Апостал еднасці

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

Аскет, які прагнуў малітвы

Iosaphat MartyrЯн  Кунцэвіч нарадзіўся ва  Ўладзімеры-Валынскім у збяднелай шляхецкай сям’і, якая прыбыла туды з Беларусі. У падлеткавым узросце, неўзабаве пасля Берасцейскай  уніі 1596 г., разам з бацькамі пераехаў у Вільню. Паводле сведчання біёграфаў, Іван (Ян) Кунцэвіч з дзяцінства вылучаўся цягай да малітвы і містычным светапоглядам.

Да 1599 прыняў Унію і зрабіўся яе адданым прыхільнікам. На ягоны выбар і фармаванне яго каталіцкага светапогляду паўплывалі знакамітыя ў свой час багасловы — грэк Пятро Аркудзі, які быў прысланы з Рыма для ўмацавання З’яднанай Царквы ў Рэчы Паспалітай, віленскі езуіт Валенці Фабрыцый, будучы мітрапаліт Язэп Руцкі, які тады быў яшчэ свецкай асобай.

У 1604 г. Кіеўскі мітрапаліт  Іпаці Пацей пастрыг яго ў манахі, надаў яму новае імя — Язафат, высвяціў на дыякана, пасля чаго накіраваў у Віленскі манастыр Св. Тройцы. Сапраўдны аскет у штодзённым жыцці, Язафат Кунцэвіч у вольны ад малітваў і набажэнстваў час чытаў святыя кнігі і пісаў свае, у якіх адстойваў неабходнасць аб’яднання Ўсходняй і Заходняй Царквы пад кіраўніцтвам Папы Рымскага. Яго праведнае манаскае жыццё, навука і палымяныя казанні  прыцягвалі  ў  манастыр  новых  маладых паслушнікаў.

У другой палове  1608 г. ён быў высвячаны на святара. У той жа год Язэп Руцкі запрасіў Я. Кунцэвіча ў Кіеў для дапамогі ў навяртанні праваслаўных кіяўлянаў да Уніі. У Пячорскім манастыры здарыўся інцыдэнт, калі ў адказ на прамовы Язафата Кунцэвіча манахі сцягнулі яго з амбоны і моцна збілі, аднак пасля багаслоўскага дыспуту варожасць улеглася.

Ілля Рэпін. "Казанне Язафата Кунцэвіча ў Беларусі". 1893 г.

Ілля Рэпін. «Казанне Язафата Кунцэвіча ў Беларусі». 1893 г.

Калі манаская супольнасць Траецкага манастыра ў Вільні павялічылася да 50 манахаў, з’явілася магчымасць заснаваць новыя манастыры З’яднанай Царквы. Шляхціч Рыгор Трызна, маршалак слонімскі, падараваў манахам-уніятам манастыр у Быцені, які ён збудаваў для сваёй дачкі Эўфрасінні, і тады Язэп Руцкі накіраваў туды Язафата Кунцэвіча, каб ён заснаваў там навіцыят для манахаў З’яднанай Царквы. Тады ж Рыгор Трызна пазнаёміў ігумена Быценскага манастыра Язафата Кунцэвіча са сваім праваслаўным суседам Іванам Мялешкам, смаленскім кашталянам. Пад уплывам ераманаха Язафата  Мялешка прыняў Унію і падараваў манахам Жыровічы, дзе была царква з цудатворнай іконай Багародзіцы. Язафат Кунцэвіч стаў першым ігуменам Жыровіцкага манастыра. Шляхціч Іван Мялешка разам з сужонкай Ганнай збудавалі ў Жыро-вічах манастыр і 29 кастрычніка 1613 г. урачыста ўвялі Язафата Кунцэвіча з  яго манахамі. З таго часу Жыровічы сталі слаўным адпустовым месцам, куды штогод пачалі прыходзіць пілігрымы з самых  розных  куткоў  Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пасля  смерці мітрапаліта Іпація  Пацея (18 ліпеня 1613 г.) Кіеўскай  мітраполіяй  пачаў кіраваць Язэп Руцкі, а Язафат Кунцэвіч ад гэтага часу і да 1617 г. быў архімандрытам  Віленскага манастыра Св.Тройцы, які  тады  налічваў  ужо 60 манахаў. За гэты час ён многа зрабіў для разбудовы і добраўпарадкавання  манастыра, арганізацыі  манаскага  жыцця. Старэйшых манахаў  архімандрыт Язафат Кунцэвіч накіраваў у Навагрудак і Мінск,  дзе  базыльяне адчынілі школы, а сам застаўся толькі з маладымі манахамі. У гэты час яму даводзілася  адначасова  выконваць абавязкі архімандрыта, вікарыя, спаведніка,  прапаведніка, эканома і нават дзяка.

Паводле  рэкамендацыі Руцкага, ў  1617 г.   прызначаны    біскупам  віцебскім і адначасова каад’ютарам  да полацкага арцыбіскупа Гедэона Бральніцкага. Разам з мітрапалітам Язэпам Руцкім, які распрацаваў статуты Базыльянскага  закону,  Язафат  Кунцэвіч моцна спрычыніўся да рэарганізацыі ўсходняга манаства ў краі.

 

На новай ніве

Пасля смерці Бральніцкага ў канцы 1618 г.  Я. Кунцэвіч стаў полацкім арцыбіскупам. У Полацк ён прыбыў з асаблівай місіяй ад мітрапаліта Руцкага — умацаваць Унію ў гэтым краі. З запалам выконваў даручаную яму справу.

Першымі крокамі арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча на новай ніве сталася адраджэнне царкоўнага жыцця: аднаўленне храмаў (у тым ліку Полацкага  Сафійскага сабора), заснаванне  парафіяльных   школ, «чыстка»  кліру. Адначасова ён праявіў сябе адданым прыхільнікам еднасці Заходняй і Ўсходняй Цэркваў.  Да Базыльянскага закону далучыў манахаў трох манастыроў Полацкай епархіі – Полацкага, Чарэйскага і Магілёўскага.

Жыхары  Полацка  не супрацівіліся  Уніі, даволі  пакорна  прынялі  Кунцэвіча. Напачатку спакойна  прыняў яго і Віцебск, але вялікай прыхільнасці да Уніі тут не было. Актыўнасць новага полацкага арцыбіскупа  выклікала неадназначную рэакцыю. 9 кастрычніка 1618 г. арцыбіскуп  Язафат  Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў са звычайнай душпастырскай мэтай «прыгледзець за царкоўным парадкам». Жыхары не дазволілі яму, як пастыру, нават уступіць у горад, зачынілі  гарадскую  браму, расставілі на  вежах і на валу гарматы, скіраваныя  на  світу  арцыбіскупа, і ўзброеных  людзей, частка  якіх выйшла з харугвамі  перагарадзіць  уніяцкаму  арцыбіскупу  дарогу.  «Калі гэты ўладыка-адшчапенец, — казалі яны, — дзе-небудзь пакажацца бліжэй каля горада, то ў горад мы яго не пусцім, а яго заб’ём, бо за пастыра і ўладыку свайго не лічым і прызнаваць яго не хочам». Гэты інцыдэнт стаў прычынай судовага разбіральніцтва, у  выніку якога завадатарам бунту як парушальнікам спакою ў дзяржаве вынеслі прысуд да смяротнага  пакарання.

Уніяты і каталікі асуджалі ягоныя  метады і  перасцерагалі. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў сваім лісце да Кунцэвіча пісаў: «Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбухторылі і, скажу, народ рускі да адпору і зламання ўчыненай яго каралеўскай міласці прысягі».

У сакавіку 1620 г. на зваротным шляху з Масквы ў Кіеў прыбыў Ерусалімскі патрыярх Тэафан, які актыўна праводзіў пратурэцкую і прамаскоўскую палітыку. Ён незаконна высвяціў новых праваслаўных  біскупаў  і паставіў іх наўзамен раней прызначаных уніяцкіх, чым абвастрыў супярэчнасці ў асяродку хрысціянаў Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, у абыход Кунцэвіча біскупам Полацка  быў пастаўлены Мялеці Сматрыцкі, дзеянні якога ў Рэчы Паспалітай расцанілі як  падбухторванне да мецяжу і царкоўнага расколу ва ўгоду Турэччыны.

Прапаганда М. Сматрыцкага прынесла свой плён. Арцыбіскупа Я. Кунцэвіча абвінавацілі ў праследванні  праваслаўных, на што ён змушаны быў адказаць лістом, адрасаваным Льву Сапегу: “Я ж ніколі нікога да Уніі гвалтам не прымушаў, такога ніколі не было. Абараняць жа мне мае царкоўныя правы, (калі на мяне наступаюць гвалтам), мяне прымушае звычайная біскупская прысяга”.

Уступіўшы ў валоданне віцебскімі цэрквамі, Я. Кунцэвіч заняўся добраўпарадкаваннем: загадаў  іх  падмесці,  пачысціць  абразы,  наладзіць хоры і адкідныя сядзенні.  Паводле слоў відавочцаў, праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі,  што  нельга  з царквы нічога  выкідаць, нават пыл. На падставе  гэтага  яны  абвясцілі, што   Я. Кунцэвіч   прытрымліваецца  лацінскай  веры і перарабляе цэрквы на  лацінскі ўзор.

 

 «Чаму вы напалі?..»

Забойства Язафата Кунцэвіча

Забойства Язафата Кунцэвіча

Найбольш  напружаны  характар барацьба супраць Уніі набыла ў Віцебску, насельніцтва  якога  пасланцы Сматрыцкага падбухторылі  да  непаслушэнства законнаму арцыбіскупу.

У сакавіку 1621 г. пасля атрымання ліста М. Сматрыцкага, жыхары  Віцебска  поўнасцю перасталі   падпарадкоўвацца  Я. Кунцэвічу. 4 красавіка 1621 г., у дзень Дабравешчання, віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам  Нешам  не  пусцілі  працэсію  ўніяцкіх  святароў з Прачысценскага сабора ў царкву Дабравешчання. У Дабравешчанскай  царкве  16  жніўня  праваслаўныя «тумульт учинили» зноў, званілі ў званы, проста ў царкве збілі святара а. Максіма Турчыновіча і Кунцэвічавага слугу Стэфана  Базіліскага, а потым гналіся за самым арцыбіскупам. У дзень  Пяцідзясятніцы вялікі  натоўп  праваслаўных  спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што  накіроўвалася  за горад да царквы Св. Духа, і прымусіў яе вярнуцца назад. 20 лютага 1622 г.  каля сотні жыхароў Віцебска  акружылі  царкву Дабравешчання, перашкаджаючы адпраўленню  арцыбіскупам  набажэнства,  а  пасля  службы  напалі на  архідыякана  і  слугаў арцыбіскупа.

Кульмінацыя  канфлікту  наступіла 12 лістапада 1623 г. (Віцебскае паўстанне), калі  раз’юшаны натоўп  віцебскіх  праваслаўных рынуўся  ў  дом Я. Кунцэвіча. Арцыбіскуп  выйшаў  ім насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?».  Як  сведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша рассеклі Ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасля смерці». Цела  Язафата  скінулі з Прачысценскай гары, а затым, прывязаўшы  да  ног і шыі цяжкія камяні, укінулі  ў  Дзвіну. Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі  палац,  уніяцкія  цэрквы,  манастыры  і іншую маёмасць.

Да моманту прыбыцця ў Віцебск следчай камісіі, большая частка ўдзельнікаў расправы збегла.  Да суду прыцягнулі толькі 19 чалавек. Многія сведкі паказвалі на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыццё Кунцэвіча і забілі яго толькі праз нянавісць і «распалены запал» супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з Рымскім касцёлам і падпарадкавання апостальскай сталіцы і Рымскаму Папу. Каралеўскія камісары, што праводзілі расследаванне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказанні сведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязвінна, і  што забойцы не мелі  ніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.

Мошчы Св. Язафата Кунцэвіча  ў саборы Св. Пятра ў Рыме.

Мошчы Св. Язафата Кунцэвіча ў саборы Св. Пятра ў Рыме.

Цела арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча пасля ўрачыстага адпявання пахавалі ў ягонай катэдры Св. Сафіі ў Полацку, але пазней яго астанкі неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад знішчэння  расійскімі  войскамі.

 

Да ліку святых

Працэс захадаў да беатыфікацыі Язафата Кунцэвіча пачаўся праз год пасля яго смерці і працягнуўся пры ўдзеле створаных Папай Рымскім Урбанам VIІI камісій двойчы – у 1625 і 1635 гг. –  для даследавання жыцця, дзейнасці, смерці і цудаў, звязаных з ягоным заступніцтвам.

Па завяршэнні працэсу ў маі 1643 г. Папа Урбан VIII абвясціў Полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча  пакутнікам, а ў чэрвені 1867 г. Папа Пій IX далучыў яго  да святых Каталіцкага Касцёла.  Мошчы беларускага святамучаніка  Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы Св. Пятра ў Рыме.

Святы Ян Павел II назваў Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасці».

 

 

 Артыкул падрыхтаваны з выкарыстаннем крыніц Інтэрнэту.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий