Свяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў прысвячае Святому Юзафу а. Яўген Голуб, OFMConv.
Паміж Хрыстафорам і Анубісам
1мая б. г., ва ўспамін святога Юзафа-рамесніка, у літанію ў гонар святога, зацверджаную ў 1909 годзе Святым Пасадам, было вырашана дадаць сем заклікаў з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна Касцёла. Новыя заклікі маюць глыбей раскрыць удзел Святога Юзафа ў Божым плане Збаўлення. Ім і прысвечана гэтая серыя артыкулаў. Сёння звернем увагу на адзін з іх – “Servus Christi” – “Слуга Хрыста”.
“Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам. Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мц 20,26-28).
“Служыць” – адно з найпапулярнейшых слоў у каталіцкім лексіконе. Любую працу ці адказнасць, звязаную з евангелізацыяй ці міласэрнасцю, называем “служэннем”. Няёмка запытацца ў ксяндза ці законнай сястры: “У якой парафіі працуеш?”. Нягле-дзячы на прысутнасць “уніформы”, іх жыццё і дзейнасць не абмяжоўваюцца часовым адрэзкам “з дзевяці да пяці”.
На святой Імшы міністранты “служаць” (а ў некаторых невялікіх і традыцыйных мясцінах нават “прыслугоўваюць”). Ды і саму Літургію нярэдка з шацункам называюць на ўсходні манер “Службай”. Кожны Папа Рымскі яшчэ з часоў Рыгора Вялікага тытулуецца “Servus Servorum Dei” – “Слуга Божых Слугаў”. Карацей, са служэннем – прынамсі тым, намінальным – у нас праблемаў няма. Але калі хрысціянін паспрабуе на ўзор Святога Юзафа ў прыктыцы паспрабаваць стаць “слугой Хрыста” – спаткаецца з цяжкасцю з прычыны незразумення, што насамрэч крыецца за гэтым “служэннем”. Бо зразумець яго занадта даслоўна раўняецца дабравольнай згодзе на ўласную інфантыльнасць і засыпанне свайго духоўніка пытаннямі а кожнай гадзіне дня і ночы. “Не думай – рабі як трэба” – досыць небяспечнае правіла. У сваім манаскім жыцці не раз сустракаў братоў (часам нават выхавацеляў), упэўненых, што “хто робіць, не задаючы пытанняў, – тройчы моліцца”. Пераважна, нічога добрага з гэтага не выходзіла. З другога боку, можна падыйсці да справы, так бы мовіць, намінальна: ну, “слуга”, дык “слуга”. Называйце хоць гаршком, толькі ў печ не стаўце. Мы ж усе пад Богам ходзім, таму ў некаторым сэнсе ўжо праз гэта – Ягоныя слугі.
Абодва падыходы з’яўляюцца хутчэй нейкімі адхіленнямі ад рэальнасці поўнага свабоды, ахвотнага і творчага хрысціянскага служэння. Але і яны ўказваюць нам на пытанне-ключ “Як?”. Гэтае пытанне задавала Марыя Богу праз арханёла. Гэтае пытанне шмат разоў не давала спаць Святому Юзафу. Цяпер і нашая чарга яго сабе задаць: “Як нам быць і заставацца сапраўднымі слугамі Хрыста?”. Далей магло б быць доўгае і нуднае разважанне, поўнае цытатаў і прыкладаў з жыцця старажытных святых. Але – ці, на жаль? – сёння ўсё зробім па-іншаму. Святыя будуць, гісторыі таксама, але дапаможа нам у разуменні сапраўднага служэння не багаслоўе, а сучаснае мастацтва.
Галава сабакі
У кожнага святара сваё хобі: хто фантастыку чытае, хто жывёл гадуе. У маім выпадку гэта мастацтва, а асабліва – стрыт-арт. Сам нічога асабліва не малюю, не лічачы дэкарацый раз на год, але паглядзець на годныя працы, муралы і графіці, асабліва калі ў іх прысутная хрысціянская тэматыка,– заўсёды рады.
У пошуках натхнення, чым ёсць сапраўднае служэнне Хрысту, звярнуўся да прац людзей, якія Яго вобраз робяць бачным і вельмі асабістым адначасова. І знайшоў яго ў адной з прац маладой і таленавітай мастачкі Марыі Бурганова-Ялтанскай. Марыя займаецца адначасова іканапісам і сучасным мастацтвам: пачынаючы ад стварэння іканастасаў на Кіпры і Аўстраліі да ўдзелу ў амаль 40 выставах. Сваю творчую місію акрэслівае як “шуканне супрацьлегласцяў і ўзаемапранікання сучаснай культуры і традыцыйнай рэлігійнасці». І сапраўды, нешта ў гэтым ёсць. Маю ўвагу прыцягнула адна з прац Марыі, змешчаных у яе інстаграме: дзве вялікія манахромныя выявы: святы Хрыстафор і старажытна-егіпецкае боства Анубіс глядзяць адзін на аднаго. Здавалася б, што можа яднаць так розныя характары? Адказ навідавоку – абодва яны прадстаўлены згодна са сваёй асаблівай іканаграфічнай рысай. З сабачай галавою.
З краіны кінакефалаў
Калі нас цікавіць служэнне, святы Хрыстафор з’яўляецца ледзь не ідэальным прыкладам. Яго напаўміфічная гісторыя – гэта роздум над старым як свет пытаннем: “У чым сіла?”
Калі верыць “Залатой легендзе” Якуба Варагінскага, Хрыстафор быў вялізным асілкам-рымлянінам і першапачаткова насіў імя Рэпрэў (ад лац. Reprobus – “адкінуты”, “асуджаны”). Іншыя легенды месцам яго нараджэння лічаць біблійны Канаан. Прастадушны асілак Рэпрэў шукае самага магутнага ўладара, каб пайсці да яго на службу. Ён наймаецца да караля, але хутка разумее, што той баіцца д’ябла. Прапануе свае паслугі д’яблу, але заўважае, што апошні ў боязі не зносіць выгляду крыжа.
Рэпрэў знаходзіць пустэльніка і пытаецца ў яго, якім чынам можа служыць Хрысту. Пустэльнік прыводзіць Рэпрэва да небяспечнага броду праз раку і заўважае, што рост і фізічная моц асілка робяць яго ідэальным кандыдатам дапамагаць падарожным пазбегнуць небяспекі падчас пераходу праз ваду. Так асілак пачаў перавозіць падарожных на ўласных плячах. Аднойчы маленькі хлопчык просіць перанесці яго праз раку. Падчас пераправы ён робіцца настолькі цяжкі, што Рэпрэў баіцца, каб не патануць з ім разам. Хлопчык прызнаецца, што ён – Хрыстос і нясе з сабой увесь цяжар свету. Пасля асілак атрымоўвае хрост у той самай рацэ, праз якую ён пераносіў падарожных , і атрымлівае імя Хрыстафор – “той, хто нясе Хрыста”. У Яго імя Хрыстафор здзяйсняе шматлікія цуды, якія заканчваюцца вялікай колькасцю навяртанняў. І мучаніцкай смерцю самога Хрыстафора.
А што да яго сабачай галавы ва ўсходняй іканаграфіі – існуе некалькі спосабаў інтэрпрэтацыі. Паводле адных звестак, ён паходзіў з Мармарыка, быў захоплены ў палон падчас змагання і служыў у рымскай кагорце разам з прадстаўнікамі свайго племені. Ва ўяўленні некаторых летапісцаў, ён быў кінакефал – “псаглавец”, што трэба разумець сімвалічна “як стан язычніцкай жорсткасці і дзікасці”, калі верыць Канстантынопальскаму сінаксарыю. Некаторыя так інтэрпрэтуюць яго (паводле паданняў) брыдкі выраз твару. А можа “Cananeus” (“Кананіт” – ад Канаану ) магло быць няпра-вільна расшыфравана летапісцамі як “сабачы”? Да сёння такое прадстаўленне святога застаецца таямніцай. Аднак ужо на керамічнай іконе VI-VII ст. македонскага паходжання знаходзім гэту дзіўную выяву.
“Сабачае жыццё”
Іншая справа – Анубіс, старажытнаегіпецкі апякун пахавальных рытуалаў і муміфікацый, “ахоўнік шаляў” на судзе пасля смерці, прадстаўлены з галавой шакала. Гэты праваднік памерлых у егіпецкай міфалогіі, паводле Плутарха, можа быць атаясамлены з часам. У глыбокай старажытнасці ён атаясамляў таксама адну з фазаў начной цемры, таму захад – прыстанішчы памерлых – лічыўся яго валадарствам.
“Кола, што роўна судакранаецца з межамі цемры і святла, – так апісвае Плутарх Анубіса, – яго можна лічыць агульным для іх. З-за гэтай акалічнасці і ўзнікае падабенства, якое ўявілі паміж Анубісам і сабакам, жывёлай, якая аднолькава пільная і днём, і ноччу.” Чалавек не можа не служыць камусьці ці чамусьці, так як не можа існаваць адарваны ад навакольнага свету, не звязаны нябачнымі ніцямі адносін. Але служэнне ў хрысціянскім разуменні з’яўляецца не столькі падпарадкаваннем няўмольнаму цыклу, колькі плёнам уласнага і вольнага пошуку ў кірунку дабра, якое кшталтуе з нас Асобу, Чалавека на ўзор Езуса.
Святы Хрыстафор мог і не шукаць Хрыста, задаволіўшыся сваім “сабачым жыццём”. Укрытае ажно да межаў таемнасці жыццё Юзафа з Назарэту наўрад ці можа здавацца ўзорам самарэалізацыі мужчыны. Але менавіта такім яно і было, бо мела канкрэтны і трывалы кірунак у постаці асобаў, важнейшых за самога Юзафа і іх дабра. Можа гэты выбар жыць для кагосьці, зроблены ў поўнай свабодзе і свядомасці, і ёсць тым, што пераўтварае “сабачае” жыццё ў чалавечае?
а. Я. Голуб, OFMConv