«Я вас любіў бясконца»

Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.

 

 

 

“Я вас любіў бясконца”

 

 

 

5 чэрвеня – дзень  малітвы аб беатыфікацыі Слугі Божага  біскупа Зыгмунта Лазінскага

з нагоды 153-й гадавіны з дня нараджэння.

 

 

 

З біяграфіібискуп Лозинский

 Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся ў чэрвені 1870 г. ў Бараціне пад Наваградкам у шляхецкай сям’і.

Будучы святар з вялікім хрысціянскім запалам ў дапамозе бліжнім навучанне сваё пачаў у сярэдняй школе ў Варшаве, завяршыў у Санкт-Пецярбургу. У 1891 г. скончыў там Вышэйшую духоўную семінарыю са ступенню магістра тэалогіі. 23 чэрвеня 1895 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. З 1895 г. працаваў выкладчыкам біблеістыкі і гамілетыкі ў Санкт-Пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі, а таксама ў адной з гарадскіх гімназій. 17 лістапада 1898 г. царскім урадам Зыгмунт Лазінскі быў адпраўлены ў зняволенне ў манастыр у Аглоне на 3 гады «за польскі патрыятызм», адкуль у 1900 г. быў вызвалены. Пасля працаваў вікарыем у Смаленску, Туле, Рызе, з 1904 года – адміністратарам філіяльнага касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску, а з красавіка 1905-га – пробашчам катэдральнага касцёла ў Мінску. З 1906 г. аднавіў дзейнасць выкладчыка біблеістыкі і габрэйскай мовы ў Санкт-Пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Працягнуў навучанне ва ўніверсітэтах Італіі (Рым), Германіі і Святой Зямлі.

У лістападзе 1917 г. Зыгмунт Лазінскі быў менаваны біскупам адноўленай  Мінскай дыяцэзіі. У 1918 годзе 10 кастрычніка ён адкрыў у Мінску Ніжэйшую, а пасля і Вышэйшую духоўную семінарыі. У снежні 1918 г. з прыходам у Мінск Чырвонай Арміі біскуп Лазінскі пяць месяцаў хаваўся ад арышту ў лясах, не пакідаючы пры гэтым служэння і кіравання дыяцэзіяй, за што бальшавікамі была прызначаная за яго галаву вялікая ўзнагарода. У жніўні 1919 г. з прыходам у Мінск польскіх войскаў вярнуўся ў горад і працягнуў служэнне. Пасля вяртання Чырвонай Арміі адмовіўся падпісваць дэкларацыю аб прызнанні савецкай улады, заявіўшы, што будзе змагацца з камунізмам, які прыносіць бязбожнасць і бяспраўе, за што 1 жніўня 1920 г. быў арыштаваны па абвінавачванні ў «контррэвалюцыі». Праз 10 дзён пад ціскам мясцовых каталікоў быў вызвалены. 4 верасня 1920 года біскупа Лазінскага зноў арыштавалі, утрымліваўся ён ў Мінскай турме, пазней быў пераведзены ў Маскву і заключаны ў Бутырскую турму. Праз 11 месяцаў быў вызвалены дзякуючы намаганням польскага ўрада.

2 снежня 1925 г. Лазінскага пры-значылі біскупам новастворанай Пінскай дыяцэзіі і кіраваў ён ёю да канца свайго зямнога жыцця.  У гэты час ён выкладаў біблеістыку, матэматыку і гуманітарныя прадметы ў заснаванай ім жа Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Біскуп Лазінскі  аддана  падтрымліваў “усходні гурток” у Пінскай семінарыі, быў ініцыятарам унійных  канферэнцый,  на  якія з’язджаліся  выкладчыкі  многіх вышэйшых  духоўных  семінарый. Яго погляды  пра  магчымасць  ужывання  беларускай  мовы ў набажэнствах  станавіліся  аб’ектам вострай крытыкі, а справа пашырэння  рэлігійнай  уніі не заўсёды знаходзіла разуменне ў польскім грамадстве  і  сярод  яго  акружэння. Усё сваё жыццё Зыгмунт Лазінскі  шмат  пісаў і друкаваўся.

 

Настаўнік – ва ўспамінах вучня

Біскуп Зыгмунт Лазінскі – заснавальнік Пінскай духоўнай семінарыі імя Св. Тамаша Аквінскага.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі – заснавальнік Пінскай духоўнай семінарыі імя Св. Тамаша Аквінскага.

У 1999 годзе ў Любліне выйшла кніга “Trzeba zostac” (“Трэба застацца”), аўтарам якой быў кс. Станіслаў Рыжко, былы выпускнік  Вышэйшай  духоўнай семінарыі ў Пінску (кніга ўбачыла свет пасля смерці аўтара). У семінарыю Станіслаў  Рыжко  паступіў  на  трэцім годзе  яе  існавання, г.зн. у 1928 г. і аказаўся пад выхаваўчым уплывам  Слугі  Божага Зыгмунта Лазінскага. Таму  яго кніга – яскравы збор сведчанняў удзячнага  вучня пра свайго настаўніка – пра чалавека  вялікага  розуму, энцыклапедычных  ведаў,  эрудыта і паліглота, які валодаў  12  мовамі, вылучаўся добрымі  арганізатарскімі здольнасцямі, вялікай ахвярнасцю для бедных і сціпласцю   асабістага   жыцця.

Ксёндз біскуп жыў у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі, таму алюмны сустракаліся са сваім кіраўніком вельмі часта, віталіся: «Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!». А размова пачыналася са зварота «Prosze Pasterza…» або «Prosze Ojca…». Калі хто-небудзь звяртаўся да яго «Эксцэленцыя», то вялікага задавальнення ў кс. біскупа гэта не выклікала. Спатканні з алюмнамі мелі характар не столькі «суседскі», колькі айцоўскі – выхаваўчы,  напоўнены  вялікім клопатам пра іх.

У індывідуальнай размове кс. біскуп звяртаўся да алюмна па імені; браў яго пад руку і запрашаў да размовы, садзячы алюмна побач з сабою, напрыклад, на лаўцы ў семінарыйным садзе; даручаў якую-небудзь сакратарскую працу ў сваім пакоі; браў з сабою ў паездку  на маторцы  па возеры ад Пінска да  Зарэчча, на кананічныя візітацыі і парафіяльныя ўрачыстасці. Калі была ў тым неабходнасць, умела абараняў  алюмна, не прыніжаючы аўтарытэту таго, хто «нападаў». Знаходзячыся з семінарыстамі,  далікатна вучыў  іх  разважаць над фактамі, расказваючы ім пра розныя здарэнні, прачытаныя сюжэты, апісанні. Быў чалавекам добразычлівым, вясёлым, з вялікім пачуццём гумару,  а смяяўся часам так, што ў яго нават падалі акуляры.

Бацькоўскі клопат пра клерыкаў з боку кс. біскупа Зыгмунта Лазінскага праяўляўся ва ўсім і на кожным  кроку. Па-першае, прымаў у семінарыю малодшых і старэйшых хлопцаў, часам мужчын сталага ўзросту, а таксама тых, каго  адлічылі  з  іншых  семінарый. Па-другое, браў  на сябе клопат суправаджаць іх (падчас вучобы), выстаўляючы  патрабаванні і прадастаўляючы ўмовы, неабходныя для  іх  выканання.

Дбаў  пра  здароўе  алюмнаў, пра іх харчаванне. «А між тым у першыя  гады  дрэнна  было  з  ежаю, – успамінае кс. Рыжко. – Сухі  хлеб і чорная кава, часам забеленая малаком, – гэта было сняданнем. Аднойчы я спазніўся (бо  служыў на святой Імшы) і застаў кс. біскупа за сталом выкладчыкаў. Павітаўшыся  з ім, я ўзяў хлеб і  каву і сеў за адзін з нашых сталоў. Раптам падышоў да мяне кс. біскуп з талеркаю, на якой ляжалі лустачкі каўбасы ці нейкай вяндліны, якую ён узяў са стала выкладчыкаў, і  пачаставаў мяне. Так рабіў, відавочна, і для іншых маіх калег».

Пра адзенне  клерыкаў  кс. біскуп  клапаціўся таксама. “Аднойчы, – сведчыць  кс. Рыжко, – я  быў прызначаны  суправаджаць  біскупа да Брэста. Было моцна холадна. Я ў лёгкай  ясёнцы выйшаў да таксоўкі,  якою  павінны  былі  ехаць  да станцыі. Ўбачыў  мяне кс. біскуп: “Адзенься  лепей,  адзень паліто!”. “Паліта я не маю”, – адказаў я. Тады ён вярнуўся да свайго памяшкання,  знайшоў  нейкае  паліто і  заставіў  мяне  адзець. Калі вярнуліся з Брэста, сказаў, каб насіў яго, пакуль  не  буду  мець лепшага. Тым  часам звярнуўся да мяне кравец Куна, зняў з мяне меркі і перарабіў тое паліто для мяне, з прышпільваным  каракулевым  каўняром, старым, але добрым. Заплаціў  краўцу,  вядома  ж, кс. біскуп, а я  атрымаў пераробленае, але цэлае  і  добрае  паліто”.

Кс. біскуп  выхоўваў семінарыстаў  стылем  свайго жыцця, не ўтойваў меркавання   пра іх, і выказванні  яго  западалі  ў душу выхаванцаў. Вучыў “Братняй дапамозе”.

Семінарысту, як і кожнаму студэнту, патрэбны  грошы  на  штодзённыя   выдаткі. У семінарыі былі  і  хлопцы  з  бедных сем’яў. Кс. біскуп аказваў ім фінансавую падтрымку. Рабіў ён гэта з вялікім пачуццём  выхавацеля, даручаючы, напрыклад, перапісаць  свой рэферат, каб аддаць яго ў друк: «Калі  падрыхтуешся  да  заняткаў і  будзеш  мець  час, зайдзі да мяне; тут  я маю сёе-тое перапісаць, дапаможаш мне. За гэтую дапамогу кс. біскуп перадаваў  алюмну  грошы  праз  «Братнюю дапамогу». Думаецца, такім чынам ён выхоўваў  здольнасці  да  творчай  працы, а перадаючы алюмнам грошы не непасрэдна  ў рукі, але праз «Братнюю  дапамогу», выхоўваў удзячнасць і заснаваў сістэму фінансавай  падтрымкі ў  будучым бедных клерыкаў і святароў, што працуюць у небагатых парафіях, праз  пасрэдніцтва  той   дыяцэзіяльнай  установы,  заснавальнікам  якой быў сам.

 

Дзесяць фраз з Евангелля

Біскуп Зыгмунт Лазінскі чытаў лекцыі па Святым Пісанні. Дазваляў карыстацца Бібліяй, якая была выдадзена Біблійным таварыствам, таму што каталіцкае выданне знайсці было цяжка. Патрабаваў добрасумленных ведаў, ставіў тройкі, а часам нават і тройкі з трыма мінусамі. З-за таго, што біскуп павінен быў выконваць абавязкі ардынарыя, часта яго лекцыі не адбываліся.

Ужо падчас вывучэння філасофіі часам даваў алюмнам практыкаванні, для   выканання  якіх  патрэбна было папярэдняе  чытанне  Евангелля. Адно з такіх практыкаванняў заключалася ў выбары дзесяці фраз з Евангелля, якія найбольш падабаліся алюмну. З кантэксту ўспамінаў можна заключыць, што гэтае  практыкаванне, магчыма, служыла кс. біскупу таксама для разумення духоўнасці алюмна або нават  яго паклікання, паколькі аднаму алюмну, пасля таго, як выслухаў яго фразы, выпісаныя з Евангелля, задаў пытанне: «Калі хочаш, то  скажу, што я думаю пра цябе». А калі атрымаў згоду – сказаў: «Здаецца  мне,  што твой шлях іншы, чым у тваіх калег». Пачырванеўшы, алюмн  адказаў: «Можа быць…». І на самай справе, пасля заканчэння курса філасофіі пакінуў семінарыю.

Моцна жаданымі для вернікаў былі візітацыі, падчас якіх прымалі біскупа З. Лазінскага вельмі сардэчна. Падчас св. Імшы ён прамаўляў гамілію, у той час як навуку перад удзяленнем Сакрамэнту бежмавання гаварыў хто-небудзь са святароў. 

У адной з парафій перад ад’ездам загаварыў  з  вернікамі на беларускай мове: «Звярнуліся да мяне некаторыя  католікі і прасілі, каб даў ім дазвол спяваць песні па-беларуску, так  што  скажыце цяпер: як  хочаце вы?». Але і мужчыны,  і  жанчыны пачалі крычаць: «Хочам  па-польску, па-польску!»… Тады кс. біскуп сказаў: «У сувязі з гэтым  няхай  у  вас усё будзе так, як  было. А  калі  нехта  хоча спяваць  пабожныя  песні па-беларуску,  то няхай спявае». Несумненна, што тое, як біскуп Лазінскі праводзіў  кананічную   візітацыю, а таксама розныя сітуацыі, што ўзнікалі  падчас  яе,  былі для клерыкаў  асаблівымі  лекцыямі па пастаральнай тэалогіі.

У святле  ўспамінаў  кс. Станіслава Рыжко, кс. біскуп З. Лазінскі паўстае перад намі як вялікі пастыр. Чалавек веры і апостал, які рэалізоўваў сваё пакліканне без кампрамісаў,  клапоцячыся  аб сваёй  дыяцэзіі  ажно да слёз.Zig. Lozinski-3

Пад  канец  жыцця  біскуп скіраваў да верных наступныя словы: “Заданнем маім было весці вас да неба, дзеці мае! Вельмі нямогла служыў я вам; ні словам, ні прыкладам не ўмеў я быць правадыром, якім трэба было быць. Даруйце мне мае правіны… Але я вас любіў бясконца і аддана прагнуў аддаць за вас усё маё жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб дазволіў мне за вас пакутваць, і пакутамі выслужыць Касцёлу тое, чаго не магла здабыць для Яго мая няўдольная  праца”.

 

Біскуп Зыгмунт Лазінскі   памёр у Пінску ў Вялікую Суботу, напярэдадні  Вялікадня, 26 сакавіка  1932  года. Быў пахаваны  ў мясцовым катэдральным  касцёле, дзе саркафаг з яго целам спачывае па сённяшні дзень  у адмысловай капліцы. Народнае ўшанаванне мошчаў біскупа  пачалося  адразу  пасля яго  смерці,  а  ў 1957 годзе распачаўся  яго  беатыфікацыйны працэс.

 

 

  Артыкул падрыхтаваны па старонках Internet  і з выкарыстаннем успамінаў кс. Станіслава Рыжко.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий