Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
Няма большай любові…
80 гадоў таму, 13 ліпеня 1943 года, на фартах у Навумавічах каля Гродна фашысты расстралялі Мар’яну Бярнацкую. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі. Стоячы на каленях каля ног эсэсаўца, прасіла: “Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе!”. Нявестка вярнулася дамоў, а Мар’яна прыняла мучаніцкую смерць.
Мар’яна (з роду Чакала) нарадзілася ў 1888 годзе ў Сапоцкінскім раёне недалёка ад Гродна ў гора-дзе Ліпск (зараз Польшча) ва ўніяцкай сям’і, дзе нават пасля скасавання Уніі ў 1874-75 гадах вернікі моцна трымаліся каталіцкай веры. Ліпск належаў да былога уніяцкага Аўгустоўскага дэканату, які займаў таксама паўночную частку сённяшняга Гродзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай дыяцэзіі. І гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі , у якім не былі знішчаны уніяцкія прыходы пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 года.
У 1905 годзе, пасля выдання царскага ўказу пра верацярпімасць, у 17-гадовым узросце Мар’яна разам са сваімі бацькамі перайшла ў каталіцтва лацінскага абраду. Праз тры гады яна выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. У сужэнстве нарадзіліся шасцёра дзяцей, чацвёра памерлі адразу пасля нараджэння, у жывых засталіся дачка Леакадзія і сын Станіслаў. Пасля смерці мужа ўдава засталася жыць з сынам, а яе дачка пайшла замуж. У 1939 годзе Станіслаў жаніўся на Ганне (Шымчык) і з той пары Мар’яна дзяліла сваё жыццё з маладым сужэнствам, праяўляючы клопат, павагу і матчыну любоў да маладых і іх дзяцей.
Жыццё Мар’яны было напоўнена верай, малітвай, працай і цярпеннем. Шмат часу прысвячала Богу, заўсёды ўдзельнічала ў марыйных набажэнствах. Асаблівае месца ў духоўным жыцці жанчыны займалі малітвы на Ружанцы – ён быў для яе жыватворнай крыніцай любові да Бога і бліжняга.
Вялікая трагедыя напаткала сям’ю Бярнацкіх, калі напрыканцы чэрвеня – у пачатку ліпеня 1943 года пачаліся масавыя арышты жыхароў Ліпска і ваколіц у адказ нацыстаў за забойства паліцая партызанамі. У ліку арыштаваных апынуліся і сын Мар’яны Станіслаў з нявесткай Ганнай.
Светлай ліпеньскай раніцай у іх дом увайшоў узброены эсэсавец і загадаў Станіславу і Ганне пакінуць памяшканне. 55-гадовая Мар’яна ўпала да яго ног і пачала прасіць дазволіць ёй прыняць смерць замест цяжарнай нявесткі: “Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе!”. Карнікі “злітаваліся” і выканалі просьбу Мар’яны, якая разумела, дзеля каго ішла на смерць, цешылася тым, што ратуе дарагія жыцці.
Разам з сынам і іншымі арыштаванымі Мар’яна трапіла ў вязніцу ў Гродне, дзе правяла яшчэ амаль два тыдні. Як адзначалі тыя, хто выжыў, увесь час заставалася спакойнаю і шчыра малілася, была ўзорам веры і моцнага духу для іншых вязняў, сярод якіх былі і 6 ксяндзоў. Перад смерцю жанчына мела адзіную просьбу – даць ёй ружанец. Родныя пастараліся перадаць дарагую яе сэрцу рэч. Так і памерла з малітваю на вуснах. Але смерць яе, хоць і была кропляй у моры чалавечай крыві, – усё ж асаблівая. Яна – ахвярная навука для ўсіх людзей, як трэба любіць людзей, дзяцей, у тым ліку тых, якія яшчэ не нарадзіліся. І ці магла на той момант жанчына, чакаючы ўласнай смерці, падумаць, што яе рашэнне, яе ўчынак стануць годнымі ўшанавання не толькі з боку яе родных і блізкіх, яе землякоў, але і з боку зусім не знаёмых ёй людзей ва ўсім свеце. Яна прынесла ахвяру Богу ў імя жыцця.
Мар’яну расстралялі 13 ліпеня 1943 года ў ліку іншых 49 жыхароў Ліпска. Усяго пад Навумавічамі загінулі каля 200 чалавек.
Ахвяраваць сябе…
Гераічны ўчынак Мар’яны жыхары Ліпска параўноўваюць з мучаніцкай смерцю айца Максімільяна Кольбэ, які, знаходзячыся у канцэнтрацыйным лагеры смерці Асвенцым, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў.
Уратаваная Ганна Бярнацкая, нявестка благаслаўлёнай Мар’яны, пасля гэтага пражыла яшчэ 71 год і ў 2014 г. ва ўзросце 97 гадоў адышла да Бога.
Станіслаў Бятко, праўнук Мар’яны, успамінае, што ў дзяцінстве ад сваёй бабулі Ганны Бярнацкай і цёці Леакадзіі Чаркоўскай многа разоў чуў, якой спагадлівай, ціхай і сардэчнай была яго прабабуля; Бог і яе дом былі для яе Сусветам.
Разважаючы над гераічнымі ўчынкамі, не можам адназначна ўстанавіць межы самаахвярнасці, таму што яны былі б розныя для кожнага чалавека ў залежнасці ад таго, якую ён прызнаваў бы сістэму каштоўнасцяў, колькі б яму было гадоў, у які час жыў і якая была б яго грамадская пазіцыя.
Некаторыя людзі здольны на вельмі вялікія самаахвяраванні, іншыя – зусім нячулыя на справы бліжняга, нават, самых блізкіх сабе людзей. Да таго ж, адны лічаць, што самаахвяраванне – гэта аддаць жыццё ў слушнай справе, для іншых самаахвяраванне – гэта грамадская і дабрачынная дзейнасць. Аднак варта браць прыклад з тых першых, таму што калі б не існавалі высакародныя людзі, то свет ужо даўно страціў бы ўсякія маральныя, грамадскія ці патрыятычныя каштоўнасці.
Для нас, хрысціянаў, самае высокае значэнне набыла асоба Езуса Хрыста, які сваёй паставай і мучаніцкай смерцю на крыжы даказаў, на якое вялікае ахвяраванне быў гатовы, каб збавіць чалавецтва ад граху і смерці. Ён паказаў тым самым вобраз вялікай Божай міласэрнасці і Яго бязмежнай любові да ўсіх людзей. У гісторыі Касцёла многіх вернікаў пераследавалі за веру, некаторыя з іх вымушаны былі заплаціць за прыналежнасць да Касцёла найвышэйшую цану – ахвяраваць сваё ўласнае жыццё.
Цяжка прадбачыць, калі ўзнікне такая сітуацыя, калі чалавек павінен будзе прыняць вельмі складанае для сябе, часам апошняе ў сваім тленным жыцці рашэнне:ці павінен ахвяраваць сваё жыццё за іншую асобу, каб магла яна або паправіцца і жыць далей, або адказацца ад такой ахвяры.
У ліку 108 мучанікаў
Благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая ахвяравала сваё жыццё за ненароджанае дзіця. Напэўна, яна сказала сама сабе: “Так. Жыццё, якое расцвітае, вартае таго, каб за яго загінуць”. Для яе гэтае “так” было слушнай справай, таму што дзеці павінны жыць, каб вучыць дарослых любові і весці іх да святасці. І можна сказаць з упэўненасцю, што задоўга перад гэтым сваім рашэннем Мар’яна прыняла Хрыста ў сваё жыццё і жыла згодна з Яго навучаннем. Гэта Ён даў ёй сілы, каб прынесці найбольшую ахвяру дзеля славы чалавека і Бога.
Калі хто-небудзь дабравольна прыносіць у ахвяру сваё жыццё, то гэта сведчыць пра тое, што такі чалавек любіць сваіх бліжніх так, як навучаў Езус Хрыстус, які сваёй мучаніцкай смерцю даказаў аб сваёй і Бога бязмежнай любові да людзей. Гэта Ён, прызываючы нас пераймаць Яго, прызнае нашыя неабмежаваныя магчымасці. Мы маглі пераканацца не адзін раз, што чалавек паказвае сваё сапраўднае аблічча ў тых сітуацыях, якія патрабуюць прыняць беспрэцэдэнтныя рашэнні. Тады паўстае чалавек такім, якім ён ёсць на самай справе, таму што прынятае рашэнне выплывае з яго нічым не заплямленага ўнутранага свету. Можа Божы замысел грунтаваўся на тым, каб у такіх экстрэмальных сітуацыях даць шанс чалавеку, каб ён даказаў, што годны называцца Божым дзіцяткам. Гатоўнасць ахвяраваць сваё ўласнае існаванне за жыццё іншага чалавека абуджае ў нас заўжды павагу і захапленне, таму што патрабуе вялікай адвагі і называецца гераізмам. Сутнасць такога роду самаахвяравання добра ілюструюць словы з Евангелля паводле Святога Яна: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13)
13 чэрвеня 1999 г. Св. Ян Павел II абвясціў Мар’яну Бярнацкую благаслаўлёнай разам з іншымі 108 мучанікамі Другой сусветнай вайны. 13 ліпеня 2008 г. у фартах каля Навумавічаў ксёндз Андрэй Радзевіч зазначыў у сваёй гаміліі падчас св. Імшы: “Калі перад намі паўстае постаць благаслаўлёнай Мар’яны, то мы павінны задумацца над наступнымі каштоўнасцямі: сям’я, кожнае жыццё, а асабліва – безабароннае жыццё ненароджанага немаўляткі”.
Артыкул падрыхтаваны па старонках Інтэрнэту.