Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем  пра фігуру Маці Божай каля вёскі Ганчары Іўеўскага раёна.

 

 

 

Маці Божая сустрэне сама

 

 

f-str-28– Добры дзень, добрыя людзі! Шукаем фігуру Маці Божай, што недзе тут у вашым краі, на іўеўшчыне; падкажыце, калі ласка, ці па той дарозе едзем? – спыталі мы двух даволі пажылых  веласіпедыстаў, якія ехалі з Трабаў.

– Едзьце прама; праедзеце Сенькеняты, Ганчары і далей – да самай развілкі. Пасля развілкі адна дарога пойдзе налева – гэта ў Сурвілішкі, а тая, што правей, – на лес, там паншчына некалі была. Туды і накіроўвайцеся. І будзьце ўважлівыя – Маці Божая сама сустрэне там вас. Светлым днём Яна здалёк відаць… А лепей-то распытайце ў Ганны Навіцкай, у жоўтай хаце жыве, яна вам пакажа.

Нам пашанцавала  – Ганна Адамаўна была дома, прыбіралася сустракаць дзяцей і ўнукаў – акурат у той дзень павінны былі прыехаць з Літвы яе дочкі.

–Некалі мы ў Нарвілішкі пехатою хадзілі да касцёла, – пачала ўспамінаць, – а што там, напрасткі кіламетраў можа тры ці чатыры, ніхто нікому не забараняў, нават як ужо і пры апошніх саветах жылі, і ніхто ніякіх межаў не ведаў. Мяне бацькі і хрысцілі ў тым касцёле, пазней мы заўсёды туды на Ўсе Святыя хадзілі, на іншыя святы. І заўсёды, яшчэ здалёк, нас вітала, благаслаўляла і праводзіла ў дарогу Маці Божая…   А сёння маім дзецям трэба візы нейкія купляць, на мяжы, на прапускным пункце, на мытні стаяць пяць ці шэсць гадзінаў; пакуль да мяне прыедуць – пара ўжо дамоў  вяртацца, жывуць жа, хоць і на суседніх, але на літоўскіх землях…  Во напрыдумоўвалі!

Ганна Адамаўна Навіцкая

Ганна Адамаўна Навіцкая

У Ганчарах Ганна нарадзілася, тут за вясковага хлопца Станіслава Навіцкага замуж пайшла, чацвёра дзетак нарадзіла. І колькі яна сябе помніць – столькі бегала моладзь да Маці Божай за ваколіцу. Вёска была вялікая, жыхароў многа. Людзі старэйшага веку таксама  хадзілі да Маці Божай – і мужчыны, і жанчыны, але спецыяльна  яны хадзілі пераважна на маёвыя набажэнствы, маліліся на ружанцы, спявалі песні; а на самой справе – то сустракаліся з Маці Божай амаль штодня: едуць ці ідуць на працу –  і застановяцца на хвілінку, давераць Ёй і скаргі  свае, і клопаты ў надзеі, што Заступніца перад Богам будзе  апекавацца імі.

– У вайну нас Маці Божая і захавала, – упэўнена сведчыла 85-гадовая Марыя Янаўна Пупа, Ганніна суседка.– Падчас Другой сусветнай вайны ў нас тут вялікі фронт быў. Я родам з суседняй вёскі Батукі і добра памятаю, як мы там хаваліся ў акопах. Акопы вялізныя парабілі – на тры сям’і, і баяліся, каб якая бомба не ўваліла, бо самалёты ляталі нізка-нізка.  Аж раптам з боку Сурвілішак, чуем,  адзін снарад упаў,  другі, трэці… Матачка Божая, не дай нам загінуць у гэтых бярвеннях з пяском… Молімся, страх духі забівае…Праз некаторы час ўсё сціхла. Мама выйшла з акопа  першая, пайшла падаіла карову і пасля вяртаецца і кажа нам: выходзьце! Мы выйшлі. Рускія самалёты над самаю галавою адзін за другім: жых,.. жых!..  Зноў страх нас ахапіў, але за імі адразу салдаты пайшлі рускія – параненыя, ні аднаго здаровага не было. Папрасілі вады, а адзін мяне паклікаў: па-гладзіў па галаве, сказаў, што ў яго дома засталася такая самая дачушка, а пасля развязаў свой рукзак і аддаў мне свае сухары… Тая карціна і сёння стаіць перад маімі вачыма. Ну а фронт далей пайшоў. Памятаю, як першы раз пасля гэтага ехалі мы з татам на возе ў суседнюю вёску Доржы: дрэвы ў лесе ўсе пасечаныя, буралом як вокам кінуць, а вёскі – няма, спаленая…  Мы адразу ў бок да  Маці Божай – наша Суцяшальніца стаіць, нахіліўшы галоўку, як сёння, быццам вітае нас. Укленчылі мы з татам, памаліліся і падзякавалі Богу за тое, што не загінулі і што фігурка засталася непашкоджанай, уцалела. І вы ж самі паглядзіце, куды накіравана тварам Маці Божая – на Ганчары, на Сурвілішкі. Яны і ацалелі ў вайну. А да тых Доржаў, што пагарэлі,  Маці  Божая  спіною  стаяла…

f-str-29-2Сапраўды, калі з’явілася ў чыстым полі гэтая цудоўная фігура, хто быў яе фундатарам? На жаль, дакладных гістарычных крыніц наконт гэтага мы пакуль што не напаткалі, а мясцовыя жыхары захоўваюць толькі тое, што расказвалі ім іх продкі.

– Поле, дзе стаіць фігура Маці Божай, – удакладняе Ганна Адамаўна, – калісьці належала панам Паплаўскім з Сурвілішак, аб гэтым казалі ўсе старэйшыя людзі. Многія працавалі ў пана, і маёнтак існаваў да 1940 года. Зараз ужо нічога не знойдзеце, акрамя фундаментаў ды асобных фрагментаў гаспадарчай пабудовы і званіцы на старых каталіцкіх могілках у Сурвілішках, якая была фундавана Раманам Паплаўскім. Але і яна ўжо даўно прыйшла ў заняпад. А пасля вайны вакол фігуры Маці Божай калгаснае поле было; або буракі, або жыта расло – што сеялі, тое і расло. Але фігуру ніхто ніколі не чапаў. Яна радуе нас і сёння. Канешне, жыхароў у Ганчарах засталося – на пальцах можна пералічыць, малодшыя ўсе па гарадах раз’ехаліся, але часам прыязджаюць і нашыя дзеці, і жыхары суседніх вёсак, з Літвы хто-небудзь. Ведаеце, у кожнага чалавека свае адносіны і з Богам, і з Маці Божай. І хто што нясе  ў сваім сэрцы, ідучы да Яе, ведаць не можам. Але цешыць  тое, што фігурка ўсё ж такі ў належным стане.  Масіўны пастамент, на якім стаіць, пабелены; яна абнесена агароджаю, каб блізка не падыходзілі жывёлы; у апошнія гады нават мясцовы брыгадзір па прозвішчы Сакалоўскі (а/г “Трабы”) дапамог пафарбаваць агароджу. Гэта вельмі прыемна. Калісьці мы з маёю цёзкаю – Ганнай Навіцкай – часта туды хадзілі, каб памаліцца, зяліну якую вырваць, кветкі паставіць, але ж старэеем, радзей ужо ходзім, трэба, каб маладзейшыя апекаваліся фігуркай нашай Суцяшальніцы.  Бо без Бога, без малітвы да Маці Божай і без Яе матчынай апекі не пражыць…

 

   Тэкст Веранікі БЕЛЯК.

  Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD 

Гродзенская  вобласць


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий