Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу II, завершаны, але чытачы папрасілі расказаць пра людзей, якія акружалі, абслугоўвалі, суправаджалі гэтую яскравую асобу ў падарожжах і пілігрымках, словам, пра яго самых блізкіх калег і сяброў.
На шчасце, у распараджэнні нашай рэдакцыі аказалася Калекцыя часопісаў пра Папу Вайтыла, якая выходзіла ў розныя часы і якую перадала нам жанчына з Варшавы. Артыкулы з Калекцыі і прапануюцца вашай увазе.
Ежы Клюгер
Да найбліжэйшых прыяцеляў Папы адносіцца Ежы Клюгер, габрэйскі калега Караля Вайтылы яшчэ з Вадовіц. Хоць з-за вайны і страціў кантакт з ім недзе гадоў на 30, зараз заўсёды знойдзе час для сардэчнага спаткання, а нават на Вігілію разам.
Блізкае сяброўства з Клюгерам не здзіўляе, калі памятаць, што Ян Павел II для дыялогу хрысціян з габрэямі і пераменаў у стаўленні хрысціян да габрэяў зрабіў болей, чым усе яго папярэднікі на Сталіцы Пятровай, разам узятыя. Ён таксама першы Папа ў гісторыі, які наведаў – 13 красавіка 1986 года – сінагогу ў Рыме.
У часы, калі быў кардыналам, здаралася, што прыходзіў інкогніта ў сінагогу ў Кракаве на розныя габрэйскія святы. Падчас яго пантыфікату, у 1993 г., Апостальская Сталіца афіцыйна прызнала дзяржаву Ізраэль. Годам раней перамоўшчык па гэтай справе з боку ізраэльскага ўраду Аві Пазнер на аўдыенцыі ў Папы паскардзіўся, што сярод дзяржаў, якія не прызналі Ізраэль, Ватыкан знаходзіцца сярод Ірану, Іраку і Лівіі. Папа ўважліва паглядзеў на Пазнера і запытаў: “ Хоча пан сказаць, што мы – найгоршыя?”. Пасля, усміхаючыся, дадаў: “Наша традыцыя падказвае: астатнія стануць першымі”.
Чатыры гады таму для ўшанавання намаганняў Папы на карысць паяднання і збліжэння паміж католікамі і габрэйскім народам ў Ватыканскіх Садах было пасаджана аліўкавае дрэўца. Калі прадстаўнік Ізраэля пры Апостальскай Сталіцы Шмуэль Хадас праінфарміраваў Яна Паўла II асабіста, што яго іменем названы парк недалёка ад Назарэту – горада Езуса Хрыста, Папа паведаміў, што, апроч усяго, павінен паехаць і паглядзець на той парк. А да свайго габрэйскага школьнага прыяцеля Ежы Клюгера, які стаяў збоку, звярнуўся з прапановай: “Ежы, калі паеду ў Ізраэль, паедзеш са мною”.
Варатар у габрэйскай камандзе
Адкрытасць стаўлення адносна “старэйшых братоў па веры”, як гаворыць пра габрэяў Ян Павел II, ён вынес з бацькоўскага дому. Павазе да габрэяў вучыў яго бацька, былы вайсковец.
Будучы Папа нарадзіўся ў “камяніцы”, якая належала багатаму габрэйскаму купцу Хайму Баламуту. У Вадовіцах меў многа габрэйскіх прыяцеляў са школьнай парты і з футбольнага поля. Футбольныя матчы разыгрываліся паміж габрэйскімі і каталіцкімі камандамі, але Лёлек Вайтыла выступаў таксама і ў габрэйскіх камандах, калі тым быў патрэбен варатар.
Малітва за Рэгіну
Сярод яго калег была прыгожая чарнавокая Гінка (Рэгіна) Бээр, у якой быў партнёрам па сцэне аматарскага тэатру. У 1979 г., на генеральнай аўдыенцыі, Папа пазнаў Гінку, на той час Рэгіну Рэйзенфельд, калі нехта ў натоўпе пазваў яе па імені. “Тваё імя – Рэгіна. Жылі мы ў адным доме. Што чуваць у твае сястры Хэлены?”, – апісваў тое незвычайнае спатканне (па матэрыялах“Паўночна-амерыканскага газетнага альянсу”) Тад Шульц ў сваёй кніжцы пра Яна Паўла II.
Гінка расказала свайму даўняму калезе, што яе маці загінула ў Асвенцыме, а бацька замучаны ў Савецкім Саюзе. На той час – як успамінае Гінка – Папа паглядзеў на яе, а “яго вочы былі напоўненыя глыбокім спачуваннем. Узяў мае далоні і каля дзвюх хвілін блага-слаўляў мяне і маліўся за мяне, трымаючы мае рукі ў сваіх. На плошчы Святога Пятра стаялі тысячы людзей, але на працягу тых секундаў былі там мы толькі ўдваіх”.
Яшчэ большую павагу атрымаў іншы габрэйскі калега Караля Вайтылы – Польдэк Гольдбергер, якога Папа запрасіў у летнюю рэзідэнцыю ў Кастэль-Гандольфо. Ян Павел II правёў з ім вечар, слухаючы музыку і спевы.
Дзеці аднаго Бога
Найдаўжэйшы час трывала дружба Караля Вайтылы з Ежы Клюгерам, калегай з гімназіі, сынам габрэйскага адваката з Вадовіц. Абое хлопцы разам выконвалі дамашнія заданні ў доме Вайтылаў. Бацька Караля расказваў ім пра Першую сусветную вайну і перапытваў даты з гісторыі Польшчы.
Караль таксама часта бываў дома ў Юрэка. Менавіта тут будучы Папа дакрануўся да класічнай музыкі, слухаючы пробы квартэту, якім кіраваў бацька калегі – Вільгельм Клюгер.
Абодва прыяцелі слухалі таксама радыётрансляцыі футбольных матчаў. Разам капаліся ў Скаве, што працякала праз Вадовіцы, зімою гулялі ў хакей на замёрзлай сажалцы або ездзілі на нартах.
І гэта ад Юрэка даведаўся Лёлек Вайтыла, што прынялі яго ў гімназію. Габрэйскі прыяцель не вагаўся, каб паспяшыць з гэтаю весткаю да касцёла, дзе Лёлек прыслужваў на святой Імшы як міністрант. Жан Франко Свідэрхосці ў сваёй слыннай кніжцы пра іх сяброўства пад назвай “Ліст да прыяцеля габрэя” так пераказвае гэты эпізод:
“Юрэк стаяў збоку, чакаючы заканчэння Імшы. Праходзячы каля яго, нейкая жанчына паглядзела на яго са здзіўленнем:
– Ці ты не сын старшыні габрэйскай гміны? – запытала і паспешна адыйшла, не чакаючы адказу. Юрэк, зрэшты, не надта ведаў, што ёй адказаць.
З’явіўся Лёлек:
– Чаго хацела ад цябе жанчына?
– Не ведаю. Можа здзівілася, угледзеўшы габрэя ў касцёле.
Лёлек моцна рассмяяўся:
– Чаго мела дзівіцца? Мы ўсе дзеці аднаго Бога!
Юрэк быў задаволены словамі прыяцеля. Яшчэ большую прыязнасць вызваў спосаб, якім тыя словы былі выказаныя”.
У Рыме першым быў Юрэк
Караль Вайтыла, будучы выдатнікам у класе, не даваў спісваць. Аднак на выпускным экзамене, адчуўшы клопат прыяцеля, даў яму спісаць заданне па матэматыцы.
Разлучыла іх далейшая вучоба. Караль Вайтыла паехаў у Кракаў, а Ежы Клюгер – на інжынерны факультэт у Варшаву. “Бывай, Юрэк!”, “Бывай, Лёлек!” – сказалі адзін другому пры развітанні, калі сустрэліся мімалётна ў 1938 г. астатні раз у Вадовіцах.
Калі выбухнула вайна, Клюгер разам з бацькам уцёк на усход, каб праз лагер у тайзе трапіцьу армію генерала Андэрса, змагацца пад Монтэ-Касіно і асесці ў Рыме і працаваць інжынерам.
Звяртайся да мяне “Лёлек!”
Двое школьных прыяцеляў сустрэліся ў 1965 годзе дзякуючы таму, што нехта прачытаў Ежы Клюгеру, што на II Ватыканскім Саборы выступіў з прамоваю арцыбіскуп Кракава Караль Вайтыла.
Клюгер адразу звоніць у Інстытут Польскі на вуліцы Петро Каваліні. Не застаў прыяцеля, пакідае паведамленне. У той самы ж дзень звоніць да яго арцыбіскуп Вайтыла і запрашае на спатканне:
– Юрэк, ты зусім не змяніўся!
– Яго Эксцэленцыя таксама не!
– Але ж не звяртайся да мяне такім чынам. Звяртайся да мяне “Лёлек!”, як заўсёды, – такой была іх першая размова праз амаль трыццаць гадоў разлукі. На развітанне, як піша Жан Франко Свідэрхосці, прыяцелі моцна абняліся. Арцыбіскуп Вайтыла, гледзячы ў вочы Клюгеру, сказаў: “Прыйдзе такі дзень, калі габрэі і хрысціяне будуць вымушаны так спаткацца”.
Ліст ад Папы
30 сакавіка 1989 года Ежы Клюгер атрымаў ад свайго прыяцеля афіцыйна-прыватны ліст з гербам і папскай пячаткай, які пачынаўся словамі: “Дарагі Юрку!”.
Ян Павел II пісаў пра маючую адбыцца 9 мая таго ж года ў Вадовіцах урачыстасць адкрыцця памятнай дошкі ў гонар габрэяў, замучаных гітлераўцамі.
Праз ваганні, упершыню за 50 гадоў Клюгер паехаў у Польшчу і ўдзельнічаў у адкрыцці памятнай дошкі, прысвечанай габрэям вадавіцкай зямлі. Клюгер прачытаў тады ліст, атрыманы ад Папы.
Вігілія з Папам
І гэта Клюгер уваходзіў у тое вузкае кола асобаў, якія Ян Павел II на другі дзень свайго пантыфікату, 17 кастрычніка 1978 г., запрасіў на развітанне з Айчынай.
Ежы Клюгер, разам з жонкай Ангелкай Рыні, былі часта запрошаныя Папам на абед або вячэру. Пры стале дарослыя сталыя мужчыны звярталіся адзін да другога памяншальна, як у дзяцінстве.
Калі Ян Павел II быў у маладым узросце, іграў са сваім калегай у пінг-понг.
Папа ахрысціў унучку Клюгера (Рыні Клюгер і яе дачка Стэфанія – каталічкі), а калі ў 1997 годзе вышла яна замуж, удзяліў сужэнцам сваё благаслаўленне ў прыватнай капліцы ў Кастэль-Гандольфо.
Аб вялікай блізкасці, якая існавала паміж прыяцелямі, сведчыць той факт, што ў 1993 годзе Клюгеры праводзілі разам з Папай Вігілію.
(Калекцыя. Кніга VI. Найбліжэйшыя Караля Вайтыла, раздзел 6).