Дзве кароны

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

f-str-21Калі ззянне Божага святла, здавалася, знікла сярод цемры гневу, нянавісці і гвалту, прынесенага падзеямі мінулага стагоддзя, Святы  Максімільян Кольбэ даў сведчанне сапраўднай веры і любові, аддаючы сваё жыццё за іншага чалавека.

Айцец  Максімільян нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Здуньскай Волі, што каля Лодзі, у вельмі пабожнай і традыцыйнай сям’і. Падчас хросту Максімільян Марыя  Кольбэ атрымаў імя Раймунд. З ранніх гадоў ён вылучаўся асаблівай пашанай да Маці Божай. Будучы яшчэ маленькім, Раймунд сабраў грошы і купіў сабе фігурку Марыі Беззаганнай. Нягледзячы на пабожнасць і глыбокую веру, ён не быў ідэальным хлопчыкам, пра што сведчыць наступная падзея. Аднойчы 12-гадовы Раймунд учыніў свавольства, і маці, якую звалі Мар’яна, прамовіла да яго з дакорам: «Мундэк, хто з цябе вырасце?». Хлопчыку стала вельмі сорамна і таму ён шукаў  адказу на гэтае пытанне, пакуль аднойчы не папрасіў Маці Божую, каб Яна сама адказала яму, кім ён будзе. Марыя, трымаючы ў руках дзве кароны (адну – белую, а другую – чырвоную), спытала, якую ён хоча атрымаць. Белая азначала, што ён застанецца чыстым, а чырвоная – што стане мучанікам. Раймунд адказаў, што хоча атрымаць абедзве кароны. Адбылося гэта ў парафіяльным касцёле ў Паб’яніцах. І сапраўды так сталася, што за сваё жыццё Св. Максімільян здабыў дзве кароны, стаўшы адначасова мучанікам і святым.

Беларуская зямля асабліва звязана са Св. Максімільянам – 20 кастрычніка 1922 г. айцец Кольбэ быў накіраваны ордэнскімі ўладамі ў Гродна, дзе на працягу пяці гадоў  выдаваў часопіс «Рыцар Беззаганнай» накладам 60 тыс. асобнікаў, развіваў рух «Рыцарства Беззаганнай», вёў выдавецкую і душпастырскую дзейнасць.

1923 год. Айцец Максімільян – крайні справа – падчас ручнога  набору тэкстаў у друкарні

1923 год. Айцец Максімільян – крайні справа – падчас ручнога набору тэкстаў у друкарні

Прыехаўшы ў Гродна, Максімільян быў задаволены добразычлівасцю людзей і кліматам, спрыяльным для яго хворых лёгкіх.

Айцец Максімільян яшчэ ў Кракаве заўважыў, што да Рыцарства Беззаганнай, заснаванага ім падчас вучобы ў Рыме, далучаліся людзі з розных, даволі аддаленых адзін ад другога гарадоў, што ўскладняла арганізацыю фармацыйных сустрэч членаў рыцарскага ордэна. Заўважыўшы неабходнасць бесперапыннага фарміравання і падтрымання стасункаў з «рыцарамі», айцец Кольбэ вырашыў заснаваць штомесячны часопіс «Рыцар Беззаганнай». Праз прэсу ён хацеў папулярызаваць гэтую супольнасць, каб як мага больш людзей далучылася да марыйнага аб’яднання. Галоўнай мэтай часопіса была евангелізацыя. Айцец Максімільян лічыў прэсу адным з найлепшых сродкаў знешняга апостальства і таму абраў выдавецтва як сродак рэалізацыі сваіх намераў.

Адразу пасля прыезду ў Гродна айцец Максімільян пазнаёміўся з манастырскімі ўмовамі і перспектывай друкавання «Рыцара Беззаганнай» у розных друкарнях. Можа быць дзіўна, што ў той час, калі друкарні і выдавецтвы банкруціліся, «Рыцар Беззаганнай» пашыраў сваю чытацкую аўдыторыю, што вылівалася ў пастаянны рост накладу часопіса. Выдавецтва не толькі не збанкрутавала, але і развівалася ва ўмовах крызісу. Напачатку айцец Кольбэ не ведаў, адкуль ён возьме сродкі на ўсе патрэбы друкарні і як будзе арганізавана выдавецкая праца. Аднак давер да Беззаганнай і поўная адданасць Ёй далі яму надзею, якая дазволіла ўпэўнена крочыць наперад. Нельга не адзначыць стратэгію вырашэння самых складаных спраў, якую абраў малады рэдактар. Усе важныя пытанні ён стараўся вырашаць на марыйныя святы і ўрачыстасці. Ён хацеў усё аддаць Беззаганнай, каб Яна ўсім кіравала і за ўсім глядзела. Сочачы за развіццём выдавецтва, можна пераканацца, што гэтая стратэгія не падвяла.

1927 год. Айцец Максімільян – сядзіць пасярэдзіне – разам з братамі-францішканамі і свецкімі, якія дапамагалі ствараць часопіс

1927 год. Айцец Максімільян – сядзіць пасярэдзіне – разам з братамі-францішканамі і свецкімі, якія дапамагалі ствараць часопіс

Акрамя працы, якой браты-францішкане прысвячалі амаль увесь тыдзень, айцец Максімільян клапаціўся пра час адпачынку, які быў прызначаны на нядзелю. Разам з братамі хадзіў на прагулкі ў лес, а часам і купаўся ў Нёмане.

Часопіс меў марыйны характар, бо рэдактар, засноўваючы «Рыцар Беззаганнай», кіраваўся жаданнем праз заступніцтва Маці Божай навярнуць да Яе Сына як мага больш заблукалых людзей, адарваных ад Бога. Таму асноўныя тэмы артыкулаў тычыліся Касцёла, Маці Божай, праблем, звязаных з развіццём веры, апісання антыкасцёльных рухаў і дзейнасці аб’яднання Рыцараў Беззаганнай. Усе артыкулы падмацоўваліся сведчаннямі людзей розных сацыяльных класаў.

Акрамя працы ў выдавецтве, а. Максімільян, знаходзячыся ў гродзенскім францішканскім манастыры, займаўся і парафіяльным служэннем, аб чым сведчыць “статыстыка” ўсяго знаходжання рэдактара ў Гродне. З кастрычніка 1922 г. па лістапад 1927 г. айцец Кольбэ ахрысціў 58 чалавек маладога ўзросту, адслужыў 26 пахаванняў (у тым ліку 22 дзяцей) і благаславіў 5 шлюбаў.

У францішканскай парафіі было шмат школ, дзе катэхетамі служылі айцы з кляштара. Варта адзначыць, што айцец Максімільян выконваў абавязкі катэхета ў школе пад Гродна, а менавіта ў Ласосне. Як катэхет, ён быў вельмі руплівым і вёў з выкладчыкамі дыскусіі аб практыкаванні веры, каб найперш евангелізаваць тых, хто меў непасрэдны ўплыў на маладое пакаленне.f-str-23

Св. Максімільян быў працавіты, надзейны, добрасумленны. Днём ён працаваў у друкарні, а вечарам і ноччу пісаў і рэдагаваў артыкулы. Браты, па прыкладзе айца Максі-мільяна, старанна наследавалі яго і, як і ён, былі поўныя  руплівасці ў выкананні сваіх абавязкаў.

Непаўторнай рысай айца Максімільяна былі радасць і аптымізм. Падчас адпачынку з братамі звычайна смяшыў прысутных сваімі жартамі. Ён быў вясёлага духу і таму не любіў, калі яго браты сумавалі, такіх між сабой яны называлі «браты з хмурнымі тварамі». Калі Максімільян заўважаў, што адзін з братоў перажывае цяжкасці, ён неадкладна пагаворыць з ім і пры неабходнасці акажа пакутуючаму сакрамэнтальную дапамогу. Ён быў як добры бацька. Несумненна, клопат пра братоў і сардэчнасць рэдактара пабуджалі  прызнанне і павагу да яго. Такое стаўленне стала тым фактарам, які падахвочвае нас старанна наследаваць Беззаганнае Зачацце і аддана працаваць для Яе.f-str-23-2

Нягледзячы на слабае здароўе, Максімільян нястомна працаваў, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сітуацыі, каб зрабіць што-небудзь на хвалу Беззаганнай. Ён не хацеў губляць ні хвіліны часу. Падчас адной канферэнцыі для братоў айцец Кольбэ параўнаў сябе і слухачоў з пэндзлем: пэндзаль у руцэ мастака павінен дазваляць мастаку кіраваць ім, але, калі ён не хоча паддавацца, ён выпадае з рукі, што прывядзе да таго, што ніякая кар-ціна не паўстане. Нягледзячы на цяжкую працу ў выдавецтве, ён таксама спавядаў у канфесіянале і ўдзяляў сакрамэнты ў касцёле. Велізарнасць яго абавязкаў не перашкаджала яму маліцца індывідуальна, і асабліва часта ён маліўся перад статуяй Беззаганнай Панны.

f-str-23-3Крытыкавалі яго і манахі. Некаторыя айцы, таксама з гродзенскай суполкі, сцвярджалі, што малады рэдактар перабольшвае ў выкарыстанні вынаходніцтваў і інвестыцый. Магчыма, гэтыя перасцярогі былі звязаныя з бояззю, што рэдакцыя можа залезці ў даўгі. Нягледзячы на ўсе заўвагі і страхі з боку братоў, а. Максімільян мужна ажыццявіў свае намеры і сказаў: «Калі б Св. Павел жыў сёння, ён падарожнічаў бы на самалёце і прапаведаваў па радыё». Варта адзначыць, што ў сваёй дзейнасці айцец Кольбэ заўсёды кіраваўся воляй сваіх настаяцеляў і, наследуючы Св. Францішка, верна выконваў словы: «І няхай усе мае благаслаўлёныя браты будуць цалкам паслухмяныя ім (настаяцелям) у справах, якія тычацца збаўлення душы і не супярэчаць нашаму жыццю».

Трэба сказаць, што айцец Максімільян меў неверагодны арганізатарскі талент. Калі ён вырашаў нешта зрабіць і быў перакананы, што гэта адпавядае Божай волі, то паслядоўна гэта выконваў, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Ён знаходзіў выйсце з самых складаных сітуацый, без разгубленасці і нервовасці, і заўсёды меў вясёлы твар.

Пакінуўшы Гродна, ён заснаваў пад Варшавай  Непакалянаў – кляштар, прысвечаны Маці Божай, які быў самым шматлікім у свеце, налічваючы каля 800 манахаў. Айцец Кольбэ імкнуўся ўсімі спосабамі развіваць пашану да Маці Божай, каб праз Беззаганную здабыць для Хрыста ўвесь свет.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, а. Максімільян быў вялікай пагрозай  для  немцаў, бо сваёй дзейнасцю мог распаўсюджваць інфармацыю, ахопліваючы вялікую колькасць людзей. З-за шматлікіх публікацый, звязаных з тэмай незалежнасці, айца Максімільяна арыштавалі і адправілі у канцлагер у Асвенцыме.

У канцы ліпеня 1941 года адзін з вязняў уцёк з блоку, дзе знаходзіўся айцец Кольбэ. Раз’юшаны рапартфюрэр Карл Фрыцш склікаў  зняволеных на сходавую плошчу і выбраў дзесяцярых, асудзіўшы іх на галодную смерць. Сярод іх быў і Францішак Гаяўнічак, у якога дома засталіся жонка і дзеці. Тады айцец Кольбэ выйшаў з шэрагу і папрасіў, каб яго пакаралі смерцю замест Гаяўнічка. На пытанне, хто ён, адказаў, што з’яўляецца каталіцкім святаром. Такім чынам, ён пайшоў з дзевяццю  таварышамі ў блок нумар 13, вядомы як блок смерці. Два тыдні ён заставаўся жывы, не маючы ні крошкі хлеба, ні кроплі вады. 14 жніўня 1941 г., на вігілію ўрачыстасці Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, фашысты забілі яго ўколам фенолу. Цела айца  Максімільяна было спалена ў крэматорыі.

17 кастрычніка 1971 года Папа Павел VI урачыста беатыфікаваў айца  Максімільяна  Марыя  Кольбэ, а 10 кастрычніка 1982 года Святы  Ян  Павел  ІІ узначаліў яго кананізацыю.

 

 

 бр. Павел  РАМАНЧУК

Здымкі дасланы аўтарам.

г. Гродна


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий