Як трапяткі агеньчык свечкі

“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную  больш  падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на  прадаўжэнне  ўзнятай тэмы.             

(Працяг. Пачатак у  №№ 11 – 2021, 02,03,04,05,06,07-08,09,10 – 2022).

 

 

 

Турэмны дзённік сястры ВандыCв. Ванда

Тэкст турэмнага дзённіка сястры Ванды, у адпаведнасці з яе воляй, павінен  быў  заставацца ў строгай таямніцы аж да самай яе смерці.

10 жніўня 1958 года, у нядзелю, пасля  споведзі  сястра Ванда прысягнула  духоўнаму  кіраўніку ў Божае Імя, што будзе яму паслухмянай у справе, якая датычыцца напісання  турэмнага  дзённіка пад назвай “Чысцец”.

“У  Імя Айца, і Сына і Духа Святога. Амэн. Пачынаю пісаць  “Чысцец” ад знаку  Святога Крыжа, каб напісаць так, як хоча Езус, і ў адпаведнасці з наказамі майго духоўнага кіраўніка кс. Часлава Барвіцкага. І Цябе, Маці Божая, прашу аб дапамозе і святле Духа Святога ў кіраванні гэтым пяром пад Тваю, Езу, дыктоўку.

 

 “Чысцец”- турма. 1950 – 1956 гады

На Вялікдзень, 9 красавіка 1950 года, сёстры ў Прыцюнах ўставалі ў тры гадзіны раніцы, каб пайсці ў Буйвідзы на рэзурэкцыйную св. Імшу. Першай прачнулася сястра Стаха Мікалайчык і, адчыняючы дзверы, жудасна ўскрыкнула ад страху. Было яшчэ даволі цёмна, і яна  не распазнала людзей, якія набліжаліся  да  іх дому. Адзін чалавек  уварваўся  ў  пакой, а іншыя схапілі сястру за рукі, сілай упіхнулі назад у дом. Трое адразу зацікавіліся гаспадыняй сястрой Разаліяй Родзевіч. Распачалі вобыск, сцвярджаючы, што ў доме сясцёр знаходзіцца злодзей, які ў гэтых людзей украў 20 тысяч. На самой  жа  справе  шукалі яны ксяндза Зомбка, якога і знайшлі ў другім доме. У ксяндза акурат знайшлі  і  ўсе  паперы  і  дакументы, на  аснове  якіх  пазней  былі раскрытыя  і  наша згуртаванне, і асобы з ім звязаныя.

У тыя дні знаходзілася ў нас Ханя  Дубавік, якая, на шчасце, нічога не ведала, што  ў  нас хаваецца ксёндз Зомбэк. Ханю адразу затрымалі, а пры арышце ксяндза Зомбка  яе  ўзялі як сведку. Праўда, праз пару дзён допыту яе адпусцілі. Ксяндза Зомбка і сястру Рузю арыштавалі адразу. Іх забралі ў аўтобус, у якім прыехала шмат  савецкіх  вайскоўцаў  і  міліцыянераў. Пазней  забралі таксама і Ханю Дубавік.  Гэта здарылася а дванаццатай  гадзіне  дня.

Я  спытала  Ўваскрослага: “Што здарылася? Дзе Ты?”. І пачула ў адказ: “Смутак твой цяпер будзе адпавядаць  смутку  чысцовых  душ. Ён  будзе  працягвацца  каля  шасці год. У гэты  час пройдзеш праз блюзнерствы,  падобныя  да пякельных  блюзнерстваў. Але ты заставайся пры Мне. Я буду з табой. Я пашлю табе анёлаў-суцяшальнікаў. Будзеш яшчэ больш спакушана,  але  з ласкай Маёй Маці  павінна  перамагчы… 

Пасля гэтых слоў Езуса было яшчэ  штосьці важнае, але я не магла  ахапіць  гэта  словамі і ўтрымаць у памяці. Потым пачалі прыходзіць  суседзі. Яны разбіралі і хавалі па розных кутках нашыя рэчы. Мяне спыталі аб прычыне майго спакою. Суседзі прапаноўвалі мне схавацца. “Не!” – адказала я.

Пачала  Ружанцовую малітву, прыняла  Езуса  духоўна ў сваё сэрца. Узбудзіла  акты  жалю, веры, надзеі  і  любові. Адчувала прысутнасць Езуса, але боль у душы замяняўся  трывогай перад прадказаным Езусам “зямным чысцом” і перад  пякельнымі  блюзнерствамі. Разважала  над  тым,  ці  змагу быць вернай ласкам і ці вытрымаю ўсе выпрабаванні. І  такім  чынам  прайшоў  першы  дзень  Вялікадня.

Ноччу  ні адна з нашых сясцёр не магла заснуць. Я старалася больш  маліцца,  але Езус замаўчаў. У маёй душы адбылося нейкае перамяненне. Нават цяпер не магу яго асэнсаваць.

Другі  дзень  Вялікадня  прайшоў так, быццам бы ўсё тое, што здарылася ўчора, было няпраўдай і толькі  фантазіяй. Падчас разважанняў  зразумела, што я прыгатавана  да нейкай вялікай ахвяры. Разумею Езуса імгненна. Адчуваю больш  сіл  і  ўпэўненасці  ў тым, што  вытрымаю  выпрабаванні. Прысутнасць  Езуса  становіцца больш жывой, але гэтая прысутнасць нараджае  яшчэ больш моцны смутак. Часам прыходзяць страшныя думкі, звязаныя з тым, што гэта менавіта  мая  віна ў тым, што арыштаваныя  ксёндз  Зомбэк, сястра Разалія і Ханя. Такія думкі мяне  нават  горш мучылі, чым пазнейшае  біццё  галавой  аб  сцяну або  кіданне на зямлю (маю на ўвазе допыты).

На  трэці дзень Вялікадня, 11 красавіка 1950 года,  а  трэцяй гадзіне  пасля абеду прыехаў  грузавік з салдатамі. Былі сярод іх і двое ў цывільным. Адзін з іх аказаўся  маім следчым. Яны прыехалі мяне арыштаваць. Адзін з іх адразу загадаў, каб я паказала сховішча кс. Зомбка. Калі я выйшла з дому, ён  загадаў  мне  стаць побач з салдатам з вінтоўкай. У той момант  другі  цывільны  нас сфатаграфаваў. Потым яны сфатаграфавалі  ўсё  сховішча,  кожны яго куточак. Пасля мне загадалі ўзяць з сабой коўдру, патлумачыўшы, што збіраюцца арыштаваць мяне толькі  на  адну ноч, каб удакладніць некаторыя дэталі ў дачыненні да кс. Зомбка і сястры Рузі.

Калі я развітвалася з сёстрамі, адзін з цывільных сказаў, што заўтра я вярнуся дадому, і даў сёстрам  адрас: г. Вільня, вуліца Ахвярная,  Міністэрства  дзяржаўнай  бяспекі. Па гэтым адрасе, як сказаў цывільны  сёстрам, я  буду  знаходзіцца. Я паехала, але не ўсведамляла, што ад’язджаю назаўсёды. Па дарозе заехалі ў Неменчыну, дзе  знаходзіліся  сястра  Рузя і Ханя  Дубавік  ад першага дня Вялікадня. Мяне ж адразу павезлі ў Вільню. Па дарозе я малілася і зноў пытала Езуса: “Што здарылася? Куды нас вязуць?”. Цішыня… Цішыня ў душы. Разумею Бога духоўна,  ужо  зусім  інакш, як разумела  да гэтага часу. Цяпер разумею больш імгненна, а гэта ўзмацняе  яшчэ  больш балючы смутак па Езусе.

Пачынаю  разважаць  пра жыццё Езуса з Вязніцы Табернакулюма. Разумею, што цяпер Езус хоча дзяліцца  са  мной  не цярпеннем Крыжа,  але  цярпеннем  у  Эўхарыстычнай  Вязніцы.  Я атаясамліваю мой смутак са смуткам Езуса.

Імгненна  разумею  жыццё Езуса сярод нас, у нашых касцёлах. Чую Яго словы: “Я застаюся вязнем  аж да канца свету, да заканчэння  існавання  чалавецтва. А табе даю толькі некалькі год да канца твайго жыцця, каб сумавала па Мне”. Тады  я  няправільна зразумела гэтыя словы Езуса, бо ў турме не наступаў канец майго жыцця.

Пазней зразумела, што гэты смутак я буду адчуваць толькі ў турме, якая  будзе падобная да чысца, а  часам будзе падобная нават  да  пякельнай мукі.

Нас жа прывезлі ў Вільню, у Міністэрства  дзяржаўнай  бяспекі,  на вуліцу Ахвярную. З  аўтобуса мы выйшлі трое: сястра Рузя, Ханя і я. Ідучы, я абнялася і развітвалася з імі. Салдаты  пачалі  насміхацца над намі, казалі: “Вы  ж  разам  будзеце  жыць або вернецеся ў Прыціны”. Але, калі  нас  прывялі  ў  чатырохпавярховы  дом,  кожную павялі ў асобны пакой. Мяне завялі ў самы вялікі,  дзе была мяккая канапа, і нават  дазволілі  прылегчы.

Бачачы, што маё жыццё цяпер павінна  быць  падобным  да  жыцця Вязня Любові, я  не  лягла , а прысела на стул. Праз момант  у  пакой  увайшлі  некалькі мужчын  і  пачалі з мяне насміхацца, прамаўляючы: “Святая…”. Скіравалі ў мой бок  некалькі  агідных слоў на рускай мове. Паколькі мову  я добра не разумела, паклікалі  нейкую габрэйку ў якасці перакладчыцы.

Дапытваць  мяне  пачалі ўначы з 11 на 12 красавіка. Пасыпаліся несправядлівыя абвінавачванні, брыдкія  словы.  Мяне  білі па твары, білі  нагамі  пад калені.Упала на падлогу.  Допыт  прадаўжаўся  да  раніцы. На стале стаяў кубак з вадой. Прапанавалі папіць, я адмовілася, хоць і моцна хацела. Урэшце, адвялі ў малую камеру, дзе  стаяла  смуродлівая   “параша”. Падумала тады, што  хіба вось так адчувае сябе Езус у душах грэшнікаў. Потым у камеру ўвайшла жанчына і загадала мне распрануцца  дагала.  Я  стала перад  ёю голая. Прыгадаўся дзясяты  прыпынак   на Крыжовым шляху:  “З  Езуса  знята адзенне…”. Тая жанчына  штосьці  крычала па-руску, я не разумела, а яна знімала з  мяне  крыжык,  ружанец,  медалікі, адабрала гумкі да панчохаў, шпількі для валасоў і шнуркі да чаравікаў. Я расплакалася, а жанчына  крыкнула: “Не  шумі, пойдзеш  у  карцар, там пазнаеш,  дзе ракі зімуюць!”.

Пасля  прыйшоў  мужчына,  унёс тапчан  – без матраца і без падушкі.

Мне цяжка прыгадаць, што адбывалася са мной у першы турэмны  дзень.Са слоў следчага ведаю, што  ўрач  зрабіў  укол  і сказаў, што адправіць у бальніцу. Але  следчы  загадаў, каб ляжала ў камеры.

 

Ад пад’ёму да адбою

Апошнія гады жыцця сястра Ванда правяла ў Доме Сясцёр  ад Анёлаў у Хыліцах (Канстанцін-Язёрны). 2001 год

Апошнія гады жыцця сястра Ванда правяла ў Доме Сясцёр
ад Анёлаў у Хыліцах (Канстанцін-Язёрны). 2001 год

Два разы на допытах прайшла праз  вялікія  цярпенні.  Адзін  маёр, не ведаючы нічога пра мой стан здароўя,  паступаў са мною па-зверску.  Не дазволіў нават на хвіліну  прысесці. Абражаў агіднымі і зняважлівымі словамі, біў нагамі пад калені, і я падала на падлогу.  Праз некалькі дзён мяне прывезлі ў Лукішкі, дзе было некалькі турэмных карпусоў, у тым ліку  спецыяльны  блок  для  хворых. Менавіта там мяне і размясцілі.

Хварэла я на розныя хваробы: запаленне  нырак,  жоўцевага  пузыра, на сэрца, грып, ангіну, часта траціла прытомнасць. А  пад  канец Адвэнту з’явіліся  стыгматы  на руках, нагах і на левым боку, якія ў пэўны  час  адкрываліся  і  крывавілі. Урачы  акрэслілі стыгматы як невызначаную, незразумелую для медыцыны хваробу.

Калі  я  адчула  сябе крыху лепей,  санітаркі  прыносілі  мяне на насілках  у бальнічную канцылярыю, дзе мяне дапытваў следчы. Урэшце, мне было сказана: “Ваша справа закончана”.

Калі  я  знаходзілася  ў турэмным  шпіталі  ў вялізнай палаце хворых, старалася дапамагаць тым, хто  больш цярпеў. Ім аддавала свае  порцыі  малака, масла і белага хлеба. Разам з іншымі хворымі адгаворвала Ружанец, што было сурова  забаронена.  І,  калі  пачыналіся вобыскі, то нашы ружанцы і крыжыкі, зробленыя з хлеба, забіралі  і знішчалі. Але нягледзячы на гэта я працягвала  рабіць сваё.

З прычыны гэтых розных хвароб я зрабілася больш смелай у адносінах да Езуса. Звярталася да Яго нават з дробязямі і гаварыла Яму ўсё. Звярталася таксама і да Маці  Божай,  да  святых,  да  анёлаў. Мне  было  вельмі  шкада маладых людзей, якія былі ўжо асуджаныя ваеннымі  трыбуналамі  на  расстрэл.

Я  ўсё прадстаўляла Небу.  Скардзілася Езусу, што Ён маўчыць, а сілы  цемры  хапалі  столькі  маладых людзей, якія  часта самі адбіралі  сабе  жыццё:  выбівалі  вокны і  кавалкамі  шкла рэзалі   вены, а  праз  некалькі  гадзін паміралі. 

Праз некалькі месяцаў знахо-джання ў бальніцы ўрачы сказалі, што  вылечыць  зусім  мяне не зможа  ніякая  медыцына,  таму што я звышуражлівая на крыж. Крыж  назвалі маім псіхозам.

У  маёй палаце з’явілася некалькі  псіхічна  хворых жанчын, якіх я вельмі баялася і прасіла ўрачоў, каб мяне перавялі назад у турму  на вуліцу Ахвярную. Але мяне  перавялі  ў  іншы  корпус, дзе я  павінна была захоўваць усе правілы турэмнага рэжыму і ад пад’ёму да адбою – толькі сядзець!

Хутка  я  захварэла на запаленне мазгавых абалонак. Мучыў страшэнны  боль  галавы. Доўгі час была  непрытомнай. І ўсё ж выратавалася. Пад канец майго лячэння ў бальніцу прывезлі хворую сястру Рэгіну Арлоўскую. Разам з ёю была каля трох тыдняў. У гэты час нам абвясцілі прысуд,  які  завочна, без нашай  прысутнасці,  адбыўся ў Маскве.  Сястру Рэгіну асудзілі на 10 год  папраўчага лагера, мяне – на 10 год  турэмнага зняволення.

 

 

 

 

              Галіна ТАЎЛУЙ.

 (Заканчэнне ў наступным нумары).


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий