“,,,Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з К;ангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
Вядомым даследчыкам жыццёвага шляху сястры Ванды Банішэўскай, а таксама яе ахвярнага служэння і выканання асаблівай місіі з’яўляецца ксёндз Ян Прышмонт, аўтар кнігі “Схаваная стыгматычка”. Кніга выйшла ў 2004 годзе пры падтрымцы фонду “Наша будучыня”, аддзел якога знаходзіцца ў Шчэцінку.На выхад кнігі Яна Прышмонта дала згоду Мітрапалітарная Варшаўская курыя.
Ва ўступным слове да гэтай кнігі кардынал Генрых Гульбіновіч, арцыбіскуп, Вроцлаўскі мітрапаліт, падкрэслівае, што на пачатку яго жыццёвай дарогі Бог паставіў дзвюх святых законных сясцёр. Першую ён убачыў 4-гадовым хлапчуком у Вільні, калі ішоў са сваёй цёткай па вуліцы. І гэтай сястрой аказалася Фаўстына Кавальская са Згуртавання Маці Божай Міласэрнасці. Другой законнай сястрой для Генрыха Гульбіновіча стала Ванда Банішэўская са Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў.
Маці Генрыха добра ведала сястру Ванду, і не дзіва, што менавіта яна была катэхеткай у Генрыха. З ёю будучы кардынал падтрымліваў сувязь, калі вучыўся ў школе, таксама падчас нямецкай акупацыі, у час вучобы ў Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Вільні. Гэтая сувязь падтрымлівалася да моманту біскупскага пасвячэння Генрыха Гульбіновіча.
З вялікаю любоўю і ўдзячнасцю кардынал Генрых падкрэсліваў, што сястра Ванда навучыла яго павазе да кожнага чалавека. Рыхтуючы дзяцей да Першай Святой Камуніі, сястра звяртала асаблівую ўвагу на Нябеснае Валадарства, падрыхтаванае Езусам для тых, хто Яго любіць. Генрых Гульбіновіч адзначаў, што сястра Ванда была моцная сваім бяссіллем. І, відаць, ёсць асаблівы Божы провід у тым, што Бог забраў да Сябе сястру Ванду вясной 2003 года, якраз у двацца-ціпяцігоддзе Пантыфікату Яна Паўла II. Сястра ж Ванда, як адзначае кардынал Генрых Гульбіновіч, склала Богу на алтары цярпення, як і Ян Павел II, самую сябе за Святы Касцёл.
Законны брат Габрыэль Барташэўскі ў прадмове да кнігі “Схаваная стыгматычка” падкрэслівае, што пасланне, якое сястра Ванда атрымала ад Езуса, мае непаўторную духоўна-пераканальную спецыфіку. Асабліва яскравай з’яўляецца ахвярная місія сястры Ванды маліцца за святароў і манахаў. Габрыэль Барташэўскі адзначае, што ў яе асобе бачым незвычайную харызматычку, пазначаную стыгматамі і адораную іншымі звышнатуральнымі дарамі. Задае брат Габрыэль і рытарычнае пытанне: “Чаму так сталася, што пра сястру Ванду вернікі Касцёла даведаліся толькі пасля яе смерці?”.
Сястра Ванда, хутчэй за ўсё, з тых людзей, хто пакорны і для каго вельмі характэрна пачуццё асабістай недасканаласці. Атрыманыя ад Езуса дары і харызматы хацела схаваць і сама прасіла аб гэтым Бога. Брат Габрыэль напрыканцы сваёй прадмовы падкрэслівае, што старонкі кнігі “Схаваная стыгматычка” перадаюць чытачам моцны голас законнай сястры, якая жыла ў наш час, час шалёнай буры, аб’ядноўваючы ў сваім сэрцы весь боль гэтай зямлі і адначасова паказваючы нябеснае ззянне. Ксёндз прафесар Ян Прышмонт ва ўводзінах да сваёй кнігі ўзгадвае вядомых усяму Касцёлу стыгматыкаў – Францішка з Асізі, Кацярыну Эмэрых, Тэрэзу Нойман, святога айца Пія, Марту Робін. На нашых жа землях ласку стыгматаў атрымала сястра Ванда Банішэўская са Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў. Але паколькі сястра пажадала захаваць гэтую ласку ў таямніцы, то толькі пасля яе смерці гэты факт стаў вядомы ў касцёльнай супольнасці.
Крыніцай стварэння кнігі пра стыгматычку, прызнаваўся аўтар, стаў дзённік сястры Ванды, у якім яна таксама запісвала звернутыя да яе словы Хрыста. Важную ролю ў напісанні кнігі адыгралі запісаныя ўспаміны спаведнікаў сястры Ванды, якімі працяглы час былі ксяндзы Чэслаў Барвіцкі і Антоній Зомбэк.
Ксёндз Барвіцкі быў капэлянам Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў. Ён і перапісаў большую частку дзённіка сястры Ванды. Сам жа дзённік са шматлікімі фатаграфіямі і дакументамі быў знішчаны савецкімі ўладамі.
Ксёндз-прафесар Ян Прышмонт перакананы, што вялікае значэнне для яго як аўтара мела асабістае знаёмства з сястрой Вандай, якое пачалося ў 1948 годзе. Менавіта тады ксёндз Ян быў прызначаны пробашчам у Буйвідзах (на адлегласці за 40 км ад Вільні). Якраз на тэрыторыі гэтай парафіі, у Прыцінах, сёстры мелі свой дом. У кожную другую нядзелю ксёндз Ян прыязджаў у Прыціны, дзе ў капліцы Згуртавання цэлебраваў святую Імшу. Праз некалькі гадоў савецкія ўлады забаранілі святару прыязджаць у Прыціны, але ён усёроўна прыязджаў патаемна. І ўжо тады ксёндз Ян заўважыў выразныя сінія рубцы на руках сястры Ванды, а таксама звярнуў увагу, як змяніўся яе твар пасля прыняцця Цела Хрыста.
Пасля арышту ксяндза Зомбка і некаторых сясцёр са Згуртавання ў пачатку красавіка 1950 года савецкія органы бяспекі зацікавіліся і асобай кс. Яна Прышмонта. Узнікла яўная пагроза арышту, але, дзякаваць Богу, ён застаўся на волі. Пасля вызвалення сястры Ванды са сталінскай турмы ксёндз Ян падтрымліваў з сястрой Вандай сувязь пастаянна і наведваў яе ў Беластоку і Чанстахове. Пасадзейнічаў, каб яна была перавезена з Чанстаховы ў Хыліцы.
Вельмі добрым дадаткам да кнігі “Схаваная стыгматычка” стаў дзённік сястры Ванды, які напісала яна пасля сталінскай турмы і ў якім апісала свае турэмныя пакуты і вы-прабаванні. Аналізуючы тэкст, ксёндз Ян заўважыў, што ў вялікай ступені ён раскрывае містычныя перажыванні сястры, вельмі цяжкі стан духоўнай пустыні, які сястра называла “чысцом”.
Пра сваю кнігу “Схаваная стыгматычка” яе аўтар ксёндз Ян сказаў, што гэта – толькі ўступ да больш шырокага даследавання жыццёвага шляху, духоўнага подзвігу і ахвярнай місіі Ванды Банішэўскай.
Біяграфія
Нарадзілася Ванда 20 мая (па старым стылі) 1907 года ў фальварку Новая Каменка каля Нава-грудка. Дзед Ванды Міхал быў пазбаўлены маёнтка ў Талькове каля Трокаў за ўдзел у студзеньскім паўстанні. Бацька Ванды Францішак праз год пасля шлюбу выехаў у Амерыку, паступіў у Духоўную семінарыю. Калі пасля пакінуў вучобу, працаваў на ферме, а вярнуўшыся на радзіму – купіў за заробленыя грошы фальварак у Новай Каменцы і працаваў ст. ляснічым у памешчыка Грабоўскага.
Маці Ванды Гэлена паходзіла з габрэйскай сям’і, з Вільні. Пасля смерці бацькоў дзяўчынку ўдачарыла сям’я Туроўскіх, і Сакрамэнт хросту ў Касцёле яна прыняла ва ўзросце 16 гадоў.
Першую Святую Камунію Ванда прыняла ў Свята Спаслання Святога Духа 31 мая 1918 года ў касцёле Св. Міхала ў Навагрудку. Сакрамэнт Канфірмацыі атрымала з рук біскупа Зыгмунта Лазінскага 29 кастрычніка 1921 г. У ліпені 1924 года падала заяву на ўступленне ў Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў, якое было заснавана арцыбіскупам Вінцэнтам Ключыньскім. Спасылаючыся на юны ўзрост кандыдаткі, генеральная Маці Згуртавання адмовіла Вандзе ў прыёме. У студзені 1925 г. Ванду прынялі на выпрабавальны тэрмін, але хутка накіравалі на гаспадарча-садовыя курсы ва Устрань (20 км ад Вільні). У 1926 г. Ванда была прынятая ў навіцыят у Віленскай Кальварыі. Яе духоўным кіраўніком стаў ксёндз Макарэвіч. У 1927 г. Ванда імкнулася быць прынятай у іншыя манаскія жаночыя згуртаванні (бернардынак, бенедыктынак), але безвынікова. Разам з сёстрамі са Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў працягвала наведваць курсы кулінарыі, а таксама хадзіла ў школу, якую скончыла ў маі 1928 г.ода.
Першыя законныя шлюбы Ванда склала 2 жніўня 1927 г.; у 1930-м – шлюбы на тры гады; 2 жніўня 1933 г. у Віленскай Кальварыі склала вечныя шлюбы перад кс. Ста-ніславам Мілкоўскім.
У 1946 г. многія сёстры са Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў, у тым ліку і сёстры з Прыцінаў, выязджалі ў Польшчу, але сястра Ванда вырашыла застацца. 10 жніўня 1948 г. савецкімі ўладамі быў арыштаваны кс. Барвіцкі. 9 красавіка 1950 г., у першы дзень Вялікадня, былі арыштаваныя кс. Зомбэк, які некалькі гадоў хаваўся ў доме сясцёр у Прыцінах, а таксама сястра Разалія Родзевіч. Праз два дні была арыштаваная і сястра Ванда Банішэўская. Следства, падчас якога яна пераважна знаходзілася ў турэмным шпіталі ў Лукішках, завяршылася 19 верасня 1950 г. Сястра Ванда атрымала прысуд – 10 гадоў зняволення, ксёндз Зомбэк – 25 гадоў.
Паколькі Ванда была хворай і не магла працаваць, яе прывезлі ў турму, якая знаходзілася ў Верхнім Уральску. У турэмным шпіталі і прабыла яна да 26 жніўня 1956 г. Была вызвалена як беспадстаўна асуджаная. Калі вярнулася ў Польшчу, то пэўны час знаходзілася ў дамах Згуртавання ў Хыліцах, Беластоку, Люткувцэ, Чанстахове. Служыла, выконваючы абавязкі гаспадыні.
29 красавіка 1988 г. сястра Ванда была пераведзена ў Хыліцы (Канстанцін Азёрны). У апошнія гады жыцця не магла хадзіць, што было звязана з фізічным калецтвам і з паважным ўзростам. Адышла да Пана Бога 2 сакавіка 2003 года.
“…Балюча ад слабой веры”
Пра характар духоўнага жыцця сястры Ванды могуць сведчыць скіраваныя да яе словы Хрыста: “Шукаў для Майго Сэрца ахвяры, якая хацела б прысвяціць сябе, як Гостыя, для ажыццяўлення маіх планаў. У тваім сэрцы хоча спачыць Мая Любоў, якой пагарджае свет, якую зневажае, адкідае. Не шкадуй скласці з сябе ахвяру. Не думай доўга. Ты нішто, менш, чым нішто, толькі ўбогасць, і то абцяжараная грахамі”. Гэты наказ прысвячэння сябе Хрысту сястра Ванда выконвала з дзяцінства. Ужо на сёмым годзе свайго жыцця ўсвядоміла свае недахопы і негатыўныя рысы характару, у прыватнасці ўпартасць, гняўлівасць, а нават імкненне да помсты. Божае святло прасвятліла яе душу і падказала, як адрачыся ад усякіх нядобрых звычак і прысвяціць сябе Езусу. Без усякай літасці Ванда аб’явіла сабе “вайну”: строгая дысцыпліна, сухі пост, сон на цвёрдай паверхні, абмежаванне сну да некалькіх гадзін.Такі суровы стыль жыцця дзяўчынка вызначыла для сябе без ведама бацькоў. У выніку – моцная анемія, якая прымусіла яе правесці ўсю зіму ў ложку.
Суровы стыль Ванда практыкавала для сябе ў розных формах на працягу ўсяго жыцця. Характэрным для яе было служэнне людзям. Старалася на зло адказваць дабром, быць паслухмянай бацькам, а пазней – законным сёстрам. Асаблівае месца ў духоўнасці Ванды займае ўшанаванне Эўхарыстыі. І вось якое адчуванне напаўняла яе сэрца ў дзень прыняцця Святой Камуніі 24 снежня 1941 года: “Сёння з самага ранку адчуваю вялікае прагненне Святой Камуніі. Разважаю над тым, што схіліла Езуса прыйсці ў гэты свет. У душы – смутак. Прагненне Святой Камуніі стано-віцца ўсё больш моцным, аж балюча. Адчуваю голад па Табе, Езу. Прашу напаіць Найсвяцейшай Крывёю. Адчуваю ўжо такі моцны боль, што не магу апісаць. Яго можна параўнаць, мабыць, з пакутай чысцовай душы, якую яшчэ хвіліна аддзяляе ад вечнай любові з Езусам. Бачу, як Езус яднаецца са святаром падчас святой Імшы. Калі ж абудзілася, убачыла Дзіцятка Езуса ў Табернакулюме, Яно запрашала мяне да Сябе. Хутка пайшла ў капліцу, дзе адбыла споведзь. Езус паабяцаў з’яднацца са мною ў Эўхарыстыі. Цяпер было мне добра і радасна“.
Гаворачы пра духоўнае жыццё сястры Ванды, трэба падкрэсліць яе асаблівую сувязь з Хрыстом. Езус, прадказваючы Вандзе цярпенні, схіляў яе да прыняцця гэтых цярпенняў. Але былі таксама і хвіліны, калі падчас цярпенняў Езус дадаваў ёй сіл і ўзмацняў духоўна, выкарыстоўваючы часам вельмі пяшчотныя словы. Ксёндз Барвіцкі знайшоў каля сарака такіх выразаў: “выбраная душа”, “анёльская сястра”, “іскра святароў”, “Мая ўлюбёная нявеста”,“Вандзю ад Раны Майго Сэрца”, “Мая каралеўна”, “Мая радасць”…
Асаблівай рысай духоўнасці сястры Ванды было яе адданае ўшанаванне Божай Маці, якая аб’яўлялася ёй не раз і перадавала свае наказы. Вось адзін з эпізодаў, пра які сястра ўзгадвае з вялікім узрушэннем: “У панядзелак 21 снежня 1942 г. выехала ў Вільню, у Вострую Браму. Адчувала сябе дзіўна духоўна і фізічна. Хацела пра пэўны боль сказаць ксяндзу Барвіцкаму, але гаварыла Божай Маці…Заснула ўжо перад Вострай Брамай. І вось тут прыйшла Божая Маці да мяне, прынёсшы палёгку як для душы, так і для цела… Прасіла аб поўным навяртанні святарскіх душ і душ законных сясцёр… Але Божая Маці апярэджвала мае думкі. Яна сказала: “Я Маці Міласэрнасці для грэшнікаў”. Найсвяцейшая Маці дыхала беззаганнасцю. Ад гэтай беззаганнасці зыходзіла разуменне чысціні сэрцаў, і не толькі свайго, але і тых святароў і законніц. Чым большая чысціня сэрца, тым большая распальваецца любоў…”.
Пра ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваім жыцці сястра Ванда адзначала ў сваіх успамінах 28 снежня 1967 г.:“У хвіліны выпрабаванняў, цемры ў душы або трывогі, Маці Божая была маёй Радасцю, Свечкай, Зоркай, Заступніцай, Адвакатам…”.
У 1980 г. сястра засведчыла: “Ад майго прабывання ў Чанстахове з 13 снежня 1966 г. мой кантакт з Яснагурскай Паннай быў вельмі выразны. Часта пасля Святой Камуніі адчувала сябе вельмі шчаслівай, бо каля самага Любімага Збаўцы ў Сваёй вялікай Любові стаяла і Найсвяцейшая Яго Маці. Асаблівай любоўю яна атуляла сваіх сыноў-святароў. Мае разважанні былі радаснымі і цярплівымі, бо Беззаганнае Сэрца Маці прагне дапамагаць святарам і манаскім згуртаванням, Касцёлу і ўсяму свету. Маці Божай вельмі балюча ад абыякавасці, слабой веры і недахопу любові…”.
Галіна ТАЎЛУЙ.
(Працяг будзе).