“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 11 – 2021, 02,03,04,05,06,07-08,09,10,11 – 2022).
10 лютага 1951 года сястру Ванду абследавалі ўрачы, якія прыйшлі да высновы, што яна можа ехаць у Сібір.
Допыты
Сястра Ванда апынулася ў турме на Верхнім Урале. Яе як хворую змясцілі ў асобную камеру на саракадзённы каранцін. Пасля гэтага каранціну перавялі ў агульную палату для хворых. За адмову даносіць на жанчын у палаце сястра Ванда трапіла ў карцар, дзе захварэла на невядомую хваробу. Размова ішла пра раны ў баку і злева ад грудзей, а таксама на руках і на нагах. Вядома, гэта адкрыліся стыгматы. Не раз сястра Ванда трапляла на допыты да розных аператыўнікаў. Адзін з іх моцна здзекаваўся з сястры, біў яе галавой аб сцяну. Але аднойчы гэты ж самы аператыўнік прыйшоў уначы да сястры Ванды і папрасіў прабачэння за тое, што так жорстка абыходзіўся з ёю. “Ведаеце, – сказаў ён, – цяпер я паверыў, што Бог сапраўды ёсць, таму што сумненне не дае мне спакою. Я павінен быў перахрысціцца. Мая маці – верніца. І я цяпер хачу таксама верыць, як і Вы верыце. І калі Вас вызваляць, то Вы будзеце ў мяне. Я буду даглядаць Вас як родную сястру”.
Праз пэўны час сястра Ванда ізноў сустрэлася з жорсткасцю новага аператыўніка, які падчас чарговага допыту так моцна ўдарыў ёй ботам у грудзі, што працяў скуру да крыві. У выніку гэтага ўдару на левай частцы грудзей з’явіўся вялікі гуз, які прый-шлося ліквідаваць аперацыйным шляхам.
У турэмнай палаце, дзе знаходзілася сястра Ванда, жанчыны зрабілі з хлеба ружанцы і крыжыкі і маліліся нават у голас. Але, на жаль, з’явілася даносчыца. Сястру Ванду выклікалі на допыт, аператыўнік абвінавачваў Ванду, што яна падбухторвала зняволеных супраць турэмнага начальства.
Спакой і вытрымка сястры Ванды падчас допыту давялі аператыўніка да шаленства. Ён прыгразіў сястры Вандзе, што яна ніколі больш не ўбачыць Радзіму. А зняволеная ў гэты час паўтарала пра сябе: “Божа, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Пасля гэтага сястру Ванду перавялі ў адзіночную камеру без права перапіскі. Бяссонныя, страшныя, бясконца доўгія ночы ў адзіночнай камеры сястра Ванда параўноўвала з пеклам, і ў такім пякельным стане пакутавала амаль год. Не раз трапляла ў карцар. Там павінна была знаходзіцца без верхняй вопраткі, толькі ў ніжняй бялізне.
Асабліва цяжка перажывала сястра Ванда адзін з апошніх перыядаў Вялікага Посту, калі адкрываліся звонку раны ад стыгматаў. Падчас аднаго з допытаў сястру Ванду катавалі электрычным токам. Амаль кожны турэмны ўрач дзівіўся з таго, што гэтая зняволеная ўсё яшчэ жыве.
Пасля смерці Сталіна са зняволенымі сталі абыходзіцца больш па-людску, аднак не ўсё аператыўнікі. Адправіць сястру Ванду на перасыльны пункт у Быкаў, які знаходзіўся пад Масквой, турэмнае начальства не магло, таму што сястра Ванда была фізічна вельмі слабай.
“Езу! Ратуй нас!”
На жаль, больш-менш чалавечныя аператыўнікі хутка змяніліся на жорсткіх і агрэсіўных. Сястра Ванда ў сваім турэмным дзённіку падкрэслівала, што да такіх аператыўнікаў ішла яна на допыт, як на Галгофу. Адзін з такіх следчых пагражаў сястры Вандзе, што яна застанецца без вачэй, без грудзей, без носа, без рук. Падчас аднаго допыту аператыўнік кінуўся на Ванду, як страшны звер, пачаў яе біць і крычаў як д’ябал. Сястра ўпала на падлогу. Другі аперытыўнік пачаў яе біць ботамі, болей таго, пагражаў, што аддасць сястру Ванду на пацеху дзяжурным салдатам. У такія невыносна жудасныя хвіліны сястра Ванда пераносілася думкамі да пэўнага касцёла, дзе Езусу было сумна ў табернакулюме.
Страшныя пакуты давялося перажыць сястры Вандзе, калі змясцілі яе ў турэмную камеру для псіхічна хворых. У такія хвіліны яна ўголас ўсклікала: “Езу! Ратуй нас, вязняў! Заступніца наша, будзь паміж намі і Езусам і адчыні гэтыя турэмныя жалезныя рамы. Ратуй і маю душу!”.
У турэмным пекле з сястрой Вандай здараліся не раз выпадкі, што ратаваць трэба было не толькі душу, але і цела. Аднойчы аператыўнік загадаў сястры Вандзе распрануцца і пачаў пагражаць, што зробіць з ёю ўсё, што захоча, пры гэтым цынічна адзначыў, што сястра Ванда яшчэ цнатлівая. У гэтыя хвіліны зразумела, што над ёю навісла рэальная пагроза згвалтавання, і ўголас пачала ўсклікаць да Езуса і Божай Маці. Сястру Ванду моцна збілі, яе кідалі аб сцяну, на падлогу. Апрытомнела толькі ў шпітальным ложку. Пазней адзін з тых, хто так жорстка збіваў сястру Ванду, пакаяўся, зразумеў свой грэх і папрасіў у сястры Ванды прабачэння.
22 жніўня 1956 года, у Свята Сэрца Марыі сястру Ванду выклікалі на камісію Вярхоўнага Савета, якая прыехала з Масквы на перагляд справы асуджаных. На пытанне “У чым Вас абвінавачвалі?” сястра Ванда адказала, што з прычыны перанесенага запалення мазгавых абалонак яна нічога не помніць. Адзін з начальнікаў, які прысутнічаў на камісіі, адзначыў, што сястру Ванду асудзілі незаконна. Паколькі сястра Ванда была яшчэ фізічна вельмі слабай, то яе не адправілі адразу ў Польшчу, а на перасыльны пункт у Быкаў.
Пекла
Матэрыяльна-бытавыя ўмовы ў Быкаве аказаліся зусім добрымі ў параўнанні з турэмнымі: цэнтральнае ацяпленне, ванны, чыстыя туалеты. Першы дзень знаходжання ў Быкаве 26 жніўня супаў са Святам Маці Божай Чанстахоўскай. Ва сне сястра Ванда ўбачыла Чанстахову і Божую Маці, якая заахвочвала яе да яшчэ больш стараннага чування над сабой і да магчымасці схавацца перад пякельнымі выпрабаваннямі, якія хутка будуць пагражаць яе жыццю.
Спачатку сястра Ванда не магла зразумець, пра якое яшчэ пекла ідзе размова, калі сапраўды ўжо ёсць надзея на вяртанне ў Польшчу. А пекла ў самым прамым значэнні гэтага слова распачалося менавіта ў перасыльным лагеры ў Быкаве. Мужчыны пачалі гвалтаваць дзяўчат. Сястра Ванда крычала, каб на дапамогу паспяшалася начальства. У адказ не толькі была збіта аўстрыйцамі і немцамі, але і атрымала пагрозу, што, калі не замаўчыць, то будзе забіта сама. Аднойчы югаслаўскія мужчыны замучылі да смерці дзяўчыну. Сястра Ванда сказала, што аб гэтым злачынстве маўчаць не будзе. Помста з боку югаславаў прыйшла хутка. Позна вечарам у пакой, дзе ляжала сястра Ванда, уварваліся некалькі мужчын. Адзін з іх крыкнуў: “Развітвайцеся са сваёй цнатлівасцю”. Другі злачынца закрыў сястры Вандзе рот, а трэці пачаў яе біць.
У гэты жудасны момант сястра Ванда ўбачыла нібы жанчыну-урача і крыкнула: “Марыя! Ратуй, раструшчы галаву змею!”.З дзіўнай сілай сястра Ванда вырвалася з рук гвалтаўнікоў і ў адной кашулі пабегла да жанчыны-урача, будзячы яе. Сястра Ванда ўсведамляла, што ў тыя жудасныя хвіліны ніякая жанчына-урач не была ў яе пакоі, а выратавала яе Сама Божая Маці.
Аднак і пасля гэтага жахлівага здарэння сястры Вандзе давялося перажыць у Быкаве не адзін момант, калі яе дзявочая чысціня знаходзілася пад пагрозай. Але заўсёды на паратунак прыходзіла Нябесная Матуля.
15 кастрычніка 1956 года, у дзень Святой Тэрэзы, сястра Ванда, нарэшце, змагла выехаць з перасыльнага пункту ў Польшчу. 18 кастрычніка 1956 года сястра Ванда выехала ў Хыліцы, дзе знаходзілася Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў. А са сваім Самым Любімым (так называла яна Езуса Хрыста) сустрэлася вясной 2003 года, пражыўшы 95 гадоў.
Галіна ТАЎЛУЙ.