Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
Святая Уршуля Ледухоўская – заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага.
Юлія Ледухоўская нарадзілася 17 красавіка 1865 г. у Аўстрыі. У 1883 г. яе сям’я пераехала ў Ліпніцу Мураваную (Польшча). Ва ўзросце 21 года яна ўступіла ў кляштар сясцёр уршулянак у Кракаве і пачала сваё манаскае жыццё. Яе шляхі і дзейнасць звязаныя з Польшчай, Расіяй, Даніяй, Швецыяй, але абшары беларускага Палесся – адныя з найбольш улюбёных мясцін.
Летась споўнілася 90 год дзейнасці сясцёр уршулянак на нашых землях. У 1933 годзе адбылося адкрыццё першай місіі манахінь на беларускай зямлі. Месцамі служэння сталі: Гарадзец і Іласк (Кобрынскі раён), Моладава і Іванава (Іванаўскі раён), Гарадзішча і Востраў (Пінскі раён). Таксама праца вялася ў Любчы каля Навагрудка, у Кобрыне і ў некаторых іншых месцах.
Як адзначала Уршуля Ледухоўская: «Вельмі сур’ёзная праца, місіянерства, не ў дзікай Афрыцы, Кітаі ці Бразіліі сярод паўднёвых лясоў, у краінах, залітых сонцам, не там, дзе місіянер акружаны арэолам пасвячэння і ахвярнасці, а ціхая, невядомая праца… дзе ты ледзь не па калена ў гразі, дзе падчас восеньскага дажджу, зімовай завеі, вясновай адлігі немагчымая сувязь са светам”.
І сапраўды праца вялася не толькі ў гарадах і мястэчках, а перш за ўсё ў далёкіх вёсках, “куды раз ці максімум два разы на месяц прыязджае святар з далёкай парафіі…, дзе і доктара, нават медсястру не сустрэнеш, дзе пануе беднасць, часам галеча, дзе дзеці зімой не могуць хадзіць у школу, бо ў іх няма адзення”.
Сёстры уршулянкі стваралі на Палессі шэраг дзіцячых садкоў, займаліся катэхізацыяй сярод мясцовых жыхароў, вялі догляд за хворымі, апекаваліся гуртком вясковых гаспадынь, таварыствам моладзі, праводзілі парафіяльную працу.
Адно з галоўных служэнняў уршулянак – праца з дзецьмі ў садках і школках. Для гэтага часам прыходзілася ехаць на адлегласць у некалькі дзясяткаў кіламетраў, што было няпростым выпрабаваннем. Неабходна было падарожнічаць у самае рознае надвор’е, шлях адольвалі конна і пехатою.
Сястра Ядзвіга Кніхавецкая вяла лекцыі ў некалькіх школах у радыусе 16 км. Тую адлегласць сястра адольвала, як кажа прымаўка, “per pedes apostolorum” (“пешшу як апосталы”). Уршуля Ледухоўская ў сувязі з гэтым адзначала: “Каб прадухіліць гэту непрыемнасць, мы далі сястры ровар – які каштаваў шмат працы – спачатку гэта быў часта некіраваны ровар – замест таго, каб трымацца за дарогу, ён з’язджаў у кювет, але сёння – усе цяжкасці пераадолены і паездка ідзе ідэальна”. Такім чынам, летам сястра ездзіла на ровары, а зімой – на вазку.
“Дарогі там ёсць «палескімі» дарогамі – праз лес, праз балота даязджаеш да гасцінца”, – адзначала настаяцельніца. Часам да аддаленых куточкаў прыходзілася дабірацца не толькі па бездарожжу, а нават на чоўнах.
Адна з найбольш узорных прац па навучанні дзяцей была ў двары Іласк (сёння гэта вёска Шамятоўка Кобрынскага раёна). Уршулянкі там арганізавалі дзіцячы садок з харчаваннем, дакормлівалі школьнікаў, праводзілі катэхізацыю дзяцей і моладзі. З-за адсутнасці катэхетычнага памяшкання вучоба адбывалася ў хаце, прыдарожнай капліцы ці проста ў полі. Пра асаблівасці працы ў Іласку распавядала Уршуля Ледухоўская: “Яшчэ адзін прыклад з чыста місіянерскай афарбоўкай. Паколькі хлопцы ўлетку пасуць коней, часта далёка ад вёскі і не могуць хадзіць на ўрокі, сястра едзе да іх на ровары або пешшу, сядае на траву, хлопцы з ёй, і ўрок праходзіць”. Школьная праца ўршулянак ў Іласку набыла вядомасць і стала ўзорнай сярод іншых мясцовасцяў.
Дзеткі, якіх навучалі ўршулянкі, пераймалі лепшыя якасці сваіх настаўніц, бо тыя станавіліся сапраўдным аўтарытэтам: “Тое, чаму навучыліся і палюбілі, яны перадаюць іншым, асабліва бацькам і дамачадцам, становячыся такім чынам несвядома маленькімі апосталамі”, – адзначалі ўршулянкі.
У невялікіх мястэчках манахіні адкрывалі амбулаторыі, дзе хворых прымала «сястра-доктар». Кожны дзень у такія ўстановы па дапамогу прыходзіла мноства людзей. Толькі ў Іласку ў 1938/1939 навучальным годзе амбулаторыя аказала дапамогу амаль у 1,7 тыс. выпадкаў. Кошт лячэння сёстры пакрывалі са сваіх сродкаў, бывала, дапамагалі некаторыя шляхецкія роды. Лекі бясплатна раздаваліся тым, хто меў патрэбу. Нярэдка пацыенты ў якасці падзякі прыносілі прадукты.
Часам адбываліся і цудоўныя гісторыі, якія звязаныя з ратаваннем дзяцей. Уршуля Ледухоўская адзначала: “Нярэдка лекар выпісвае хворае дзіця з лякарні, таму што надзеі на выздараўленне няма. Тады сястра мусіць ратаваць, і няраз атрымліваецца, што выратуе гаротніка. Так, аднойчы бацька ў роспачы прывёз хворае на пнеўманію дзіцятка, пра якога доктар сказаў, што ратунку няма. Сястра забрала дзіця для догляду – баначкі, кампрэсы, ўколы. Дзіця ачуняла, і шчаслівы бацька прыйшоў падзякаваць сястры: «Сястра, як я Вам мушу дзякаваць, сястра, Вы выратавалі маё дзіця ад смерці!». Сястра адказала: «Не мне, а Богу трэба дзякаваць, Ён вылечыў тваё дзіця”. Але ён застаецца пры сваім: «…Сястра, можа, Пан Бог таксама крыху дапамог, але больш за ўсё зрабіла сястра, і я павінен перадусім падзякаваць сястры». Заснавальніца Кангрэгацыі адзначала, што трэба і такую падзяку прымаць.
Часам да дзвярэй сясцёр грукаліся нават уначы. Камусьці з дарослых жыхароў вёскі раптам стала дрэнна, бо “пабіліся за чаркай і адзін ляжыць цяжка паранены”. Нельга ў такой сітуацыі марудзіць, і нягледзячы на цёмную ноч, сястра ідзе да хворых і ведае, што пад апекай Пана Бога нічога злога яе не спаткае. Прыходзілася сёстрам аказваць медыцынскую дапамогу месцічам, калі падчас сваркі тыя маглі нанесці некаму нават агнястрэльнае раненне. Настаяцельніца адзначала пра адну з сясцёр: “Яна адразу ж пайшла з імі і ўсю ноч даглядала беднага параненага, пакуль раніцай не забралі хворага ў шпіталь у Брэст”.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, уршулянкі ўключыліся ў дапамогу бежанцам, якія пачалі прыбываць з Варшавы. Сёстры з Любчы перасталі працаваць у полі і ў садзе, каб увесь свой час прысвяціць няшчасным людзям: апранаць і даглядаць хворых, супакойваць скрушаных сэрцамі, гатаваць ім ежу, мыць бялізну. Бо людзі былі напалоханыя, схуднелыя, параненыя і моцна хворыя.
Побач з уршулянкамі працаваў ксёндз Ян Зея (1897 – 1991), якога Уршуля Ледухоўская характарызавала як «вельмі добрага і святога», «ідэальнага» і нават «Божага вар’ята». Ён сваёй руплівасцю і ўплывам скіроўваў да Бога многіх людзей. Быў радасны, лагодны, пра яго казалі – Божы чалавек. Нярэдка ўршулянкі мелі з ім пэўны клопат, бо той раздаваў людзям усё, што лічылася ягоным: вопратку, боты і нават пасцельную бялізну. Людзі яго ўспрымалі, як святара для ўсіх.
Саму ж Уршулю Ледухоўскую папскі нунцый Філіпа Картэзі назваў «апосталам Усходу», а іншыя называлі “апосталам усмешкі”. Засталіся ўспаміны Ядзвігі Скірмунт, якая яшчэ ў пачатку 1930-х гг. актыўна запрашала Уршулю распачаць місію на Палессі. З гэтай нагоды яны ўпершыню і сустрэліся: “Увайшла Маці. Уразіў мяне адразу выраз вялікай дабрыні, які ззяў на яе твары. У яе была прыгожая ўсмешка… Я адчувала сябе з ёй, як з кімсьці, каго я ўжо добра ведаю і хто блізкі мне”.
Пінскі біскуп Казімір Букраба ў жарт называў настаяцельніцу “каралевай Палесся” і ў некаторых далёкіх падарожжах па добрай волі выступаў у якасці шафёра нястомнай Уршулі Ледухоўскай, бо Уршуля часта наведвала беларускія вёскі, дзе паўсталі місіі ўршулянак. Настаяцельніца сама хацела разумець, куды яна адпраўляе сясцёр.
Уршулянка Моніка Александровіч, якая служыла ў Любчы, пісала ва ўспамінах: “Меў рацыю біскуп Караль Няміра (пінскі вікарны біскуп), які аднойчы ў размове са мной сказаў, што маці Уршуля атрымала ад Бога каштоўны дар: яна збірае дробныя крохі і ператварае іх у Божыя справы. Гэта сапраўды было так. Маці сваёй пастаяннай апекай, сваёй вялікай інтуіцыяй усё пашырала і памнажала”. І хоць яна клапацілася шмат аб чым, праязджала сотні кіламетраў, але заўсёды знаходзіла час для малітвы і прыняцця Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Уршуля Ледухоўская адзначала пра беларускае Палессе: “Гэты край, з абсалютна адасобленай прыгажосцю… гаворыць пра бясконцасць Бога, пра тугу, пра нешта звышнатуральнае, неапісальна таямнічае”.
Калі Уршуля Ледухоўская памерла 9 мая 1939 года ў Рыме, людзі гаварылі: «Памерла святая…». Ян Павел ІІ у 1983 г. беатыфікаваў маці Уршулю, а 18 мая 2003 года далучыў яе да ліку святых паўсюднага Касцёла.
У наш час Кангрэгацыя налічвае больш 800 сясцёр, якія працуюць у сотнях супольнасцяў, у 14 краінах, на 5 кантынентах: у Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Украіне, Расіі, Канадзе, Аргенціне, Бразіліі, Балівіі, Танзаніі, Філіпінах.
Дзейнасць манахінь уршулянак узнавілася і ў Беларусі. У Мінску дзейнічае Хрысціянскі сацыяльны цэнтр «Місіі добрага самараніна пад апекай Святой Уршулі Ледухоўскай», дзе робяцца сотні важных і добрых спраў, так як запаведавала святая: “Жыць у згодзе з усімі, стаць, паводле слоў Апостала, «усім для ўсіх» і каб весці ўсіх да Хрыста”.
Артыкул падрыхтаваў Павел КАРАЛЁЎ,
супрацоўнік дабрачыннай місіі Добрага Самараніна пад апекай Св. Уршулі Ледухоўскай.
Здымкі прадастаўлены аўтарам.