Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
У мінулым годзе Грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі адзначыла дзве даты, звязаныя з экзархам Антонам Неманцэвічам: 130 год з дня яго нараджэння і 80 –з дня смерці ў нацысцкай турме. Беларускія грэка-католікі лічаць яго смерць вынікам пакутніцтва ex aerumnis carceris (знясіленне ў турме) і ўздымалі пытанне аб пачатку працэсу беатыфікацыі Антона Неманцэвіча, аднак пакуль працэс не пачаты.
Кім жа быў гэты святар, пра якога не забываюць нашы сучаснікі і называюць яго імя кандыдатам на Слугу Божага?
З воклічам на вуснах
“Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною”, – сказаў Езус вучням сваім і натоўпу. Сярод падобнага натоўпу, толькі шмат стагоддзяў пазней, відаць, быў і Антон Неманцэвіч, які нарадзіўся у сям’і пабожных рыма-католікаў у Санкт-Пецярбургу у 1893 годзе. Вядома, што ў сталіцу Расійскай імперыі яго бацькі перасяліліся з в. Парчэўка Гродзенскай губерніі, а што дакладна аказала ўплыў на канфесійны выбар, на пакліканне да святарства маладога чалавека, застаецца невядомым.

З дзяцінства адчуваў прагу да вучобы: скончыў прыватную гімназію пры рыма-каталіцкім храме Святой Кацярыны, Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную семінарыю, пасля працягнуў вучобу ў Імператарскай Мітрапалітальнай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Падчас вучобы ў Акадэміі прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці гуртка беларускіх студэнтаў, які быў заснаваны ў 1913 годзе (дзейнічаў да закрыцця Акадэміі савецкімі ўладамі ў 1918 г.).
Галоўнай мэтай гуртка было вывучэнне гісторыі і культуры Беларусі, былі створаны секцыі гісторыі, літаратуры, беларускай песні. На пасяджэннях прысутнічалі не толькі навучэнцы, але і свецкія асобы з адукаваных колаў. Выступленне Антона Неманцэвіча на адным з пасяджэнняў было прысвечана уніі, што сведчыць аб яго цікавасці да гісторыі Берасцейскай царкоўнай уніі і да праблемы хрысціянскага адзінства. Захаваўся фрагмент статуту гуртка, у якім вызначаліся асноўныя накірункі яго дзейнасці, а таксама паводзіны і абавязкі яго членаў. Вось некалькі параграфаў з яго: “Разумнае і сістэматычнае шырэнне беларускіх твораў”; “Не думаю заводзіць беларускай мовы ў касцёле фармальна, пакуль не зменяцца цяперашнія варункі і пакуль народ не станецца ўсвядомленым”; “Буду старацца прыгатаваць народ да скарыстання з спадзяваных лепшых варункаў, каб ён сам зажадаў сваёй мовы ў касцёле і школе”; “Не буду сеяць нянавісці да іншых народаў, а такжа між беларусамі каталікамі і праваслаўнымі (…)”;“Буду рабіць усё ў духу хрысціянскім і каталіцкім, вучачы братоў любіць сваё і паважаць чужое; буду працаваць з верай, надзеяй і міласцю ў сэрцы, буду ісці з воклічам на вуснах: “З Богам для народу”.
“Сямейная справа”
Яшчэ ў перыяд вучобы ў Акадэміі, 27 верасня 1915 г. Антон Неманцэвіч быў пасвечаны ў сан святара арцыбіскупам Янам Цапляком. У перыяд 1917-1918 гг. малады святар з’яўляўся адміністратарам каталіцкага храма Маці Божай Кармеліцкай ў Гатчыне, рэктарам (настаяцелем) капліцы Св. Апостала Пятра ў п. Сіверскі Петраградскай губерніі, у 1918-1921 гг. – пробашчам парафіі Св. Пятра і Паўла ў Колпіна (паблізу Петраграда). У верасні 1918 г. царкоўныя ўлады прызначылі Антона Неманцэвіча, які атрымаў ужо ступень ліцэнцыята тэалогіі, вікарыем каталіцкага храма Св. Станіслава ў Петраградзе.
Душпастырская праца святара Неманцэвіча, як і іншых паслядоўнікаў Хрыста, прайходзіла ў складаных гістарычных умовах, і ўжо ў раннія гады ён паказваў прыклады асабістай мужнасці і самаахвярнага служэння Богу. Усведамляў сябе беларусам і імкнуўся працаваць дзеля развіцця самасвядомасці народа. Прымаў удзел у сходах, дыскусіях на тэмы рэлігіі. У адным з дыспутаў разам з вядомым праваслаўным святаром-абнаўленцам А.Баярскім прадстаўляў пазіцыю вернікаў, а іх апанентамі з’яўляліся савецкія атэісты разам з тагачасным наркамам асветы РСФСР А. Луначарскім. Дыспут скончыўся перамогай Неманцэвіча і Баярскага. Пасля дыспуту адзін з прысутных бальшавікоў спытаў А. Баярскага: “Чаму вы выступалі салідарна з каталіцкім святаром, калі вы між сабой таксама вядзеце барацьбу?”. На гэта А. Баярскі адказаў: “Так, у нас ёсць рознагалоссі і спрэчкі, але гэта наша сямейная справа. Калі мы бачым сямейнага ворага, мы разам выступаем для барацьбы з ім”.
Характэрна і тое, што, выкладаючы рэлігію дзецям у Петраградзе і яго ваколіцах, малады святар актыўна прапагандаваў сярод мясцовага насельніцтва ідэю хрысціянскай еднасці і аб’яднання Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў.
Руплівае служэнне а. Неманцэвіча выклікала негатыўную рэакцыю з боку савецкай улады. 25 мая 1919 г. ён упершыню быў арыштаваны за ўдзел у каталіцкай дэманстрацыі супраць арышту мітрапаліта Э. Ропа і правёў шэсць месяцаў у турме. Другі раз быў арыштаваны ў 1921 годзе за ўдзел у акцыі пратэсту рыма-каталікоў супраць арышту ўладамі арцыбіскупа Я. Цапляка, утрымліваўся ў турме “Кресты” у Петраградзе, а пасля быў перавезены ў Маскву. Пасля вызвалення Неманцэвіч быў прызначаны вікарыем парафіі Св. Пятра і Паўла ў Маскве. Канечне, малады харызматычны святар на волі доўга не прабыў і там. Трэці раз Антона Неманцэвіча ўлады арыштавалі за выкладанне моладзі асноваў рэлігіі. Святар быў асуджаны на тры гады турмы і ў зняволенні прабыў да пачатку 1925 года, калі ў выніку абмену палітвязнямі быў перада-дзены польскаму боку.
Прыступкай на вяршыню тэалагічных ведаў у чарговы раз была вучоба ў Рыме, у Папскім Усходнім Інстытуце, дзе а. Неманцэвіч вывучаў багаслоўе ўсходніх цэркваў. 2 ліпеня 1927 года ён абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў ступень доктара ўсходніх царкоўных навук.
У Альбярціне
На гарызонце жыцця Антона Неманцэвіча паўстаў новы, значна больш складаны і самы дзейсны этап, які скончыўся мучаніцкай смерцю святара. Жадаючы прысвяціць сябе служэнню сярод беларускага народа па распаўсюджванню уніі, у пачатку верасня 1929 года ён прыязджае ў Альбярцін і ўступае ў навіцыят. Езуіты там з’явіліся ў 1923-м, а праз год быў адкрыты манастыр усходняга абраду і місія езуітаў атрымала статус парафіі візантыйска-славянскага абраду.
У навіцыяце ў Альбярціне а. Антон Неманцэвич правёў два гады, пасля чаго стаў манахам Ордэна езуітаў. У 1932 годзе быў прызначаны пробашчам парафіі ў Альбярціне, у сваёй душпастырскай дзейнасці карыстаўся беларускай мовай і казанні прамаўляў па-беларуску, але да палітыкі не набліжаўся, не ўваходзіў у склад партый і рухаў. Адзначаў, што “цяперашняя Унія не мае на мэце нейкіх палітычных выгад, а толькі рэлігійныя – аб’яднанне хрысціянаў”. У міжваенны час Альбярцін з’яўляўся адной з самых моцных і шматлікіх каталіцкіх парафій усходняга абраду ў Заходняй Беларусі.
Альбярцінскі перыяд жыцця і дзейнасці а. Неманцэвіча вылучаўся і яшчэ адной яскравай старонкай. У 1932 г. ён стаў рэдактарам штомесячнага часопіса “Да Злучэньня” – адзінага ўніяцкага беларуска-моўнага перыядычнага выдання ў Заходняй Беларусі. Вакол яго гуртаваліся беларускія ўніяцкія святары, прыхільнікі ўніі з ліку беларускіх рыма-каталікоў, свецкія асобы. У артыкуле “Ад рэдакцыі”, змешчаным у першым нумары, еднасць хрысціянаў называлася “найвялікшым і найглыбейшым пажаданнем” Ісуса Хрыста. У часопісе рэгулярна друкаваліся артыкулы святароў, сам а. Неманцэвіч таксама пісаў шмат і пад уласным прозвішчам, і пад псеўданімам “Злучэнец”. Асвятляўся і працэс развіцця неаўніі, абмяркоўваліся шляхі і метады яе далейшага распаўсюджвання, вялася палеміка з праціўнікамі ўніі.
Адсутнасць у беларускім грамадстве рэлігійнага адзінства называлася прычынай яго раз’яднанасці на шляху да яго кансалідацыі. Крытыкавалася існаваўшае на той час перакананне, што каталіцызм – гэта “польская”, а праваслаўе – “руская” вера. Часопіс тлумачыў: “Хай жа Беларус ведае, што няма ані польскай, ані рускай веры. Хай не мяшае народнасьці з рэлігіяй. Ці Беларус праваслаўны, ці каталік, ён заўсёды Беларус”. Разам з тым, галоўнай лічылася рэлігійная еднасць, а еднасці нацыянальнай надавалася другаснае значэнне. За весь час існавання выйшла 60 нумароў часопіса.
Напрыканцы 1938 – у пачатку 1939 гг. А. Неманцэвіч арганізаваў у Варшаве выданне новага часопіса пад назвай “Злучэньне” лацінскім шрыфтам, і ў гэтым яму дапамагалі студэнты-беларусы, большасць з якіх былі праваслаўнымі. Пачатак Другой сусветнай вайны спыніў выхад новага выдання.
Апостальскі экзарх
Дзейнасць Антона Неманцэвіча, як, дарэчы, і іншых уніяцкіх святароў у Заходняй Беларусі, сустракала неразуменне і прадузятасць не толькі з боку праваслаўных, але таксама і рыма-каталікоў. Неадназначна ставіліся да іх і польскія ўлады. Каля 1940 г. а. Неманцэвіч вярнуўся з Дубна, дзе на той час займаў пасаду прафесара Папскай Усходняй семінарыі, зноў у Альбярцін, і тут яго застала Другая сусветная вайна.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР парафіі візантыйска-славянскага абраду апынуліся ў цяжкім стане, уніяцкая царква на заходнебеларускіх землях была значна аслаблена. Манастыр езуітаў у Алябярціне спыніў сваю дзейнасць пасля ўсталявання савецкай улады, а будынак уніяцкага храма быў пера-твораны ў кінатэатр.
У кастрычніку 1939 г. галіцкі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі з мэтай умацавання ўніяцкай царквы і яе далейшай місіі стварыў чатыры ўсходне-каталіцкія экзархаты, у тым ліку і Экзархат для Беларусі. Быў упарадкаваны статус уніяцкіх парафій і адкрывалася перспектыва таго, што ў далейшым яны будуць выведзены з юрысдыкцыі рыма-каталіцкіх і атрымаюць свайго біскупа. У верасні 1940 г. Апостальскім Экзархам быў прызначаны айцец Неманцэвіч. Існаванне Экзархата трымалася ў строгай сакрэтнасці. 5 красавіка 1942 г. Неманцэвіч як Экзарх звярнуўся з пастырскім пасланнем да ўсяго беларускага народа, і тым самым факт існавання Экзархату стаў вядомы ўсім.

Сядзібаю Экзархату стаў Альбярцін, яго афіцыйнай мовай і мовай казанняў – беларуская мова. На пачатку вайны а. Неманцэвіч дапамагаў праваслаўнаму святару ў в. Чапялёва бліз Альбярціна адпраўляць абрад пахавання, куды той не мог даехаць.Таксама наведваў лагер савецкіх ваеннапалонных, які знаходзіўся ў ваколіцах Слоніма. У пачатку 1942 г. а. Неманцэвіч за-снаваў Апостальства малітвы за Беларусь для святароў.
У ліпені (па некаторых дадзеных, у пачатку жніўня) 1942 г. айцец Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў Альбярціне. Гестапаўцы не дазволілі яму ўзяць з сабою якія-небудзь рэчы, запэўніваючы, што ён хутка вернецца, але святар болей нікуды ніколі не вярнуўся. Каталіцкія іерархі розных узроўней спрабавалі даведацца пра яго лёс, але атрымоўвалі розныя паведамленні. І толькі ў 2004 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь быў знойдзены дакумент, згодна з якім а. Неманцэвіч памёр у мінскай турме СД 6 студзеня 1943 г.
Сучасныя беларускія грэка-каталіцкія даследчыкі лічаць, што прычынай арышту і смерці Экзарха была яго актыўная душпастырская дзейнасць, а магчыма – і дапамога габрэям з боку місіі езуітаў Альбярціна. Абставіны смерці канчаткова застаюцца невядомымі.
…Калі хто прагне служыць Хрысту з любові да Яго, той абавязкова адрачэцца ад сябе і пойдзе за Ім. Як пайшоў Антон Неманцэвіч.
Артыкул падрыхтаваны на падставе кнігі кандыдата гістарычных навук, дацэнта С. Верамеева
“Антон Неманцэвіч. Святар і пакутнік”.