Свяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў прысвячае Святому Юзафу а. Яўген Голуб, OFMConv.
Ільвы для хрысціянаў
1 — га мая бягучага года, ва ўспамін Святога Юзафа рамесніка, у літанію ў гонар святога, зацверджаную ў 1909 годзе Святым Пасадам, было вырашана дадаць сем заклікаў з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна Касцёла. Новыя заклікі маюць глыбей раскрыць удзел Святога Юзафа ў Божым плане Збаўлення. Ім і прысвечана гэтая серыя артыкулаў. Сёння звернем увагу на адзін з іх – “Fulcimen in difficultatibus” – “Падтрымка ў цяжкасцях”.
“Вочы баяцца, рукі робяць”, – гэтую прымаўку я памятаю з дзяцінства. І калі наваляцца розныя клопаты, патрабуючыя неадкладнага вырашэння, – адразу гэтыя словы ўсплываюць у памяці. Бо насупраць цябе – вялізны і непарушны Галіяф, а ў тваёй прашчы толькі пяць каменьчыкаў. І не гледзячы на гэта, далей ідзеш і робіш, у Божае імя.
Святы Юзаф атрымаў свой тытул “падтрымка ў цяжкасцях” вельмі нездарма, бо ў гэтай матэрыі ён абсалютны эксперт: пачынаючы ад загадкавай цяжарнасці сваёй Сужанкі аж да эміграцыі ў Егіпет і адбудовы з нуля штодзённага жыцця ўласнай сям’і на радзіме. Гэты чалавек не меў лёгкага жыцця. А з другога боку – хто з нас можа прызнаць, што “катаецца, як сыр у масле”?
Ёсць такая старая показка пра хор, у якім кожны са спевакоў глядзіць на партыю суседа і думае: “Калі б я меў спяваць менавіта гэтыя ноты – роўных бы мне не было!” Кожнаму свая партытура, і гэтай партыі ніхто, апроч нас, не выканае. Нават адсутнасць некалькіх нот можа прывесці да таго, што твор страціць сваю ўнікальнасць. Гэтаксама і з намі. Без гэтых некалькіх “нотаў” цярпення, без так балючых часамі ўдараў лёсу рэчаіснасць нашая і іншых не выглядала б так, як павінна.
Калі ўважліва прасочым тыя месцы Евангелляў, дзе гаворка ідзе пра лёс Святога Юзафа, заўважым, што ў гэтай палітры чалавечага досведу не стае аднаго: жалю над сабою. Сум, памылкі, няўпэўненасць здараюцца, а вось жалю няма. Святы па-мужчынску прымае сітуацыю, пункт выйсця, у якім знаходзіцца. І не важна, дзейнічае ці чакае з Неба дапамогі, аднак ніколі не закрываецца ў сабе, не паддаецца роспачы. Дзіўнае мастацтва за-ставацца непарушным унутры сябе, спадзявацца, ісці наперад – вось тое, што Святы Цясляр можа перадаць кожнаму з нас як запавет.
Damnatio ad bestias
Адзін з найбольш вядомых (і спектакулярных) спосабаў мучаніцтва хрысціянаў у старажытным Рыме – кінуць асуджанага на арэну раз’юшаным ільвам. Жудасна? Цалкам. Чаму зараз пра гэта ўзгадваю? У пераносным значэнні “кінуць ільвам” значыць “пакінуць каго-небудзь абсалютна непрыгатаваным у самотнасці сярод агрэсіўных ака-лічнасцяў без магчымасці пазбегнуць пашкоджанняў”. Апостал Павел пісаў у адным са сваіх пасланняў да супольнасці ў Карынце: “Я думаю,што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі як людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей”. (1 Кар 4,9). Думаю, гэты досвед кожны і кожная з нас прынамсі раз у жыцці перажылі: ты нібыта на жыццёвай арэне, вакол – бы ільвы – праблемы, клопаты, цяжкасці, памылкі, нечаканасці… Спіс можна працягваць бясконца. Аднак нават Касцёл першых вякоў быў перакананы, што “кроў мучанікаў – гэта засеў хрысціянаў”. Абсалютна абсурдная і нелагічная думка, якая на практыцы аказалася найбольш праў-дзівай.
“Адкуль і навошта цярпенне?” – пытанне найчасцей задаванае рознымі людзьмі ў Святым Пісанні. Церпіць чалавек, але таксама не амінае яно і Бога. Ці азначала б гэта, што Ён бяссільны ў абліччы цярпення? Спачувае там, дзе павінен быў бы аказаць моц і ўсемагутнасць? Гэтае пытанне застаецца без адназначнага адказу. У другім пасланні да Тэсаланікійцаў той жа апостал Павел ужывае тэрмін “misterium iniquitatis” – “таямніца нягоднасці”. На грэчаскай мове яшчэ мудрэй: “містэріон тэс аноміас”. Таямніца, не маючая імені. Зло – гэта заўсёды адсутнасць. Адсутнасць імені, тоеснасці, дабра. Бог, Які ёсць самім існаваннем і дабром (бо менавіта так прадставіўся Майсею і ўсяму свайму народу), не можа змяніць зло інакш, як толькі запоўніўшы Сабой, запоўніўшы зместам. І так крыж з прылады ганьбы і смерці становіцца сімвалам перамогі і жыцця. Высілкі простага цесляра з юдэйскага мястэчка дапамагаюць выратаваць гэты свет. На што здатныя твае нягоды і які іх сэнс – даведаешся толькі азірнуўшыся назад пасля пражытага жыцця.
Аўтастоп па высахшым рэчышчы
Аднойчы мы з братамі пайшлі ў горы, гуляць па польскіх Татрах. Свядома змянялі турыстычныя шляхі, зразаючы дарогу і шукаючы прыгодаў. У пэўным моманце, калі добра сцямнела, зразумелі, што заблукалі. Ліхтара няма, правізіі няма. Затое ёсць старая мабілка з адной крэскай зарадкі і фоцік у трошкі лепшым стане. Заставацца і перачакаць да раніцы было не варыянт, бо мясцовасць вядомая сваімі мядзведзікамі, якія па характару далёкія ад “мішак гаммі”. Пакуль, дарагі чытач, ты ў сэрцы дзівішся нашай турыстычнай непадрыхтаванасці, скарачу гісторыю, як мы дабіраліся амаль навобмацак, фоткаючы кожнае дрэва, бо на іх магла быць паметка шляху. Толькі выглянуўшы на небе месяц паказаў нам праўду: мы рухаліся амаль кругом і навокал, ходзячы ўзад-уперад па дне высахшай горнай ракі…
У жыцці таксама здараецца крочыць падобна, на вобмацак. І толькі тры крыніцы святла ніколі не здрадзяць табе ў гэтай цемрадзі: Бог, тыя, хто цябе любіць, і ты сам. Юзаф, ідучы ў невядомае, моцна перакананы быў у гэтых трох “крыніцах святла: што Бог ніколі не пакіне і будзе благаслаўляць яго і ўсю Святую Сям’ю, бо сам жа і “заварыў” гэтую “кашу”. Што Марыя і Езус – тыя, дзеля каго варта рызыкаваць спакоем, фінансамі і нават уласным жыццём. Што застаючыся верным сабе і ўласным прынцыпам, зможа годна і прыгожа перажыць любыя цяжкасці. Менавіта абставіны і іх перажыванне ўчынілі Юзафа тым, кім ён з’яўляецца. Калі б гэты, з пэўнасцю пабожны і правільны чалавек пражыў жыццё без стрэсаў і клопатаў, ці мелі б мы нагоду пераканацца ў яго пабожнасці?
Праводзячы катэхэзу падрыхтоўкі перад сакрамантам сужэнства, я калісьці тлумачыў будучым сужэнцам патрэбу добра пазнаць адзін другога перад шлюбам. Маўляў, для таго, каб даведацца, ці хочаш з гэтай асобаю звязаць сваё жыццё, па-трэбна ведаць яе з розных бакоў. А паколькі найбольш сапраўдныя мы падчас крызісных (да-слоўна па-грэцку “пераломных”) момантаў – можна здзейсніць разам падарожжа, найлепш аўтастопам. Крызісныя сітуацыі гарантаваныя. На што ў адказ падняўся з апошняй лаўкі адзін з перспектыўных будучых мужоў і рэзалютна заявіў: “Ксёндз, якое падарожжа? Які аўтастоп? Шпалеры паклеіць разам!”. І сапраўды, гадзіна рамонту – і адразу бачна, хто ёсць хто.
“Ільвы” праблем і клопатаў, цяжкасцяў і непрыемнасцяў могуць балюча пагрызці, бо маюць вострыя іклы і кіпцюры. Аднак штораз з гэтай арэны пераможцам выходзіць той, хто здольны апанаваць неахвоту ды страх. Біблія мала апісвае нам пачуцці Юзафа, больш засяродзіўшыся на яго ўчынках. Бо “па ўчынках іх пазнаеце”. Менавіта тыя крокі, нават самыя нязначныя, якія рабіў святы, дапамаглі перажыць яму і блізкім, не страціць веры і радасці жыцця, прынамсі застацца на тым самым месцы. Памятаеце, як у Льюіса Кэрала: “Трэба бегчы, каб застацца на месцы, Аліса.”
Нават калі сёння “леў” бяссілля кусае цябе па пятах, заўтра бы кацяня замурлыкае ля тваіх ног. Сіла ўдасканальваецца ў слабасці.
а. Я. ГОЛУБ, OFMConv