Год Святога Юзафа

о.Евгений ГолубСвяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў  прысвячае Святому  Юзафу   а. Яўген Голуб, OFMConv.

 

 

 

Сем крокаў да сябе

 

(Нататкі на палях «Patris Corde»)

 

 

(Заканчэнне. Пачатак  у № 03-2021)

 

 

Дарагія чытачы, працягваем нашыя разважанні над якасцямі Святога Юзафа, “схаванымі” у прысвечаным яму апостальскім лісце Святога Айца Францішка. Тым якасцям і здольнасцям, якія за дзве тысячы гадоў не пера-сталі быць актуальнымі, спрабуем разам вучыцца ў Святога з Назарэту, Апекуна Касцёла і найлепшага ў свеце выхаваўцы.

 

Мы ўжо адзначылі, што досвед любові дазволіў Юзафу на ахвяраванне сябе самога дзеля дабра блізкіх, а пяшчота навучыла прымаць свае і чужыя слабасці. Паслухмянасць, здольнасць прыняцця і творчая адвага далі магчымасць Святому Юзафу супрацоўнічаць з Божым Провідам. Сёння ж звернем увагу на дзве сферы, з якім св. Юзафа найбольш атаясамліваюць, – праца і бацькоўства.

 

6) Юзаф – чалавек працы

На працягу літургічнага году Святога Юзафа ўспамінаем двойчы. Калі яго ўрачыстасць 19 сакавіка робіць акцэнт на сямейным пакліканні і адносінах з Багародзіцай і Божым Сынам, то ўспамін св. Юзафа-рамесніка, што адзначаецца ў Касцёле 1 мая, – дата зусім невыпадковая – можна лічыць апошнім з апалагетычных святаў. Годнасць чалавечага жыцця, годнасць бацькоўства, а дзякуючы гэтаму акцэнту яшчэ і годнасць звычайнай штодзённай працы – вось што сучаснасць адкрывае  ў шматграннай асобе Цесляра з Назарэту.

Касцёл ад пачатку існавання падкрэсліваў вартасць і значэнне людской працы. Святы Павел не без гонару заўважае, што ўласнымі рукамі працуе на сваё ўтрыманне і нараджае звышпапулярную праўду: “Калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць!”(2 Тэс 3,10). Пра сэнс і вартасць чалавечай працы шмат пісалі айцы ІІ Ватыканскага Сабору, узгадваючы праўду, што чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, атрымаў заданне кіраваць і ўдасканальваць навакольны свет у справядлівасці і святасці (пар. Gaudium et spes, 34), што адбываецца перадусім праз звычайную працу. Сабор вучыць, што “…праз сваю працу чалавек звычайна забяспечвае жыццё ўласнае і сваіх блізкіх, яднаецца са сваімі братамі і  служыць ім, можа практыкаваць шчырую любоў і садзейнічаць удасканаленню створаных Богам рэчаў. (…) Праз працу, ахвяраваную Богу, чалавек далучаецца да збаўчай справы Езуса Хрыста, які, працуючы сваімі рукамі ў Назарэце, надзяліў працу найвышэйшай годнасцю. Адсюль вынікае ўсеагульны абавязак сумленна працаваць і права кожнага на працу; грамадства ж, у залежнасці ад канкрэтных абставін, павінна дапамагаць грамадзянам знаходзіць магчымасць для адпаведнай працы.

Урэшце, трэба так узнагароджваць за працу, каб гэта давала чалавеку сродкі для забеспячэння сабе і блізкім годнага матэрыяльнага,  грамадскага, культурнага і духоўнага жыцця, улічваючы род заняткаў кожнага, прадуктыўнасць працы, спецыфіку вытворчасці і агульнае дабро” (Gaudium et spes, 67).

Таксама Святы Айцец Францішак падкрэслівае патрэбу абноўленага ўсведамлення важнасці працы, каб спазнаць “вартасць, годнасць і радасць таго, што значыць есці хлеб”.

Папа Францішак не толькі пацвярджае кірунак ІІ Ватыканскага Сабору, які бачыць у нашых працоўных абавязках удзел у справе збаўлення, але нават ідзе далей. Праца, паводле Святога Айца, становіцца магчымасцю рэалізацыі не толькі свайго прызначэння, але і сям’і. “Сям’я без працы часцей сутыкаецца з цяжкасцямі, напружанасцю, адчужэннем і нават з адчайнай спакусай разыс-ціся. Як мы можам казаць пра чалавечую годнасць, не імкнучыся да таго, каб усе і кожны па-асобку мелі магчымасць годнага ўтрымання?” – задае пытанне Пантыфік.

Пачатак Кнігі Быцця паказвае нам працуючага Бога, які штодня змяняе рэчаіснасць: аддзяляе, стварае, цешыцца сваім стварэннем. Нездарма стварэнне чалавека традыцыя здаўна параўноўвае да працы ганчара, што надае форму існавання “гліне і проху зямлі”.

Адначасова “праца ў поце чола” сярод перашкодаў прадстаўляецца наступствам першароднага граху. Розніца паміж імі заключаецца ў творчым асэнсаванні сваёй працы, у магчымасці ўсведамляць і разумець яе сэнс. Прыпавесці Езуса багатыя на дэталі з жыцця звычайных працавітых людзей. Менавіта праз іх Бог тлумачыць найбольш складаныя таямніцы Сусвету. Евангеллі не ўспамінаюць плён працы Святога Юзафа па-за момантам, калі жыхары Назарэту не могуць зразумець, адкуль у Сына цесляра такая моц у словах і ўчынках. Аднак шацунак Богачалавека да звычайнай чалавечай працы і Яго стаўленне да працуючых стоадсоткава не былі б магчымыя без прыкладу Юзафа-рамесніка.

 

  7) Юзаф – “бацька ў цені”

Святой  Иосиф  с  ребёнком  –  Христом.  Живопись  школы  Куско, Перу.

Святой Иосиф с ребёнком – Христом.
Живопись школы Куско, Перу.

Цень неадступна крочыць за намі, не навязваецца, але і не пакідае. Заўжды побач, заўжды на другім месцы. Гэты цікавы вобраз айцоўства выкарыстаў у сваім рамане пра Святога Юзафа польскі пісьменнік Ян Дабрачыньскі. Вельмі часта маладыя бацькі неадступна крочаць ценем за сваімі маленькімі дзецьмі, кантралюючы ўсе сферы іх жыцця. Свабодзе і самастойнасці дзевяностых на змену прыйшлі ўсведамленне і кантроль нулявых-дзясятых. Знаёмы ксёндз распавядаў, што, пакуль даехалі з групай дзяцей да месца, дзе мелі адбывацца “Канікулы з Богам”, ён ужо адказаў на некалькі дзясяткаў тэлефонаў бацькоў, з якімі гадзіну-дзве таму развіталіся.

Штораз больш сродкаў для камунікацыі, але сама камунікацыя можа выглядаць досыць аднабока, даючы спакой, што дзіця “пракантралявана”, адначасова пазбаўляючы яго здабывання навыкаў адказнасці, прыняцця самастойных рашэнняў і г. д. Добра, калі гэтыя “хваробы росту” адыходзяць з момантам сталення. А часамі ж на дзесяцігоддзі пазбаўляюць асобу здольнасці сваімі рукамі без падказак і кантролю будаваць уласнае жыццё.

Святы Юзаф не проста “цень”, ён – “цень Нябеснага Айца”. Татам не нараджаюцца, але па меры станаўлення, ён, як і Марыя, мусіў задаваць сабе пытанні: Што гэта за асоба? Чым я магу дапамагчы Яму “узрастаць у ласцы ў Бога і людзей”? Далікатнасць Юзафа падчас знаходжання Езуса-падлетка ў святыні абсалютна не выстаўляе першага слабаком. Бацька – не той, хто грукае кулаком у стол, каб было “па-мойму альбо ніяк”. Бацькоўства – гэта вандроўка поплеч, крок у крок. Евангеллі не распавядаюць нам пра смерць Святога Юзафа, але сталасць асобы Езуса і Яго глыбокія адносіны з Айцом проста не маглі б быць магчымымі без уплыву святога цесляра. Калі хтосьці скардзіцца на адносіны з Богам і Яго жорсткасць, першае, пра што пытаюся, – гэта пра вобраз уласнага таты. Які ён быў, як адносіўся. Безумоўна, гэта не значыць, шо толькі тыя, хто меў цудоўную сям’ю, маюць права “хрысціянамі звацца”. Але, калі не дасведчыў канкрэтнай і бачнай бацькоўскай любові, – цяжэй усведамляць яе ў Нябачным. Цалкам магчыма, але гэта будзе даўжэйшы шлях.

“Быць бацькам – значыць знаёміць дзіця з жыццёвым досведам, з рэальнасцю. Не стрымліваць яго, не знявольваць, не панаваць над ім, а рабіць яго здольным выбіраць, быць свабодным, вырушваць у дарогу. Магчыма, па гэтай прычыне Юзафа традыцыйна называюць не толькі бацькам, але і дадаюць, што ён «найчысцейшы». Гэта не проста эмацыянальнае азначэнне, але сінтэз паставы, супрацьлеглай уласніцтву. Чыстасць – гэта свабода ад уласніцтва ва ўсіх сферах жыцця. Толькі любоў чыстая сапраўды з’яўляецца любоўю. Любоў, якая хоча валодаць, у рэшце рэшт, становіцца небяспечнай: знявольвае, душыць і робіць чалавека няшчасным. Сам Бог палюбіў чалавека чыстай любоўю, пакінуўшы яму нават свабоду памыляцца і выступаць насупраць Яму.

Логіка любові – гэта заўсёды логіка свабоды, а Юзаф ведаў, як любіць надзвычай свабодна. Ён ніколі не ставіў сябе ў цэнтры. Ён меў здольнасць саступіць цэнтральнае месца Марыі і Езусу.”

Няхай жа гэтыя словы Святога Айца будуць не толькі эпіграфам да асобы Святога Цесляра з Назарэту, але і запрашэннем узяць Яго ў настаўнікі, трэнеры. Каб у поўнай свабодзе і творчай адказнасці любіць, не крыўдзячы і не прысвойваючы, ствараць, не шукаючы сябе, і ў цішыні чуць адказы Бога на самыя галоўныя пытанні жыцця, смерці і вечнасці.

 

 а. Я. Голуб, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий