаўся акурат на той паласе, дзе дарожнікам  трэба было трамбаваць і класці асфальт. Што з ім рабіць? Знесці! Дазналася аб гэтым  Марыя: як – знесці сімвал Бога і веры?! І адразу да брыгадзіра: “Пад  крыж  лягу, а  знесці – не дам!”. Канечне, ніхто да гэтага не дапусціў, і  тады  яе сын з мужчынамі выкапалі  крыж  і  перанеслі на  агарод  да  Марыі.  Але ўжо тады зразумелі: доўга ён не прастаіць. Пагаварылі  пасля між сабою і вырашылі: паставіць  новы  крыж  і пабудаваць каплічку. Пабудавалі з дрэва, паставілі новы драўляны крыж і доўгія  гады цешыліся, што маглі  сабрацца  у тым самым намоленым месцы, дзе збіраліся іх далёкія  продкі: на маёвыя, чэрвеньскія малітвы,  у кастрычніку – дзеля малітваў  на Ружанцы, а на ўрачыстасць Усіх  Святых маліліся  на працягу ўсяго тыдня. Прастаяла тая першая каплічка і крыж пры ёй гадоў  каля трыццаці, але і яна ад часу пасыпалася, падгніў і пахіліўся крыж…

І зноў задумаліся вяскоўцы: як жа  астацца без тога адзінага святога  месца, да якога прызвычаіліся?  Касцёл у Іўі не зачыняўся ніколі, але  кожны  раз  трапіць  на  св. Імшу, не меўшы ніякага транспарту, не было лёгка; ды яшчэ асабістая гаспадарка у кожнага – як кінуць? А на сумесную малітву да каплічкі  ў  вызначаны  дзень  прыйсці было зручна. Час ад часу прыязджаў  і  пробашч касцёла.  Словам, пагаварылі, сабралі сродкі і  на  агародзе Марыі Козел з’явілася новая каплічка.

Яніна  Станіславаўна  Кеўра

Яніна Станіславаўна Кеўра

– Была ў гэтага месца яшчэ адна адметнасць – тут нашы памерлыя развітваліся і з вёскай, і з гэтай дарогай, і з гэтым лесам, – гаворыць Яніна Станіславаўна. – Ні адна душачка не адыйшла, не развітаўшыся.  Пахавальная працэсія  тут  затрымлівалася,  выходзілі пеўчыя, чыталася Літанія, Анёл Панскі… Пасля ўсе накіроўваліся ў бок Іўя…

Традыцыя  жыве і сёння. Не жыве  толькі  Марыя,  на чыім пляцы стаіць каплічка Маці Божай Фацімскай, – з жыцця адыйшла, і хату набылі дачнікі.

…Шаноўныя чытачы, але прыдарожная каплічка, пра якую гаворка,  – не адзіны знак Божай прысутнасці ў маленькіх Дындылішках. На павароце за мастом, пра які казалі, каля хаты былых уладальнікаў Яна і Чаславы Козел таксама каплічка Маці Божай, устаноўленая вяскоўцамі каля сямі гадоў таму. А гісторыя падобная: “абарыгенаў” не засталося, хату набылі дачнікі. Напрыканцы вёскі, на месцы старога крыжа,– таксама сіламі і на сродкі вяскоўцаў – устаноўлены новы. Апякуюцца гэтымі трыма сакральнымі “кропкамі” тры старэйшыя жыхаркі вёскі – знаёмая нам Яніна Кеўра, а таксама Ірына Козел і Марыя Сабалеўская. Праўду казала пані Яніна, што спрадвеку тут жылі людзі набожныя. Хацелася б, каб і тая моладзь, якая набывае жытло каля ціхай рачулкі Іўянка, пераняла ад мясцовых векавыя хрыс-ціянскія традыцыі, сваё шчасце пазнаўшы ў лучнасці з Богам.

 

 

 

Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

 Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

і з альбомаў сям’і Кеўра

Гродзенская  вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий