Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
27 кастрычніка 2007 г. у Рыме была абвешчана благаслаўлёнай наша зямлячка Цэліна Бажэнцкая – жонка, маці, удава і законніца. Праз гэта Касцёл паставіў пячатку на яе жыцці і прадставіў нам у якасці Заступніцы і Прыкладу.
Гэта і яе дарога…
На Віцебшчыне, паблізу Оршы, быў калісьці маёнтак Хлюдзінскіх — Антовіль. Тут 29 кастрычніка 1833 г. з’явілася на свет Цэліна, адна з траіх дзяцей Ігнацыя і Клементыны. Бацькі былі добрымі выхавацелямі, ствараючы ў сям’і атмасферу любові да Бога і Айчыны, і пад іх уплывам Цэліна з кожным днём духоўна ўзбагачалася. Прыгажосць прыроды навокал выклікала глыбокія перажыванні і насоўвала дзяўчынцы думкі пра Бога-Створцу. Малая Цэлінка палымяна малілася, жадала адразу стаць святой і нават практыкавала розныя ўмярцвенні. Прыняўшы ва ўзросце дзесяці гадоў Першую Святую Камунію, яна нават есці ў той дзень не хацела. Нічога яе не цікавіла – толькі Пан Езус. “Тут, маючы 13, 14, 15 год, я хацела адразу стаць святой, задавала сама сабе ўмярцвенні і часта бегала да бліжэйшага прыгожага касцёла, і столькі ласкаў атрымоўвала падчас ціхай і ўзнёслай малітвы”, – пісала яна, знаходзячыся ў Ракаве, куды ездзіла на канікулы да сваёй цёці Анны Здзяхоўскай.
Першае моцнае цярпенне Цэліне давялося перажыць, калі адышла ў вечнасць яе любімая цётка Ганна, якую цаніла за мудрасць і пабожнасць. У наступныя гады па чарзе паміралі іншыя блізкія асобы. Так Бог ачышчаў сэрца дзяўчыны ад усяго часовага, каб яна магла аддаць сваё вольнае і чыстае сэрца толькі Яму.
Бацькі Цэліны пачалі ўводзіць дзяўчыну ў свет, часта бывалі ў Вільні, дзе яна знайшла новых сяброў і першы раз у жыцці пазнаёмілася з законніцамі. Гэта былі сёстры Візіткі. І там зразумела, што гэта таксама яе дарога – пакліканне да манаскага жыцця. Але бацькі не палічылі яе намер сур’ёзным і вырашылі інакш укласці жыццё свае дачкі. Для самой Цэліны гэта быў час выбару, час перажыванняў і яна цэлы тыдзень правяла на рэкалекцыях у кляштары сясцёр. Параіўшыся са сваім спаведнікам і паслухмяная бацькам, яна выканала іх волю.
На дне сэрца
Цэліна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага.У Віленскай катэдры адбыўся шлюб, а потым Юзаф забраў жонку ў свой маёнтак на Гродзеншчыне, у Абрэмшчыну, дзе атачыў яе любоўю, пашанай і дабрабытам. З часам нарадзіліся тры дачкі і сын, з якіх засталіся пры жыцці толькі дзве дачкі – Цэліна і Ядвіся. Маці імкнулася выхоўваць іх так, як і яе калісьці выхоўвалі бацькі, – у атмасферы любові да Бога і Айчыны. Перадавала ім жывую веру, штодзённа ўдзельнічала ў святой Імшы і брала з сабою дзяцей, паказваючы, як трэба жыць з Богам кожную хвіліну працы і адпачынку.
Жыццё ў сям’і не бывае пазбаўлена пакутаў. Так было і з сям’ёй Бажэнцкіх. Пасля пятнаццаці гадоў сямейнага жыцця Юзафа разбіў параліч і прыкаваў да ложка. Наступныя пяць гадоў Цэліна самааддана і ахвярна апекавалася мужам, вазіла па розных лекарах і спецыялістах. Яму станавілася то лепей, то зноў горай, жанчына пакутавала разам з ім, ва ўсіх святых просячы заступніцтва перад Богам. У Бога, як вядома, на кожнага чалавека свае цудоўныя планы і Ён забраў усётакі Юзафа да Сябе.
Цэліна пахавала мужа ў яго роднай Абрэмшчыне, упарадкавала справы маёнтку і вырушыла з дзвюма дочкамі ў Італію, каб увесці іх у вялікі свет.
…Вялікі свет не абяцаў нічога асаблівага ўдаве з дзвюма дочкамі, але старэйшая дачушка, адчуўшы пакліканне да сямейнага жыцця, ў хуткім часе выйшла замуж за Юзафа Халлера, а малодшая – наадварот, неахвотна ўдзельнічала ў балях, паказваючы памкненне быць больш у самотнасці, чым бавіць час на людзях. Гэта і цешыла самую Цэліну, і ў той жа час падштурхоўвала да роздуму: кім бачыць сябе ў будучым яе Ядвіся? Што падказвае Бог ёй? Бо ў самой Цэліны, на дне яе сэрца так і ляжала схаванае з маладосці прагненне аддаць сябе Богу ў кляштары.
Місіянеры ад Бога
Провід Божы прывёў яе ў Рым, да канфесіяналу, дзе пазнаёмілася з кс. Пятром Сэмэнэнка. Гэтае спатканне будзе ўплываць на ўсё яе далейшае жыццё. Кс. Пётр з Супольнасці Змёртвыхпаўстання стаў спаведнікам Цэліны і яе дачок, распазнаў у Цэліне асобу, здольную заснаваць жаночую галіну Супольнасці, якая будзе жыць харызматам Змёртвыхпаўстання. Зерне па-клікання, якое не памерла ў маладосці, цяпер мела прынесці багаты плён. Цэліна згадзілася, можна сказаць, без роздуму – усёю сваёю істотаю адчула, што Бог вядзе яе тымі шляхамі, якімі яна калісьці збіралася ісці. Болей таго, да яе неспадзявана далучылася Ядвіга, малодшая дачка. І тады абедзве — маці і дачка — 6 студзеня 1891 г. склалі вечныя шлюбы, тры іншыя сястры — часовыя. Пад кіраўніцтвам кс. Пятра Сэмэнэнка Маці Цэліна і Маці Ядвіга заснавалі ў Рыме Супольнасць Сясцёр Змёртвыхпаўстанак.
Прайшло вось ужо 133 гады, і духоўныя дочкі Заснавальніцы працуюць ва ўсім свеце праўдай і любоўю.
Адкуль бярэ пачатак святасць?.. Сапраўды, дзе тая крыніца, якая сваімі вытокамі забяспечвае людзей — не жывой вадой — а боскай сілай, вышэйшай дасканаласцю і маральнай чысцінёй? Адказаць адным словам на гэтае пытанне нельга, адказ на яго — у жыцці святых і благаслаўлёных. У іх памкненнях, марах, цярпеннях, ахвярах…Святасць выходзіць непасрэдна з Сэрца Бога і ў Ім мае сваю поўню. Святыя людзі, нібы місіянеры ад Бога, нясуць словы надзеі асобам у роспачы. З давён даўна Касцёл клапоціцца пра вернікаў-пілігрымаў, якія ідуць па дарозе жыцця, ставіць у прыклад жыццё закаханых у Хрысце. Божая любоў напоўніла сэнсам кожную хвіліну штодзённасці, трэба толькі навучыцца яе заўважаць.
Прыклад і узор
Яшчэ раз звернем увагу на Цэліну.
Маладая Цэліна можа быць прыкладам любові да Бога для дзяцей, узорам стараннасці ў карыстанні святымі сакрамэнтамі Касцёла, прагнення сяброўства з Езусам.
Цэліна можа стаць таксама падпорай для моладзі, якая апускае рукі з-за цяжкасцяў у рэалізацыі сваіх мараў. Яна адкрыла ў сабе манаскае пакліканне, хацела цалкам прысвяціць сябе Богу, аднак у тыя гістарычныя часы, калі яна жыла, менавіта бацькі вырашалі лёсы сваіх дзяцей. Цэліна не бунтуецца, хоць і моцна церпіць. Слова святара падчас споведзі набірае для яе сілу прыказання. Спаведнік сказаў, што бачыць у волі бацькоў волю самога Бога, і тады, па прыкладу Марыі, Цэліна сказала “Фіят”, выбраўшы волю Бога.
Цэліна можа быць узорам для маладых жонак, бо і сама дасведчыла жыцця ў сужэнстве, будучы прыкладнай жонкай. Яе жаночы лёс не быў лёгкім, змагалася з цяжкай хваробай мужа і заставалася клапатлівай і любячай маці чацвярых дзяцей. І ўсе мы добра ведаем, што перажывае маці, калі хварэе і памірае дзіця. Для ўсіх самотных Цэліна можа быць падтрымкай у даверы Богу і прыняцці ўсіх цяжкасцей жыцця.
Цэліна – выдатная маці, з самаадданасцю займаецца выхаваннем сваіх дзяцей. Любіла дачок разумнай і адказнай любоўю. Пісала для іх дзённік: “Чалавек не варты нічога, калі не стараецца пастаянна быць лепшым”. Лагоднасць, дабрыня, уласны прыклад — гэта метады выхаваўчай працы Цэліны: “Выхоўваючы дзяцей, я ніколі не думала, што яны — мая ўласнасць”. Цэліна ставіць дочкам вымаганні і тлумачыць, чаму свае абавязкі неабходна выконваць дакладна.
Прыклад у Цэліне знойдуць сужонкі, якія перажываюць смутак пасля смерці каханай асобы. Яна заставалася вернай абяцанням, якія давала ў Сакрамэнце шлюбу, не ўцякала ад цяжкасцей і цярпення. Пакутлівая хвароба мужа яшчэ болей наблізіла яе да Бога: “Як соладка ў кожную хвіліну забыцца пра сябе”. Паміраючы, Юзаф ставіць дзецям у прыклад уласную жонку, яе ахвярнасць, называе яе анёлам-суцяшальнікам.
Бл. Цэліна шмат выцярпела. Прайшла праз пакуты, унутранае ачышчэнне, людскую непрыхільнасць, але нішто не зацьміла Божай волі. Яна была без рэшты адданая Богу і людзям. Сілы чэрпала ў Святой Эўхарыстыі і адарацыі. Верыла, што, калі Бог паказвае Сваю волю, то дае таксама і ласку, каб рэалізаваць гэтую волю.
Бл. Цэліна арганізуе жыццё Супольнасці, піша Канстытуцыі, засноўвае месцы працы, школы, садкі. Усім сэрцам аддаецца працы над людскімі душамі, пераносячы досвед маці і выхавацелькі на грунт фармацыі маладых сясцёр. Вучыць, што “Любіць Бога – гэта выбіраць Яго ва ўсім і цаніць па-над усё”. Пасылае сясцёр туды, дзе былі патрэбныя, туды, дзе чалавек шукаў Бога і Яго любові.
Бл. Цэліна не паддаецца цяжкасцям, не знеахвочваецца, нават калі неспадзявана памірае дачка Ядвіга, маючы толькі 43 гады. Маці Цэліна падоўгу моліцца ў капліцы, каб добра дапасаваць новы крыж да сваіх рамёнаў: “Няма рэчы, якой бы душа з любові да Бога не вытрымала”. Глыбокая вера і згода Маці Цэліны з болем прыпадабняе яе да Марыі пад крыжам.
Бл. Цэліна кіравала Супольнасцю на працягу сямі гадоў. Адышла да Пана ў нядзелю 26 кастрычніка 1913 г. са словамі “У Богу назаўсёды шчасце”. Апошні позірк спачыў на крыжы і на сёстрах. Гэты позірк ужо бачыў вечнае святло, Уваскрослага Пана.
Праз заступніцтва благаслаўлёнай
Пан Бог хоча, каб мы шукалі яе заступніцтва, і таму ўчыніў праз яе пасрэдніцтва цуд. Пры жыцці Цэліна клапацілася пра сям’ю, а цяпер гэтую апеку працягвае з неба. Цудоўным чынам быў аздароўлены яе ўнук у пятым пакаленні. Анджэй з дзяцінства любіў лазіць высока. Калі падрос, бацькі аддалі яго ў клуб альпіністаў. Аднойчы, падчас трэніроўкі Анджэй зляцеў з вышыні трох метраў і ўдарыўся галавой аб цвёрдую падлогу. Дыягназ гаварыў пра цяжкія пашкоджанні галавы, зламаную аснову чэрапа, кому.
Мама Анджэя прыбегла ў роспачы да нашай с. Владыславы, і сястра сказала, што тут дапаможа толькі Маці Цэліна. Распачаўся вялікі штурм неба. Сям’я Анджэя і Супольнасць Змёртвыхпаўстанак на ўсім свеце маліліся навэннай праз заступніцтва бл. Цэліны. І стаўся цуд. На шосты дзень навэнны Анджэй выйшаў з комы і запытаўся, калі ён зможа заняцца спортам. На дзявяты дзень навэнны Анджэй на ўласных нагах выйшаў са шпіталя. Па сённяшні дзень ён займаецца альпінізмам.
Гледзячы на постаць бл. Цэліны, мы бачым, што Дух Святы суправаджае чалавека на розных дарогах і на кожнай хоча асвяціць яго. Маці Цэліна прайшла праз жыццё, будучы маладой дзяўчынай, жонкай, маці, удавой, цёшчай, бабуляй і, нарэшце, законніцай. На кожным этапе старалася выканаць Божую волю. Кожны чалавек, які шукае волю Божую па прыкладзе Маці Цэліны, можа знайсці для сябе ўзор. Няхай яе постаць будзе заахвочваннем для нас, каб мы кожную хвіліну нашай штодзённасці перажывалі дзеля Божай хвалы.
“Нам трэба ўжо тут, на зямлі, ўваскрэснуць з трывогаў і непакояў, бо з Ім заўсёды бяспечна”, – навучала бл. Цэліна Бажэнцкая, CR.
Шмат людзей просіць яе заступніцтва ў розных справах, асабліва сямейных. І цуды здараюцца. Давайце сёння і мы будзем прасіць аб патрэбных ласках для нас і для нашых сем’яў, дзякуючы за жыццё бл. Маці Цэліны, за яе давер Божаму Провіду і за вернае выкананне Яго салодкай волі.
Маці Цэліна вельмі прагнула, каб з цягам часу яе духоўныя дочкі, сёстры Змёртвыхпаўстанкі, працавалі на яе роднай зямлі. З 2000 года па сённяшні дзень працуюць сёстры Змёртвыхпаўстанкі ў Наваполацку, у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста.
с. Марыя-Магдалена Дзевульскa, CR