На старонках Брэвіярыя

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць ў адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

 

Сярод беатыфікаваных Св. Янам Паўлам II 108 мучанікаў часоў Другой сусветнай вайны ёсць і тры святары, якія былі расстраляныя гітлераўцамі ва ўрочышчы Барок каля Беразвечча (сёння ў межах Глыбокага) на досвітку 4 сакавіка 1942 года. Гэта ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Ўладзіслаў  Мацьковяк і Станіслаў Пыртак. На гэтым месцы масавай казні злажылі свае галовы болей 27 тысяч чалавексавецкія ваеннапалонныя, глыбоцкія  габрэі  і  святары, якія здолелі  ўсклікнуць над сваёй магілай: “Няхай  жыве  Хрыстус Валадар!”.

 

“Пішу  апоўначы…”

Мечыслаў Багаткевіч

Мечыслаў Багаткевіч

    Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 года ў маёнтку Крыкалы каля Дунілавічаў (сучасная Віцебская вобласць). Яго бацькамі былі Станіслаў і Юзэфа з дому Зянкевічаў. Дзядуля Мечыслава ў свой час прымаў удзел у  паўстанні 1863-64 гадоў, а дзядзька А. Зянкевіч быў святаром Віленскай архідыяцэзіі і дзеканам у Крынках. Акрамя Мечыслава, у сям’і Багаткевічаў было яшчэ восем дзяцей, адзін з іх – Станіслаў, таксама стаў святаром (дажыў да 2004 г.).

Пачатковую адукацыю Мечыслаў атрымаў у вёсцы Сітцы каля Параф’янава. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Будславе, а потым у польскай у Докшыцах. Пасля гэтага паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Навагрудку, якую адкрыў біскуп Зыгмунт Лазінскі. З утварэннем у 1925 г. Пінскай дыяцэзіі яна была перанесена ў Пінск, дзе ў 1931 г. ён і скончыў вучобу. Пасля семінарыі вывучаў педагогіку ў Варшаўскім універсітэце. Пасвячэнне ў святары адбылося 23 ліпеня  1933 года.

Пасля пасвячэння кс. Мечыслаў распачаў працу ў Драгічыне, адначасова працягваючы ўніверсітэцкае навучанне, быў выхавацелем моладзі ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі. У 1936-39 гг. быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, педагогам і святаром. Ён выкладаў гісторыю Касцёла, этыку, з’яўляўся капеланам Згуртавання Харцэрства Польскага і апекуном Марыянскай садаліцыі. З успамінаў яго вучняў: “Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні. Ксёндз Мечыслаў ведаў пра нас усё, пра ўсе нашыя грахі, правіны, пра нашыя беды і клопаты. Ён адзіны, хто праводзіў з намі час у размовах і жартах на калідорах або на вуліцы”.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, кс. Мечыслаў Багаткевіч пачаў абслугоўваць парафію Пеліканы і заставаўся там да восені 1941 г. Быў ён харызматычным прапаведнікам. Шмат з тых, хто слухаў яго казанні, расчульваліся да глыбіні душы. Людзі таксама ўзгадвалі, што святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды.

У лістападзе 1941 года, кіруючыся апостальскім духам, ксёндз Мечыслаў адправіўся ў Дрысу, якая знаходзілася на тэрыторыі БССР і была пад нямецкай акупацыяй. Там, дзе людзі шмат гадоў былі пазбаўленыя святара і знаходзіліся пад ціскам ваяўнічай атэізацыі, ахвярны святар распачаў працу па аднаўленню духоўнага жыцця. Гэта не спадабалася акупантам. 16 сту-дзеня 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. Намаганні кс. А. Зянкевіча вызваліць свайго пляменніка з турмы поспеху не прынеслі. Вечарам 2 сакавіка 1942 года паліцыя змясціла ксяндза М. Багаткевіча і яго братоў у святарстве кс.С. Пыртака, а праз дзень і кс. У. Мацьковяка ў камеру смяротнікаў.

    У сваім апошнім лісце да маці кс. Мечыслаў напісаў: «…У гэтую ноч ідзем на смерць (…) Відаць, такая Божая воля, бо я мог уцячы з Дрысы, таксама і адсюль, але баяўся, каб не зруйнаваць Божую волю і каб пазней пры смерці не мець папрокаў сумлення…». І напрыканцы ліста: «Пішу гэта апоўначы з 3 на 4 сакавіка 1942 г. у глыбоцкай турме. Няхай жыве Хрыстус Валадар! Амэн».

 

“Радуюся, што Бог выбраў мяне…”

Уладзіслаў Мацьковяк

Уладзіслаў Мацьковяк

Уладзіслаў Мацьковяк быў невысокага росту, худзенькі, насіў з дзяцінства акуляры –словам, знешні выгляд ніякім чынам не сведчыў аб мужнасці, а тым больш гераізме. Яго нават не прынялі ў Пінскую семінарыю, куды ён, вясковы хлопец з Драгічыншчыны, прыехаў паступаць у 1933 годзе. Расплакаўся тады, як дзіця, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у пінскім касцёле… Тыя горкія слёзы ўбачыў мясцовы святар і паспачуваў хлопцу – дапамог яму паступіць у Віленскую духоўную семінарыю, якую Ўладзіслаў паспяхова скончыў разам з тэалагічным аддзяленнем Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Калі яшчэ быў клерыкам, працаваў на вакацыях у Чарневічах, на Глыбоччыне, дзе яго моцна палюбілі дзеці і моладзь, з якімі ў яго быў цесны кантакт. Святарскае пасвячэнне Уладзіслаў прыняў у віленскай катэдры і быў пасланы служыць вікарыем у парафію Іказнь, непадалёк ад Браслава. Было гэта ў 1939 годзе. Пробашч парафіі Ян Завістоўскі, баючыся пераследу з боку бальшавікоў, пакінуў Іказнь, і 29-гадовы вікары застаўся адзін…

Падтрымка яму прыйшла неспадзявана ў асобе яшчэ аднаго маладога святара – 28-гадовага Станіслава Пыртака, які год таму прыняў святарскае пасвячэнне і ў верасні 1941 г. прыехаў у Іказнь служыць вікарыем. А ксёндз Уладзіслаў Мацьковяк стаў пробашчам. Ішла вайна, а яны з маладым запалам вучылі людзей, як у гэты няпросты час жыць у згодзе з сумленнем. Актыўная катэхізацыя дзяцей, якую святары праводзілі ў Іказні, была ўспрынятая немцамі як патаемнае падбухторванне вернікаў супраць іх новага парадку. Добрыя людзі папярэдзілі святароў пра арышт, які ім пагражаў, параілі ўцякаць, але яны не пажадалі гэта рабіць – вырашылі параіцца з біскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Дзеля гэтага кс.Пыртак паехаў у Вільню і атрымаў дазвол рабіць так, «як падказвае іх святарскае сумленне». А яно не дазволіла маладым святарам пакінуць парафію…

 Пробашча Ўладзіслава Мацьковяка фашысты арыштавалі 2 снежня 1941 года. Верны вікары ксёндз Станіслаў Пыртак паспрабаваў ратаваць сябра і таксама апынуўся ў браслаўскай турме. Гэткі ж лёс чакаў і групу іказненскіх парафіянаў, якія ў надзеі вызваліць святароў прынеслі акупантам слёзную просьбу з доўгім спісам подпісаў вернікаў.

Усіх іх у выніку чакала суровая беразвецкая турма – былы кляштар базыльянаў. Ягоныя муры на пачатку Другой сусветнай вайны сталі сведкамі нечуванай жорсткасці бальшавікоў з тымі, каго яны западозрылі ў нелаяльнасці да «самай  справядлівай і дэмакратычнай» улады. Пазней бальшавікоў змянілі фашысты, і бесчалавечнасць у  Беразвеччы працягвалася… Толькі цяпер  яна  чынілася  іншымі  рукамі. Хоць, як сведчыў глыбоцкі святар Пётр Барташэвіч, які наведваў вязняў у турме, іх тут утрымлівалі  ў  лепшых умовах, чым у Браславе, нават лячылі ў шпіталі. Была магчымасць уцёкаў, але  яны  яе  не  выкарысталі. Думалі не толькі пра сябе, але і пра тых, хто дзяліў з імі лёс вязняў, – у турэмных  камерах  па-ранейшаму ўтрымлівалі  і  групу іказненскіх парафіянаў.

…У келлі кляштара, што стала для  ўсіх  турмой  і апошнім жытлом, іх было трое — Мечыслаў Багаткевіч, Уладзіслаў Мацьковяк і Станіслаў Пыртак. Усведамлялі, што іх чакае расстрэл, і нават ведалі дату.

У сваім лісце да біскупа Ялбжыкоўскага кс. Мацьковяк пісаў: «Радуюся, што Бог выбраў мяне, а перад усім, што дае ласкі і сілы, бо мы ўсе трое спакойныя…».

 

“Праз тры гадзіны ўсё скончыцца…”     

Станіслаў Пыртак

Станіслаў Пыртак

  

Апошнія словы развітання кс. Станіслаў Пыртак прысвяціў сваім родным і духавенству.

«Каханы мой тата і дарагія родныя!

Некалькі гадзінаў аддзяляе мяне ад нічым не заслужанай смерці. Абавязак святара – скласці і гэтую ахвяру за Хрыста. Паміраю за навучанне рэлігіі. Не плачце і не сумуйце па мне, іду да мамусі, і там усе сустрэнемся. Будзь здаровы, дарагі тата, каханы, сёстры і ўсе родныя і знаёмыя. Пасылаю вам святарскае благаслаўленне. Пасля трох месяцаў турмы радуюся, што я годны цярпець і паміраць. Ваш кс. Станіслаў».

 

“Каханая бабуля, Раман і Чарусь!

Няма ўжо мяне сярод жывых. Знаходжуся ў камеры смяротнікаў. Праз тры гадзіны ўсё скончыцца… . Вітаю і кланяюся. Толькі не плакаць па мне, бо я спакойны (…) Ксяндзу Янкоўскаму, Паўлу, Адасю і Ясю – прывітанне. Чаруся сціскаю… Сваё святарскае благаслаўленне вам пасылае ваш кс. Станіслаў”.

 

   Дзекану Зянкевічу

“Каханы і паважаны ксёндз дзекан і кс. Пётр!

Jam consumatum est – Амаль некалькі гадзін аддзяляе мяне ад мэты майго жыцця. Дасылаю вам  падзяку за чулую апеку. Там перад Панам буду прасіць аб узнагародзе. Ёсць апошняя просьба: гэтых некалькі напісаных слоў пераслаць родным. За апеку і чулае сэрца прашу ўсіх падзякаваць. Асабліва той добрай сястры Тадзі Васілеўскай, працаўнікам шпіталю, а таксама ўсёй парафіі. Братам у святарстве апошнія поціскі і ўсім маё святарскае благаслаўленне. Chrystus vincit. Chrystus regnat.   4. III. 1942. Кс. Станіслаў”.

 

Да Мацея Паўліка – калегі з Семінарыі.

“Каханы брацішку, праз тры гадзіны куля прашые мой чэрап, складаю апошнюю ахвяру. (…) Дасылаю апошнія словы развітання і ахвярую табе Брэвіярый. Прашу, каб молячыся, часам успомніў мяне перад Панам. Прашу таксама, каб ад майго імя павітаў Дукшты, кс. пробашча, майго наступніка, а таксама ўсіх дукштынскіх парафіянаў і калегаў. Усім пасылаю сваё святарскае благаслаўленне. Глыбокае.4. III.1942. Кс. Ст. Пыртак”.

 

f-str-21…Уначы, з 3 на 4 сакавіка, ксяндзы цэлебравалі святую Імшу і свае апошнія лісты  напісалі  на старонках Брэвіярыя. Калі іх вывелі з камеры смяротнікаў, парафіяне-вязні пачалі  плакаць. Ксяндзы сказалі: “Не плачце! Наша смерць будзе для вас вызваленнем. Будзеце ўсе свабодныя. Сваю кроў ахвяруем за вас…”. Развіталіся з імі, паблагаславілі і вышлі. У лесе каля Беразвечча былі выкапаныя магілы. Ім загадалі зняць сутаны. Яны ўзаемна ўдзялілі прабачэнне грахоў і, стоячы на краі долу, разам усклікнулі: “Няхай жыве Хрыстус Валадар!”. Іх апошнія словы сталі апошнім вызнаннем  веры.

   Пра тыя жудасныя хвіліны жыцця мучанікаў расказаў польскі паліцай, які прыслугоўваў немцам і які ў той самы дзень прынёс у сакрыстыю Брэвіярый і іншыя рэчы расстраляных святароў…                                        

 

 

Артыкул падрыхтаваны па старонках Інтэрнэту


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий