Год Святога Юзафа

о.Евгений ГолубСвяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў  прысвячае Святому  Юзафу   а. Яўген Голуб, OFMConv.

 

 

Сем крокаў да сябе

(Нататкі на палях «Patris Corde»)

 

(Працяг. Пачатак у нумары 03-2021)

 

Дарагія чытачы, працягваем нашыя разважанні над якасцямі Святога Юзафа, “схаванымі” ў прысвечаным яму апостальскім лісце Святога Айца Францішка. Над тымі якасцямі і здольнасцямі, якія за дзве тысячы гадоў не перасталі быць актуальнымі; спрабуем разам вучыцца ў Святога з Назарэту – Апекуна Касцёла і найлепшага ў свеце выхаваўцы.

 

Мы ўжо адзначылі, што досвед любові дазволіў Юзафу на ахвяраванне сябе самога дзеля дабра блізкіх, а пяшчота навучыла прымаць свае і чужыя слабасці. Наступнымі важнымі якасцямі, якія вылучае Папа Францішак, з’яўляюцца па-слухмянасць, здольнасць прыняцця і творчая адвага.

 

3)  Юзаф – паслухмяны бацька

Алонсо Мигель де Туваро (1678 – 1758) Иосиф с Иисусом

Алонсо Мигель де Туваро (1678 – 1758)
Иосиф с Иисусом

На першы погляд здаецца, што гэтыя дзве рэчаіснасці ніяк не могуць супадаць: бацькоўства патрабуе прыняцця рашэнняў, а паслухмянасць  агулам успрымаюць як своеасаблівую безыніцыятыўнасць, падданасць. Увогуле, у часы, калі ўласная свабода становіцца ці не самай важнай каштоўнасцю, ці ёсць сэнс разважаць над паслухмянасцю? Аднак, паводле думкі Святога Айца, менавіта паслухмянасць дазволіла Юзафу ў поўні ўдзельнічаць у таямніцы Збаўлення. У чым жа тут сакрэт? Сама па сабе паслухмянасць, у значэнні падданасці, можа прыносіць нават шкодны плён. Па-стаянны кантроль забівае ў чалавеку здольнасць ацэньваць і вырашаць, дазваляе скінуць адказнасць на таго, хто кіруе сітуацыяй. Аляксандр Дзюма-старэйшы вуснамі героя аднаго з сваіх раманаў даступна тлумачыць гэтую  з’яву: “ Пераважна людзі звяртаюцца за парадай толькі дзеля таго, каб ёй не кіравацца, а калі хто-небудзь усё ж кіруецца парадай, то толькі дзеля таго, каб было каго пасля папракнуць.”

Паслухмянасць Юзафа – не інфантылізм. Наўрад ці можна лічыць інфантыльным чалавека, які браў адказнасць за сваю сям’ю ў столькіх крытычных сітуацыях (і пэўна, чытачам Бібліі вядомая толькі іх невялікая частка). Паслухмянасць Юзафа – гэта перш за ўсё свядомасць, што ёсць хтосьці большы за цябе. Гэтая свядомасць дазваляе правільна акрэсліць кірунак уласнага жыцця, збудаваць моцную піраміду прыярытэтаў. Закон гравітацыі, па легендзе, адкрыты Ісаакам Ньютанам у 1667 годзе дзякуючы яблыку, сцвярджае, што “два матэрыяльныя аб’екты прыцягваюцца адзін да другога з сілай, прама прапарцыянальнай наяўнасці іх мас”. Іншымі словамі, чым большая маса аднаго з іх, тым больш уплыву яно будзе мець на другое. І, уявіце сабе, з нашым жыццём адбываецца акурат нешта падобнае. Калі ёсць у ім нейкае ўяўнае “цела з большай масай” – адносіны, праца, заробак, вера, маральныя прынцыпы, хобі – у кірунку яго мы і імкнемся, аддаём яму нашыя сілы, час і сродкі. Калі гэтых “цел” некалькі – наша “траекторыя” змяняецца ў залежнасці ад сілы, з якой уздзейнічае на нас той ці іншы прыярытэт. Карацей, каб некуды ў жыцці імкнуцца, а не стаяць на месцы, трэба мець нешта пераўзыхо-дзячае цябе па важнасці. Канешне, такі падыход можа прывесці да абагаўлення нейкай (ці нейкіх) сфер уласнага жыцця. Юзаф з Назарэту абірае найлепшы шлях – яго прыярытэтам становіцца Божая Воля.  Менавіта таму Традыцыя называе яго “справядлівым”. Біблейскае разуменне справядлівасці ці не адзін з самых складаных канцэптаў, бо гэтае слова, 558 раз запісанае на старонках Святога Пісання, мае не толькі юрыдычнае адценне, але перш за ўсё падкрэслівае жаданне чалавека пастаянна кіравацца ў жыцці пэўнай абсалютнай маральнай нормай. “Справядлівы” – гэта перш за ўсё практык (як падказвае нам першы псальм), які не толькі “не робіць зла”, але і “здзяйсняе справядлівасць”, што мае сваю крыніцу ў самім Богу. І тут нам адкрываецца другая прычына паслухмянасці Юзафа: яна дазваляе яму пазнаваць дабро, шукаць разам з Богам адказы на пытанні. Быць вучнем сёння, каб зрабіцца добрым апекуном і настаўнікам заўтра. Гэта ўжо не “паслухмянасць дзеля паслухмянасці”, а сродак уласнага выхавання (сёння больш знаёма гучала б  – самаўдасканалення), мэтай якога з’яўляецца: добра выкарыстаць дадзеныя Богам дары і абставіны.

 

4) Юзаф – чалавек, які прымае

     Згадзіцеся, першая рэакцыя на рэчы, якія ў жыцці не разумеем, –  найчасцей расчараванне і бунт. Каб дайсці да прыняцця, паводле папулярнай псіхалогіі, трэба прабірацца праз лес адмаўлення, ператрываць буру злосці, не дазволіць сабе згу-біцца на рынку торгу, і застацца жывым у пустыні дэпрэсіі ў рэшце рэшт. Доўгі сумны шлях, які штодня праходзіць безліч людзей. Прыняцце Юзафа было далёкім ад казачнага “і жылі яны доўга і шчасліва”.  Было там і падазрэнне ў здрадзе каханай (фатальныя наступствы для магчымасці любіць і давяраць у будучыні), на якое Юзаф адказвае як сапраўдны мужчына – не помстай, а апекай і прыняццем віны на сябе. Было адчуванне ўласнай бездапаможнасці (“такі мужык, а жонцы нармальнага месца нарадзіць дзіця не знайшоў у родным гора-дзе”), патрэба ў адзін момант з невядомых прычын кардынальна памяняць сваё жыццё на неакрэслены час (“пачынай усё ў гэтым Егіпце з нуля”), згуба дзіцёнка падчас пілігрымкі аж на ты-дзень, у рэшце рэшт ( “які ты пасля гэтага бацька?”). Святасць Юзафа не выяўляецца ў нейкім надзвычайным спосабе жыцця, бо, думаю, большасць з нас так ці іначай пазнае сябе, калі не ў яго жыццёвых перыпетыях, то ў рэпліках унутранага крытыка дакладна. Юзаф “справядлівы”, таму што ў крытычныя моманты здольны быў адставіць на бок свае жалі і пытанні, а застаючыся “тут і зараз”, прымаць тое, што дае Бог як дадзенасць, імкнучыся максімальна добра выкарыстаць сітуацыю на карысць перш за ўсё сваёй Абранніцы і яе Дзіцяці. “Усё служыць на карысць тым, хто любіць Бога”,  – сцвярджае святы Павел (Рым 2, 28), чалавек, які неаднойчы ў сваім жыцці рызыкаваў дзеля Евангелля. “…нават і са злога”, – дадае святы Аўгустын, пэўна, узгадваючы свой пакручасты і поўны граху шлях да Хрыста.

Прыняцце рэчаіснасці “тут і зараз” – здольнасць, якой вучыць нас Святы Юзаф. Гэта добры момант запытаць сябе пра ўласную веру. “Таксама не варта меркаваць, што верыць – значыць знаходзіць зручныя і суцяшальныя рашэнні. Вера, якой навучыў нас Хрыстус, – гэта вера, якую мы бачым у Святым Юзафе. Ён не шукае кароткіх шляхоў, але «з адкрытымі вачыма» ідзе насустрач таму, што з ім адбываецца, і асабіста адказвае за гэта”, – піша Святы Айцец. Вера Святога Юзафа, яго стаўленне да рэчаіснасці – гэта “хрысціянскі рэалізм”, праз які ў жыцці праяўляецца найглыбейшы сэнс “з усімі яго праявамі святла і ценю”. Вера Юзафа надае сэнс кожнай падзеі яго жыцця, такім чынам з’яўляючыся своеасаблівым “ключом”, патрэбным да яго разумення. Усведамляючы гэта, хочацца і да свайго жыцця падабраць такі “ключ”.

 

5) Юзаф – чалавек творчай адвагі

     Нярэдка падчас доўгіх і складаных размоваў з людзьмі даводзілася радзіць: “Прасі Бога аб ласцы прыняцця таго, што не можаш змяніць, і адвазе змяняць у жыцці тое, што табе пад сілу”. Калі  папярэднія якасці Святога Юзафа былі звязаныя з прыняццем і ўсведамленнем, зараз надышоў час на адвагу ствараць і змяняць. Святы Айцец звяртае ўвагу на дзве рэчы, з якіх, быццам вада з крыніц, бярэ пачатак наш адважны і творчы падыход да жыцця. Першая з іх – давер. Не толькі наш давер да Бога, пра які ўжо сказана безліч казанняў, але – і гэта перш за ўсё – пра давер Бога да нас. Часта можа здавацца, што Бог маўчыць у адказ на нашыя заклікі. Хацелася б выразных знакаў Яго прысутнасці, праяваў усемагутнасці і любові да нас – адным словам, каб Ён узяў усё ў свае Божыя рукі і павырашаў. “Дзе ўсе гэтыя знакі і цуды, пра якія мы чулі?”, – паўтараем за біблейскім Гедэонам. А Бог маўчыць.  “Калі часам здаецца, што Бог не дапамагае нам, то гэта не азначае, што Ён пакінуў нас, але што Ён давярае нам, верыць у тое, што мы можам планаваць, быць творчымі і самастойна знаходзіць рашэнні”, – піша Святы Айцец. Давер Бога грэшнаму і слабому чалавеку, у якім бачыць напарніка і памоч-ніка ў справе бясконцага стварэння і збаўлення гэтага свету, здзіўляе і дадае адвагі.

Такая пастава прыводзіць нас да другой “крыніцы” жыццёвай крэатыўнасці – адказнасці. Бог дае нам магчымасці творча ўдзельнічаць у Сваім плане. Адказнасць за ўласнае жыццё, дабро сваіх блізкіх і тыя асобы і справы, на якія я магу пазітыўна паўплываць, можа быць надзвычай добрым “матыватарам”, каб, ідучы за крэатыўнымі ідэямі, не згубіць глыбіні і сэнсу.

 

а. Я. Голуб, OFMConv

(Працяг у наступным нумары)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий