Год Святога Юзафа

о.Евгений ГолубСвяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў  прысвячае Святому  Юзафу   а. Яўген Голуб, OFMConv.

 

 

 Надаць імя

 

 

 1 — га мая бягучага года, ва ўспамін святога Юзафа рамесніка, у літанію ў гонар святога, зацверджаную ў 1909 годзе Святым Пасадам, было вырашана дадаць сем заклікаў з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна Касцёла. Новыя заклікі маюць глыбей раскрыць удзел святога Юзафа ў Божым плане Збаўлення. Ім і будзе прысвечана гэтая серыя артыкулаў. Сёння звернем увагу на адзін з іх – “Minister salutis” – “Слуга збаўлення”.

 

“Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю” (Мц 1,24). Ці бачыш паслухмянасць і пакорны розум? Ці бачыш чалавека рашучага і ва ўсім шчырага? Калі ён падазраваў Панну ў нечым непрыемным і непрыстойным, то не хацеў трымаць яе ў сябе. Калі ж вызваліўся ад гэтай падазронасці, не толькі не хоча адаслаць яе, але затрымлівае і становіцца слугою ўцелаўлення.”( св. Ян Хрызастом, Каментар да Евангелля паводле св. Мацвея, V,3).

Аднойчы на катэхэзе я запытаў групу моладзі, чым, на іх погляд, можна характарызаваць сапраўднага мужчыну. Пагадзіцеся, варыянтаў насамрэч можа быць шмат. Але чамусьці абсалютна не быў здзіўлены, калі ў адзін голас і хлопцы, і дзяўчаты паўтаралі на розны спосаб тое самае: мужчына – гэта той, хто бярэ адказнасць.

Сёння, зрэшты, як і заўсёды, мужчынскасць з’яўляецца даволі складанай навукай, якой заўжды не хапае выкладчыкаў. Часта хлопцам прыходзіцца станавіцца мужчынамі “ў першым пакаленні” і плыць наперад, лавіруючы паміж Сцылай танных стэрэатыпаў пра мужнасць і Харыбдай уласнага, часта складанага досведу.

Невялічкае адступленне ў бок статыстыкі: на студзень – сакавік мінулага года на 9550 заключаных сужэнстваў прыпадае 9000 разводаў. Гэта значыць, што зусім невялікі адсотак дзяцей з гэтых сямей у лепшым выпадку будзе дарастаць у апецы абодвух бацькоў. А калі дадаць да гэтага факт, што, нават маючы абодвух бацькоў у сям’і,  дзеці могуць не адчуваць гэта ў поўнай меры з розных прычынаў (алкагалізм, працагалізм, няздольнасць будаваць адносіны і выказваць пачуцці), карціна “малюецца” не асабліва вясёлая. Але, у абарону аптымізму, хочацца дадаць, што сярод гэтых “мужчын у першым пакаленні” назіраецца прагненне будаваць уласныя сем’і на моцным фундаменце. Маладыя каталікі сузіраюць Святую Сям’ю ў якасці ідэальнай мадэлі адносін. А за мужчынскую частку ў ёй адказвае той, каго Касцёл  згодна ў адзін голас называе: “Юзэфе наймужнейшы”.

 

Мужык у райскім садзе

У семінарыі філасофія большасці з нас выдавалася навукай цікавай, але абсалютна нежыццёвай. Адзін з найбольш любімых мужчынамі заняткаў – тэарэтызаваць пра ўсё на свеце – здаваўся не асабліва прыдатны на практыцы. Але менавіта гэтая дысцыпліна навучыла розным карысным рэчам. Напрыклад, якасна спрачацца. Бо для добрай дыскусіі трэба мець супольны “старт”: дамовіцца, ці так сама разумеем яе прадмет. Інакш проста змарнуем час.

Знайсці агульнае вызначэнне, хто ж такі “сапраўдны мужчына”, – бы іголку ў стозе сена. Бо кожны яго больш-менш інтуітыўна разумее, але звесці гэтае паняцце да аднаго ці двух сказаў выглядала б прынамсі камічна і непраўдзіва. Але, кіруючыся тым, што найбольш агульнае, можам акрэсліць мужчынскасць праз два аспекты, прысутныя ўжо ў райскім садзе.

Бог, стварыўшы Адама, падкрэслівае дзве рысы, істотныя для яго тоеснасці: панаванне над сіламі знешняга свету і бацькоўства. Адам, створаны па-за раем у адрозненні ад сваёй будучай сужонкі, “называе” усю навакольную флору і фаўну. У габрэйскай традыцыі надаванне імені значыла акрэсленне сутнасці таго, хто гэта імя атрымаў. Нездарма ў Бібліі чалавек,  атрымліваючы новую жыццёвую місію ў дадатак,  змяняе імя: Абрам робіцца Абрагамам, Якуб – Ізраэлем, Сымон – Пятром. Адначасова Адам “пазнае” сваю жонку, даючы пачатак першароднаму сыну, Каіну. Сам тэрмін “пазнанне” пад-крэслівае прыняцце ініцыятывы, значную ролю, якую той выконвае ў таямніцы прыняцця і выхавання новага жыцця.

Пацвярджэннем таму з’яўляецца факт, што менавіта айцец урачыста надзяляў сыноў благаслаўленнем, якое лічылася не проста куртуазіяй і добрым тонам, а мела непасрэдны ўплыў на іх будучыню, нібыта сам Бог Айцец дэлегаваў зямному тату свае паўнамоцтвы.

“Называнне” і “пазнаванне” – патрэба быць гаспадаром свайго саду і са-праўдным бацькам для сваіх дзяцей, глыбока схаваная ў мужчынскай тоеснасці. Па сутнасці, з райскіх часоў нічога не змянілася. Разам з Таццянай Палхоўскай, хрысціянскім псіхолагам, акурат ва ўрачыстасць святога Юзафа ўдалося аднойчы правесці прамы эфір на тэму мужчынскай тоеснасці і бацькоўства. Тэма вельмі зацікавіла гледачоў, а іх пытанні дазволілі падчас размовы “крысталізавацца” некалькім важным назіранням:

- Мама адказвае за ўнутраны свет дзіцяці, а тата – за ўзаемаадносіны са знешнім.

- Хлопчыку важна ідэнтыфікавацца з татам, каб пазнаць і палюбіць сваю мужнасць.

- У адносінах з татам хлопец патрабуе прыняцця.

Калі параўнаць гэтыя “звычайныя ісціны” з біблейскім зместам, нават здзівіцца можна, наколькі яны падобныя: усё тое ж “называнне” і “пазнаванне” з пакалення ў пакаленне, перададзеныя альбо занядбаныя.

 

Юзаф і здольнасць “называць”Святой Иосиф-9

Ян Павел ІІ у восьмым пункце апостальскай адгартацыі „Redemptoris  custos”, з  якога  бярэ пачатак заклік “Слуга  збаўлення”, таксама робіць два акцэнты на ролі святога Цесляра: “Юзаф надае імя дзіцяці, хоць яно не нарадзілася з яго насення. Яна народзіць сына, – кажа Пісанне, – якому надасі імя Езус. Біблія ведае, што Езус не нарадзіўся з насення Юзафа, бо калі той перажывае  з-за цяжарнасці Марыі, чуе словы: “паходзіць ад Святога Духа”. Аднак, не адабраная ў яго  айцоўская ўлада, бо гэта ён мае надаць імя дзіцяці. Зрэшты, сама Дзева Марыя цалкам свядомая, што не зачала Езуса ў сужэнскім з’яднанні з Юзафам, аднак называе яго айцом Хрыста.

Сын Марыі з’яўляецца таксама сынам Юзафа на моцы сужэнскага саюзу, які іх яднае. “З увагі на гэтае вернае сужэнства, абое заслугоўваюць называцца бацькамі Хрыста, не толькі Яго маці, але гэтаксама і Яго айцец, якім быў ў той самы спосаб, у які быў сужэнкам Яго маці,  – у свядомасці, а не ў целе. …Праз здзяйсненне свайго айцоўства Юзаф удзельнічае ў паўнаце часу ў вялікай  таямніцы  адкуплення і сапраўды з’яўляецца “слугою збаўлення”.“Юзаф – той, каго  Бог абраў, каб “захоўваў лад падчас нараджэння  Пана”, яго заданне – клапаціцца  пра  “ўпарадкаваныя”  уводзіны Сына ў свет, з захаваннем Божых наказаў і чалавечых правоў. Усё так званае “прыватнае” ці “ўкрытае” жыццё  Езуса даручана яго апецы.”

Як бачым, у асобе святога Юзафа ва ўсёй паўнаце здзяйсняецца гэтае спрадвечнае мужчынскае “адамава” прызначэнне: акрэсліваць сутнасць праз бацькоўства і быць правадніком у знешнім свеце. Чысціня сэрца Юзафа з’яўляецца тым мацнейшым доказам, што гэтае заданне ляжыць у найглыбейшай сферы мужчынскага “я” і здольнае рэалізавацца ў любым стане і пакліканні. Духоўнае  айцоўства  Юзафа не з’яўляецца віртуальным, бо цалкам рэальна кшталтуе тоеснасць і асобу будучага Збавіцеля. Прыніжэнне (не будзем замяняць яго на прыгожы і больш тэалагічны  грэцкі  тэрмін “кеноза”, хай застаецца як ёсць), якое  так  моцна падкрэслівае Хрыстос  у  сваім навучанні ў якасці “ключа” да новага жыцця, можа быць натхнёнае ціхім і амаль незаўважным служэннем Юзафа, які  на працягу  ўсяго свайго  жыцця  заставаўся слугою Хрыста і збаўлення.

 

 а. Я. Голуб, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий