Пастыр адзінства і сябра беларусаў

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

Матулевич-3Благаслаўлёны Юрый Матулевіч, біскуп Віленскі, генеральны настаяцель Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў, заснавальнік  легендарнага  кляштару  ў Друі – пастыр, які асаблівым чынам клапаціўся пра духоўнае дабро вернікаў розных нацыянальнасцяў, у тым ліку беларусаў.

 

 Перамагай ліха дабром

Юрый Матулевіч нарадзіўся ў 1871 г. у вёсцы Лугіне, што каля Марыямпаля б. Сувальскай губерніі. Паходзіў з літоўскай сялянскай сям’і. Вышэйшую тэалагічную адукацыю атрымаў у Варшаве,  Пецярбургу  i  Фрыбургу ў Швейцарыі.

З 1907 па 1911 г. быў прафесарам сацыялогіі i тэалогіі ў Пецярбургскай  каталіцкай  духоўнай  акадэміі. Тут  у  1909 г. ён  уступіў у Ордэн  ксяндзоў-марыянаў i з гэтага часу працаваў для яго развіцця. У кастрычніку 1918 г. Апостальскі  Пасад  прызначыў Матулевіча віленскім  біскупам  i адначасова  генералам  Ордэна марыянаў. Асабістым дэвізам свайго кіравання біскуп Юрый Матулевіч абраў словы Апостала Паўла – “Vince malum in bono” (з лаціны – “Перамагай ліха дабром”).

Працуючы ў Пецярбургскай акадэміі, біскуп Матулевіч пазнаёміўся з рухам беларускага адраджэння, супрацоўнічаў, між іншым, з вядомым беларускім дзеячам Браніславам Эпімах-Шыпілам. У той час у Пецярбургу пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага дзейнічала выдавецкая суполка «Загляне сонца i ў наша ваконца», вырасталі першыя прадстаўнікі беларускай народнай інтэлігенцыі, а ў ix ліку i беларускага каталіцкага духавенства. Будучы віленскім біскупам, Матулевіч быў вымушаны практычна  вырашаць міжнацыянальныя пытанні даверанай яму каталіцкай паствы.

Як літовец, ён добра разумеў, што каталіцызм не з’яўляецца «польскай верай», i паслядоўна дапускаў ужыванне беларускай i літоўскай моваў у касцельным жыцці беларусаў i літоўцаў. Сваю пазіцыю біскуп Матулевіч выказаў у лісце да кардынала Гаспары: «Калі на мяне націскалі, каб я быў супроць беларусаў, тады я адкрыта заявіў: няхай не патрабуюць ад мяне таго, каб я прыгнятаў i пераследаваў у святароў няпольскай нацыянальнасці тое, што бачу хвалёным i ўзнагароджваным у святароў палякаў. Як пастыр, я павінен быць аднолькава справядлівы для ўсіх».

Будучы генеральным настаяцелем Кангрэгацыі ксяндзоў-марыянаў, біскуп Юрый Матулевіч распрацаваў праект рэформы кангрэгацыі, які быў зацверджаны Святым Пасадам, і заснаваў на тэрыторыі Беларусі, у Друі, марыянскі кляштар.

 

Кляштар у ДруіJerzy Matulewicz

Задума заснаваць беларускі Марыянскі кляштар была адным з першых пачынанняў Матулевіча на віленскім біскупскім пасадзе. Ужо 27 лютага 1919 г. ён прыняў маладога i энергічнага беларускага святара, дарэчы, выхаванца Пецярбургскай акадэміі, айца Андрэя Цікоту, якому прапанаваў арганізаваць кляштар. Падчас гэтай сустрэчы Матулевіч запэўніў Цікоту, што будзе спрыяць адраджэнскаму руху, так матывуючы сваю пазіцыю:

  1. Задачай Царквы з’яўляецца не навучанне мове, але закону Божаму на зразумелай народу мове. Беларускі народ найлепш пазнае закон Божы, калі ён будзе навучацца ў роднай мове.
  2. Беларускі рух адраджаецца i пашыраецца, i калі Каталіцкая Царква не выйдзе яму насустрач, то гэты рух пойдзе супроць Царквы i будзе яе вінаваціць за імкненне да дэнацыяналізацыі беларускага народа.
  3. Трэба мець на ўвазе i беларусаў праваслаўных, i колішніх уніятаў, да якіх можна прыблізіцца, прапаведуючы Божае Слова толькі ў беларускай мове.

Айцец Цікота хутка згадзіўся з прапановай i матывацыяй біскупа, аднак, будучы прафесарам Беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (1918-1920), не мог неадкладна пакінуць заняткі. Толькі ў верасні 1920 г., пасля ліквідацыі семінарыі савецкімі ўладамі, ён уступіў у Ордэн марыянаў у Марыямпалі. Пасля гадавога навіцыяту, восенню 1921 г., а. Цікота паехаў у Амерыку для збору сродкаў на планаваны беларускі кляштар.

Тым часам біскуп Матулевіч афармляў у Рыме справу заснавання кляштара. Прапанавалася Друя – мястэчка «на скраю свету», дзе існаваў прыгожы касцёл, пабудаваны ў 1644 г. Казімірам Сапегам, сынам канцлера ВКЛ Льва Сапегі, а таксама старыя напаўразваленыя кляшторныя будынкі. Сваімі рэскрыптамі ад 23 ліпеня i 10 жніўня 1923 г. Папа Пій XI дазволіў заснаваць у Друі кляштар айцоў Марыянаў ды перадаць ім касцёл i парафію. Папскі акт фундацыі пастанаўляў, што мэтай дзейнасці друйскіх марыянаў павінна быць аднаўленне старога кляштарнага будынку, заснаванне школы i навіцыяту для беларусаў – кандыдатаў на манахаў, між іншым, для працы сярод беларускага праваслаўнага насельніцтва.

Як бачым, ідэя, выказаная біскупам Матулевічам, атрымала ажыццяўленне і далейшае развіццё. У палове 1923 года а. Цікота прыехаў у Друю i пераняў ад мясцовага параха, а. Антона Зянкевіча, парафію, касцёл i яго зямельную маёмасць. З гэтага часу Друйскі кляштар пад кіраўніцтвам Цікоты паступова развіваўся i папаўняўся: у 1924 г. прыбылі сюды а. Язэп Германовіч i Казімір Смулька, а. Язэп Дашута i ў 1926 г. — а. Фабіян Абрантовіч. Да марыянаў далучыўся ранейшы вікарый друйскага параха, а. Віталіс Хамёнак. Папаўняўся i навіцыят: ужо ў 1924 г. ён налічваў 9 юнакоў-беларусаў, якія рыхтаваліся ўступіць у Ордэн марыянаў.

Біскуп Юрый  Матулевіч (у цэнтры). Архіўнае фота

Біскуп Юрый Матулевіч (у цэнтры). Архіўнае фота

 

Парастак

У першыя гады дзейнасці кляштара была зроблена вялікая работа: адноўлены i разбудаваны стары кляшторны будынак, адрамантаваны касцёл, наладжана гаспадарка, у тым ліку адноўлены 60-гектарны фальварак непадалёку Друі. Пры гэтым абслугоўвалася парафія ў 5 тысяч душ.

Важнай сферай друйскіх марыянаў была адукацыя моладзі. Ужо ў 1923 г. тут была заснавана гімназія, якою цэлае дзесяцігоддзе кіраваў супэрыёр кляштара а. Цікота. I хаця ў гімназіі навучанне адбывалася па-польску, але дзякуючы выхаваўчай працы яе настаўнікаў Абрантовіча, Германовіча, Дашуты i Хамёнка яна выпусціла  нямала  беларускіх інтэлігентаў. Прыгадаем прозвішчы  хаця  б  Язэпа Малецкага, Антона Цвячкоўскага, Віктара Ярмалковіча ці пазнейшых святароў – Міколу Баговіча, Фелікса Журню, Юрыя Кашыру, Антона i Тамаша  Падзяваў,  Часлава Сіповіча.

У палове 30-х гадоў друйскія марыяне купілі  ў  Вільні  дом пры вуліцы  Зыгмунтоўскай, 25, куды кіраваліся  тыя  выпускнікі  гімназіі, якія ўступілі ў Ордэн марыянаў i жадалі вучыцца ў Віленскай  духоўнай семінарыі. Быў гэта марыянскі Дом студыяў – парастак Друйскага кляштара, якім у 1935-1936 гг. кіраваў а. Кашыра i на працягу двух наступных гадоў – а. Германовіч. Вось што аб ім напісаў Германовіч:  «Была  моладзь, кіпела праца. Не раз пабывалі ў тым доме беларускія святары, дзеячы, мастакі i паэты. Помню, адведалі  нас ксяндзы Ад. Станкевіч, Ул. Талочка, Навіцкі, Семашкевіч (паэт Бы-ліна) i іншыя. Гасцілі ў нас таксама Антон Луцкевіч, Трэпка, Шутовіч, Дубейкаўскі, Максім Танк, Забэйда-Суміцкі. Віленскі беларускі Дом айцоў марыянаў быў сапраўднай клетачкай беларускага духовага адраджэння. Аднак праіснаваў ён толькі 3 гады».

 

Евангелле на роднай мове

Клапоцячыся пра духоўнае дабро вернікаў шматнацыянальнай Віленскай дыяцэзіі, у 1923 г. біскуп Юрый Матулевіч стварыў для працы сярод беларусаў супольнасць сясцёр эўхарыстак.

Верны евангельскаму вучэнню Езуса Хрыста, біскуп быў сапраўдным пастырам адзінства і з аднолькавай павагай ставіўся да ўсіх дзяцей Божых, што не падабалася многім тагачасным ідэолагам. З аднаго боку, польскія нацыяналісты абвінавачвалі яго ў «прапіхванні» інтарэсаў літоўцаў, а літоўскія нацыяналісты, у сваю чаргу, прыпісвалі яму «польскі шавінізм». Ад адных і другіх гучала крытыка ў адрас біскупа за яго нібыта «масквафільства» і «жыдоўства», што было справакавана яго пастырскім клопатам пра беларусаў і поўнымі павагі адносінамі да шматлікіх габрэяў, якія жылі на нашых землях. Але біскуп, пагарджаючы палітычнай кан’юнктурай, проста імкнуўся верна служыць Хрысту і Яго святому Касцёлу, абвяшчаючы Евангелле  на  мове кожнага народа ва ўмовах  шматнацыянальнай  Віленшчыны.

Біскуп  Матулевіч  лічыў, што ў Віленскай дыяцэзіі менавіта беларусы складаюць большасць і неаднойчы абараняў кс. Адама Станкевіча ад нападак уладаў і цкавання шавіністычных колаў. Як руплівы і надзвычай празорлівы пастыр, ён спрыяў беларускаму друку і бачыў вялікую душпастырскую карысць у выкарыстанні беларускай мовы ў Касцёле. Беларускую мову біскуп Матулевіч лічыў мостам, “які можа лучыць  каталіцтва і праваслаўе”.

 

Зерне прынесла плён

Бюст  благаслаўлёнага  Юрыя  Матулевіча, біскупа Віленскага  ў Катэдральным касцёле Вільнюса

Бюст благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, біскупа Віленскага ў Катэдральным касцёле Вільнюса

У 1925 годзе біскуп Юрый Матулевіч адышоў ад кіравання дыяцэзіяй і ад’ехаў у Рым, каб займацца справамі  Кангрэгацыі марыянаў. Выконваў функцыю  апостальскага візітатара ў Літве. У ліпені 1926 года ўдзельнічаў у Эўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага і вы-ступаў з дакладам.

Пры жыцці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў з цела валасяніцы, бічаваўся, у яго цела ўпіваўся  пас з дроту.

Адданы пастыр адышоў да Бога ў Каўнасе 27 студзеня 1927 года.

28 чэрвеня 1987 года Папа Ян Павел II беатыфікаваў біскупа Юрыя Матулевіча.

Зерне, кінутае  на  духоўную раллю  Касцёла благаслаўлёным пастырам, не загінула і прынесла шчодры  плён.

Цяжка назваць чыстай выпадковасцю той факт, што менавіта ў дзень нараджэння біскупа Юрыя Матулевіча Святы  Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў незалежнай Беларусі (1991 г.).

 

 

Артыкул падрыхтаваны

з выкарыстаннем крыніц Інтэрнэту.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий