Год Святога Юзафа

о.Евгений ГолубСвяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў  прысвячае Святому  Юзафу   а. Яўген Голуб, OFMConv.

 

 

 

Новыя тытулы Святога Цесляра

 

 

1мая б. г., ва ўспамін Святога Юзафа-рамесніка, у літанію ў яго гонар, зацверджаную ў 1909 г. Святым Пасадам, было вырашана дадаць сем заклікаў з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна Касцёла. Новыя заклікі маюць глыбей раскрыць удзел Святога Юзафа ў Божым плане Збаўлення. Ім і будзе прысвечана наступная серыя артыкулаў. А пачнем мы з першага – “Custos Redemptoris”

 

Вартаўнік Райскага Дрэва

Адзін з першых хрысціянскіх пісьменнікаў, Юстын Мучанік у сваім “Дыялогу з Жыдам Трыфонам”, напісаным у ІІ стагоддзі, сцвярджаў, што райскае “дрэва жыцця” ні што іншае, як сімвал Езуса Хрыста. Апісваючы гэтае дрэва, адносіў яго якасці да Божага Сына, а Святога Юзафа называў “Вартаўніком Райскага Дрэва”. На гэтую рысу ўказвае нам святы Ян Павел ІІ у сваёй адгартацыі “Redemptoris custos”, назва якой і з’яўляецца адным з сямі новых заклікаў літаніі да Святога Юзафа – асаблівых тытулаў, якімі будзе адгэтуль называць яго супольнасць Касцёла.

Навошта Збавіцелю апякун? У нашым уяўленні “збавіцель” сам з’яўляецца і апекуном, і абаронцам, і вырашальнікам шматлікіх праблем. Ад каго мае ахоўваць Яго Святы Юзаф? Пачатак сваёй адгартацыі Ян Павел ІІ прысвячае пераказу тых нешматлікіх евангельскіх фактаў з жыцця Святой Сям’і, у якіх Цясляр з Назарэту сапраўды аказваецца выратавальнікам. Таямнічы прыход Збавіцеля ў рэальны свет назначаны звычайнай чалавечай слабасцю, самотны і ўбогі. Гісторыя Яго бэтлеемскіх прыгодаў паказвае, што ў вачах амаль усіх, апроч сваіх найбліжэйшых, Немаўля-Бог успрымаўся як пагроза ці праблема. Радзей – дзівоснае відовішча і прычына спецэфектаў. Толькі нешматлікія, таксама адкінутыя або грамадствам (пастухі), або веруючымі (мудрацы-язычнікі), змогуць убачыць у Ім кагосьці большага. А адзінай абаронаю ад варожага наваколля для Немаўляці з’яўляецца маўклівы “справядлівы Юзаф”.sw Iosif

 

 Пра абаронцаў Жыцця, пэўнага дальнабойшчыка і марозіва

Гісторыя паўтараецца на працягу стагоддзяў. З’яўляецца на гэты свет Жыццё. А “свет” бачыць у Ім праблему, клопат. Добразычліўцы, канешне, адкрытым тэкстам нічога не скажуць, але параяць “не пладзіць галечу”. А калі ў Жыцця яшчэ і дадатковая храмасома ці якое генетычнае захворванне – будуць гадаць, за якія грахі. Добра, калі дастанецца Жыццю добры апякун, хоць напалову падобны да “кусташа” – Юзафа. А бываюць жа і “не гатовыя стаць айцамі”. Калі чую пра сітуацыі, калі маладая, толькі пару тыдняў як мама, з вялікім страхам ідзе распавесці наваяўленаму тату пра існаванне Таго, хто іх зрабіў (ці зрабіла) бацькамі, мне заўсёды робіцца вельмі сумна. Бо той, хто павінен быць увасабленнем Божай апекі для Жыцця, па сутнасці зараз для гэтага Жыцця з’яўляецца кімсьці накшталт суддзі.

Аднойчы манаскія справы за-кінулі мяне ў Кракаў. Адно з найлюбімейшых месцаў – пляц Усіх Святых – тым познім вечарам было асабліва людным. З аднаго боку свецяцца цудоўныя вітражы нашай францішканскай базілікі, з другога – “выпускае” вернікаў з вечаровай Літургіі гатыцкая святыня братоў-дамініканаў. Паміж імі – вечны рух трамваяў, электрасамакатаў і ровараў. Час ад часу хтосьці п’е каву на тэрасе невялікай кавярні, ці вячэрае італьянскай пастай. Але ўвагу прыцягвала невялікая група   з вялікімі плакатамі. На плакатах былі здымкі людзей. Людзей да нараджэння. Мы іх найчасцей называем “эмбрыёнамі” і “пладамі”. Людзі маўкліва стаялі з плакатамі, з калонкі дыктар тлумачыў гораду сэнс акцыі – звярнуць увагу на праблему вялікай колькасці абортаў, усведаміць, што гэта – забойства бацькамі сваіх жа дзяцей. Людзі падыходзілі, пару хвілін слухалі, каб пасля зноў рушыць па справах. Людзі спяшаліся: у іх працоўная змена, абароны дыплому, фітнэс. Можа, нават споведзь і Святая Імша – у францішканаў ці дамініканаў – як пашчасціць. Я ж казеліў вокам на людзей з плакатамі і заўважыў, што сярод іх толькі адзін мужчына. І падумалася на той момант – ды зараз яшчэ больш упэўнены, – што абарона жыцця патрабуе мужчын -“кусташаў”, такіх як Юзаф. Здольных перш за ўсё на ўчынкі, канкрэтную дапамогу, суперажыванне. Калі мой сябар дальнабойшчык, шчаслівы бацька тройкі гарэзаў, хваліцца праз вайбер поспехамі малодшага ці тым, які ўжо вялікі старэйшы (якога я, між іншым, хрысціў), –адчуваю, што там у іх доме “назарэцкая” атмасфера. Можа, не заўсёды, але такое нельга падрабіць. Наўпрост немагчыма. Айцоўства “ўключае” ў мужчыне нейкі таямнічы тумблер адказнасці, пяшчоты і любові. З’яўляецца сталасць, станоўчасць, часта такая – “на выраст”. У рамане Тоні Парсанза “Мужчына і хлопчык” галоўны герой, што пакутуе на крызіс сярэдняга ўзросту і праблемы ў адносінах з жонкай, пытае сам сябе пра няўлоўны момант, калі ператварыўся з дзіцяці ў мужчыну. Заканчэнне ўніверсітэта? Правы на кіраванне аўтамабілем? Набыццё ўласнага дома? Усё не тое. Можна заставацца хлапчуком у целе трыццаці – з гакам – гадовага мужыка, маючы ўсё гэта. І нават шлюб часамі не дапаможа. Галоўны герой усведамляе – і то пад самы канец твора, – што менавіта бацькоўства надало сэнс яго існаванню і не дазволіла дашчэнту зруйнаваць сваё ўжо добра патрэсканае жыццё.

“Ребёнка не подкидывай. Взыщи с отца на воспитание”, – можна прачытаць на старым савецкім агітплакаце. Шкада, што за столькі дзясяткаў год разуменне айцоўства нязменна зводзіцца да “гаманца” і “матэрыяльнага забяспечвання сям’і”. І цешыць, калі бачыш, як маленькія ногі ледзьве паспяваюць за татавымі, калі разам за руку ідуць па марозіва. Амаль як пару тысяч год таму ў Галілеі. Толькі, пэўна,  марозіва тады яшчэ не існавала.

 

Пра жарты аднаго дыякана і рэцэпт святой Тэрэсы

“А вы што, дзяцей маіх бачылі?”, – аджартоўваўся сабрат-дыякан, калі яго традыцыйна называлі “айцом”. Некаторым чуць гэты зварот няёмка, іншым наадварот падабаецца. Дзіўнае ўражанне, калі да цябе так звяртаюцца людзі ўдвая, а то і ўтрая старэйшыя, больш  дасведчаныя. Часта больш пабожныя, чым ты сам. З цягам часу разумееш, што тое “айцоўства” – адбіццё сапраўднага, Божага, а ты сам – праз сакрамэнтальнае святарства – проста Яго цень, рыхтык як Юзаф.

“Натхнёныя Евангеллем, Айцы Касцёла ўжо ад першых вякоў падкрэслівалі, што Святы Юзаф, які з любоўю апекаваўся Марыяй і з радасцю прысвяціў сябе выхаванню Езуса Хрыста, таксама і сёння сцеражэ і ахоўвае містычнае Цела Адкупіцеля, Касцёл,  фігурай і ўзорам якога з’яўляецца Найсвяцейшая Панна”. Гэтымі словамі Ян Павел ІІ нездарма распачаў апостальскую адгартацыю “Redemptoris Custos”, прысвечаную асобе Апекуна Збаўцы. Місія Святога Юзафа не закончылася на выхаванні хлапчука Іешуы з Назарэту. Бог-Чалавек і пасля сваёй перамогі над смерцю патрабуе слабога чалавека для працягу ўласнай місіі – суцэльнага Збаўлення. У гэтым нашая Супольнасць мае не толькі Маці, але і Апекуна.

   Першым касцёлам, што меў сваім апекуном Святога Юзафа, была кармелітанская святыня ў Авілі. Святая Тэрэса Вялікая так захапілася асобаю Апекуна Божага Сына, што, удзячная за ўратаванне здароўя ў 1542 годзе, як магла распаўсюджвала Яго культ. Поспех яе вялікай кармелітанскай Рэформы таксама прыпісвала Святому Юзафу. Наўпрост казала, што аб чым бы ні папра-сіла Бога праз яго заступніцтва – заўсёды атрымлівала. На ўсе свае 17 кляштараў, з якіх 11 мела апекуном Святога з Назарэту, Тэрэса заўсёды вазіла яго фігуру, якая да сёння знаходзіцца ў Авілі. На старонках сваёй аўтабіяграфіі шчыра пісала пра Святога Юзафа, называючы “сваім Айцом”.

  Напрыканцы часоў кожны ахвотны зноў будзе мець доступ да райскага дрэва жыцця: “Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога”( Ап 2,7). Святы Юзаф не злосны вартаўнік, які крычыць на небаракаў-хлапчукоў, што ўлезлі ў райскі сад Нябеснага Валадарства (часамі “гвалтоўна” – Мц 11,12) паласавацца спелымі пладамі. Ён хутчэй паказвае ім – ды і ўсім нам, галодным – адкрытую брамку, каб у гэты райскі сад трапіць.

 

 

а. Я. Голуб, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий