Працягваем серыю артыкулаў пра святых і благаслаўлёных, якія служылі Богу і людзям на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі краю. Няхай іх жыццё, якое стала сімвалам ахвярнасці дзеля любові да бліжняга, нараджае ў нашых сучаснікаў гарачае імкненне праяўляць міласэрнасць у адказ на жорсткасць, абуджае праяўленні чалавечнасці ў чалавеку.
Як два кавалкі воску…
Гісторыі святых заўсёды прыносяць натхненне ў нашае хрысціянскае жыццё. Вучымся ад іх жыць, любіць, пазнаваць Бога і давяраць Яму, бачым прыклад пераадольвання цяжкасцяў і можам па-новаму паглядзець на нашыя жыццёвыя выпрабаванні.
Такой святой, якая стала для мяне прыкладам крочання за Богам і спаўнення Яго волі насуперак розным перашкодам, з’яўляецца благаслаўлёная Баляслава Марыя Лямэнт. Упершыню я пазнаёмілася з ёю ў сваёй роднай парафіі ў Параф’янава. З дзяцінства мяне цікавіў вітраж у касцёле, на якім была прадстаўлена нейкая законніца, але я не ведала, хто гэта. Аказалася, што вітраж благаслаўлёнай Баляславы ў Параф’янаўскім касцёле Імя Марыі з’явіўся прыкладна ў 1996 годзе, на той час сёстры місіянеркі Святой Сям’і не служылі ў нашай парафіі. Для мяне гэты факт назаўсёды застаўся знакам таго, што наша заснавальніца сама чакала і рыхтавала месца для сясцёр, якія прыехалі ў Параф’янава ў 2002-м.
Хто ж яна такая, благаслаўлёная Баляслава? Яна была дачкой Марціна Лямэнт і Луцыі з дому Цыганоўскай. Нарадзілася ў польскім горадзе Ловіч 3 ліпеня 1862 года. Яна была старэйшай дачкой і, як пісалі пра яе родныя, радасная, чулая, дабразычлівая, апекавалася малодшымі братамі і сёстрамі. Галоўнай настаўніцай і выхавацелькай для Баляславы была яе маці, якая атрымала вельмі добрую на той час адукацыю ў пансіянаце сясцёр бернардынак. Марцін Лямэнт быў шаўцом і, магчыма, нават меў сваю майстэрню ў Ловічы, хоць дакладных звестак пра гэта не засталося.
Ужо ў дзяцінстве Баляслава пазнала жалобу і гора, калі адзін за адным паміралі ў сям’і малодшыя сёстры і брат. Напэўна, ужо тады яе вера сутыкнулася з сямейнай трагедыяй, але і ў такіх цяжкіх перажываннях Баляслава не згубіла даверу да Бога.
Баляслава скончыла пачатковую школу ў Ловічы і тры класы расійскай гімназіі, пасля чаго мела магчымасць стаць настаўніцай. Відавочна, гэта не адпавядала ані жаданню яе самой, ані жаданню бацькоў, якія хацелі даць дачцы добрую адукацыю і спецыяльнасць, таму ў 18 год дзяўчына выехала ў Варшаву, каб атрымаць дыплом швачкі. Пасля атрымання адпаведнай падрыхтоўкі яна заснавала швейную майстэрню ў Ловічы, дзе працавала разам са сваёй сястрой Станіславай.
Менавіта ў родным Ловічы Баляслава распачала працу над сабой пад кіраўніцтвам кс.Антонія Хмялеўскага. Праз шмат гадоў яна ўспомніць тыя часы, калі падчас рэкалекцыі яе сэрца кранулі словы: “наша воля павінна зліцца з воляй Бога так, як два кавалкі воску зліваюцца ў адзін”. Гэтыя словы сталі духоўным стрыжнем Баляславы да канца яе жыцця: ва ўсім яна шукала гэтай волі Бога, імкнулася яе распазнаваць, прымаць і выконваць.
У 1884 годзе Баляслава разам са сваёй сястрой Станіславай распачалі фармацыю ў Кангрэгацыі Сясцёр Сям’і Марыі ў Варшаве. Падчас прабывання ў супольнасці, пасля першых шлюбаў Баляслава працавала настаўніцай і выхавацелькай у розных месцах, а між іншым – у Пецярбургу, Адэсе, Ілукшце, Сімферопалі. На працягу ўсяго часу пачатковай фармацыі яна заставалася верная таму, што зразумела яшчэ ў Ловічы: трэба шукаць волю Божую. Таму пасля доўгага часу распазнавання і размоў з духоўным кіраўніком Баляслава вырашыла, што Кангрэгацыя Сясцёр Сям’і Марыі – гэта не яе месца, пасля чаго вярнулася ў Ловіч.
Прыкладна ў 1892 годзе Баляслава пераехала ў Варшаву, дзе заснавала швейную майстэрню. Таксама актыўна занялася апостальствам: працавала з дзецьмі і моладдзю, апекавалася начлежкай для бяздомных. Ужо ад пачатку сваёй дзейнасці ў Варшаве Баляслава звярнулася па духоўнае кіраўніцтва да благаслаўлёнага Ганарата Казмінскага. Менавіта з яго парады ў 1902 годзе прыняла рашэнне паехаць у Магілёў, дзе спадарыня Леантына Сяножэнцка шукала сясцёр, якія б заняліся адукацыяй і выхаваннем моладзі. У 1903 годзе Баляслава прыехала ў горад над Дняпром.
У Магілёве першапачаткова жыла ў Леакадзіі Гурчынскай, а пасля змяніла адрас. Падчас рамонтных прац у доме пазнаёмілася з дзяўчынай, сваёй будучай супрацоўніцай Луцыяй Чэхоўскай, якая паходзіла з ваколіц горада. У Магілёве Баляслава праводзіла курсы, дзе вучыла дзяўчат шыць, а таксама клапацілася пра іх духоўнае выхаванне. Вядома, што яна арганізоўвала спектаклі на Божае Нараджэнне, сцэнарыі да якіх пісала сама. У гэтых спектаклях удзельнічалі таксама выхаванкі іншых магілёўскіх школ.
У другой палове кастрычніка 1905 года ў Магілёў прыехаў а. Фелікс Вярцінскі, езуіт. Пад яго кіраўніцтвам Баляслава разам з Леакадзіяй Гурчынскай і Луцыяй Чэхоўскай перажылі духоўныя практыкаванні, падчас якіх распазнавалі Божую волю адносна стварэння новай Кангрэгацыі. Такім чынам у апошнюю нядзелю кастрычніка (29 кастрычніка 1905 г.) распачало сваё існаванне Таварыства Святой Сям’і. Пасля назва інстытута была зменена на сучасную – Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.
У 1907 годзе сёстры выехалі ў Пецярбург. Пачатак працы там быў вельмі складаны. Паводле ўспамінаў с. Луцыі Чэхоўскай, пасля аплаты пераезду ў сясцёр засталося 30 рублёў, трэба было тэрмінова знайсці працу, каб атрымаць сродкі на ўтрыманне. У гэтых складаных умовах Баляслава засталася верная свайму перакананню: калі такая воля Божая, каб Кангрэгацыя існавала, то будзе таксама і праца для сясцёр, калі ж не, то сёстрам прыдзецца разысціся. У гэты крытычны момант з’явілася прапанова ад пробашча парафіі Св. Казіміра, каб заняцца дзіцячым прытулкам, які дзейнічаў на тэрыторыі парафіі. У 1908 годзе Баляслава атрымала дазвол на адкрыццё жаночай гімназіі для дзяўчат розных веравызнанняў і нацыянальнасцей. У 1912 годзе пробашч парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Пётр Януковіч звярнуўся да сясцёр з просьбай заняцца кіраўніцтвам парафіяльнай школай. Так у Пецярбургу з’явілася другая супольнасць сясцёр, у самым бедным раёне горада на Выбаргскім баку. Ужо ў 1913 годзе Кангрэгацыя налічвала 15 сясцёр і тры супольнасці: дзве ў Пецярбургу і адна – у Выбаргу.
Аднак у 1918 годзе ўлады пачалі закрываць школы, дзіцячыя прытулкі, дзе працавалі сёстры. Перастала існаваць таксама жаночая гімназія. Для сясцёр і для насельніцтва Пецярбурга наступіў складаны час. Баляслава бачыла небяспеку голаду, таму ў школьным будынку арганізавала пункт, дзе сёстры кармілі дзяцей і моладзь, а таксама патаемна навучалі іх.
У 1922 годзе Баляслава разам з сёстрамі пераехала ў Польшчу, дзе дзейнасць Кангрэгацыі развілася далей. Быў адкрыты дом навіцыята ў Хэлмне. Баляслава старалася атрымаць афіцыйнае зацвярджэнне Кангрэгацыі. У гэты час паўставалі новыя супольнасці, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі: у Брэсце, Пружанах, Рачканах, Слоніме, Альбертыне, Дзераўной, Крывошыне, Лагішыне, Пінску, Шэрашаве. Баляслава ўвесь час гарэла жаданнем апостальства на тэрыторыі Расіі, падкрэслівала, што сваю малітву і працу трэба ахвяроўваць за Расію. Яна ведала, з якімі цяжкасцямі сустракаюцца сёстры падчас працы, заахвочвала іх велікадушна зносіць усё і ахвяроўваць дзеля большай хвалы Божай. Часта яна нагадвала сёстрам, якія служылі далёка і не заўсёды мелі магчымасць удзельнічаць ва Эўхарыстыі, што дзеля дабра людзей, якім так цяжка дабрацца да святыні, трэба ўмець пакінуць Бога для Бога.
У 1935 годзе Маці Баляслава адышла ад кіравання Кангрэгацыяй і пераехала ў Беласток, дзе актыўна ўключылася ў апостальства. Вядома, што ў гэтым жа годзе яна арганізавала прадстаўленне ў гонар Хрыста Валадара, да якога сама рыхтавала тэксты і касцюмы.
У 1941 годзе Баляславу паралізавала. Сёстры ўспаміналі, што нягледзячы на цяжкую хваробу, яна была вельмі цярплівай, заўсёды адорвала сясцёр усмешкай і добрым словам.
29 студзеня 1946 года Маці Баляслава Марыя Лямэнт адышла да Пана. Першапачаткова была пахаваная ў в. Ратова. 5 чэрвеня 1991 года Папа Ян Павел ІІ абвясціў Баляславу Лямэнт благаслаўлёнай. Зараз яе гроб знаходзіцца ў санктуарыі на вул. Столэчна ў Беластоку.
Пасля беатыфікацыі сёстры арганізавалі пілігрымку з рэліквіямі благаслаўлёнай па тэрыторыі Беларусі. Так, між іншым, благаслаўлёная Баляслава наведала Параф’янава. Верагодна, менавіта гэтая падзея паўплывала на тое, што ў касцёле Імя Марыі з’явіўся вітраж з яе выявай.
На працягу ўсяго свайго жыцця благаслаўлёная Баляслава Лямэнт імкнулася выконваць волю Бога, старалася жыць і працаваць дзеля Яго большай хвалы і дзеля адзінства Касцёла. Сёння, калі ў нашым грамадстве так не хапае адзінства, яна з’яўляецца заступніцай, якая можа гэтае адзінства ў Бога выпрошваць. Заахвочваем вас маліцца праз заступніцтва гэтай благаслаўлёнай.
Малітва праз заступніцтва благаслаўлёнай Баляславы
Божа, Ты дзеля большай хвалы Твайго імя ўчыніў, што благаслаўлёная Баляслава прысвяціла сябе справе адзінства хрысціянаў, праз яе заступніцтва ўчыні, каб тыя, каго асвяціў адзіны хрост, з’ядналіся ў сапраўднай веры і братняй любові пад кіраўніцтвам аднаго Пастыра, а таксама мне ўдзялі ласку (…), аб якой з даверам прашу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала
с. Фаўстына Адамовіч, MSF