Год Святога Юзафа

Свяцейшы Айцец Папа Францыск абвясціў у Касцёле  адмысловы Год Святога Юзафа, каб прыблізіць гэтую  вялікую асобу да нас,заахвоціць да пераймання яго цнотаў. Серыю артыкулаў  прысвячае Святому  Юзафу   а. Яўген Голуб, OFMConv.

 

 

 

Таямнічы Святы Юзаф

 

 

а. Я. Голуб, OFMConv

а. Я. Голуб, OFMConv

Ёсць святыя, жыццё якіхяк адкрытая кніга, распісаная арнаментам цудаў. Ёсць сярод іх і тыя, чыё жыццё схаванае ад чужых вачэй плашчом Божай Таямніцы. Гэтая Таямніца не зяўляецца спосабам аддзяліць іх і вылучыць, хоць можа так здавацца; як у сяброўскіх адносінах, святыя адкрываюць нам сябе сапраўдных, паволі пазбаўляючыся ярлыкоў і штампаў, якія мы на іх паспелі павесіць.

 

Той самы Бог, хвала Якога сыходзіла на Намёт Спаткання ў пустыні, прысутны ў жыцці кожнага, хто Яго шукае. Майсей, пасля гутаркі з Ім сам-насам хаваў твар, які прамянеў незвычайным святлом, каб не пужаць сваіх суродзічаў. Аднак сама гутарка адбывалася ў цемры густой хмары. Складана цалкам зразумець, раздзяліць чужы досвед, тым больш досвед адносін. Перажыць чужы досвед спаткання з Богам увогуле здаецца немагчыма. Таму святыя з яскравымі тварамі ў Таямніцы Божай прысутнасці, бы ў густой хмары, падаюцца нам схаванымі.

Досвед Бога, бы ключ да зразумення іх жыцця, адначасова робіць яго прыкладам для нас, але і стаіць на стражы іх уласнай таямніцы.  Кожны святы – гэта вялікі чалавек, але не кожны вялікі быў адначасова святым, хоць не раз вельмі дапамог чалавецтву. Ёсць аднак паміж імі падобныя рысы… Геній і святы маюць шмат падобных рысаў. Вырастаюць яны па-над наваколле, звяртаюць на сябе ўвагу, будучы незвычайнымі людзьмі. Абодва  пастанавілі  асягнуць непаспалітыя мэты і, давяраючы шматлікім дарам натуры ці ласкі, імкнуцца асягнуць іх праз церні, усялякага роду перашкоду і цяжкасці. Гэтыя словы Максімільяна Марыі Кольбэ, будучага святога, адначасова натхняюць і не пакідаюць ілюзій.  

Святы, пра якога сёння пойдзе гаворка, адначасова і вядомы, і таямнічы: у Святым Пісанні ўспамінаецца вельмі фрагментарна, не вымаўляе ані слова, але менавіта яму  адведзена асаблівая роля ў гісторыі Збаўлення. Менавіта  яго 8 снежня 1870 года благаслаўлёны Пій IX абвясціў апекуном Святога Касцёла. А сёння, праз сто пяцьдзесят год, Папа Францішак абвяшчае год, яму прысвечаны.  Слаўны патомак Давіда, Святло патрыярхаў, Люстра цярплівасці, Суцяшэнне няшчасных, Пострах злых духаў, урэшце рэшт – Галава Найсвяцейшай Сям’і , і гэта ўсё –  ён. Знаёмцеся, Юзаф з Назарэту, цясляр, муж Каралевы неба і Зямлі, апякун Божага Сына. Ценем Айца называе яго польскі пісьменнік Ян Дабрачынскі і нездарма. Усе чатыры Евангеллі называюць Езуса сынам Юзафа (Мц 13, 5; Mк 6, 3; Лк 4, 22; Ян 6, 42) з увагі на бацькоўскае сэрца цесляра з Назарэту. 

Гвидо Рени (1575 – 1642).  Святой Иосиф

Гвидо Рени (1575 – 1642). Святой Иосиф

Сам  Святы  Юзаф рэдка ўзгадваецца ў  Евангеллі,  а  яшчэ радзей – у творах  Айцоў  Касцёла:  Bibliotheca   Hagiographica  Graeca  змяшчае  спасылкі  на адзінкавыя  выказванні  пра яго, а больш чым двухсот тамоў  Patrologia  Latina  Жана-Поля   Міня  з  першых дванаццаці  вякоў  гісторыі Касцёла нават не  ўзгадваюць  яго  ў   індэксе  імёнаў. 

У  адрозненне ад Айцоў Касцёла, аўтары апокрыфаў, такіх як “Протаевангелле Якуба”, “Евангелле  Тамаша” ці “Гісторыя  Юзафа Цесляра” апісваюць шмат яскравых дэталяў з жыцця святога, але колькасць фантастыкі і дактрынальных памылак не дазваляюць супольнасці Касцёла прыняць іх у якасці верагоднай біяграфіі.

Паўстае пытанне: што ж насамрэч мы можам сказаць пра Святога Юзафа?  Ужо само імя, дадзенае Святому Юзафу падчас нараджэння, намякае, што яго з’яўленне на свет было чаканай і радаснай падзеяй для бацькоў. Yehoseph ці Yoseph – гэта скарочаная версія імя Yosiph-yah (Ёсіфія) , якое сустракаецца ў Старым Запавеце (Езд 8,10) і  тлумачыцца: няхай Бог памножыць. Як і большасць мужчынскіх імён Старога Запавету, значэнне імені Ёсіфія адносіцца непасрэдна да нованаро-джанага – бацькі, удзячныя за нараджэнне сына, усклікаюць: «Няхай Бог памножыць!» (патомства такімі дзецьмі, як гэты нованароджаны). Грэчаскі старажытна-хрысціянскі пісьменнік Храмацый (IV ст.) падае яшчэ адзін пера-клад гэтага імя – бездакорны. Без сумневаў, Божая  ласка, рыхтуючы свет на прыйсце Збаўцы,  асаблівым чынам была бачная ў Яго будучым Апекуне  і  Абранніку  Яго Найсвяцейшай  Маці. 

Чаму мужа звалі менавіта Юзаф?  Каб нагадаць аб цудоўным і цнатлівым Юзафе, што ў страшэнна разбэшчаным Егіпце дбаў пра цялесную і духоўную чысціню. І няхай гэтым умацуецца сумленне верных у веры, што плод дзявочага лона Багародзіцы сапраўды паходзіць ад Божага  Духа, а  не ад зямнога жарснага чалавека. Мікалай Сербскі  не першы  з хрысціянскіх пісьменнікаў  знайшоў паралель паміж гэтымі двума Юзафамі: Старазапаветным сынам Якуба, прададзеным братамі ў Егіпет  у якасці раба, і добра  знаёмым нам святым Апекуном Езуса і Марыі. Ужо святы Аўгустын у адным са сваіх казанняў звяртаецца да яе.

Папа  Францішак  у  сваім апостальскім лісце  Patris  corde таксама не пакідае гэтае параўнанне  без  увагі. Давер людзей да святога Юзафа перадае выраз: «Ite ad Ioseph», які адносіцца да часоў голаду ў Егіпце, калі егіпцяне прасілі ў фараона хлеба, а ён адказаў: «Ідзіце  да Юзафа і зрабіце ўсё, што ён вам скажа» (Быц 41, 55). Фараон меў на ўвазе Юзафа, сына Якуба, якога прадалі ў рабства з-за  зайздрасці ягоныя браты (пар. Быц 37, 11-28) і які, паводле біблійнай нарацыі, стаў пасля намеснікам Егіпта (пар. Быц 41, 41-44). 

Узрост Святога Юзафа таксама не з’яўляецца адназначным. Гэта звязана з дзвюма традыцыямі, адначасова існуючымі ў старажытнахрысціянскім  свеце. Першая з іх прадстаўляе Святога Юзафа як маладога мужчыну, пры-блізна каля дваццаці гадоў, які, да заручынаў з Марыяй, не меў сямейнага досведу. Другая ж, не без дапамогі апокрыфаў , прыпісвала Юзафу на момант заручын з Марыяй  чатыры  сыны  і дзве дачкі ад першага шлюбу з  Саломэ, дачкой Аггея.

Сам жа Юзаф, паводле яе, пасля смерці першай жонкі доўгі час жыў праведна і самотна, а пасля 80 гадоў атрымаў гонар быць Апекуном Найсвяцейшай Панны Марыі і Езуса Хрыста. Безумоўна, гэтае  “пастарэнне” Юзафа ў другой традыцыі мела на ўвазе ўмацаванне праўды веры пра дзявочае зачацце і нараджэнне Божага Сына. Аднак, нават прыняўшы традыцыю пра паважаны ўзрост Апекуна Святой Сям’і (хоць ані слова пра гэта не кажуць кананічныя Евангеллі), як пагадзіць з ёй небяспечнае горнае падарожжа з цяжарнай  Марыяй  у  Бэтлеем, уцёкі ў Егіпет  і  арганізацыю там з нуля сямейнага жыцця ці хаця б пілігрымку Назарэт-Ерузалем з дванаццацігадовым падлеткам? Наўрад ці  ўсё  гэта  змог  бы здзейсніць васьмідзесяцігадовы. 

І ўрэшце рэшт колькі слоў пра прафесію Святога Юзафа. Адначасова і Мацвей, і Лука ў сваіх Евангеллях указваюць на высокае паходжанне Юзафа з роду Давіда і Саламона, валадароў  Ізраэля. Нягледзячы на гэта, Юзаф не мае адмысловага спадку. З Евангелля можам даведацца, што землякі  Езуса  акрэслівалі яго як сына цесляра ці цесляра – сына Марыі. 

Грэчаскі тэрмін  tekton  мае на  ўвазе  цесляра, але можа быць тлумачэннем больш агульнага габрэйскага harash – рамесніка, што працуе з дрэвам, металам або камянём. Паводле святога Юстына (II ст.), Святы Юзаф вырабляў драўляныя плугі і вупражы  для  валоў.  Гэта адпавядала б сельскагаспадарчаму характару Назарэта, на што ўказваюць шматлікія археалагічныя знаходкі.

Зрэшты, сам грэчаскі   тэрмін  tekton ужываўся на акрэсленне тых, хто будуе караблі, дамы і святыні. Евангелісты не ўзгадваюць пра фінансавыя клопаты  Святой  Сям’і,  што  даказвае попыт на цяслярскае майстэрства святога. Урэшце рэшт, пасля вяртання з Егіпту яму з нуля зноў удалося зарэкамендаваць сябе ў якасці добрага майстра цяслярскай справы.                                                                  

 

 а. Я. Голуб, OFMConv


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий