…Да сённяшняга дня жыве ў маёй памяці ўражанне, якое атрымала, упершыню пачуўшы на пахаванні знаёмай бабулі песню: “Wieczny odpoczynek racz im dac Panie…”. Жанчыны старэйшага веку спявалі на польскай мове, не ўсе словы былі мне на той час зразумелыя, але мелодыя, мілагучная, працяжная, моцна кранаючая, ласкава ахутвала паволі ўсю маю істоту, і – дзіва! – сумныя думкі пра смерць, што прыйшла ўсё ж нечакана, уступалі месца нейкаму светламу пачуццю: “…а swiatlo wiekuiste niech im swieci wieczne”. Прыгожыя галасы агучвалі словы малітвы, што йшлі рэфрэнам, і душа мая патанала ў супакоі, які, здавалася, струіўся з неба.
Чароўны альт
Не ведаю, ці ёсць людзі, якія ніколі не чулі спеў на пахаваннях, але ведаю такіх, якія чулі і не надта прыхільна да гэтага ставяцца: маўляў, у хаце гора, а тут пеўчыя. Але ў гэтым месцы патрэбна было б застанавіцца, каб адказаць сабе на простае пытанне: аб чым і для каго яны спяваюць? А можна было б наадварот, нічога не аналізуючы, не кідаючыся ні ў якія “разборкі”, проста даверыцца векавой мудрасці і досведу тых, хто жыў задоўга перад намі, – нашым продкам, ад якіх і пайшла традыцыя хрысціянскага спеву падчас пахаванняў. Бо менавіта ў гэтыя невыносна цяжкія хвіліны са-браныя каля труны нябожчыка верныя просяць Усемагутнага Бога аб прабачэнні грахоў памерламу і аб дары вечнага жыцця для яго. А што мы можам яшчэ зрабіць для таго, хто быў для нас самым блізкім, родным, дарагім, адзіным, а зараз сам для сябе зрабіць ужо нічога не можа?.. Толькі маліцца. Лічу, вельмі цудоўна, калі наша малітва – песня… І дзякуй Богу за тых людзей, якія старанна захоўваюць спрадвечнае, гэты духоўны скарб, дапамагаючы іншым гора гараваць, і дзякуй Богу за наш журналісцкі лёс, які падрыхтаваў нам сустрэчу з такімі людзьмі.
…Адчыняем веснічкі на надворак да Альбіны Кульніс у вёсцы Геранёны, што на Іўеўшчыне. Дарэчы, дом яе, што знаходзіцца недалёка ад касцёла святога Мікалая, ведае кожны мясцовы жыхар. Людзі ўжо прызвычаіліся: шукаюць Альбіну – значыць, недзе нешта здарылася, значыць, паклічуць яе спяваць… Але мы – з іншай мэтай, каб пра Альбіну, якая на пахаваннях спявае, – расказаць.
Прыгожая сталых гадоў жанчына ветліва запрасіла ў хату, прапанавала гарбату, і размова наша пайшла пра жыццё-быццё, якое не абыходзіцца, на жаль, без пахаванняў. Альбіна і сама засталася ўдавою амаль трыццаць гадоў таму і замуж болей не пайшла. Многа працавала, гадавала сваіх чацвёра дзяцей, пасля дапамагала ім будавацца, дагледзела да смерці маці свайго мужа, пра якую ўспамінала самымі добрымі словамі.
–І ці даўно спяваеце пры нябожчыках, пані Альбіна, – пытаемся ў яе.
– А колькі сябе помню, столькі і спяваю, – нібы ў жарт адказала жанчына. Нарадзілася яна ў в. Кладнікі, у сям’, дзе гадаваліся восем дзяцей – сем сясцёр і брат. Альбіна была самая малодшая сярод іх і рабіла тое, што рабілі старэйшыя. А старэйшыя, пачынаючы ад бацькоў, усе маліліся і спявалі малітоўныя песні.
–Бывала, раніца, мама пячэ бліны, – успамінала Альбіна Леонаўна, – а мы з татам Гадзінкі спяваем. І мама дапамагае, і хто-небудзь яшчэ з сясцёр. Сёстры мае спявалі прыгожа, заўсёды прымалі ўдзел у святой Імшы ў Ліпнішках (свайго касцёла ў нашай вёсцы не было), і я вучылася ад іх: добра ведала, якія песні гучаць падчас Эўхарыстыі на Вялікдзень, на Божае Нараджэнне, на іншыя ўрачыстасці і ўспаміны. Мужчын на хорах было нямнога, але добра, што там быў мой брат Пётр. Гэта ён настаяў, каб завезці мяне да пробашча ў Ліпнішкі і паказаць яму мой голас. Я вучылася тады ў шостым класе. Святой памяці ксёндз Стэфан Сечка прыняў нас і па-прасіў, каб праспявала песню “Wsrod nocnej ciszy glos sie rozchodzi…».
–“Och, jaki piekny alt!”, – паслухаўшы, адазваўся пробашч, і дазволіў спяваць на хорах… Падрастала. Спявала. Не прапускала ні адзінай святой Імшы, хоць касцёл ад нас быў за 7 кіламетраў.
Праз некалькі гадоў пробашч Ліпнішкаўскага касцёла благаславіў шлюбны саюз спявачкі касцёльнага хору 18-гадовай Альбіны з Кладнікаў і Стэфана Кульніса з Меляхоў. Праз год у маладой пары нарадзілася дачушка Тэрэса, пасля – Ян, а пераехалі ў Геранёны – двайняты Віктар і Ўладзімір. Ніхто не скажа, што жыццё Альбіны было лёгкім, але касцёльныя спевы не пакінула.
– Пераехаўшы ў Геранёны, – успамінае жанчына, – я не адразу пайшла спяваць. Па-першае, у парафіі былі свае вельмі добрыя пеўчыя, я чамусьці саромелася, па-другое, было шмат працы. Але хіба можна вытрываць, калі маеш голас і любіш спяваць? Песня – гэта ж само жыццё, у ёй і радасць, і гора, і людскія мары і клопаты, тым болей спеў касцёльны. Што казаў святы Аўгустын? Хто спявае, той двойчы моліцца.
Бясцэнныя сшыткі
Альбіна Леонаўна прынесла цэлы стос спеўнікаў: Марыйныя песні, Эўхарыстычныя, Велькапосныя, Велікодныя, на Божае Нараджэнне, Калядкі, Пахавальныя…
“Запада змрок, юж вшыстко святло гасне,
Бо власне нашэдл твэго жыцця крэс.
И тылько едно святло не загасне –
Тым святлэм – Пан, цо дзись поволал цень”.
Запісана ад рукі і запісана менавіта так: польскія тэксты – рускімі літарамі. Або беларускімі. Такі моўны мікс, але выканаўца арыенціруецца ў ім бліскуча. А тэкстаў у яе сшытках больш за тры сотні, толькі Марыйных песень каля 80.
– Спеўнікі, – тлумачыць жанчына, – запісваліся амаль усё жыццё: частка песень, прынятая “на слых” ад бацькоў, сваякоў, можна сказаць, дасталася нам ад папярэдняга пакалення, частка падказана святарамі; ды і самі дзе якую пачуем – абавязкова запішам. Моцна кранальныя пахавальныя песні, у якіх просім для нябожчыка жыцця вечнага. Ёсць песні-звароты да родных, блізкіх, суседзяў памерлага з заклікам маліцца за яго, падтрымліваць парадак на месцы яго апошняга прыстанку.
Спявае Альбіна не адна, і зараз мы знаёмімся з яе маладзейшымі “паплечніцамі” – Ядвігай Капуста і Ірынай Бышынскай. Сёння гэтыя тры галасы – вядучыя літургічных спеваў у храме святога Мікалая і гэтыя тры галасы суправаджаюць памерлых з зямнога жыцця ў вечнасць.
Але як не прарастае зерне на пустой глебе, так і не спявае душа без веры… Родная сястра дзеда Ядвігі – Ганна Панасевіч – была законная сястра ў Францішканскім Законе, служыла ў парафіі ў Ліпнішках; на хорах у Ліпнішках спявала Ядзіна мама; Ядзіна свякроў малілася і спявала на пахаваннях. Хіба не гэтыя акалічнасці, не гэтая атмасфера фарміравалі светапогляд юнай асобы, а пасля не ўзмацнялі веру сталай жанчыны?
–Традыцыя хрысціянскага спеву на пахаваннях, – успамінае Ядвіга, – у нашых краях існавала заўсёды, нягледзячы на атэістычныя часы. У касцёле ў Геранёнах у 70-я – 80-я гады мінулага стагоддзя было каля 15 пеўчых, і многія з іх спявалі на пахаваннях. А зараз наогул людзей на вёсках стала меней, меншыя сем’і, а смерці здараюцца, таму спяваць нас запрашаюць з усяе акругі даволі часта. І хіба можна адказаць у такім выпадку? Спеўнікі ў рукі – і едзем або ідзём на цэлы вечар. Звычайна гэта адбываецца з 19 да 23 гадзін: спяваем псальмы, песні, а калі збярэцца болей людзей – чытаем Ружанец, Каронку да Божай Міласэрнасці. Раніцай наступнага дня на працягу дзвюх гадзін спяваем перад пачаткам святой Імшы, затым суправаджаем службу, спяваем на вынас труны. На могілках спяваем зноў… На мой погляд, такім спосабам мы выказваем павагу да памерлага. Між іншым, групы спевакоў пахавальных песень ёсць і ў Ліпнішках, Іўі, Суботніках, Суражы.
Прыгожую паслугу па выкананню хрысціянскіх спеваў больш за 10 гадоў нясе таксама Ірына. Яна родам з Літвы (да мяжы тут 4 км). Там калісьці хадзіла ў касцёл, скончыла рускую школу, вышла замуж у Геранёны, але, на жаль, рана засталася ўдавою. Па сабе ведае, як цяжка перанесці смерць блізкага і як можа дапамагчы ў гэты невыносны момант жыцця іншы чалавек.
– Ведаеце, амаль немагчыма спяваць, – прызналася Ірына, – калі бачыш, як убіваецца па свайму дзіцяці маці, або калі памірае бацька ці маці, а застаюцца малыя дзеці, або калі трагічны выпадак знянацку ўкіне ў хату нечаканую смерць… Немагчыма, спазм падступае да горла, імкнешся адвесці погляд ад нябожчыка і яго пакутуючага роднага, а сілы няма. Робім кароткую паузу і спяваем далей, спадзяючыся, што ўсё ж дапамагаем памерламу трапіць у Валадарства Божае, а яго блізкім – зняць стрэс, напружанне, аблегчыць цяжар душы.
– Так, у траурных цырымоніях касцёльным спевакам даво-дзіцца часта прымаць удзел, – пагадзіўся пробашч касцёла св. Мікалая ў Геранёнах кс. Дзмітрый Несцер. – Наша парафія – гэта каля 15 вёсак навокал. Але я моцна ўдзячны Пану Богу за гэтае касцёльнае трыо, за гэтых жанчын, якія навучаныя і ўмеюць прыгожа спяваць, ведаюць парадак святой Імшы, набажэнстваў, розных урачыстасцей, пахавальных абрадаў. Ёсць у нас і яшчэ вернікі, якія да касцёльнага спеву далучаюцца (хоць пакуль яшчэ сціпла), і гэта вельмі прыгожа, гарманічна, калі ксёндз цэлебруе святую Імшу і ёсць голас, ці галасы, якія ў пэўны момант яго падхопліваюць, яму адказваюць, працягваюць яго песню. Музыка і спеў наогул з’яўляюцца важнай часткай літургіі. Разам мы ўсхваляем Бога, паглыбляемся ў глыбіню Божай ласкі і магутнасці, выказваем Яму свой давер і сваю любоў. Што датычыцца спеваў падчас пахаванняў, то, думаю, менавіта ў такія хвіліны кожны, хто, прысутнічае пры нябожчыку, задумаецца і над асабістым жыццём – самым вялікім дарам Пана Бога – і над тым, як гэты дар выкарыстоўвае і шануе.
…Развітваемся з парафіянамі і пробашчам кс. Дзмітрыем у Геранёнах, а памяць зноў вяртае да падзей мінулых. “Wieczny odpoczynek racz im dac Panie …” – прыгожы ўрачысты і велічны гімн, дакрануўшыся да маёй душы, не проста гучаў – разам з маімі думкамі ён прыпадымаў і нёс над зямлёю мяне самую… Тады ўпершыню падумала: як жа гэта прыгожа, калі адыход чалавека ў вечнасць суправаджаецца такім шчырым рэлігійным спевам. Прыгожа… Але, прабачце: ці будзе каму далей спяваць?..
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
Гродзенская вобласць.