Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу II, завершаны, але чытачы папрасілі расказаць пра людзей, якія акружалі, абслугоўвалі, суправаджалі гэтую яскравую асобу ў падарожжах і пілігрымках, словам, пра яго самых блізкіх калег і сяброў.
На шчасце, у распараджэнні нашай рэдакцыі аказалася Калекцыя часопісаў пра Папу Вайтыла, якая выходзіла ў розныя часы і якую перадала нам жанчына з Варшавы. Артыкулы з Калекцыі і прапануюцца вашай увазе.
Кардынал Францішак Махарскі
Адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў Караля Вайтыла і Яна Паўла II, кардынал Францішак Махарскі мае выгляд князя Касцёла, аднак захоплівае ўсіх сваёю непасрэднасцю. Нават ідучы ў працэсіі да алтара, заўважыўшы ў натоўпе знаёмага, патрафіць “кінуць вокам”, а праходзячы каля журналістаў – кінуць кароткае: “Чэсць!”.
У 1999 годзе на сустрэчу са Святым Айцом ехаў з Кракава да Гданьска цягніком. Адна з журналістак спачатку нават не была ўпэўнена, што шчуплы 70-гадовы мужчына ў акулярах, убраны ў чорныя джынсы і звычайную каларатку, з крыжам, заткнутым у кашулю, гэта яго Эмінэнцыя. Сардэчная ўсмешка і запрашэнне да размовы не пакінулі ценю сумніваў: адзінокі пасажыр у купэ цягніка Кракаў–Гдыня гэта ва ўласнай персоне кардынал Махарскі, намеснік сучаснага Папы на сталіцы кракаўскіх арцыбіскупаў.
На рэнтгенаўскім здымку
Кардынал Махарскі – адзін з самых фотагенічных польскіх біскупаў. Сам хіба таксама любіць фатаграфіі, бо штогод фундуе ўзнагароды на агульнакракаўскі конкурс “Кракаў у аб’ектыве”. Падчас штогадовага аплатку для журналістаў адзін з фатарэпарцёраў, у захапленні ад яго фотагенічнасці, запытаў кардынала, ці любіць ён добра выходзіць на здымках. “Так, асабліва на рэнтгенаўскіх”, – адказаў кракаўскі Мітрапаліт, робячы намёк на сваю цяжкую і працяглую хваробу, падчас якой праходзіў прасвятленне, абследванне і лячэнне ў шпіталі.
Кардынал Махарскі працягвае не толькі касцёльную лінію свайго папярэдніка, сённяшняга Папы Яна Паўла II. Падобна, як і ён, любіць жартаваць. Пасля з’яўлення аўтабіяграфічнай кніжкі Яна Паўла II “Дар і таямніца” сустрэў ксяндза Мечыслава Маліньскага, аўтара многіх прыгожых выказванняў пра Святога Айца: “Ах, твае кніжкі пра Папу ўжо непатрэбныя”, – з каменным тварам сказаў Маліньскаму.
Кавалер ордэна ўсмешкі
Вядомы сваёю дабрачыннасцю. Са свае касы ахвяраваў вя-лікую суму на паводку. Утрым-лівае Дом для непаўнаспраўных дзяцей у Радвановічах пад Кракавам, які належыць да фундацыі імя святога брата Альберта. Менавіта падапечныя гэтага Дому ў 1998 годзе прапанавалі яго кандыдатуру на Кавалера ордэна ўсмешкі. У апраўданне напісалі, што кардынал падарыў два аб’екты тэрапеўтычным майстэрням у Кракаве і Хшанове, а таксама пастаянна падтрымлівае прыют для непаўнаспраўных у Радвановічах.
“Ксёндз кардынал нас часта адведвае. Падтрымлівае добры кантакт з дзецьмі непаўнаспраўнымі, любіць жартаваць з імі, большасць з іх ведае па імені”, – гаворыць ксёндз Тадэвуш Залескі, старшыня Фонду імя святога брата Альберта. – Часта дае нам рэкамендацыйныя лісты і сам многакратна звяртаецца да дабрачынцаў з просьбай аб дапамозе для нас. Накіраваў для працы ў фундацыі двух ксян-дзоў, нягледзячы на тое, што яна не з’яўляецца структурай касцёльнай.
Падчас урачыстасці, прысвечанай прысваенню тытула Кавалера ордэна ўсмешкі, якая адбылася 8 кастрычніка 1998 года менавіта ў Радвановічах, кардынал Махарскі, не міргнуўшы вокам, выпіў шклянку соку з лімонам і падзяліў торт, на якім падапечныя прыюта паставілі фігуркі з воску, прадстаўляючы лаўрэата разам з непаўнаспраўнымі дзецьмі.
Кракаўскі Мітрапаліт першы атрымаў ад дзяцей з Радвановіч выкананы імі медаль брата Альберта. Акрамя яго, медалём былі адзначаны іншыя дабрачынцы фундацыі – прэм’ер Ежы Бузэк, прафесар Збігнеў Бжэзіньскі, пасол Ян Марыа Ракіта і кракаўскае Брацтва Курковэ.
Кракаўскі Мітрапаліт асвяціў таксама адзін з дамоў у Радвановічах, які носіць імя кардынала Стэфана Адама Сапегі. Не раз гаворыць, што прагне прадаўжаць дабрачынную дзейнасць сваіх папярэднікаў – кардынала Сапегі і кардынала Вайтыла. Нават спяшаючыся на набажэнства, патрафіць убачыць звычайнага чалавека. Цярпліва чакаў некалькі хвілін, прытрымліваючы дзверы касцёла, каб дапамагчы ўвайсці нямоглай бабульцы.
Чаго кардынал не дазваляе
Распаўсюджванне ідэі Божай міласэрнасці было праграмай яго біскупскага служэння. Дэвізам ён абраў словы “Езу, давяраю Табе”, якія бачны на слынным абразе Езуса Міласэрнага, намаляваным паводле аб’яўлення благаслаўлёнай сястры Фаўстыне Кавальскай, вялікай распаўсюджвальніцы культу Божай міласэрнасці.
Памыляецца, аднак, той, хто лічыць, што кардынал Махарскі добры, паблажлівы дзядзька. Можа сказаць і “не пазваляю”. Гэта ён паскардзіўся ў кракаўскую пракуратуру на фірму, якая распаўсюджвала плакат да фільма “Скандаліст Лары Флінт”, які прадстаўляў акцёра Вудзі Харэльсона, распятага як крыж на ўлонні жанчыны. З-за асацыяцыі з укрыжаваным Хрыстусам кардынал расцаніў плакат як абразу пачуццяў веруючых людзей.
З рэктара на арцыбіскупа
Пасля адыходу кардынала Вайтыла ў Рым весь Кракаў губляўся ў дагадках: хто зойме яго месца на сталіцы кракаўскіх мітрапалітаў. Ксяндзу Маліньскаму прыпісваўся выраз, які гуляў у паветры: “На месцы, з якога вырваны дуб, не будзе пасаджана морква”.
Сапраўды слаўная кракаўская сталіца павінна была мець годнага сваіх вялікіх традыцый біскупа, аднак пасля кардынала Вайтыла справа гэта была надзвычай цяжкай.
Вядомы з тэлевізійных перадач бэнэдыктынскі манах айцец Леон Кнабіт у прыватным пісьме прапанаваў 16 прэтэндэнтаў на гэты пост. Сярод моладзі Тынца арганізаваў латэрэю з такіх жа абразкаў з напісаным на адваротным баку прозвішчам кандыдата, просячы аб малітве ў яго інтэнцыі. Айцец Леон свае прагнозы сфармуліраваў у форме вершыкаў. Адзін з іх так гучыць:
А можа ўжо надышла, надышла
Адпаведная пара,
Каб апрануць фіялетам, фіялетам
Ксяндза Рэктара.
Прароцтва тое збылося, бо тамчасовы рэктар Кракаўскай семінарыі, ксёндз Францішак Махарскі, адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў кардынала Караля Вайтыла, стаў паслядоўнікам на сталіцы кракаўскіх арцыбіскупаў. Быў першым біскупам, якога менаваў Папа Ян Павел II. Даведаўшыся пра ініцыятыву айца Леона, арцыбіскуп Махарскі ўласнаручна падпісаў абразок дзяўчыне, якая малілася ў яго інтэнцыі.
Біскупскае пасвячэнне свайму супрацоўніку і паслядоўніку ўдзяліў асабіста Ян Павел II 6 студзеня 1979 года ў Ватыкане.
Новы арцыбіскуп Мітрапаліт кракаўскі ў маланкавым тэмпе быў пакліканы таксама ў Калегію кардыналаў, якая мае права выбіраць Папу. Кардыналам застаўся (рэдкі выпадак) праз паўгода пасля таго, як атрымаў намінацыю біскупа, на першай кансісторыі Яна Паўла II.
На баку Папы
Біяграфія Яна Паўла II раскрывае Францішка Махарскага як аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў, і нават прыяцелей Папы. Калісьці быў сябрам у турыстычных падарожжах Караля Вайтыла, які наведваў ксяндза Махарскага ў Козах, дзе той працаваў вікарыем. Каля 30 гадоў як працаўнік Кракаўскай семінарыі – духоўны айцец, выкладчык і рэктар – быў найбліжэйшым су-працоўнікам Караля Вайтыла, бо вядома, што семінарыя з’яўляецца “вочкам” у галаве кожнага біскупа.
Папа моцна цэніць і любіць яго прысутнасць, аб чым можа сведчыць факт, што кардынал Махарскі часта знаходзіцца ў эксклюзіўным коле некалькіх асоб, якія былі са Святым Айцом ў хвіліны адпачынку. Напрыклад, у 1997 годзе выехаў з Янам Паўлам II на Каспровы Верх, а ў 1999 адбыў з ім на караблі па возеры Вігры.
Мудрай, далёкай ад таннай сентыментальнай паставы кардынала можна лічыць тое, што непрысутнасць Папы на кракаўскіх Блонях у 1999 годзе не вызвала рэакцыі масавага рыдання і амаль гора, да чаго была склонна значная частка верных.
Кардынал Махарскі чытаў прамову Святога Айца, не пазваляючы сабе частыя ўстаўкі. Калі пачуў вокрыкі: “Святы Айцец, паздраўляем!”, адказаў: “Святы Айцец не напісаў гэтага сказа, што я скажу, але хіба мы тут добра разумеем, што гэта значыць, колькі сэнсу ёсць у адным слове “па-здраўляю”. Святога Айца: па-здраўляем”.
Найвышэйшы кракавянін
Кардынал Махарскі – ураджэнец Кракава. Нарадзіўся 20 мая 1927 года ў сям’і інтэлігентаў. Без малага тут правёў усё жыццё, за выключэннем пяцігадовай вучобы на тэалагічным факультэце ва Фрыбургу ў Швейцарыі.
Падобна як і цяперашні Папа, святарскае пасвячэнне атрымаў з рук кардынала Стэфана Адама Сапегі, аднак чатыры гады пазней, чым Караль Вайтыла (2 красавіка 1950 года). Працуючы ў Кракаўскай семінарыі, на працягу пяці гадоў даязджаў таксама з лекцыямі ў Тэалагічную Ката-ліцкую Акадэмію ў Варшаве.
Цэлы шэраг важных функцый у Польскім епіскапаце. Як кіраўнік Камісіі епіскапату па справах Каталіцкай навукі ад яе імя пад-пісаў – яшчэ з урадам ПНР – дамову, якая рэгулюе прававы статус вышэйшых каталіцкіх навучальных устаноў у Польшчы.
На працягу многіх гадоў быў віцэкіраўніком Канферэнцыі епіскапату Польшчы і кіраваў Камісіяй па справах апостальства свецкіх, напамінаючы пра неабходнасць большага ўдзелу свецкіх у жыцці Касцёла.
Член чатырох Ватыканскіх кангрэгацый: па справах каталіцкага выхавання, духавенства, біскупаў і Законаў.
Як Мітрапаліт кракаўскі мае тытул Вялікага Канцлера Папскай Тэалагічнай Акадэміі ў Кракаве. Ганаровы Доктар Каталіцкага Ўніверсітэта ў Тайбэі на Тайвані, Універсітэта Адамсана ў Маніле на Філіпінах і Варшаўскай Тэалагічнай Каталіцкай Акадэміі.
Кардынал Махарскі – не толькі адзін з найвышэйшых рангам каталіцкіх саноўнікаў у Польшчы, але – даслоўна, з-за росту – адзін з найвышэйшых польскіх іерархаў.
(Калекцыя. Кніга VI. Найбліжэйшыя Караля Вайтыла, раздзел 17).