Каля Чырвонага касцёла

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

Па просьбе мінскіх католікаў і з выкананнем усіх юрыдычных патрабаванняў 11 чэрвеня 2006 года прах Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касцёла, быў перавезены з Польшчы ў Беларусь і ўрачыста перазахаваны  пры галоўным уваходзе ў касцёл Святых Сымона і Алены.

Слынны сын беларускай зямлі Эдвард Вайніловіч вярнуўся на радзіму.

 

Вайнилович

 

 

Карані

Эдвард Вайніловіч – карэнны беларускі шляхціч, які мае роднасныя сувязі са слуцкімі князямі Алелькавічамі,  нясвіжскімі  Радзівіламі, грушаўскімі Рэйтанамі і мінскімі  Ваньковічамі.

Эдвард нарадзіўся 19 кастрычніка 1847 года ў маёнтку Сляпянка пад Мінскам (цяпер гэтае месца ў межах горада), які тады належаў Ваньковічам. Бацькі  – Адам і Ганна – жылі тады ў Савічах, яле ягоная маці перад родамі адправілася да сваіх бацькоў – Эдварда і Міхаліны з Манюшкаў Ваньковічаў.

У Савічах захоўваўся багаты і добра ўпарадкаваны архіў роду Вайніловічаў, у якім  адлюстравалася хрысціянская еднасць: спачатку практыкавана было праваслаўнае веравызнанне, пасля па волі Божай яны далучыліся да ўніяцкага і каталіцкага.

Акрамя архіва,  была  ў  Савічах і бібліятэка, у якой налічвалася пяць тысяч рэдкіх кніг, быў багаты музей. У прадмове  да “Успамінаў 1847-1928 гадоў”, напісаных самім Вайніловічам,  гаворыцца, што ў маёнтку  захоўвалася “культурная спадчына”, якая клапатліва збіралася сям’ёй  Вайніловічаў з XVII стагоддзя. Ва “Успамінах”, упершыню ў дваранска-шляхецкай мемуарнай літаратуры, аўтар аб’яўляе сябе беларусам і піша: “Род мой на мне скончыцца. Вядома  толькі ўсім, што над нашай спадчынай не вісіць нічыя чалавечая крыўда, ніводная чалавечая слязінка. Для дакладнасці, аднак, я павінен зазначыць, што гэта быў род  мясцовы, беларускі”.

Палац Вайніловічаў у Савічах.  Здымак да 1914 года

Палац Вайніловічаў у Савічах.
Здымак да 1914 года

 

“Усіх людзей лічыць за роўных сабе”

Эдвард Вайніловіч быў усебакова адукаваным чалавекам. З медалём скончыў Слуцкую кальвінскую гімназію. У 1865 годзе, маючы 17 гадоў, без экзаменаў паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе ён, удзельнічаючы ў  студэнцкіх “сходках”, навучыўся  “усіх людзей лічыць за роўных сабе – і перад законам, і перад  Богам”.

Пасля выдатнага заканчэння вучобы ў 1869 годзе Вайніловіч быў размеркаваны на Пуцілаўскі завод, але яго бацька настаяў на тым, каб сын працягнуў адукацыю ў Заходняй Еўропе. Юнак накіраваўся рабочым  на практыку ў Гановер на шырока вядомы ў той час завод паравозаў, які пастаўляў прадукцыю галоўным  чынам  для  чыгункі Румыніі. Там набіраўся вопыту да восені 1870 года.

Пасля  вучобы Эдвард Вайніловіч накіраваўся на працу ў Бельгію, каб працаваць на паравозах.  Праз некаторы  час з дапамогай расійскага пасла ўладкаваўся  на завод на мяжы з Галандыяй, дзе гэтыя  паравозы  рамантаваліся. Але хутка прыйшла каманда з Савічаў: час  вяртацца дамоў, каб “працягнуць  працоўны  шлях  продкаў, гэта значыць –  служыць свайму  краю  на  месцы нараджэння”.

Эдвард Вайніловіч у студэнцкія гады

Эдвард Вайніловіч у студэнцкія гады

Пабываўшы ў Савічах на вяселлі сваёй сястры, Эдвард наведаў у суседнім Пузаве свайго дзядзьку Люцыяна. Той, не маючы спадкаемца па мужчынскай лініі, завяшчаў пляменніку  свой маёнтак з некалькімі ўмовамі – перш за ўсё, паехаць разам, праз Вену і Інсбрук, “на адпачынак” у Італію. Пасля  знаходжання  ў  Рыме патэнцыяльны  ўладальнік  Пузава выканаў і другое патрабаванне дзядзькі – набыць эканамічныя і сельскагаспадарчыя  веды. Пераехаўшы ў Парыж,  пачаў узмоцнена вывучаць палітэканомію ў Сарбоне і Калеж дэ  Франс, затым  перайшоў  у  Прушкаўскую  сельскагаспадарчую акадэмію ў Сілезіі і скончыў  яе  з  ганаровым дыпломам. Вы-творчую практыку прайшоў ў у гаспадарцы “Мохель” каля  Быдгашчы ў тагачаснай  Прусіі.

Пасля “перападрыхтоўкі  ў  Францыі і Прусіі Эдвард Вайніловіч адчуў сябе гатовым да сур’ёзных спраў на радзіме”. Пачалося  паўсядзённае  гаспадаранне, дапамога суседзям у вырашэнні спрэчак, затым  давялося  кіраваць апеляцыйным  судом  Слуцкага павета. У 1882 годзе Эдвард, будучы сталым гаспадаром, узяў шлюб з суседкай Алімпіяй Узлоўскай.

   З 1876 года дзейнічала асноўнае   дзецішча  Вайніловіча – Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі. Спачатку ім кіравалі царскія чыноўнікі, але паступова ўлада пачала  пераходзіць у рукі тутэйшых землеўладальнікаў. Спачатку фактычна,  а  пасля  і юрыдычна кіраваў таварыствам Эдвард Вайніловіч. Пры ім таварыства ператварылася  ў  ачаг  усяго  эканамічнага і нават культурнага жыцця краю, абрастала новымі структурамі. А гэта і крэдытны  банк у Клецку,  і сістэма  надзейнага  страхавання, і таварныя  склады ў Мінску, і свая гандлёвая  сістэма  амаль  манапольных   паставак  збожжа для царскай  арміі.

 

Павучыцца ў Вайніловіча

Паступова  таварыства ўзбагачалася новымі  кваліфікаванымі сіламі, за вопытам у Мінск прыяз-джалі  госці  з  Вільні, Варшавы, Віцебска,  Любліна, Кіева. Нават сам  ковенскі губернатар, будучы галава расійскага ўрада Пётр Сталыпін  прыязджаў  у Мінск павучыцца ў Вайніловіча  фінансавым справам. Пазней  абодвух рэфарматараў  звязала сяброўства  і  спаборніцтва  ў добрых справах.

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі  стала  для Эдварда Вайніловіча  своеасаблівым  трамплінам  для  ўздыму  на больш высокую ступень – у Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, дзе ён прадстаўляў спачатку толькі Мінскую губернію, а потым быў абраны “дэпутатам ад Літвы і Русі”. Часта вёў палеміку з прадстаўнікамі  “польскай Кароны” і высокапастаўленымі  расійскімі  саноўнікамі. Набыў  новых  прыхільнікаў і сяброў, сярод  якіх  вылучаўся   Пётр  Сталыпін.  Будучы   на  прэм’ерскім   п’едэстале, Сталыпін угаворваў  Вайніловіча заняць пасаду  віцэ-міністра  сельскай гаспадаркі, падкрэсліваючы, што “яго кандыдатура разглядалася і была апрабавана ў  Царскім  Сяле, што на карысць  справы ён  павінен ахвяраваць сваім  часам і здольнасцямі”.  На  гэта  Вайніловіч адказаў, што ён “ніколі  не  служыў, таму не мае ніякага бюракратычнага вопыту, а з яго хочуць зрабіць міністра”.

У сувязі з пачаткам у 1914 годзе Першай сусветнай вайны Вайніловіч  вярнуўся  на радзіму, дзе аказваў значную дапамогу бежанцам і іншым ахвярам вайны.Яму дапамагалі члены Мінскага таварыства   сельскай  гаспадаркі і савіцкія сяляне, якія мелі да яго вялікі давер.У 1918 годзе Вайніловіч  выехаў  спачатку  ў  Нясвіж, а пасля – у Варшаву, дзе імкнуўся згуртаваць вакол сябе землякоў, паўплываць  на  заключэнне  Рыжскай дамовы. Тройчы спрабаваў перабрацца  праз  кардон на радзіму, але не ўдалося. Пад яго старшынствам у красавіку 1921 года ў Варшаве  адбылося апошняе пасяджэнне Мінскага таварыства сельскай  гаспадаркі.

У бяздзейнасці адчуваў сябе няўтульна і з польскай сталіцы пераехаў у Быдгашч да сяброў  па “аграрнай практыцы”, якіх займеў у маладыя гады.Там “здабыў  вя-лікую  павагу, стаў патрыярхам шматлікага аселага там “крэсовага” зямляцтва. Аб павазе, якою ён быў акружаны, сведчылі   натоўпы людзей, што суправаджалі  аднаконную  павозку, якая везла ў апошні шлях  простую сасновую труну з целам Вайніловіча – такога самага сціплага пахавання патрабаваў для сябе ў запавеце сам нябожчык.

 

 Святыня на плошчы

Каля Чырвонага касцёла... Месца перазахавання парэшткаў фундатара святыні Эдварда Вайніловіча

Каля Чырвонага касцёла… Месца перазахавання парэшткаў фундатара святыні Эдварда Вайніловіча

У Мінску да 1863 года было некалькі  каталіцкіх  святыняў, пасля  паўстання  застаўся  толькі адзін кафедральны касцёл на Саборнай  плошчы  (цяпер плошча Свабоды). Горад разрастаўся, людзі ў адзінай святыні не змяшчаліся. Было выбрана месца для будаўніцтва новага храма, абраны будаўнічы камітэт пад кіраўніцтвам Міхала Валовіча. Але ў апошняга не было  ні  дазволу  царскіх  улад, ні сродкаў. І  тады  пачаў  дзейнічаць Вайніловіч.

 “У выніку  ўдараў, якія зваліліся на мяне па волі Усявышняга, – запісаў ён ва “Успамінах”, – вырашыў  я  здзейсніць упрашальнае ахвяраванне: пабудаваць святыню пад  імёнамі  маіх  памерлых дзяцей, Святых Сымона і Алены, і выбраў  для гэтага Мінск як месца, куды  я  ўклаў найбольшую частку сваёй  грамадскай  працы і дзе ўзвядзенне другой святыні з’яўлялася справай найбольш пільнай. Пры гэтым мне хацелася, каб у Мінску ўзвышалася  святыня,  якая б істотна  адрознівалася на фоне рознакаляровых  купалаў  больш новых  фармацый”.

19 мая 1905 года было дазволена  пачаць будаўніцтва, пачаўся выбар магчымых  узораў  і  архітэктурных  канцэпцый.

“Не  хацеў  я, – пісаў ва “Успамінах”, – спыняцца на гатычным стылі, па-першае, надта палітызаваным,  які і быў вельмі распаўсюджаны  тады пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у  Расіі; па-другое, такія  святыні вельмі адрозніваліся  ад  праваслаўных, якія былі ў нашым краі  і  быццам бы пад-крэслівалі  разыходжанні  ў веры грамадскіх класаў, бо пераважная частка сялянства была праваслаўнай, а гаспадары зямлі заставаліся католікамі. І таму я выбраў раманскі стыль, росквіт якога прыйшоўся  на  эпоху, калі Усходняя Царква заставалася ў адзінстве з Рымам”.

Касцёл Святых Сымона і Алены лічыцца  візітнай карткай Мінска, яго  выявы  змешчаны на шматлікіх  паштоўках і сувенірах. Ніводная экскурсія  па  сталіцы не абыходзіцца  без таго, каб яе ўдзельнікі не пабывалі ў Чырвоным Касцёле. Нават турысты з далёкага замежжа, якія пабачылі на сваім  вяку нямала, прыходзяць да высновы: касцёл Святых Сымона і Алены – сапраўдны  рубін,  якому  няма роўных у свеце. Калі ж ім распавядаюць, пры  якіх абставінах быў пабудаваны  храм,  яны гатовы нізка схіліць галовы перад духоўным  подзвігам  Вайніловіча, перад яго  непахіснай  верай  і  ахвярнасцю ў імя Бога.

Эдварда вельмі паважалі суайчыннікі-іншаверцы  за яго экуменічны дух і разуменне. Да яго ішлі прадстаўнікі  ўсіх  канфесій  і  ведалі, што ён заўсёды разумна параіць і шчыра дапаможа ў розных цяжкіх  жыццёвых  сітуацыях  і пытаннях. Эдвард  спрыяў  у  атрыманні  царскага  дазволу  на  будаўніцтва сінагогі ў горадзе Клецку і сам будаваў яе, кажучы: “Няхай веруючыя  людзі  розных  канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі славіць  аднаго  Бога на небе!”.

Для  Вайніловічаў  кожны ахрышчаны чалавек быў па духу і веры братам у Хрысце Ісусе, як католік, так і праваслаўны. Людзі неахрышчаныя  або іншых веравызнанняў з’яўляліся братамі па крыві. У гэтым род Вайніловічаў стае  ўзорам  еднасці  і  ўзаемацярпімасці  ўсіх  хрысціянаў  Беларусі, якія  павінны  такімі  быць.

 

Кандыдат на алтар

У 2014 годзе  распачаты працэс беатыфікацыі  Эдварда  Вайніловіча. Калі па гэтай  ініцыятыве  Кангрэгацыяй  Кананізацыйных  Спраў Апостальскай Сталіцы будзе вынесена станоўчае рашэнне, гэта будзе першы ў гісторыі Беларусі выпадак,  калі высокі  духоўны статус  атрымае  свецкі  чалавек.

 

 

 Артыкул падрыхтаваны з выкарыстаннем кнігі кс.-магістра Ул. Завальнюка “Эдвард Вайніловіч. Успаміны, дакументы, сувязь з сучаснасцю”.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий