Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць ў адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
80 гадоў таму, у лютым 1943 г., жудасная трагедыя палыхнула языкамі вогнішчаў у вёсцы Росіца, забраўшы жыцці 1528 мясцовых жыхароў. Са сваім “статкам” крок у полымя зрабілі айцы-марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. Маглі адыйсці, карнікі давалі ім такую магчымасць, – не адыйшлі.
У 1999 годзе Св. Ян Павел II падчас урачыстай беатыфікацыі, якая адбылася ў Варшаве, вынес на алтар хвалы Божай 108 мучанікаў, у ліку якіх святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра.
Пад дахам касцёла
Вёска Росіца, што знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці на мяжы з Латвіяй, вядома з 1599 года. Першыя звесткі аб існаванні касцёла ў ёй адносяцца да 2-й паловы XVI ст. У 1778 г. тут быў узведзены невялікі драўляны храм. У 1906 г. паўстаў новы касцёл з цэглы, у раманскім стылі, асвечаны 20 студзеня 1911. У гады Другой сусветнай вайны ён стаў маўклівым сведкаю веры, трагедыі мясцовых хрысціянаў і подзвігу ягоных святароў.
Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г. касцёл быў зачынены. Евангелізацыя распачалася нанава значна пазней, калі арцыбіскуп віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі пачаў накіроўваць у гэты бок святароў і сясцёр законных, заахвочваючы апошніх арганізаваць катэхізацыю сярод насельніцтва. Выбухнула Другая сусветная вайна. Нямецкія войскі шпарка ішлі на ўсход, пакідаючы за сабою смерць, страх і адчуванне новай трывогі. Менавіта ў гэты цяжкі час, у лістападзе 1941 года ў Росіцу прыбылі ксёндз Антоній Ляшчэвіч і першыя сёстры-эўхарысткі.
Летам 1942 года ўзмацніўся рух савецкіх партызан у краі. Перад Святам Божага Нараджэння пробашч Росіцкай парафіі кс. Антоній Ляшчэвіч атрымаў папярэджанне, што хутка можа дайсці да карнай аперацыі супраць партызан і мясцовых, якія іх падтрымліваюць; бяспечней будзе, калі сёстры і святары пакінуць гэтую мясцовасць. Ксян-дзы сабраліся ў Друі (30 км ад Росіцы) і прынялі рашэнне: няхай кожны ксёндз і кожная сястра вырашаюць гэтае пытанне для сябе самі, хоць іх кіраўнікі і настойвалі, каб яны адыйшлі. Святары разумелі, што не могуць пакінуць паству ў такі адказны час. Сёстры таксама пастанавілі застацца з ксяндзамі і вернымі.
Дзесьці ў палове лютага 1943 года ў Друі пачаў кватэраваць нямецкі штаб, а ў Росіцы з’явіліся аддзелы карнай экспедыцыі. Пад дуламі аўтаматаў гітлераўцы зганялі людзей у касцёл, а іх хаты палілі, “каб не засталіся партызанам”. На працягу пяці дзён пад дахам касцёла было сабрана 5000 пакутнікаў – паўраздзетых, галодных і хворых, старых і малых, цяжарных жанчын і немаўлят, якія чакалі на свой “прысуд” ад фашыстаў. Ксяндзы з усіх сіл падтрымлівалі арыштаваных – з імі маліліся, хрысцілі неахрышчаных, спавядалі, вянчалі тых, хто быў няшлюбны, прымалі вызнанне веры каталіцкай ад праваслаўных. Святарам можна было пакінуць памяшканне, і яны выходзілі, каб вярнуцца да пакутнікаў з хлебам ці іншым харчам. На просьбу айца Ляшчэвіча сёстры былі звольненыя і, урэшце, пакінулі касцёл. Ксяндзы – засталіся…
Каб камяні маглі гаварыць…
Айцец Антоній Ляшчэвіч нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Абрамаўшчына Войстамскай парафіі каля Вілейкі. З малых гадоў быў моцна пільным і здольным да навук. Скончыў вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. 13 красавіка 1914 года прыняў святарскае пасвячэнне.
Пасля прыміцыйных урачыстасцей маладога святара накіравалі на Далёкі Ўсход, адкуль вярнуўся амаль праз 25 гадоў. У першы год святарскай службы а. Антоній працаваў вікарыем у Іркуцку, пасля ў Чыце – вікарыем, настаўнікам і прэфектам адразу ў трох школах. У 1917 г. быў скіраваны ў польскую парафію Св. Станіслава ў Харбіне, дзе служыў 12 гадоў. Спачатку быў настаўнікам лацінскай мовы і рэлігіі ў філіяльных харбінскіх школах і ў польскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча.. Разам з 17 праваслаўнымі прыходамі, дзе служылі больш за 100 святароў, існавала адна каталіцкая парафія Святога Станіслава, дзе Антоній і распачаў працу ў якасці вікарыя.
У 1924 г. уладзівастоцкі біскуп Карл Слівоўскі ўтварыў новую парафію Св. Язафата Кунцэвіча і даверыў яе а. Антонію Ляшчэвічу. Адразу ж пасля прызначэння а. Антоній распачаў будоўлю храма – 5 верасня 1924 г. заклаў падмурак новай святыні, а 15 чэрвеня 1925 г. збудаваны з кедра храм быў асвечаны. Як толькі каля новага касцёла ўзвялі дом для святара, а. Антоній арганізаваў у ім школу для бедных дзяцей.
У 1937 годзе а. Антоній уступіў у супольнасць айцоў-марыянаў, праз год прыехаў у Друю. Прадчуваючы рэальную пагрозу палітычных рэпрэсій над беларускімі святарамі, кс. Ляшчэвіч выехаў у марыянскі законны дом у Вільні.
24 жніўня 1939 года вярнуўся ў Друю, маючы багаты вопыт душпастырскай службы. Святара, аднак, чакаў іншы лёс.
…16 лютага 1943 года распачалася пацыфікацыйная акцыя. Гітлераўцы “класіфікавалі” няшчасных: асобы маладыя і моцныя былі адпраўлены ў канцлагер Саласпілс, пад Рыгу, а старых, нямоглых, дзяцей і цяжарных жанчын на падводах і санях вывозілі ў драўляныя будынкі, дзе іх замыкалі. На наступны дзень айца Ляшчэвіча пасадзілі разам з іншымі на сані і павезлі на чале доўгай калоны па дарозе на месца казні. Праз некаторы час у Росіцы раздаліся стрэлы, запылалі вогнішчы, дзе зажыва гарэлі людзі. Паселішча было спалена датла, ацалеў толькі касцёл – нямы сведка веры і пакуты.
Каб камяні маглі гаварыць…
“Дзе браты мае паміраць будуць…”
Юрый Кашыра нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Александрова каля Забалоцця ў беларускай праваслаўнай сям’і з уніяцкімі каранямі. Бацькі яго былі земляробамі. У 1907 годзе яго маці прыняла каталіцтва. Калі Юрыю споўнілася 18 гадоў, ката-ліцтва прыняў і ён.
Хлопец рана страціў бацькоў і выхоўвалі яго блізкія родныя, якія жылі і працавалі у суседняй з Друйскай парафіяй – у Багданава. Падрастаючым вясковым юнаком заняўся вікарый кс. Віталіс Хамёнэк, які прыбыў адразу пасля пасвячэння ў Друю. Падобна, што менавіта гэтае спатканне вызвала ў Юрыя прагнае жаданне ўступіць у кляштар марыянаў у Друі, які адкрыўся ў 1923 годзе. Праз год звярнуўся ў кляштар. Пасля кароткіх выпрабаванняў стала зразумела, што у Юрыя ёсць усе здольнасці да навукі, і ён быў прыняты ў гімназію ў Друі. 2 жніўня 1926 года пастрыжаны ў манахі. Навіцыят адбываў у Друі, якім кіраваў айцец Андрэй Цікота. Для атрымання багаслоўскай і філасофскай адукацыі быў накіраваны ў Рым, а пасля вяртання ў Беларусь зноў быў накіраваны на вучобу ў Віленскую духоўную семінарыю. Пасля сканчэння яе атрымаў дыяканскую, а ў чэрвені 1935 года – і прасвітарскую хіратонію. Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі з ордэнскай моладдзю катэхізатарам, таксама займаўся выхаваннем семінарыстаў.
У маі 1938 года кіруючыя польскія ўлады за яго прабеларускую дзейнасць адаслалі яго і іншых айцоў-марыянаў з забаронай пражываць на памежжы і з забаронай вяртання назад. Накіраваліся яны адразу да Вільна, пасля – да сваіх субратоў у Варшаву. На пачатку жніўня таго ж года кс. Юрый Кашыра быў прызначаны кіраўніком кляштара марыянаў у Расне, а таксама рэктарам мясцовага касцёла Св. Ганны. Пасля таго, як у 1939 годзе бальшавікі занялі Расну, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.
Спадзяючыся на дэпартацыю ў Сібір, перапісаў з Мшалу тэкст супольнай імшы, прысвечанай Маці Божай, вывучыў яго на памяць, каб у турме ці ў ссылцы мог цэлебраваць св. Імшу. Меў дзіўнае прадчуванне трагічных здарэнняў. Ад бальшавікоў, аднак, ацалеў, хаваючыся, падобна іншым марыянам, у добрых людзей.
Праз год панавання немцаў на Літве і Беларусі, у ліпені 1942 года, кс. Кашыра з’явіўся ў Друі. У той час прабываў там і ксёндз Антоній Ляшчэвіч, які ў Росіцы і ваколіцах, на перадваенных савецкіх тэрыторыях вёў евангелізацыю сярод насельніцтва, пазбаўленага магчымасці вызнаваць сваю веру. Ён забраў з сабою ў Росіцу ксяндза Юрыя. Абодва былі выхадцамі з гэтых мясцінаў, абодва ведалі мову польскую, беларускую і рускую, абодва маглі зразумець кожнага. Кс. Ляшчэвіч ездзіў і засноўваў новыя пункты місійныя, адкрываў пазамыканыя капліцы. Кс. Кашыра працаваў на месцы ў Росіцы.
…16 лютага 1943 г. распачалася пацыфікацыйная акцыя. Людзей пачалі зганяць групамі ў касцёл і “класіфікаваць” няшчасных. Ксяндзам гітлераўцы давалі магчымасць выйсці жывымі і вольнымі. “Дзе браты мае паміраць будуць, – там буду і я”, – адказаў на прапанову Юрый Кашыра.
17 лютага загінуў кс. Ляшчэвіч. Познім вечарам вярнуўся кс. Кашыра, якога гітлераўцы забралі раней, чым кс. Антонія, і сказаў сёстрам: “Ксяндза Ляшчэвіча ўжо няма. Заўтра не будзе і мяне”. Усю ноч чуваў, ляжаў крыжам і маліўся. Сястра Ядвіга Вішута ўспамінала: “Кс. Кашыра 18 лютага прынёс з касцёла Найсвяцейшы Сакрамэнт і раздаў нам. У 10 гадзін яго забралі, прыказалі сесці на адну з фурманак. Развітаўся з намі, павярнуўся ў бок Друі і сказаў: “Маліцеся і перапрашайце Бога за мае грахі, бо ўжо за некалькі хвілін я стану перад Судом Божым…”. Ехаў на першым возе. Выехалі на гару і павярнулі направа. Праз хвіліну выбухнуў агонь і ўся хаціна гарэла…”.
Кс. Кашыра быў замкнёны разам з іншымі асобамі ў драўляным доме, які належаў сям’і Хадзюк, недалёка ад галоўнага тракту, і ўсё гэта бачыла дачка гаспадыні – Лідзія, якая аплаквала сваю, таксама зажыва спаленую маці. Ацалелыя людзі, якім ўсё ж удалося ўцячы ад карнікаў, праз некалькі дзён, ноччу пахавалі астанкі замардаваных у склепе спаленага дому. На месцы вогнішча быў знойдзены абгарэлы працэсійны крыж, з якім кс. Юрый Кашыра зрабіў крок у полымя, і абгарэлая рука, у якой быў заціснуты ружанец.
Памяць
Подзвіг святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў Росіцы – узор абароны веры і вернікаў. “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Слухаць і чытаць пра іх – гэтага мала. Мала проста наведаць Росіцу. Нашчадкі ахвяраў ваеннага ліхалецця, шматлікія пілігрымы і вернікі з розных куткоў рэспублікі, іншых краін два разы на год прыязджаюць, каб асабіста пакланіцца праху згарэўшых і загінуўшых, прайсці ад касцёла тым крывавым шляхам, якім ішлі насустрач сваёй смерці людзі восем дзесяцігоддзяў таму…
Кажуць, Росіца мяняе людзей.
Артыкул падрыхтаваны з выкарыстаннем працы ks. Jan Bukowicz MIC “Swiadkowie wiary “,
Варшава, 2001.