Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу II, завершаны, але чытачы папрасілі расказаць пра людзей, якія акружалі, абслугоўвалі, суправаджалі гэтую яскравую асобу ў падарожжах і пілігрымках, словам, пра яго самых блізкіх калег і сяброў.
На шчасце, у распараджэнні нашай рэдакцыі аказалася Калекцыя часопісаў пра Папу Вайтыла, якая выходзіла ў розныя часы і якую перадала нам жанчына з Варшавы. Артыкулы з Калекцыі і прапануюцца вашай увазе.
Стэфан кардынал Вышыньскі
Прымас Польскі
“Ксёндз Прымас стаў асаблівай… перамычкай. Перамычка – гэта тое, што злучае, трымае скляпенне і паказвае сілу фундамента будовы”, – напісаў Папа ў гаміліі, агучанай падчас пахавальных урачыстасцей кардынала Вышыньскага.
Калі 22 кастрычніка 1948 г. памірае прымас Польскі Аўгуст Хлонд, Стэфан Вышыньскі мае 47 гадоў і пястуе пасаду біскупа дыяцэзіі Любэльскай. З’яўляецца ксёндзам нетыповай у Польшчы дарогі інтэлектуальнага развіцця. Яго дактарат “Маральна-рэлігійныя перамены пад уплывам беспрацоўя”, выдадзены ў 1937 годзе, сведчыць аб сацыяльнай уражлівасці, цесных, падчас акупацыі, кантактах са слаўным асяродкам кс. Карніловіча ў Ласках, аб знаёмстве з новымі поглядамі ў каталіцкай думцы (згодна з функцыямі капелана АК, якія ў той час выконваў), аб адвазе і гарачым патрыятызме.
Нечакана – аб’яднаны ў Кракаве пад кіраўніцтвам кардынала Сапегі епіскапат – называе кандыдатуру маладога біскупа на арцыбіскупа Гнезна і Варшавы, а тым самым – і Прымаса Польшчы.
Інгрэс новага Прымаса ў Гнезна адбыўся 2 лютага 1949 года, а ў Варшаве – на чатыры дні пазней. Новы Прымас заявіў тады, што не плануе быць палітыкам, а толькі пастырам. Жыццё павінна было праверыць тыя планы.
Пачатак 50-х гадоў – гэта час завостранага канфлікту ўлады з Касцёлам, хоць афіцыйна дыялог і не перарываўся. Улады вядуць з Касцёлам вайну “пад’язную” – ліквідуюць некаторыя ніжэйшыя духоўныя семінарыі і навіцыяты, пераследуюць ксяндзоў, даходзяць да арыштаў.
На пачатку 1951 года быў арыштаваны кс. Антоні Сломкоўскі, рэктар Любэльскага Каталіцкага Універсітэта – адзінай у савецкім блоку каталіцкай навучальнай установы, а некалькі месяцаў пазней – яшчэ дзевяць ксяндзоў з першай дыяцэзіі Вышыньскага ў Влоцлаўку.
Сітуацыю пагаршае востры пратэст епіскапату адносна зацверджання ўладай кандыдатур біскупаў. Епіскапат сцвярджаў, што толькі Папа, сілаю кананічнага права, можа канчаткова вызначаць выбар з прадстаўлення Прымаса. Улады абвяргалі такое становішча.
У цені працэсаў і турмаў
Праўдападобна, што эскалацыя варожасці ўладаў ПНР адносна Касцёла была адным з повадаў, дзеля якіх Папа Пій XII назначыў Вышыньскага кардыналам. Ад моманту смерці кардынала Сапегі ў 1951 годзе ў Польшчы не было ні аднаго кардынала і Папа хацеў такім спосабам падняць прэсціж польскага Касцёла.
30 лістапада 1952 г. Прымас Польскі атрымоўвае дакумент з Ватыкана аб тым, што 12 студзеня Папа Пій XII на тайным пася-джэнні сходу кардыналаў вырашыў увесці яго ў склад Калегіі кардыналаў. Улады, аднак, адмовілі Вышыньскаму ў выдачы пашпарта. Гэта было помстаю за непрымірымую пазіцыю Прымаса адносна праекту новай канстытуцыі. Вышыньскі аспрэчваў брак запісу ў ёй аб тым, што Касцёл з’яўляецца інстытутам публічным, і брак запісу аб гарантыі яго дзейнасці.
У 1953 годзе чатыры ксяндзы і тры свецкія работніцы Кракаўскай архідыяцэзіі прадсталі перад вайсковым судом па сфабрыкаваным абвінавачванні ў шпіянажы на карысць ЦРУ, а таксама ў нелегальным гандлі валютай. У пяцідзённым паказальным працэсе важна было скампраметаваць духавенства і падтрымаць прарэжымныя каталіцкія арганізацыі. Тры асобы былі асуджаныя на смерць (прысуд, на шчасце, не быў выкананы), а астатнія – на працяглыя турэмныя срокі.
Смерць Іосіфа Сталіна 5 сакавіка 1953 г. не палепшыла сітуацыю. Ні на йоту. А нават пагоршыла…
Прымас у турме
Позна ноччу 25 верасня 1953 года 52-гадовага кардынала арыштавалі. Калі шпіёны з управы бяспекі ўварваліся ў Палац Прымаса, аднаго з іх пакусала сабака кардынала. Прымас аказаў агенту першую дапамогу, а потым спакойна сеў у машыну. Пасля ўсяночнай язды быў завезены ў манастыр капуцынаў у Рывалдзе.
Тры тыдні пазней кардынала перавезлі ў Сточэк каля Лідзбарка Вармінскага. Знаходзіўся там у вільготнай і неабаграванай манастырскай камеры, сцены якой зімою пакрываў лёд. Аслабеўшы здароўем, духоўна аддаўся Маці Божай, пагаджаючыся з любым лёсам, у тым ліку са смяротным прысудам.
Нягледзячы на гэта, не пакідае спробы дасягнуць кампрамісу. У ліпені 1954 г. звяртаецца ва ўрад з мемарандумам, падсумоўваючы высілкі епіскапату для дасягнення паразумення з урадам. Потым яшчэ шматразова звяртаўся да ўладаў, але яго лісты заставаліся без адказу.
На працягу адасаблення (1953 – 56 гг.) ўлады многа разоў зменьвалі месца знаходжання вязня. Са Сточэка яго перавезлі ў Пруднік на Слёнзку, а пасля таго, як не згадзіўся з прапановамі ўладаў, каб застаўся ў манастырскай ізаляцыі, адмовіўшыся ад усіх касцёльных функцый, – у Каманчу ў Бешчадах.
Яснагорскія Шлюбы
Пасля фатальных ўмоваў у папярэдніх месцах Каманча азначала паляпшэнне. Тут Прымас знаходзіцца пад апекаю епіскапату і вяртае сілы. Пастанаўляе аддаць народ і Касцёл польскі ў дабравольную няволю Марыі. У маі рэдактыруе тэкст Яснагорскіх Шлюбаў, які патаемна высылае ў Чанстахову, дзе 26 жніўня 1956 г. быў прачытаны ў прысутнасці амаль мільёна верных.
У Шлюбах Марыя абвяшчалася Каралеваю Народу і складаліся маральныя абавязкі ўзмацнення веры, укаранення Евангелля і хрысціянскіх абычаяў у жыццё маладых пакаленняў, а таксама ажыццяўлення ўсяго, “каб Польшча была рэальным Каралеўствам Тваім і Твайго Сына, цалкам адданым пад Тваё кіраўніцтва ў жыцці нашым асабістым, сямейным, працоўным і грамадскім…”.
У канцы кастрычніка ўрад – пад уплывам актыўных грамадскіх рухаў і непахіснай пазіцыі Прымаса – абяцае аднаўленне правоў Касцёла. Пасля гэтага Прымас вяртаецца ў Варшаву і зноў прымае свае функцыі.
Вышыньскі і Вайтыла
У ліпені 1958 года Пій XII пры-значыў шэсць новых польскіх суфраганаў, дапаможных біскупаў. У ліку іншых тытул біскупа атрымоўвае 38-гадовы ксёндз Караль Вайтыла.
Як біскуп Вайтыла не прымае ўдзел у эфектных антыкамуністычных выступленнях. Імкнецца ігнараваць папярэджанні ўладаў, але таксама пазбягаць яўнай палітычнай дзейнасці. У тым заключаецца – з цягам часу ўсё відавочней – розніца паміж ім і Прымасам Вышыньскім.
Гэтае адрозненне так апісваў аўтар тайнага дакумента МУС: “Можна смела сказаць, што ён (Вайтыла) з’яўляецца адным з нешматлікіх інтэлектуалаў у польскім епіскапаце. У супрацьлегласць Вышыньскаму лічыць годнай традыцыйную народную рэлігійнасць з каталіцызмам інтэлектуальным, цэнячы адно і другое (…). Да гэтай пары ён ніколі не займаўся адкрыта антыдзяржаўнай палітычнай дзейнасцю. Выдаецца, што палітыка не з’яўляецца яго моцным бокам; ён звышінтэлектуальны. (…) Яму бракуе здольнасцей арганізацыйных і лідэрскіх. І гэта гаворыць аб яго слабасці ў суперніцтве з Вышыньскім”.
Прымас ў цені свайго біскупа
У кастрычніку 1962 года дэлегацыя епіскапату Польшчы пад кіраўніцтвам кардынала Вышыньскага накіроўваецца ў Рым на пачатак пасяджэння II Ватыканскага Сабору. У склад 10-асабовай дэлегацыі ўваходзіў таксама біскуп Кракава Караль Вайтыла.
Кардынал Вены Франц Кёніг, даўні прыяцель польскага Прымаса сцвярджае, што падчас Сабору Вайтыла рашуча зацямніў Вышыньскага, “які не мог засяродзіцца на пытаннях, што разглядаліся”. Кёніг дапускае, што Прымаса хвалявала тысячагоддзе хросту Польшчы ў 1966 г. і запланаваны ў сувязі з гэтым прыезд Папы ў Польшчу.
“Вышыньскі не надаваў значэння Сабору, – успамінае аўстрыйскі кардынал, – для яго Сабор датычыўся толькі Захаду, у той час як сам разважаў: “Значна важней ёсць той другі бок Еўропы… Еўропа Ўсходняя”.
Таму не Прымас, а Вайтыла стаў галоўным польскім прадстаўніком у Рыме.
(Калекцыя. Кніга VI. Найбліжэйшыя Караля Вайтыла, раздзел 10).
Працяг у наступным нумары