Апостал Божай Міласэрнасці

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць ў адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

Апостал Божай Міласэрнасці

 

 

 

-ks-michal-sopockoАдзінай у Беларусі святыняй, што мае тытул нашага благаслаўлёнага земляка Міхала Сапоцькаспаведніка і духоўнага кіраўніка Святой Фаўстыны Кавальскай, які разам з ёю стаў апосталам Божай Міласэрнасці, зяўляецца капліца на станцыі Ашмяны на Гродзеншчыне.

Заслугаю благаслаўлёнага лічыцца тое, што ён паказаў значэнне Божай Міласэрнасці  менавіта для сучаснага чалавека. У эпоху, калі людзі сталі губляць свае хрысціянскія карані, палічыў неабходным паказаць кожнаму, што, якім бы грэшнікам чалавек ні быў, ніколі не позна навярнуцца да Бога.

 

 

  Таямнічы “Дзённік”

Культам Божай Міласэрнасці ксёндз Міхал Сапоцька зацікавіўся, калі да яго на споведзь пачала прыходзіць сястра Фаўстына Кавальская. Было гэта ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў віленскі перыяд яго жыцця. Расказала свайму спаведніку, што падчас малітваў да яе прыходзіць Езус Хрыстус. Апісаць свае перажыванні не магла, таму дзённік, які вяла, парвала.

– З інтэлектуальнага пункту погляду, – успамінаў пазней спаведнік, – сястра Фаўстына  была разважліваю і вызначалася цвярозым меркаваннем пра рэчы, хоць не мела ніякай  адукацыі. Давала трапныя парады сваім супольніцам, калі яны звярталіся да яе, а некалькі разоў я сам для выпрабавання падсунуў ёй пэўныя сумненні, якія яна вельмі трапна развеяла. Яе ўяўленне было багатае, але не экзальтаванае. Часта яна сама не магла адрозніць дзеянні свайго ўяўлення ад звышнатуральных дзеянняў, асабліва калі справа датычылася ўспамінаў з мінулага. Аднак, калі я звярнуў на гэта яе ўвагу і наказаў падкрэсліць у дзённіку толькі тое, аб чым яна можа прысягнуць, што гэта дакладна не з’яўляецца пладом яе ўяўлення, яна шмат што са сваіх даўніх успамінаў прапусціла. З маральнага пункту погляду сястра Фаўстына была цалкам шчырая, без ніякага  перабольшання і ценю падману. Заўсёды гаварыла праўду, хоць часам гэта прыводзіла да прыкрасці. Летам 1934 года я некалькі тыдняў адсутнічаў, а сястра Фаўстына не давярала іншым спаведнікам сваіх перажыванняў. Вярнуўшыся, я даведаўся, што яна спаліла свой дзённік пры наступных акалічнасцях. Ёй нібыта з’явіўся анёл і загадаў укінуць дзённік у печ, кажучы: “Глупства пішаш і толькі падвяргаеш сябе і іншых вялікім прыкрасцям. Што ж ты маеш з гэтай міласэрнасці? Навошта траціш час на апісанне нейкіх мрояў? Спалі ўсё гэта – і будзеш спакайнейшаю і шчаслівейшаю!” і г.д. Сястра Фаўстына не мела з кім параіцца і, калі візія паўтарылася, споўніла даручэнне ўяўнага анёла. Потым яна зарыентавалася, што зрабіла дрэнна, расказала ўсё мне…f-str-22

Ксёндз Сапоцька папрасіў аднавіць у памяці, вярнуць запісы і працягваць новыя. Ён хацеў, каб веруючыя разам з Фаўстынай дасягалі таямніцаў Божай Міласэрнасці. Сястра Фаўстына апісала ў іх сваё надзвычай багатае духоўнае  жыццё, глыбіню пазнання таямніцы  Божай Міласэрнасці і сказала пра вялікую прарочую місію напамінання  свету  праўды  аб  міласэрнай  любові Бога да кожнага чалавека.

18 красавіка 1993 года сястра Фаўстына была беатыфікаваная Святым Айцом Янам Паўлам II, а праз сем гадоў – далучана да ліку святых.

На  пытанне  кангрэгацыі, навошта  сястра  Фаўстына пісала свой дзённік, кс. Міхал Сапоцька адказаў: “У той час я быў прафесарам у Духоўнай семінарыі і на тэалагічным факультэце Ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні. У мяне не было часу выслухоўваць яе доўгіх прызнанняў у канфесіянале, я наказаў ёй запісваць іх у сшытак і час ад часу даваць мне іх для прагляду. Так узнік “Дзённік” (з ліста кс. Сапоцькі ад 06.03.1972 г.).

Апрача наказу спаведніка, сястра Фаўстына шмат разоў згадвае на старонках свайго “Дзённіка” пра ясны загад пісаць, дадзены ёй самім Панам Езусам.

Вядома, што Ўсявышні перадаў праз сястру загад стварыць абраз “Езу, давяраю Табе”, устанавіць свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Паводле “Дзённіка”, с. Фаўстына была здольная чытаць думкі, валодала дарам прадбачання. Аб усім гэтым стала вядома, дзякуючы ксяндзу Сапоцька.f-str-23

 

На хвалу Божую

Ксёндз Міхал Сапоцька з дзяцінства марыў стаць святаром. Нягледзячы на цяжкія бытавыя ўмовы, бацькі паклапаціліся пра пачатковую адукацыю сына.

У 1901–1902 гг. Міхал вучыўся ў народнай школе ў Забрэззі, дзе часта ўдзельнічаў у набажэнствах у парафіяльным касцёле. Амаль кожны дзень хлопец прыслугоўваў на св. Імшы, у нядзелю спяваў Гадзінкі разам з арганістам. Сапраўдны святарскі прыклад тагачаснага забрэзскага пробашча кс. Яна Куніцкага, яго палымяныя казанні, апостальская стараннасць і клопат  пра належны  Божы культ мелі вялікі ўплыў на Міхала.

Пасля заканчэння шасцікласнай школы ў Ашмянах, у 1910 годзе паступіў у Духоўную семінарыю ў Вільне, а ў 1914 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. Праз чатыры гады  паехаў у Варшаву вучыцца на аддзяленні маральнай тэалогіі Варшаўскага Тэалагічнага Ўніверсітэта, якое скончыў у 1923 годзе магістрам, а праз тры гады атрымаў тытул  доктара тэалогіі. У 1922-24 гадах  вучыўся ў Вышэйшым педагагічным інстытуце. Пачынаючы з 1919 года, быў адначасова капеланам вайсковым.

У 1927 годзе быў прызначаны духоўным айцом у Духоўнай семінарыі ў Вільне, а праз год стаў прафесарам тэалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1934 годзе ў Варшаўскім універсітэце атрымаў ступень дацэнта ў вобласці  пастаральнай тэалогіі. Дыдактычна-навуковай працы аддаваўся аж да закрыцця Ўніверсітэта і семінарыі падчас Другой сусветнай вайны. Яго навуковыя вынікі таго часу знайшлі свой выраз у шматлікіх публікацыях з вобласці тэалогіі пастаральнай, гамілетыкі, катэхетыкі і педагогікі. Пакінуў таксама шматлікія навукова-папулярныя апрацаванні з вобласці рэлігійна-грамадскай праблематыкі.

Падчас нямецкай акупацыі ўдалося яму шчасліва пазбегнуць арышту і на працягу двух з паловаю гадоў укрываўся ў ваколіцах Вільна. Пасля аднаўлення ў 1944 годзе дзейнасці  Духоўнай семінарыі ў Вільне працаваў выкладчыкам, але праз год праца перарвалася – семінарыя была зачынена савецкімі ўладамі. Ксёндз Сапоцька займаўся душпастырствам пры касцёле Св. Яна, катэхізацыяй, арганізаваў патаемны катэхітычны курс. Пасля пагрозы арышту за гэтую дзейнасць у 1947 годзе выехаў у Беласток. Там выкладаў у семінарыі свае спецыяльнасці, таксама навучаў рускай і лацінскай мовам. У пасляваенныя гады праводзіў актыўныя акцыі ў рамах грамадскага антыалкагольнага камітэту. У 1951-58 гадах арганізаваў шэраг месячных і гадавых катэхітычных курсаў для сёстраў законных і асоб свецкіх, а пазней пры парафіі Фарнай – адкрытыя лекцыі на рэлігійную тэматыку.  У 1962 годзе пайшоў на пенсію, прысвяціўшы сябе душпастырскай працы ў капліцы пры доме Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Усё сваё жыццё кс. Міхал Сапоцька прысвяціў Богу і касцёлу. Вылучаўся надзвычайнай стараннасцю ў хвале Божай, якая выражалася ў незвычайнай актыўнасці, што сыходзіла з глыбокага духоўнага жыцця. Здзіўляла рознабаковасць яго прац. Быў парафіяльным душпастырам, катэхетам, арганізатарам школ, педагогам, выкладчыкам ва Ўніверсітэце і Семінарыі, айцом духоўным, спаведнікам клерыкаў, ксяндзоў і сясцёр законных, вайсковым капеланам, дзеячам цвярозасці, будаўніком касцёлаў. У яго багатай жыццёвай разнастайнасці дамінуе і пакідае найпрыгажэйшыя рысы служба ідэі Божай Міласэрнасці. Без усякага сумніву, належыць яму – побач са Св. Фаўстынай Кавальскай – тытул  Апостала Божай Міласэрнасці. Як яе спаведнік і духоўны кіраўнік з часоў віленскіх, натхнёны яе аб’яўленнямі, цалкам прысвяціў сябе пашырэнню праўды і культу Божай Міласэрнасці. Апублікаваў шэраг прац на тэму Божай Міласэрнасці, клапаціўся  аб  устанаўленні свята, прычыніўся да малявання першага абраза Езуса Міласэрнага Збавіцеля, стварыў Кангрэгацыю Сясцёр Езуса Міласэрнага.

Заўважаючы надзвычай дбайную службу Богу і Касцёлу ў святарстве, а таксама святасць жыцця кс. Сапоцька, у 1987 годзе быў узбуджаны  яго  беатыфікацыйны  працэс на дыяцэзіяльным узроўні, які працягваўся да 1993 года.

 

 Дзе захаваліся караніf-str-23-2

Беларуская зямля таксама захоўвае памяць пра слыннага свайго земляка, Слугу Божага, які першыя гады святарскага служэння правёў паблізу Ашмянаў, на сваёй малой радзіме. Адразу ж пасля святарскага пасвячэння ў 1914 г. ён быў скіраваны вікарыем у парафію ў Таборышкі. Ксёндз ахапіў сваім пастырскім клопатам аддаленыя мясцовасці ад Таборышкаў – Меднікі Каралеўскія і Андрава. Ён ездзіў туды сам, не зважаючы на вялікія цяжкасці і стан здароўя. Кс. Міхал практычна адрадзіў касцёл у Андраве і Медніках.

Несумненна, што ўрачыстая беатыфікацыя  ксяндза  Міхала Сапоцька, якая адбылася 28 верасня 2008 года ў Беластоку, у Санктуарыі Божай Міласэрнасці, дзе спачываюць рэліквіі благаслаўлёнага, стала значнай падзеяй і для Ашмянаў, і для ўсёй ашмянскай зямлі, бо  менавіта  з гэтай зямлёй звязаны  яго  жыццёвы  шлях.

Нарадзіўся ён 1 лістапада 1888 г. у Юшэўшчыне былога Ашмянскага  павета (сёння Навасады Валожынскага раёна). У парафіяльным касцёле ў Забрэззі 19 лістапада 1888 г. быў ахрышчаны.

З беларускай зямлёю звязаны, як сведчаць публікацыі ў СМІ, больш даўнія карані роду Сапоцькаў. Так, на хутары Алешкі, Алешкі Новыя (цяпер вёска Кісялі Валожынскага раёна Мінскай вобласці) жылі сваякі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі – дзед Тадэвуш Сапоцька (1790 – 1864) , бабуля Караліна Сапоцька (1804 –1864), якія належалі да Ракаўскай парафіі. Пахаваныя на Ракаўскіх каталіцкіх могілках, адразу за капліцаю Святой Ганны, аб чым сведчаць надмагільныя надпісы. Жылі таксама бацькі  кс. Міхала – Вікенцій і Эмілія. На жаль, іх магілы пакуль не знойдзены, хаця дакладна вядома, што  на  пахаванне  сваёй маці Міхал  Сапоцька прыязджаў і адбывалася яно таксама на Ракаўскіх могілках.

 

Міхал Сапоцька – постаць, знакамітая ва ўсім свеце. Дзякуючы яго адданасці служэнню Богу і людзям, увесь  свет  пачуў аб Божай Міласэрнасці. За сваю любоў да Езуса, руплівасць у служэнні, цярплівасць  у знясенні  цяжкасцяў ксёндз Міхал Сапоцька атрымаў цудоўную ўзнагароду – цешыцца хвалой збаўленых і з неба апекавацца намі.

 

 

 Артыкул падрыхтаваны па старонках Інтэрнэту


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий