Птушкі легкакрылыя

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

4 верасня – Літургічны ўспамін благаславёнай Марыі Стэлы і 10 яе паплечніц з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта, якія былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка.

 

f-str-21…Яны ішлі. Як штодня, як і кожную раніцу, як і многа гадоў запар, спачатку кучкай пераходзілі брук, а пасля адна за другой уціскаліся на вузкую сцежку пад гару. Гара не была высокай, хутчэй узгорак, але пад’ём быў стромкі і цяжкі. Аднак, нягледзячы на гэта, у кожнага, хто калі-небудзь іх бачыў, заставалася ўражанне, быццам яны плылі, ляцелі пад той узгорак нібы птушкі. Можа гэтае ўражанне пакідалі іх шырокія хабіты і вэлёны пад павевам ветру…

 

Адзінаццаць

Было лета, быў ліпень 1943 года. Нядзеля. 

…Яны ішлі. Адразу кучкай, з дзвярэй дому, які не быў дакладна іх домам – з таго іх выселілі немцы. Аднак дзе б і калі б яны ні былі, усюды стваралі Дом Хрыстуса Валадара. Але нават той, якога іх пазбавілі, прыпамінаў ім тыя часы з жыцця Збавіцеля, калі ніхто яшчэ не ведаў, што той малы хлопец, сын Марыі і беднага цесляра з Назарэту, ёсць Валадар. Дом заўсёды быў невялікі і бедны – от, такі сабе Назарэт! Пра яго жыльцоў жыхары Навагрудка заўсёды гаварылі: “Нашы сёстры”, а тыя, хто вызнаваў іншую веру, казалі: “Пані сёстры”. Для ўсіх былі яны найлепшымі сёстрамі і найпакорнейшымі служабніцамі Пана.

   Мінулі брук. Прахожыя заўсёды затрымліваліся, каб паглядзець, як ідуць… Здалёк выдавалася, што моцна падобныя адна да другой, у аднолькавым манаскім адзенні, што нават цяжка адрозніць, а ў сутнасці кожная мела свой асобны, непаўтаральны свет, і навагрудчане, ведаючы іх разам, дасканала ведалі кожную паасобку.

   …Яны ішлі. Першай, як і заўсёды, сястра Стэла. Гэта належала ёй як па ўзросту, так і па закону. Самая старэйшая і найдаўжэй была ў Згуртаванні. Ішла, выпрастаўшыся ва весь рост, з паднятаю галавою, хоць і нясла на плячах свой небагаты скарб. Была кіраўнічкай назарэтанскага дому ў Навагрудку ў найцяжэйшыя для яго часы.

   За ёю ўзбіралася пад гару сястра Імэльда. Яна ўступіла ў Згуртаванне на год пазней за с. Стэлу – у 1911-м. Стэла – у Вільне, яна – у Кракаве. Тады яшчэ не ведалі пра існаванне адна другой і не ведалі, што наступіць час, які іх моцна зблізіць. Сястра Імэльда спатыкнулася. А нават не заўважыла. Усё, што рабілася са знешняга боку яе істоты, яе быццам не датычылася. І гэта яна, с. Імэльда, калі пачаўся гвалтоўны абстрэл Навагрудка і сёстры хаваліся за падвойнымі сценамі ў калідоры, спала ў ложку сном праведнага чалавека. “На ўсё воля Божая, –  гаварыла, – пра што клопат? Чаго перажываць?..”.

Тое, што с. Імэльда спатыкнулася, заўважыла толькі сястра Раймунда – ішла за ёю. На хвіліну затрымалася, а пасля зноў рушыла пад гару, хоць для яе гэта не было лёгка – с. Раймунда многа гадоў цярпела на раўматызм, і ўсякі рух дастаўляў ёй боль…

Чарговы крок не прычыніў ёй столькі болю, колькі звычайна. Гэта сястра Даніэля дапамагла сваёй папярэдніцы і зрабіла так, каб гэта засталося амаль не заўважаным. Заўсёды так рабіла.

…Яны ішлі. Сонца выйшла з-за хмур і асвятліла вуліцы, дрэвы, невялікія домікі, кветкі, што раслі побач, законніц, што падымаліся пад гару, і людзей, якія прыбліжаліся да ўзгорку з розных бакоў. Людзі былі смутныя. Сонца свяціла так, як і кожны дзень, – ясна.

Сястра Канута назірала за сонцам. Ёй было 47 гадоў і яна ўжо даўно пакінула за сабою тую ноч з дзіўным сном, які цалкам перамяніў яе жыццё і ў 1922 годзе прывёў ў навіцыят ў Гродне.

Сястра Сергія не глядзела на сонца. Ішла задуманая, можа, аб тым дні дзесяцігадовай даўнасці, калі на другім паўшар’і, у Амерыцы яе перасцераглі: “Польшчы прыгражае вайна, пераследы, вяртайся сюды як найхутчэй!”. Адразу адказала: “Не баюся” і дадала, сама не ведаючы чаму: “І мучаніцтва не баюся”.

Сястра Гвідона выражала такую думку двума словамі: “Так трэба”. Брала на сябе найцяжэйшую працу, ніколі не скардзілася, заўсёды была гатова на ўсё, бо “Так трэба. Трэба даць Пану Богу ўсё, на што нас хопіць”.

Яны ішлі пад стромкую гару, пад тое навагрудскае ўзвышанне, на  якім бялеліся, былі відаць здалёк муры касцёла Перамянення Пана, часам называнага Вітольдавай Фарай – па імені фундатара касцёла.

Восьмаю ішла сястра Феліцыта, невялікая, хрупкая, напамінаючы, як часам пра яе гаварылі, “кволую кветку”.

За ёю – зіхатлівая, нават калі не ўсміхалася, – ішла сястра Геліадора, любімая дзецьмі, заўсёды імі акружаная, якія чапляліся за яе хабіт болей, чым за матчыны спадніцы.

Сястра Канізія ішла перадапошняя. Ці вярталася ў думках, як сястра Сергія, да таго ліпеньскага дня, калі цалкам перамяніла сваё жыццё? Яе рашэнне было раптоўным, прыйшло пасля неспадзяванай смерці брата – каплана, аднак было даспелым. Пастанавіла: служыць Богу, быццам прадаўжаючы яго жыццёвую дарогу, гвалтоўна перарваную. А можа не сягала думкаю так далёка, можа думала толькі пра тых дзяцей, якіх менавіта рыхтавала да Першай Камуніі? Спяшалася. Хацела падрыхтаваць усіх, каб ніхто не застаўся нез’яднаны з Панам. Спяшалася так, быццам падсвядома адчувала, што часу застаецца нямнога.

Апошняй ішла сястра Барамея, самая малодшая, 27 гадоў. Бацькі моцна прасілі, і ёй было дазволена паехаць да іх на адпачынак. Але не была там доўга, у лісце да сваёй кіраўнічкі напісала: “Штосьці падганяе мяне, каб ехаць да сясцёр”.

А цяпер ішла, замыкаючы той плывучы пад узгорак паток. Яшчэ некалькі крокаў – і ўсе апынуліся на гары… Прасунуліся ўздоўж белага касцёльнага муру і адна за другой зніклі ў дзвярах Фары…

Касцёл быў яшчэ амаль пусты, сёстры прыходзілі раней. Некалькі жанчын укленчылі ў бакавой кап-ліцы перад Цудоўным абразам Маці Божай Навагрудскай, пра якую Адам Міцкевіч пісаў: “Ты, якая груд замкавы Навагрудскі ахоўваеш з яго верным людам…”. Сёстры добра ведалі, аб чым маліліся, аб чым у найвялікшай роспачы і болі просяць Маці, якая стаяла пад крыжам Сына. Як яны цяпер.

Сёстры паглядзелі адна на другую. Разумелі без слоў.

Касцёл запоўніўся.

 

У спісках гестапа

С.Імэльда заглянула ў сакрыстыю, ці ўсё ў парадку, а перадусім – выглянуць, ці ідзе ксёндз Аляксандр Зінкевіч. Ужо некалькі дзён яны чакалі яго з самлеўшым сэрцам. Ці прыйдзе? Быў рэктарам Фарнага касцёла, таксама іх капеланам.Таксама быў тым, чыё прозвішча знаходзілася ў спісках гестапа. У спісках людзей, каго патрэбна арыштаваць.

Ксёндз Зінкевіч ужо тыдзень не начаваў дома. Хаваўся ў сакрыстыі, а найчасцей – на гарышчы гаспадарчага будынку сясцёр. Днём выконваў свае святарскія абавязкі –  цэлебраваў святую Імшу, наведваў хворых, удзяляў святыя сакрамэнты…

Сятра Імэльда ўбачыла, што ксёндз Аляксандр ідзе, юркнула ў касцёл і вачамі дала знаць сястры Стэле: ідзе!

Ідучы да свайго кленчніка, с. Феліцыта паправіла яшчэ кветкі ў вазоне. Сама была “кволаю кветкаю”, але букеты рабіла моцныя і трывалыя.

Калі кс. Зінкевіч падыходзіў да алтара, сёстры былі ўжо на сваіх месцах. З кленчнікаў на яго глядзелі так добра вядомыя яму вочы і твары сясцёр: Стэлы, Імэльды, Раймунды, Даніэлі, Кануты, Сергіі, Гвідоны, Феліцыты, Геліадоры, Канізіі і Барамеі. Кленчнікаў было дванаццаць; той астатні займала сястра Малгажата. Яна працавала ў шпіталі, прыходзіла заўсёды пазней і ў свецкім адзенні.

Схілены галовы людзей.

Схілены галовы сясцёр.

Прымі, Божа, гэтую Ахвяру… За свет, за людзей, за братоў.

Белыя крызы пад шыяй, сплываючыя з галавы чорныя вэлёны; жыхары Навагрудка ўжо прызвычаіліся да знешняга віду сваіх сясцёр, палюбілі іх. Прыходзілі да Назарэтанскага Дому з усякімі справамі. Добрымі і нядобрымі… Прыбягалі да сясцёр і ў той ліпеньскі дзень пасля ночы плачу, перапоўненыя роспаччу, болем і просьбамі: “Маліцеся, каб іх не расстралялі!.. Сёстры, маліцеся за гэта, просім, вымаліце гэта ў Бога!..”.

Маліліся, і так палымяна, як не маліліся, хіба, яшчэ ніколі. А ў поўдзень, пасля ночы арыштаў, с. Стэла, проста, па першаму штуршку сэрца, звярнулася да кс. Зінкевіча: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, то няхай лепей нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем’і”. І ціха, быццам нясмела дадала: “Нават за гэта молімся”.

Арыштаваныя не мелі паняцця, што за іх нехта гатовы аддаць жыццё.

Ніхто таксама не ведаў, што ахвяра гэтая будзе прынята.

 

 Не вярнуліся

Надыйшла субота, апошні, 31 дзень ліпеня 1943 года. Быў позні вечар. Кс. Аляксандр Зінкевіч рыхтаваўся да ружанцовага набажэнства. С. Імэльда была ўжо ў сакрыстыі, і ксёндз папрасіў, каб нічога з таго, што будзе патрэбна падчас набажэнства, не забылася.

Дзверы адчыніліся, увайшла с. Стэла, і выраз яе твару гаварыў аб тым, што здарылася нешта неспадзяванае. Што? У дом сясцёр прыйшоў немец у цывільнай адзежы і перадаў вусны загад камісара, каб сёстры разам з настаяцельніцай у 7.30 былі ў камісарыяце.

– Ужо нядоўга, – сказала с. Стэла і запытала: – Што б гэта азначала? Як паступіць?

– А што Маці аб гэтым думае?

– Думаю, што нас могуць вывезці ў Германію на работы.

– Магчыма, і гэта праўдападобна…

С. Імэльда на хвіліну падняла на іх вочы, але не сказала нічога.

Роўна ў шэсць вечара пачаўся Ружанец. Нахілёныя на сваіх кленчніках сёстры паўтаралі  разам з сабранымі вернымі: “Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных,  цяпер і ў гадзіну смерці нашай…”.

Кс. Зінкевіч скараціў набажэнства. Лепей, каб сёстры не спазняліся, не трэба дражніць немцаў. Але чаго ад сясцёр хочуць? Хіба і са-праўды вывезці на работы – бо што іншае?  Ксёндз благаслаўляе іх – перадусім іх – Святымі Дарамі.А праз некалькі хвілін пазней, выйшаўшы з касцёла, бачыць:

…Яны ідуць. Парамі, у чорных хабітах і вэлёнах сёстры… Адзінаццаць.

Сястра Малгажата засталася. Так пастанавілі. Не трэба, каб усе адышлі з дому і з касцёла. С. Малгажата павінна была яшчэ прасаваць бялізну касцельную і падрыхтаваць вячэру для ксяндза. Сказала: “Прашу Маці, калі патрэбна будзе што падпісаць, то няхай хто з сясцёр за мяне падпіша, а калі не – то накажыце, сама прыйду”. На тым і рассталіся.

…Яны ішлі. Ішлі, лёгка ўзносячыся пад гару па вул. 3 Мая. Заходзячае сонца быццам папярэдзіла іх, суправаджала, а яны крочылі за ім… Схілілі галовы і зрабілі знак крыжа, мінаючы касцёл Св. Міхала – апякуна горада, які ахоўваў людзей ад усялякіх напасцей.

…Яны ішлі, а ўсім, хто іх бачыў, здавалася, быццам плылі, павольна ляцелі, без высілку, нібы лёгкія птушкі. Мінулі рынак, апынуліся на вул. Слонімскай, затрымаліся перад будынкам Навагрудскага ваяводства – цяпер управы гебітска-місарыяту, у дзвярах якога па чарзе зніклі: Стэла, Імэльда, Раймунда, Даніэля, Канута, Сергія, Гвідона, Феліцыта, Геліадора, Канізія і Барамея.

Капліца Маці Божай Навагрудскай, у якой знаходзіцца магіла с. Стэлы і дзесяці яе паплечніц. Іх астанкі былі перанесены сюды 27 верасня 1991 г.

Капліца Маці Божай Навагрудскай, у якой знаходзіцца магіла с. Стэлы і дзесяці яе паплечніц. Іх астанкі былі перанесены сюды 27 верасня 1991 г.

Чырвоны шар сонца затрымаўся над гарызонтам, а пасля паволі зышоў ўніз. Знік зусім, шарэла.

Кс. Зінкевіч не мог вячэраць, пайшоў да гаспадарчага дому сясцёр, дзе ўсё яшчэ прасавала бялізну сястра Малгажата:

– Зараз напэўна вернуцца.

– Напэўна. Можа, не ўсе, але вернуцца. Для чаго іх затрымліваць?

Сцямнела. Гадзіна дзясятая, адзінаццатая, ноч… Ні ксёндз, ні сястра Малгажата заснуць не могуць. Чакаюць. Часам здаецца, чуваць крокі, але не… Мроі. Ніхто не ідзе.

Мінае ноч. Надыходзіць новы дзень – 1 жніўня 1943 года.

У 9 гадзін раніцы ў Фары пачынаецца св. Імша. Збіраюцца верныя, некаторыя кідаюць позірк на гадзіннікі: чаму няма яшчэ сясцёр? Яны заўсёды прыходзілі першыя. Ксёндз займае месца каля алтара, і нехта не вытрымлівае: “Дзе сёстры?”.

З левага боку касцёла, недалёка ад алтара, стаяць іх пустыя кленчнікі. Не вярнуліся.

Першым пра гэта даведаўся кс. Зінкевіч. Як адзіны – на працягу ўжо года – ксёндз у мястэчку, пасля службы ў Фары, накіраваўся ў касцёл Св. Міхала. Сеў у канфесіянал. Хтосьці прыкленчыў: “Сёння раніцай расстралялі сясцёр”.

Ксёндз не даў рады паверыць…

 

 

 Артыкул падрыхтаваны з выкарыстаннем кнігі “Jedenascie klecznikow” Марыі Стажынскай, Рым, 1992 г.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий