Год Святога Юзафа

о.Евгений ГолубСвяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць  да  пераймання  яго цнотаў. Сёння   а. Яўген  Голуб, OFMConv завяршае  серыю  артыкулаў,   прысвечаную  Святому  Юзафу . 

 

 

 

Шлях праз пустыню

 

 

1 — га мая бягучага года, ва ўспамін Святога Юзафа рамесніка, у літанію ў гонар святога, зацверджаную ў 1909 годзе Святым Пасадам, было вырашана дадаць сем заклікаў з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна Касцёла. Новыя заклікі маюць глыбей раскрыць удзел Святога Юзафа ў Божым плане Збаўлення. Ім прысвечана гэтая серыя артыкулаў. Сёння мы заканчваем нашыя разважанні на трох апошніх, вельмі блізкіх за-кліках – “Patronus exsulum, afflictorum, pauperum” – “Апякуне выгнаннікаў, церпячых, бедных”.

 

 

Святой Иосиф-14Кожны артыкул, як і пропаведзь, павінен пачынацца з “фішкі” – нейкай цікавай думкі, запамінальнай гісторыі ці факта. Вось, захапіў ты ўвагу – і тады можаш распавядаць сур’ёзныя і патрэбныя рэчы. Гісторыя ўсведамлення ролі Святога Юзафа ў Касцёле, здаецца, адбываецца па той самай схеме: Св. Юстын у другім стагоддзі хрысціянства ўспамінае, што Юзаф з Назарэта вырабляў драўляныя сохі і ярмы для валоў, Юлій Афрыканскі ў трэцім стагоддзі бачыць у ім аўтара генеалогіі Найсвяцейшай Панны, аўтар апакрыфічнага Евангелля, паводле Філіпа, распазнае добрага цесляра. І толькі некалькі стагоддзяў пазней Касцёл дарасце да таго, каб успрымаць Юзафа як Абранніка Багародзіцы, найбольш годнага сярод усіх святых і Апекуна самога Божага Сына. 

Асэнсоўваючы веру больш глыбока і дакладна, супольнасць асэнсоўвае і месца Святога Юзафа ў Гісторыі Збаўлення. Тут не працуе тэатральны закон: чым важнейшы персанаж, тым больш мае тэксту і ўвагі гледачоў. Святы Юзаф, хоць і маўклівы Сведка – а часта і Спраўца – важных падзей, далёка не чалец масоўкі.

 

Юзаф без акуляраў

Уся гэта “асаблівасць”, веліч і годнасць Юзафа бярэцца з аднаго простага факта – у яго жыцці святасць і звычайнасць сышліся ў адно, як два нябесныя целы падчас параду планет. Часцей за ўсё гэтыя абшары падзеленыя, у многіх нават нагадваюць рэчаіснасць з байкі Крылова: “сакрум” і “прафанум” цягнуць на сябе воз нашага жыцця, а ён стаіць сабе, не зварухнуўшыся. Іншая справа ў Юзафа з Назарэту: вяртаешся з працы ў майстэрні, вітаючы цябе, гойсае па дому, перабіраючы маленькімі нязграбнымі ножкамі, Валадар Сусвету, Каралева Анёлаў завіхаецца, каб падаць на стол яшчэ цёплую вячэру. Ідылія? І так, і не.

Я шмат разоў у жыцці дзякаваў добраму Богу за дар “ружовых акуляраў”. Гэта значыць, што ў пэўны момант жыцця я разумеў, бачыў і чуў на ўласную меру, не згінаючыся пад цяжарам рэчаіснасці, якая магла на той час раздушыць. Паступова разумеў больш, акуляры зрабіліся надта вузкімі і надакучылі за ненатуральнае адценне, ад якога вочы стамляліся. Дый вастрыня зроку ў іх ужо была не тая. Прыйшлося зняць, адным словам. А зараз паспрабуем уявіць, наколькі больш востра адчуваў перашкоды і клопаты святы Цясляр, разумеючы, кім насамрэч з’яўляюцца ягоная Жонка і прыняты Сын. І не толькі ў сэнсе адказнасці за іх лёс, але яшчэ і балансавання на мяжы веры ў добрага Бога і складанай рэальнасці, дазваляючай гэтую веру страціць.

Нездарма звяртаемся да яго “Апякун выгнаннікаў, церпячых, бедных”. Каб быць апекуном, трэба самому перажыць гэты стан, адзін за другім, а то і ўсё зараз. Каб дапамагаць, трэба добра ведаць, калі і якая дапамога бу-дзе карыснай і своечасовай. Каб правесці праз пустыню, трэба знаць яе, як свае пяць пальцаў.

 

Не змяняй пустыню!

Дарэчы, што датычыцца пустыні: Томас Мертан пісаў пра яе “Пустыня – як і горы, і мора – створана, каб заставацца сабой, а не для таго, каб яе паляпшаць”. Гэтыя словы вельмі рэзануюць з гісторыяй Юзафа: Бог не забірае ў яго гэтага няёмкага “стану памежжа”,  дзе сярод лю-дзей ён лічыцца найбольш годным, а ў Святой Сям’і трымаецца даволі сціпла, каб не сказаць – сарамліва.

Юзаф заўсёды “паміж”: паміж Божым і чалавечым, паміж няпэўнасцю і перакананнем, паміж сузіраннем і дзеяннем – і менавіта гэта робіць яго такім блізкім кожнаму з нас. “Хто не знайшоў яшчэ настаўніка, які б навучыў яго ўнутранай (сузіральнай) малітве, няхай гэтага хвалебнага Святога абярэ сабе за ментара і правадыра”, – пісала пра святога Юзафа Тэрэса Авільская. Тая самая, якая з любою патрэбаю звярталася да Юзафа як да найбольш дзейснага і практычнага заступніка.

Часта сустракаю людзей, якія прызнаюцца ў тым, што іх вера аслабела, знікла ці як мінімум дала расколіну. Найчасцей гэта адбываецца пасля нейкага непрыемнага досведу, невыслуханай малітвы, Божага “шаха і мата”, які не быў з намі ўзгоднены. Цяжка нават уявіць, наколькі моцныя аргументы і права меў бы Святы Юзаф, каб не давяраць у моманты цяжкасцяў Божаму Провіду.

Але ў яго няма прэтэнзіі, ён не ўздыхае з цяжарам:”Божа, ізноў?! Колькі ж можна!”. Не робіць у бок Усемагутнага з’едлівых каментароў, пра тое, што ягонае жыццё – поле для Боскіх эксперыментаў. Цясляр з Назарэту проста жыве жыццём годнага, справядлівага і – раз на тое пайшло – божага чалавека. У розных месцах і ўмовах, на якія ні ён, ні яго сям’я да канца не падрыхтаваныя. “Калі часам здаецца, што Бог не дапамагае нам, то гэта не азначае, што Ён пакінуў нас, але што Ён давярае нам, верыць у тое, што мы можам планаваць, быць творчымі і самастойна знаходзіць рашэнні”, – піша Папа Францішак. Юзаф у кожным крызісе і трагічным “сёння” Святой Сям’і па-мужчынску бярэ і дзей-нічае, без дэкларацый, без гучных слоў і апраўданняў. А Божае благаслаўленне не застаўляе сябе  чакаць.

Гэтая “самастойнасць знаходзіць рашэнні” і “творчая адвага” дазваляюць не бачыць у Юзафе і яго блізкіх, якія ў розных жыццёвых акалічнасцях былі і выгнаннікамі, і церпячымі, і беднымі, людзей “другой катэгорыі”. Таксама не ставіць на іх крыж, не стыгматызаваць, не маўчаць натужна і са спачуваннем. Іх беднасць, клопаты і выгнанне – усяго толькі складаныя акалічнасці, якія Бог заменіць на разуменне і досвед. Каб іншыя людзі ў іншы час, прыгнечаныя тымі самымі праблемамі, маглі знайсці ў Святой Сям’і зразуменне, прыняцце і надзею на лепшае. “Евангелле нічога не кажа пра тое, як доўга Марыя, Юзаф і Дзіця заставаліся ў Егіпце. Але, напэўна, ім трэба было нешта есці, знайсці дом, працу. Не трэба шмат фантазіі, каб запоўніць маўчанне Евангелля на гэтую тэму. Святая Сям’я павінна была справіцца з канкрэтнымі праблемамі, як і кожная іншая сям’я…” («Patris corde», 5) Бог дае Юзафу магчымасць дзейнічаць, каб дапамагчы сваім блізкім, адначасова благаслаўляючы яго пачынанні. Гэта вельмі “ювелірнае” і далікатнае “благаслаўленне”, якое не адбірае Юзафу годнасці ў цяжкім становішчы, не пасягае на яго магчымасць абіраць і вырашаць.

Бог дзейнічае са святым Цесляром поруч, як роўны з роўным (хоць і Юзаф, і мы, канешне, разумеем, што гэта насамрэч далёка не так). У гэтай Божай далікатнасці крыецца не бяссілле, а праява шацунку да асобы, клопат, які не “душыць” любоўю, адкрытая прастора да магчымасцяў і іх здзяйснення.

Пустыня, як кажа сама назва, – месца не асабліва запоўненае. Для адных яна – антыпод жыцця, увасабленне пусткі. Для іншых жа – прастора спаткання з сабой сапраўдным, сваімі страхамі, жаданнямі і абмежаваннямі ў дэкарацыях халоднага зорнага неба і часта невыноснай цішыні.

Можам уцякаць з гэтага месца штосілы, адмовіць сабе яго існаванне, не дазваляць сабе нават думкі, што вяла б нас туды. Юзаф, прымаючы з  унутранай згодай усё, што адбываецца з ім і яго блізкімі па Волі Бога, здаецца, гаварыць нам: “Не  амінай  пустыню.  Не ўпрыгожвай яе. Дазволь ёй здарыцца.”

Пачынаючы серыю артыкулаў пра Святога Юзафа для “Дыялога”, я, прызнаюся, слаба верыў, што змагу напісаць больш за два-тры. Глядзіце самі: найбольш таямнічы і маўклівы з усіх святых, некалькі звестак у Евангеллі і шмат клішэ, якія так і просяцца іх аспрэчыць. Між тым, і да Святога Юзафа я адчуваў асаблівую сімпатыю, а нават доўг удзячнасці: у вельмі рызыкоўным моманце жыцця яго заступніцтва было выратавальным. Таму – была ні была! – пачаў пісаць, штораз больш асэнсоўваючы гэту незвычайную Асобу. Артыкул, які вы чытаеце, – ужо дзявяты з цыкла. Святы Юзаф за гэты час зрабіўся і больш блізкі, і больш недасяжны адначасова.

Сапраўды, “чалавек на памежжы”: між тым, што боскае і людское, між хвалою і звычайнасцю, між скрынкай з цяслярскім інструментам і  Божым Сынам у абдымкі. Няхай вось такі ж блізкі і таямнічы адначасова ён для нас і застаецца.

 

 

 а. Я. ГОЛУБ, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий