Найбліжэйшыя Папы Вайтыла

Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу II, завершаны, аднак цікавасць да яго  яскравай асобы застаецца. У рэдакцыю часопіса пазваніла Станіслава Шпілеўская з Мінска і выказала такое меркаванне: добра, што часопіс друкуе прамовы Папы, якія выходзілі з яго палымянага сэрца, але вельмі цікавяць атмасфера, у якой ён знаходзіўся штодня, людзі, якія яго акружалі, абслугоўвалі, суправаджалі ў падарожжах і пілігрымках. І дадала просьбу: надрукуйце што-небудзь пра яго самых блізкіх калег і сяброў.

 

На шчасце, у распараджэнні нашай рэдакцыі аказалася Калекцыя часопісаў пра Папу Яна Паўла II, якая выходзіла ў розныя часы і якую перадала нам жанчына з Варшавы.

Новую серыю артыкулаў пра cвятога Папу Яна Паўла II і яго блізкае акружэнне пачынаем з расказа пра яго бацькоў.

 

 

 

Бацькі Яна Паўла II

 

 

Сваіх бацькоў страціў рана, але праз усё жыццё захоўваў іх ва ўдзячнай памяці. (…)

Падчас візітаў у Кракаў заўсёды наведваў  Ракавецкія Могілкі, дзе ў агульнай магіле  болей за паўвеку ляжаць: мама Эмілія з Качароўскіх Вайтыла, бацька Караль Вайтыла-сеньёр і брат Эдмунд.

 

“Тая, якая выпусціла мяне на свет”

 

Акуталі любоўю яго дзяцінства...

Акуталі любоўю яго дзяцінства…

У аўтабіяграфічнай кніжцы “Дар і Таямніца” Ян Павел II успамінае: “Маці я страціў яшчэ ў дзевяцігадовым узросце, перад Першай Святой Камуніяй, таму меней яе памятаю і меней усведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, несумненна, вельмі вялікі”. Біёграфы, аднак, падкрэсліваюць, што гэта Эмілія Вайтыла  навучыла малога Караля  рабіць знак крыжа і знаёміла яго са Святым Пісаннем.

За бацькоў,  а таксама старэйшага  брата і памерлую  перад яго нараджэннем сястру Ян Павел II маліўся падчас свайго першага візіту ў Вадовіцы 7 чэрвеня  1979 года. А ў прамове, выказанай  16 чэрвеня 1999 года на рынку роднага месца, не  прапусціў, каб не падзякаваць вадавічанам за тое, што мясцоваму Дому Самотнай Маці, дзе знайходзяць  “апеку і дапамогу жанчыны, якія, нягле-дзячы на ахвяры і супраціўленні,  прагнуць захаваць свой дар мацярынства”,  надалі імя яго маці. “Моцна ўдзячны вам за гэты вялікі дар вашай любові да чалавека і клопату пра жыццё. Тым большая мая ўдзячнасць, што гэты Дом носіць імя маёй маці, Эміліі. Веру, што тая, якая выпусціла мяне на свет і акутала любоўю маё дзяцінства, будзе апекавацца таксама і гэтаю справаю”.

Эмілія з Качароўскіх  Вайтыла нарадзілася 26 сакавіка 1884 года ў Белай як дачка Фелікса, кракаўскага рымара  і Марыі з дому  Шульз, якая была адной з дочак кракаўскага  партнога. (…) 

Сям’я Качароўскіх была шматдзетнай – Эмілія прыйшла на свет пятым дзіцём з трынаццаці. Адукацыю атрымала ў кракаўскай школе Кангрэгацыі Сясцёр Любові Божай. Не вядома дакладна, дзе і калі пазнаёміліся бацькі будучага Папы. Шлюб узялі ў Кракаве  ў 1906 годзе, калі Эміліі споўнілася 22 гады; Караль- сеньёр быў на 5 гадоў за яе старэйшы. Пасведчанне шлюбу загінула, але адбыўся ён падобна ў гарнізонным касцёле, калі Караль Вайтыла быў вайсковым у званні ўзводнага.

На працягу трынаццаці гадоў Вайтылы жылі  ў Кракаве, дзе нарадзіліся двое іх дзяцей: у 1906 годзе Эдмунд і дачушка Ольга, якая памерла хутка пасля нараджэння (дата яе нараджэння і дата смерці невядомыя). У 1919 годзе Вайтылы пераехалі ў Вадовіцы.  18 мая наступнага года там нарадзіўся іх трэці патомак – Караль Юзаф.

Будучы Папа  падрастаў у вельмі рэлігійнай атмасферы – у яго бацькоўскім доме  чыталася Святое Пісанне, звычайнай была супольная малітва, сям’я прытрымлівалася  посту.

 

“О, маці, патухшае каханне”

 

Эмілія Вайтыла была слабога здароўя, займалася дамашняй працай і выхаваннем дзяцей. Каб падмацаваць сямейны бюджэт (акрамя двух сыноў, Вайтылы на працягу пэўнага часу выхоўвалі  таксама  сваячку Наталлю), шыла на машыне. Прадказвала, што яе сын будзе вялікім чалавекам.

Перад смерцю цэлымі тыднямі ляжала  ў замкнутым пакоі, да якога Караль не меў доступу, – маці не хацела, каб сын  бачыў яе знішчаны болем твар.

Памерла 13  красавіка 1929 года  ва ўзросце 45 гадоў ад запалення сардэчнай мышцы і нырак. Узрушаны смерцю муж папрасіў настаўніцу будучага Папы Зофію Бернадтову, каб менавіта  яна  праінфарміравала Караля пра смерць маці. Пахаванне адбылося  праз тры дні на вадавіцкіх могілках, а цырымонію ўзначаліў ксёндз Леанард Прахоўнік, якога пазней так часта ўспамінаў Ян Павел II.  Праз некаторы час  гроб з целам  Эміліі Вайтыла  перанеслі на Ракавецкія Могілкі ў Кракаве (…).

 

Хатняя семінарыя

 

Незвычайны бацька і адзін з першых прыкладаў – старэйшы брат

Незвычайны бацька і адзін з першых прыкладаў – старэйшы брат

Значна  болей сведчанняў захавалася пра бацьку Папы – Караля Вайтыла, які перажыў жонку на 12 гадоў.

У кніжцы “Дар і Таямніца” Ян Павел II так успамінае айца:

“Я мог кожны дзень бачыць суровае жыццё свайго бацькі. Па прафесіі ён быў вайскоўцам, а калі аўдавеў, жыццё яго яшчэ ў большай ступені стала  жыццём бесперапыннай малітвы. Часта, абудзіўшыся ноччу, я бачыў свайго бацьку на каленях..Таксама на каленях заўсёды бачыў яго ў нашым парафіяльным касцёле. Ніколі не размаўлялі мы між сабою пра святарскае пакліканне, але гэты прыклад майго бацькі быў як бы першаю хатняю семінарыяй”.

Караль Вайтыла-сеньёр нара-дзіўся 18 ліпеня 1879 г. у Ліпніку. Як і яго бацька, вучыўся быць краўцом, але  ва ўзросце 21 года  быў прызваны ў аўстрыйскае войска  і да канца жыцця заставаўся прафесійным  вайскоўцам.

У розныя часы служыў у Вадовіцах, Львове, Кракаве і зноў у Вадовіцах. Падчас Першай сусветнай вайны менавіта ў тым месцы, дзе прыйдзе на свет будучы Папа, Караль Вайтыла-сеньёр трапіў пад артылерыйскі абстрэл расіян і за адвагу і выключную субардынацыю  ўзнагароджаны  аўстрыйскім Жалезным Крыжам Заслугі з вянком.

У хуткім часе пасля атрымання незалежнасці Польшчы уступіў у нанова створанае Войска польскае і ў рангу лейтэнанта быў залічаны ў  Дванаццаты Полк пяхоты ў Вадовіцах.

 

Хацеў, каб Лёлек стаў салдатам

 

Пасля смерці жонкі Караль Вайтыла прысвяціў сябе без астатку выхаванню сыноў.  На жаль, у 1932 годзе памірае любімы старэйшы брат Лёлека – Эдмунд, званы Мундкам, выпускнік лячэбнага факультэта Ягелонскага Ўніверсітэта, які, працуючы ў мясцовым шпіталі ў Бельску, заразіўся ад аднаго з пацыентаў смяртэльнай  шкарлятынай.

Значна пазней, пражыўшы годы,  Ян Павел II прызнаецца, што смерць брата кранула яго мацней, чым смерць маці.

Пасля смерці  Эдмунда жыццё Караля  Вайтылы-сеньёра запоўнілі дзве справы  – апека над Лёлекам і рэлігія. Тыя трагедыі ўзмацнілі сувязь айца з будучым Папай. Часта разам адмаўлялі Ружанец і пілігрымавалі да Кальварыі Зебжыдоўскай  або ў Чанстахову.

Аднак, як сцвярджае біёграф  і прыяцель Папы ксёндз Мечыслаў  Маліньскі, Лёлек павінен быў пераадолець супраціў з боку бацькі, калі вырашыў пайсці  за голасам святарскага паклікання.  “Ён, – піша  ксёндз Маліньскі, – іначай  уяўляў сабе будучыню сына.  Ахвотней за ўсё бачыў бы яго ў войску – так можна служыць Айчыне найлепей, а пры тым яшчэ і мець забяспечаны быт”.

 

Была толькі адна такая сям’я

 

Любімая маці і любімы старэйшы брат

Любімая маці і любімы старэйшы брат

Ва ўспамінах біёграфаў і старэйшых вадавічан  Караль Вайтыла, тытулаваны паўсюдна  капітанам, з’яўляецца чалавекам нязменных правіл, мармытлівы, маласлоўны і суровы. Тым часам пад маскаю жорсткасці ўкрываўся цудоўны, шляхетны  чалавек (…).

Для характарыстыкі айца будучага Папы многае раскрывае сведчанне вадовіцкай габрэйкі Гінкі Беер, якая моцна падабалася гімназісту Каралю Вайтыле. Калі яе калега стаў Папай, Гінка падзялілася з адным з журналістаў наступным  успамінам: “Ведала, што карысталася вялікаю папулярнасцю сярод польскіх хлопцаў і дзяўчат, але было таксама і многа антысемітызму. Была толькі адна такая сям’я, якая ніколі не паказала следу расавай варожасці ў адносінах да нас.  Быў гэта  Лёлек і яго тата (…) Калі ўжо мела выехаць з Польшчы ў Палестыну, паколькі  (…) няшчасце  пагражала  габрэям (…), пайшла развітацца з Лёлекам і яго айцом.  Пан Вайтыла надта перажываў за мой выезд, а калі запытаў, дзеля чаго, я патлумачыла яму. Пастаянна паўтараў: “Не ўсе палякі антысеміты. Ведаеш, я не антысеміт!».  Размаўляла з ім шчыра і сказала, што нямнога такіх палякаў, як ён. Быў моцна засмучаны. А Лёлек хіба яшчэ болей, чым яго айцец”.

Аднолькава цёпла ўспамінае  Караля Вайтыла-сеньёра Ежы Клюгер,  габрэйскі прыяцель Папы, які быў частым госцем у доме Вайтылаў.

 

Лёлек з бацькам у сінагозе

 

У перадваенных Вадавіцах  дайшло да незвычайнага здарэння. На канцэрт слыннага спевака Мойшы Кусевіцкага, званага  габрэйскім  Энрыко  Карузо, ў мясцовую сінагогу былі запрошаны мясцовыя католікі. Сярод іх быў Лёлек Вайтыла з айцом.

Гэтыя асабістыя прыяцельскія кантакты будучага Папы з габрэямі, магчыма,  дзякуючы адносінам яго айца, будуць мець пазней істотны ўплыў на пазітыўныя змены  Касцёла  да габрэяў і іудаізму.

 

Сапраўдны казачнік

 

У кнізе “Невядомы Папа” амерыканскі пісьменнік Дарцы О’Брыен звяртае ўвагу на  ўплыў, які меў Караль Вайтыла-сеньёр на выхаванне патрыятычнай пазіцыі свайго сына і яго калегаў.  Сваім салодкім барытонам “распавядаў ім гісторыю аб польскім багатырстве, мучаніцтве і змёртвыхпаўстанні”. Як сапраўдны казачнік, піша  О’Брыен, “айцец Лёлека “маляваў” словамі сцэну за сцэнай. Ажывіў святую Каралеву Ядвігу, якая ў ХIV стагоддзі  аб’яднала Польшчу з астатнім,  не прыняўшым хрысціянства народам Еўропы, – Літвой, робячы свой край “парогам” супраць  туркаў  і на некаторы час – еўрапейскай магутнасцю. Капітан прыпамінаў хлопцам, што магілы тых вялікіх палякаў знаходзяцца недалёка, у кракаўскай катэдры на Вавелю, і што павінны іх адведаць.  Бацька Лёлека дома меў трохі кніжак, але сапраўдную бібліятэку трымаў у галаве”.

 

Найвялікшая святасць – нітка, якая звязвала з бацькам

 

У жніўні 1938 года Караль Вайтыла  са сваім  18-гадовым сынам пераехалі з Вадовіц у Кракаў.  Занялі памяшканне ў падвале дома па вул. Тынецкай, 10 на Дэмбніках, пабудаванага дзядзькам будучага Папы Робертам Качароўскім.  Тут яны правялі першыя гады акупацыі.

Зімою 1941 года Вайтыла-сеньёр захварэў.  Успамінае ксёндз Мечыслаў  Маліньскі: “Бачыў заўсёды,  як любіць айца,  як звязаны з ім. Але толькі гэтая працяглая хвароба дапамагла ўсвядоміць, што ўяўляюць сабой яны адзінства. Што над усімі кантактамі, знаёмасцямі, прыязнымі адносінамі захавалася найбольшая святасць – нітка,  якая звязвала Караля з бацькам. І гэта непарушальнае, недатыкальнае. Найлепей яму было не размаўляць на тэму бацькі, а калі ўжо патрэбна было, то адзываўся пра яго з незвычайнай  павагай. Караль неахвотна запрашаў да сябе. Памяшканне ў іх было вельмі малое і сціплае. А да таго ж айцец не надта быў ахвочы падтрымліваць таварыства. Тым не меньш я ўступіў з ім у кантакт, быў пачцівы да яго супакою, развагі. Ён  выглядаў моцна  паважным на свой век. Меў тады болей за шэсцьдзесят гадоў”.

Караль Вайтыла-сеньёр памёр 18 лютага 1941 года  па прычыне сардэчнай  недастатковасці. (…)

У 1994 годзе падчас прыватнай  размовы ў Рыме са сваім прыяцелем з кракаўскай пары  Юліюшам  Кыдрыньскім,  Ян  Павел  II  успамінаў  ноч  пасля  смерці айца: “Ніколі не адчуваў сябе такім самотным”.

 

 

(Калекцыя. Кніга VI. Найбліжэйшыя Караля Вайтыла, раздзел 18).

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий