Свяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў прысвячае Святому Юзафу а. Яўген Голуб, OFMConv.
Сем крокаў да сябе
(Нататкі на палях «Patris Corde»)
Адзін хлопец вельмі хацеў быць знакамітым ваяром. Літаральна мроіў наяве, забыўшыся пра ежу і сон. Адна бяда – не было ў яго анічога, што нагадвала б сапраўдны рыцарскі меч. На шчасце, хлопец быў кемлівы, таму накіраваў крокі да старога рыцара, што жыў на ўскраіне паселішча.
– Шаноўнейшы, я ведаю ўсе Твае подзвігі на памяць, магу пералічыць усе Твае прыгоды. Але Ты ўжо на захадзе свайго жыцця і хутчэй за ўсё не здзейсніш новых. Падаруй жа мне свой меч, за невялікую ўзнагароду, каб я мог стаць Тваім годным пераемнікам.
Стары рыцар паглядзеў на яго, прышчурыўшы вока, і адказаў:
– Жаданне слушнае, але, баюся, мой меч Табе не падыдзе… Але не турбуйся; мой добры сябар, таксама рыцар, жыве на ўскраіне пушчы. Мо ён зможа Табе дапамагчы.
Хлопец падзякаваў і, развітаўшыся, адправіўся ў дарогу. Пушча была вялізная, а шляхі заблытаныя. Калі праз два дні ён дайшоў да невялікай хаціны, то, прывітаўшыся з гаспадаром ,слова ў слова паўтарыў свой маналог.
– Дзякуй Богу, што ёсць яшчэ смелыя юнакі. Але, на жаль, мой меч Табе таксама не падыдзе. Затое дзесьці месяц дарогі адсюль у гарах жыве стары ваяр-пустэльнік. Вось ён, напэўна, зможа Табе дапамагчы. Бывай здаровы!
Цэлы месяц часу і заплечнік правіянту спатрэбіўся хлопцу, каб дайсці да пячоры пустэльніка. Калі ж дайшоў, згаладнелы і змерзлы, аддыхаўшыся, прамовіў:
– О, слаўны рыцар, я ведаю ўсе Вашыя подзвігі і перамогі. Пайменна магу пералічыць кожнага дракона, якога Вы забілі і кожную прынцэсу, якую ўратавалі. Цэлы месяц ішоў сюды, каб папрасіць Вас аддаць мне свой меч. Вам ён ужо нядужа патрэбны, а я хачу быць майстрам мяча, як Вы.
Стары рыцар спагадліва глядзеў на юнака ў цішыні, а пасля прамовіў:
– Што ж, Ты– малайчына, што пераадолеў такі шлях. Але, на жаль, мой меч Табе не падыдзе… Але я добра ведаю каваля ў суседняй вёсцы, што пад гарою. Ён за невялікую плату зможа выкаваць для Цябе цудоўную зброю. Нездарма ж Ты сюды так доўга ішоў.
Хлопец, хоць і панурыўся, аднак падзякаваў пустэльніку і развітаўся. Ужо на заўтра быў выкаваны добры і моцны меч, і каб хоць неяк развеяць тугу, хлопец вырашыў вярнуцца дахаты доўгім шляхам. Па дарозе забіў пару драконаў, выратаваў некалькі гожых і шляхетных паннаў – нічога асаблівага. Затое вельмі здзівіўся, калі ўся вёска сустракала яго, як героя. І адкуль яны толькі дазналіся пра тыя прыгоды? Час ішоў, хлопец стаў мужчынам, ажаніўся і стаў татам. Час ішоў. Аднойчы, познім вечарам у дзверы яго дома пастукалі. На парозе стаяў хударлявы маладзён, які нясмела прывітаўся такімі словамі:
– Я ведаю ўсе Твае подзвігі на памяць, магу пералічыць усе Твае прыгоды. Але Ты ўжо на захадзе свайго жыцця і хутчэй за ўсё не здзейсніш новых. Падаруй жа мне свой меч, каб я мог стаць Тваім годным пераемнікам.
Былы хлопец (а зараз ужо пасівеўшы мужчына) весела глянуў на госця і прамовіў:
– Ведаеш, на жаль, мой меч Табе не падыдзе…
Прашу прабачэння за доўгі і казачны ўступ. Вельмі люблю гэту гісторыю, бо, калі прыдзе спакуса прызнаць, што з гэтым светам нешта ідзе не так, яна пераконвае ў адваротным. Так, сапраўды дзіўна, што сёння як ніколі людзі, асабліва маладыя, “галодныя” ўласнае тоеснасці. Аўтары кніг вучаць некаторых з нас, як быць сапраўднымі мужчынамі, блогеры становяцца аўтарытэтамі ў справе выхавання дзяцей. Дзіўна, трывожна і цікава адначасова – куды мы так “дакоцімся”? А пасля адкрываеш Біблію і разумееш – чалавек заўсёды шукаў сабе пры-клад, настаўніка, узор паводзінаў. Калі ў блізкім асяроддзі такога не было – ім станавіўся аўтарытэт, аб дзеях якога распавядала гісторыя. Кажуць, каб стаць самабытным майстрам з уласным стылем, трэба спачатку вучыцца пераймаць чужыя: пазнаваць усе дэталі і матывы, каб, сабраўшы свой “багаж” ведаў і досведаў, здзейсніць уласнае падарожжа.
Нездарма згадваем пра тоеснасць у рубрыцы, прысвечанай Святому Юзафу, – узору мужнасці. З мільярдаў мужчын ва ўсім часе і ва ўсёй прасторы Бог Айцец менавіта яму даручыў выхаванне свайго Сына. Чым жа вылучаўся Юзаф, які сакрэт ведаў? Тут нам на дапамогу прыходзіць Касцёл, які асаблівым чынам ацаніў ролю нашага святога ў гісторыі збаўлення і не перастае яе асэнсоўваць. Папа Францішак у сваім апостальскім лісце “Patris Corde” (“Бацькоўскім сэрцам”) не толькі аддае належную годнасць асобе Святога Юзафа, але і шмат увагі прысвячае адказу на пытанне, што менавіта зрабіла яго такім. Робіць яго ўзорам для сучасных хрысціянаў, акцэнтуючы некаторыя якасці, што дазваляюць Юзафу быць актуальным настаўнікам і сёння.
1) Юзаф – умілаваны бацька
Мы прызвычаіліся да гэтага слова, якое надоўга увайшло ў нашую касцёльную мову. “Умілаваны” – значыць той, каго любяць. Нездарма Святы Айцец менавіта гэтую рысу Юзафа ўказвае ў якасці пачатковай: каб умець любіць, трэба перш за ўсё адчуць любоў. Езус пацвярджае гэта найбольшай з запаведзяў: “…а бліжняга свайго, як самога сябе”. Толькі ўсведамляючы сябе асобай, годнай любові, зможаш ёю дзяліцца. Інакш свядомасць уласнай пусткі будзе прымушаць запаўняць сябе чужой увагай, часам, патрэбай прысутнасці. Даказваць сабе ўвесь час, што цябе ёсць за што любіць, змагацца і “купляць” гэтую свядомасць здзяйсненнямі – ці ж не пекла гэта? Юзаф любімы Богам проста так, бо ёсць. Юзаф любімы супольнасцю Касцёла, бо змог сябе прысвяціць, ахвяраваць, жыць для іншых. Звяртаючыся па яго заступніцтва, маем гэтаму пацвярджэнне. Хочаш быць эфектыўным, дзейсным, патрэбным чалавекам? Мусіш усвядоміць, што Цябе любяць. Толькі гэта дапаможа жыццю мець кірунак.
2) Юзаф – пяшчотны
Пяшчотны? Сур’ёзна? Ну, трошкі ніякавата асэнсоўваць аднаго з самых “мужчынскіх” святых з пяшчотай. Хоць зараз нібыта не сорамна мужчынам праяўляць свае пачуцці, усё-такі “моцны”, “канкрэтны”, “дзейсны” ды нават “сур’ёзны” глядзелася б лепш. Нешта, мусіць, Святы Айцец наблытаў…
Нічога не наблытаў, і пяшчота тут іграе вельмі важную ролю. “Гісторыя збаўлення спаўняецца “у надзеі насуперак надзеі” (Рым 4, 18) праз нашыя слабасці”. На прыкладзе гісторыі Святога Юзафа паказвае Папа Францішак. “Занадта часта мы думаем, што Бог дзейнічае толькі праз тое, што ў нас добрае і выйгрышнае, хоць насамрэч большасць Яго планаў рэалізуецца праз нашыя слабасці і нягледзячы на іх… Калі такая перспектыва эканоміі збаўлення, то мы павінны навучыцца прымаць нашую слабасць з глыбокай пяшчотай.”
Праз непакой і сумневы Юзафа таксама спаўняецца Божая Воля. Менавіта гэты спакойны і праўдзівы погляд на сябе самога робіць яго “справядлівым” – здольным у праўдзе бачыць іншых, таксама грэшных. Пяшчота робіць Юзафа падобным да Бога. Калі аднаго з Айцоў Касцёла (бадай што быў гэта Эвагры Пантыйскі) запыталіся, якая чалавечая якасць робіць нас найбольш падобнымі да Бога, ён адказаў – эмпатыя. Бог эмпатычны. Наймацнейшы і найбольшы, прыходзіць у подыху ціхага ветру. Не зломіць надламанай трасціны. Адначасова здольны Адзін быць трывалай апорай для свету.
“Пяшчота – найлепшы спосаб дакрануцца да таго, што ў нас слабое.”Не з мэтай апраўдаць уласныя грахі, а менавіта дзеля таго, каб зразумець, што яны мяне нішчаць. Пяшчотнае ў моцным робіць нашае ўспрыманне рэчаіснасці больш аб’ёмным, больш сапраўдным. Калі чытаем прыпавесць пра міласэрнага Айца, які здольны прабачыць двум сваім, мякка кажучы, недалёкім сынам, не назіраем у Яго прабачэнні праяву слабасці. Слабы не можа прабачыць: патрэбна неверагодная ўнутраная моц, каб разарваць бясконцае кола нянавісці, што, быццам вір, уцягвае з галавою. Можа, менавіта праз выхаванне ў сабе пяшчоты Юзаф здольны быў ўбачыць велічнае ў малым, трывалае ў штодзённым, істотнае ў крохкім, на шмат вякоў да Антуана дэ Сэнт-Экзюперы зразумеўшы, што “найважнейшае – нябачнае для вачэй”.
а. Я. Голуб, OFMConv
(Працяг у наступным нумары).