Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць ў адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
Напрыканцы мінулага года, 17-18 снежня, у парафіі Маці Божай Каралевы Супакою ў Альберціне (Слонім) прайшлі набажэнствы ў знак 80-й гадавіны з дня мучаніцкай смерці Сясцёр Непакалянак благаслаўлёных сястры Марты (Казіміры Валоўскай) і сястры Евы (Багумілы Наішэўскай).
Сястра Марта Валоўская і сястра Ева Наішэўская. Ішлі – кожная сваёю дарогаю – да Бога, да Супольнасці, да святасці. Адна – трапяткая, энергічная, настаяцельніца дамоў Беззаганнага Зачацця і прапагандыст польскасці на памежжы. Другая – ціхая, “сцёртая сама ў сабе”, доктар і настаўніца. “Абедзве мелі свае лямпы, поўныя алею”, – будзе казаць пра іх па-плечніца з Супольнасці Сясцёр Непакалянак с. Бэнэдыкта.– “Сястра Ева была моцная, як граніт, с. Марта быццам зусім адарваная ад зямлі. Абедзве плылі быццам па вяршыні жыцця, да канца давяраючы Наканаванню і Міласэрнасці Божай, што раз мацней злучаючыся з Богам. Адтуль выплывалі іх вялікі настрой і стойкасць духа, якім дзяліліся з сёстрамі і іншымі душамі”.
Сястра Марта нарадзілася ў 1879 годзе ў Любліне ў заможнай сям’і вядомага юрыста і грамадскага дзеяча. З малых гадоў рэалізоўвала сябе ў працы патрыятычнай і службе бліжняму. Дом яе айца невыпадкова называлі “Люблінскім Ватыканам”. Малая Казіміра сутыкнулася са знакамітымі прапагандыстамі польскага рэлігійнага жыцця, такімі, як благаслаўлёны Ганарат Козьмінскі. Як дарослая дзяўчына мела таксама сваіх вучаніц, якіх вучыла польскай мове і гісторыі.
Уступаючы ў сталае жыццё, марыла аб сужэнстве, аднак яе планы перакрэсліла раптоўнае аб’яўленне законнага паклікання – не знаёмай тады яшчэ ёй Супольнасці Сясцёр Непакалянак. Маці Марцэліна Дароўская, таксама блага-слаўлёная, была заснавальніцай існуючай ад паловы XIX стагоддзя Супольнасці, якая паўстала для паратунку польскага грамадства праз аднаўленне жанчын і сям’і і якая ад пачатку існавання сваё пакліканне бачыла ў суправаджэнні школ для дзяўчат. Першы дом Супольнасці на польскай зямлі (галоўны дом) знаходзіўся ў Язлаўцу на Падоле. У яго фурты ў 1890 г. стаяла Ка-зіміра Валоўская. Пасля цяжкага навіцыяту, часу змаганняў з сабою, ужо як сястра Марта ад Езуса распачала многія гады служэння, выконваючы абавязкі настаяцельніцы ў Мацеёве на Валыні, дзе арганізавала сірочы дом для болей чым 100 дзяцей розных нацыянальнасцей і пачатковую школу, настаўніцкую семінарыю і прафесійную школу ў Вірове над Бугам і апошнюю – у жніўні 1939 года– у Слоніме на Беларусі.
Дом для сіротаў у Мацеёве стаў апораю для няшчасных, якія шукалі там эканамічнай падтрымкі, таксама для моладзі, якая звярталася за дапамогаю ў справе выбару жыццёвай дарогі. Прыходзілі нават праваслаўныя святары і рабіны, просячы парады ў справах адукацыі і шлюбаў сваіх дзяцей, а таксама маладыя капланы, пракрадаючыся праз мяжу. Сястра Марта, хоць і змучаная барацьбою з рознымі праблемамі дому, заўсёды знаходзіла час, калі хто-небудзь патрабаваў дапамогі. Моцна цаніў гэтую дзейнасць кс. біскуп Адольф Шэлёнзэк, які прыязджаў у Мацеёва, каб пачуць меркаванне сястры Марты адносна гэтых спраў у дыяцэзіі. У 1926 годзе за выбітную адукацыйную і апякунчую справу свецкія ўлады ўзнагародзілі сястру Марту Залатым Крыжам Заслугі.
Можна сказаць, што на кожным кроку спаўняліся словы Езуса, якія пачула аднойчы ў стане асаблівай ласкі Божай: “Праз усё цябе правяду і ўсё Сам за цябе зраблю”.
Першы перыяд кіраўніцтва сястры Марты ў Мацеёве (1919-1928) з аднаго боку быў вельмі пладаносным, бо ўдалося многае агарнуць і праца прыносіла поспех, але з іншага – не быў пазбаўлены і цяжкіх момантаў. Па прашэсці некалькі месяцаў пасля распачацця працы ў Мацеёве сёстры разам з дзецьмі вымушаны былі пакінуць пляцоўку і выехаць у Шыманов (пад Варшаву), бо распачалася польска-руская вайна і заставацца на Валыні было моцна небяспечна. Сястра Марцэля ад Духа Святога ўспамінала: “Гэта быў 1920 год. У Шыманов з’ехаў эвакуіраваны Мацеёв: некалькі сясцёр і кучка малых дзяцей, коратка пастрыжаных, у шэрых сукенках. Дзеці былі сіротамі з памежжа, размаўлялі па-руску, былі бедныя… Сястра Марта ў згамтаным хабіце, стоптаных чаравіках, твар змучаны… А дзеці гарнуліся да яе, быццам гэта была іх родная маці. Любілі яе відавочна”.
Ва ўспамінах асоб, якія запомнілі яе з тых часоў, засталася як асоба незвычайнага такту, вялікай сілы волі і дабраты. Умела не толькі разбудзіць апостальскі дух у сёстрах, абараняючы ад пагрозы камуністычнай інфільтрацыі польскасці на памежжы, але і ствараць вакол сябе атмасферу талерантнасці і гарманічнага суіснавання культурна і рэлігійна разнастайнай супольнасці, апярэджваючы тым самым эпоху экуменізму.
23 жніўня 1939 года сястра Марта прыняла сваё апошняе кіраўніцтва ў Слоніме і зрабіла крок у апошні перыяд свайго зямнога жыцця. Дважды падчас свайго містычнага паяднання з Панам Езусам зазначала, што паказаў ёй усё яе жыццё. І сястра Марта падкрэслівала, што для Пана Езуса гатова на ўсё.
Праз жыццё ўкрытае і смерць мучаніцкую
Сястра Ева – Багуміла Наішэўская. Нарадзілася ў 1885 годзе ў Асанішках Віленскай губерніі, дачка знакамітага доктара-акуліста, пашла па яго слядах, стала студэнткай медыцынскага ўніверсітэта ў Пецярбургу. Надзвычай здольная, скончыла яго на выдатна ў 1914 годзе. У гады Першай сусветнай вайны працавала ў вайсковых шпіталях. Па меры сваіх сіл дапамагала таксама сям’і, калі маці не магла даць рады шматлікім дзецям (Багуміла была старэйшая з адзінаццаці дзяцей). Усё гэта крыху адцягнула момант уступлення ў кляштар, хаця гэтую патрэбу дзяўчына ўсведамляла сабе значна раней, яшчэ да пачатку навучання. Яе духоўным апекуном быў кс. Зыгмунт Лазінскі, пазнейшы біскуп мінскі і пінскі.
Яе дзядулі (з абодвух бакоў) пасля паўстання 1863-64 гг. былі сасланыя ў глыб Расіі. У 1918 годзе сям’я вярнулася ў Польшчу. Бацька Багумілы прафесар Казімір Наішэўскі арганізаваў Афтальмалагічныя Універсітэцкія клінікі спачатку ў Вільні, пасля ў Варшаве. На працягу года Багуміла працавала як лекар і настаўнік у школе Алены Жэшаторскай на поўначы Варшаўскай Прагі. У ліпені 1919 года ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Беззаганнага Зачацця ў Шыманове, затым выехала ў кляштар у Язлаўцы (сёння Украіна), дзе працавала 18 гадоў. У 1927-м, у дзень сваіх вячыстых шлюбаў, малілася, каб магла дапамагчы ў збаўленні людзей “праз жыццё ўкрытае і смерць мучаніцкую”.
Самымі істотнымі рысамі духоўнасці с. Евы былі: любоў, якая ўзнагароджвае, матыў спагады, і прагненне ахвяры, якая чыніць радасць. Згодна з глыбокім прагненнем, вяла таксама ўкрытае жыццё – ціхая, амаль нябачная, зацёртая настаўніца многіх прадметаў, любімая сваімі выхаванкамі, лекарка, якая заўсёды спяшаецца з дапамогаю і дае гэтую дапамогу так, “што не заўважная далонь, якая дае”, поўная цяпла і сардэчнасці.
“Ніколі не малілася за яе, а праз усе гэтыя гады і да дня сённяшняга малюся да яе, бо маю глыбокае перакананне, што сястра Ева – святая”, – напісала ў сваіх успамінах яе выхаванка. Пасля 18 гадоў самаадданай службы ў Язлаўцу, у 1938 годзе, сястра была накіравана ў Слонім.
У Слоніме наканавана было сустрэцца гэтым двум незвычайным асобам, каб вымушаны былі прайсці разам крыжовай дарогай двух акупацый. Нішто не абыйшло іх: мусілі прайсці праз прыніжэнне, галечу, выгнанне з дому, які займалі, голад, нападкі, адказнасць за іншых сясцёр…Праз весь час не спынялі дапамогі патрабуючым, падтрымкі тым, каго вывозілі ў ссылкі. Спрабавалі вучыць дзяцей, падтрымлівалі кантакты з партызанамі, укрывалі яўрэяў. “Падвяргаючы сябе што крок, не думалі пра сябе, а патаемна дапамагалі людзям, якія пачалі кружыць па лясах каля Слоніма. У моцна цёмныя ночы або непагадзь падыходзілі да кляштара: сястра Марта адчыняла дзверы, падавала прыгатаваны хлеб і іншае – усё, што магла. Сястра Ева – лекі, масці, рэцэпты, перавязачныя матэрыялы, давала парады лекарскія”, – успаміналі слонімскія сёстры.
18 снежня 1942 года гестапаўцы прыйшлі ў кляштар недзе каля 11 гадзін вечара з замерам арыштаваць сястру Марту. Але да яе дабравольна далучылася сястра Ева Наішэўская, якая не хацела адпусціць кіраўнічку адну. Аказалася, што і яна была ў спіску наканаваных. У тую ж ноч быў арыштаваны і ксёндз Адам Штарк. Адразу ўсіх сагналі на турэмны двор. Ад першай хвіліны сёстры заспакойвалі ўстрывожаных людзей, разам з імі маліліся і прызывалі арыштаваных да годнага прыняцця мучаніцкай смерці. Прыкладна каля 2 гадзін ночы нямецкія жандармы праводзілі кантроль і дамагаліся, каб адабраць у вязняў цэнныя рэчы. Сястра Марта прасіла, каб дазволілі ёй пакінуць пры сабе крыж. Жандарм вырваў крыж з яе рук, кінуў на зямлю, а сястру копнуў нагою. Сястра Марта падняла крыж, пацалавала, сказаўшы: “Езу, гэта для Цябе за нашу бедную Польшчу”. Той жэст цалавання крыжа пацвердзіў яе гатоўнасць на ўсё, у тым ліку – на мучаніцкую смерць.
На наступны дзень у 5 раніцы арыштаваных пагрузілі на машыны і павезлі на Петралевіцкую гару, за 2 км ад Слоніма. Там прыказалі раздзецца дагала. Сафія Почэбыт, жыхарка Слоніма, апавядала: “Перад экзекуцыяй усім ахвярам было прыказана раздзецца. Ксёндз Штарк прыказ выканаў, а сёстры марудзілі, адчуваючы сябе няёмка. Тады ксёндз узяў крыж у рукі і сказаў: “Пана Езуса перш чым укрыжаваць, таксама раздзелі”… Сёстры паслухмяна раздзеліся….”
Экзекуцыю правялі страшным спосабам, раздзетыя ахвяры павінны былі скочыць у прыгатаваны дол і шчыльна легчы адзін каля другога. Па ляжачых стралялі з кулямёта. Ніхто не дбаў пра тое, ці кулі пападалі ў цэль. На адзін пласт людзей клаўся другі і працэдура паўтаралася. Адзін з міліцыянераў, які прысутнічаў пры экзекуцыі, сказаў, што сёстрам было прапанавана ўцячы, але прапановай не скарысталіся. Палічылі, што яны павінны застацца з усімі асуджанымі.У момант экзекуцыі сястра Марта дала рады прамовіць словы прабачэння: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”.
Хабіт сястры Марты вярнуў нейкі сумленны немец, які стаяў на чале Чырвонага Крыжа. Знойдзены быў таксама яе манаскі каўнер. Абедзве рэліквіі былі перададзеныя Дому генеральнаму ў Шыманове.
Гара Петралевіцкая. Адна з Галгоф ХХ стагоддзя. Калі немцы пакінулі Слонім, яго жыхары паставілі ў тым месцы вялікі крыж, але пасля ўлада савецкая зруйнавала яго.У 1993 годзе крыж быў устаноўлены зноў.
Сястра Марта і сястра Ева – дзве з бясконцага мноства праведнікаў, якія ў цемры акупацыйнай ночы свяцілі святлом сваіх лямпаў.
Беатыфікаваныя ў чэрвені 1999 года падчас пілігрымкі Святога Яна Паўла II у Польшчу.
Па матэрыялах польскіх сайтаў Siostry Niepokalanki.