Дар Францыска Скарыны

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 SkorinaСвятымі не нараджаюцца – святымі становяцца. І гэта Створца надзяляе сваіх дзяцей  дарам назапашваць на працягу зямнога жыцця духоўнае багацце, каб пасля, далучаныя да сонму святых, яны маглі асвятляць жыццёвыя шляхі пакаленняў. Місія святых – быць светачамі. Такім светачам быў Францыск Скарына – беларускі першадрукар, асветнік-гуманіст, доктар медыцыны, пісьменнік-публіцыст, пера-кладчык, чалавек выключна шырокай эрудыцыі, які ў сваёй дзейнасці працягнуў місію апосталаў, несучы сваім землякам Божае слова на зразумелай ім мове.

Беларускія навукоўцы розных галін, вернікі хрысціянскіх канфесій, надаючы вялікую пашану і маючы вялікую зацікаўленасць да асобы знакамітага палачаніна, звярнуліся да Апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці (служыў у 2011 – 2015 гг.) з просьбай садзейнічаць у распачацці працэсу беатыфікацыі Францыска Скарыны. Сталіца Апостальская падтрымала просьбу-прапанову, і сёння, як паведаміў рэдакцыі кс. прэлат Уладзіслаў Завальнюк, вакол велічнай постаці эпохі Адра-джэння на Беларусі  набірае хуткасць інфармацыйны працэс, які  трымае ў сваіх руках архідыяцэзія Прагі. У Празе Скарына правёў вялікую частку свайго жыцця, там пачынаў сваю друкарскую дзейнасць, там вышлі ў свет першая друкаваная кніга “Псалтыр” і  першыя пераклады Бібліі.

Сёння кс. прэлат Уладзіслаў кіруе сваё слова да чытачоў нашага часопіса.

 

Айчына-Маці памятаеf-str-22

У гэтым артыкуле пойдзе мова пра Францішка Скарыну, славутага сына Беларусі, і юбілей 500-годдзя выдання яго апошняй кнігі Святога Пісання – “Апостал”, выдадзенай у 1525 годзе ў  Вільні.

Праца над перакладам Бібліі на тагачасную царкоўна-славянскую родную мову і яе друкаванае выданне мела вялізнае значэнне для людзей на ўсёй прасторы Усходняй Еўропы, такое значэнне, амаль як сёння папулярны інтэрнэт. Глыбокая вера і сумленная праца Францішка, як пераконваемся з яго прадмоў і пабожных заахвочванняў у кнігах Бібліі, сведчаць пра высакароднасць яго хрысціянскай душы, любові да Бога і бліжняга.

   “Ніякай працы і ніякіх скарбаў не шкадуйце для паспалітай карысці, для Айчыны сваёй”, – заахвочваў Францішак Скарына.

Яго высокі аўтарытэт сярод тагачасных сучаснікаў, вышэйшага духавенства, вучоных і каралёў, як і цяпер пашана ад нашага пакалення, заахвочвае нас задумацца і смела глянуць у яго ўнутраны, духоўны свет, дзякуючы якому ён праклаў дарогу праз стагоддзі (500 г.) не да сябе, а да сваёй асобы і ўдзячнай памяці.

f-str-22-2Любіў сваю Айчыну-Маці, як дзіця, і Айчына-Маці памятае пра яго. У яго гонар названы  вышэйшыя ўзнагароды краіны – медаль і ордэн. Імя яго носяць Гомельскі ўніверсітэт, цэнтральная бібліятэка, педагагічнае вучылішча, гімназія  №1 у Полацку, гімназія  №1 у Мінску, недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы” і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар Францыска Скарыны ў розных краінах усталяваны помнікі, зроблены скульптурныя  і жывапісныя выявы.

Існуе такі закон Прыроды: калі чалавек ці які прадмет аддаляецца, ён знікае з вачэй за даляглядам, раствараецца ў космасе. Памірае чалавек, гады і стагоддзі сціраюць яго з памяці нашчадкаў.. Але гэты закон не дзейнічае ў адносінах да Францішка Скарыны, таму што, нягледзячы на стагоддзі, ён ўсё больш паўстае перад намі і прыцягвае ўвагу да сваёй асобы.

Навукоўцы намагаюцца скласці мазаіку з яго жыцця і дзейнасці, але ён маналіт, які прысвяціў усё сваё жыццё Богу, што праявілася ў працы над перакладам Бібліі. А такую тытанічную працу мог зрабіць толькі чалавек, пакліканы Богам, і ён зрабіў гэта з Божай дапамогай. Стаў амаль аскетам і свецкім манахам.

Любові да Бога і народа навучылі маладога Скарыну айцы францішкане яшчэ ў Полацку, выхоўваючы яго з дзяцінства, і гэта прынесла сторазовы плён. Скарына палымнеў місіянерскім духам, жыў Бібліяй – Словам Божым і вельмі хацеў перадаць гэты Божы дар свайму народу. І ён гэта выканаў. Кнігі Францішка Скарыны – плады агромністай працы, творчай думкі, глыбокай хрысціянскай веры. Іх змест і іх прыгажосць настолькі жывыя, што здольныя дабратворна ўплываць на ацаленне духу нацыі. “Франциск Скорина – продолжатель дела Кирилла и Мефодия”, – сведчыў Мітрапаліт Філарэт (“Царкоўнае слова”, 2017, 3 сакавіка, с.15).

Молімся, каб Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква даацанілі веру і высакароднасць душы Францішка, яго любоў да Бога і свайго народа, мужнасць у абароне чысціні і святасці веры.

 

   З любоўю, з захапленнем

Друкарскі станок Гутэнберга, на якім друкаваў Скарына

Друкарскі станок Гутэнберга, на якім друкаваў Скарына

   З  якой вялікай верай і любоўю звяртаецца Францішак у прадмовах да суайчыннікаў, малых і дарослых, простых і вучоных, і з якой любоўю і захапленнем, поўным натхнення, выконвае ўсе гравюры і буквіцы, афармляючы Біблійныя тэксты і падзеі! Гэты твор – шэдэўр мастацтва не толькі тагачасны, але і ў наш час. Тут праяўляецца яго чыстая душа. Таму запрашаю паглядзець на кнігу Францішка Скарыны “Апостал” у арыгінале, над перакладам якога на сучасную мову ў люстэркавым варыянце працую ўжо другі год і з Божай дапамогай спадзяюся да канца года завяршыць працу. Кніга мае 680 старонак. Працу прысвячаю вялікаму юбілею, які будзем урачыста адзначаць у наступным 2025 годзе, як у  2017-м святкавалі 500-годдзе выхаду ў свет “Псалтырі”.

Мова Скарыны і мова яго суайчыннікаў як царкоўная, так і ў штодзённым жыцці была вельмі мелагучнай. Чытаючы гэты твор, акунаешся ў тыя глыбокія стагоддзі і чуеш гуд – цудоўныя пералівы мовы дарослых і дзяцей. Бо мова ў храме і ў народзе – жывая мова, яна стала фундаментам сучаснай роднай мовы, якая праз стагоддзі дасягае да нас, яе носьбітаў, сваёю мелагучнасцю, дасягае сучаснага моўнага гмаху.

Мы адзначаем юбілейныя даты выдання Бібліі Францішкам, але не ведаем дакладныя даты яго нара-джэння і адыходу да Госпада. Яго асоба быццам схавана за вялізнай працай над Бібліяй, для якой прысвяціў усё сваё жыццё.

Не нам, Госпадзі, не нам, але Імені Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду(Пс 113, 9).

Першае выданне Святога Пісання  – “Псалтыр” – здзейснілася 6 жніўня 1517 г. у Празе і было прысвечана ўрачыстасці Перамянення Гасподняга. Апошняе  – “Апостал” – у  1525 г., 19 сакавіка ў Вільні і было  прысвечана ўрачыстасці  Св. Юзафа, апекуна Святой Сям’і, і , паводле праваслаўнага календара,  Св. Алены, якая  знайшла  крыж Хрыстовы   на Галгоце.

Кнігу “Апостал” Скарына спяшаўся выдаць і прысвяціць вялікай падзеі – да юбілея 1200-годдзя правядзення Першага Нікейскага Усяленскага Сабора ў 325 годзе (Турцыя). Папа Сільвестр склікаў іерархаў-айцоў з усяго свету на Сабор, на якім былі прыняты:

а) Сімвал Веры, які абавязваў вызнаваць усіх  хрысціянаў Усходу і Захаду;

б) святкаванне Вялікадня;

в) святкаванне нядзелі замест суботы.

Такім чынам у наступным, 2025 годзе маем вялікі агульнахрысціянскі юбілей Усходу і Захаду – 1700 год ад Нікейскага Сабора. Рыхтуемся да яго.“Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. … Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне  і палюбіў іх, як  палюбіў Мяне” (Ян 17, 21-23).

І яшчэ. 200 гадоў таму ў 1825 годзе хрысціяне Беларусі ўрачыста адзначалі 1500-годдзе Нікейскага Усяленскага Сабора адзінай Хрыстовай Царквою лацінскага і грэчаскага абрадаў.

У памяць аб гэтай падзеі ў 1826 годзе на адной з плошчаў Мінска ў скверы быў узведзены юбілейны помнік-калона, на якой красаваўся велічны крыж, які аб’ядноўвае ўсіх хрысціянаў. Ад  гэтай падзеі і была названа плошча – “Юбілейная”, яна знаходзіцца  ў раёне  кінатэатра “Беларусь”.

Спадзяёмся на адраджэнне гістарычнага помніка з нагоды ўжо 1700-гадовага юбілею (325-2025 гг.) хрысціянскага веравучэння. Мы ж хрысціяне!

З удзячнасцю да ўсіх вас, паважаныя суайчыннікі, ушанавальнікі памяці, жыцця і подзвігу Францішка Скарыны.

 

 

 Кс. прэлат Уладзіслаў ЗАВАЛЬНЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий