“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
(Пачатак у №№ 11 -2021, 02 -2020).
Жыццё сястры Ванды было звязана з незвычайна балючымі цярпеннямі. Велізарны маштаб іх можна асэнсаваць толькі тады, калі вельмі ўважліва азнаёмішся з падзеямі яе жыцця, бо былі яны як фізічныя, так і духоўныя. Некаторыя з іх немагчыма было б перанесці, каб не дапамога Бога.
Перш чым гаварыць пра містычныя цярпенні і цярпенні ад стыгматаў, варта звярнуць увагу на тыя, якія звязаныя з рознымі хваробамі. Але пачнем з таго, як з самага дзяцінства Ванда прымала на сябе хваробы іншых людзей. Напрыклад, як бацька Ванды з прычыны гнайнікоў не мог паварушыць галавою падчас працы ў полі, і дзяўчынка прыняла яго цярпенне на сябе. Бацька паправіўся, а Ванду пакрылі гнайнікі. Калі ж захварэла шматдзетная суседка, Ванда таксама ўзяла яе хваробу на сябе. Прыняла Ванда і хваробу навагрудскага ксяндза-вікарыя, у якога балела горла і які не мог прамаўляць казанне. Пасля ксёндз жартаваў, што ён вось так хутка вылечыўся, а Ванда не можа…
Сястра Разалія расказала, што 7 лютага 1941 года, калі яна павінна была перажыць аперацыю, сястра Ванда абяцала ўзяць яе цярпенне на сябе. Гэта была складаная аперацыя. Пазней Разалія сведчыла, што ні падчас аперацыі, ні пасля яе яна не адчувала ніякага болю.
Ідэя прыняцця на сябе хвароб іншых людзей спадарожнічала сястры Вандзе на працягу ўсяго жыцця, але, паколькі такія цярпенні за іншых звычайна заставаліся таямніцай самой сястры, то немагчыма дакладна ўстанавіць колькасць людзей, хваробы якіх Ванда ўзяла на сябе. З дзяцінства Ванда не раз сама пераносіла розныя захворванні. У дзіцячыя гады яна некалькі разоў хварэла на запаленне лёгкіх.
Таксама вельмі шмат перажыла Ванда, калі ўрачы, не разумеючы яе містычны стан, па-рознаму ацэньвалі яе здароўе і не раз праводзілі балючыя абследванні. Найбольш цяжка адчувала сябе сястра, калі ёй прыпісвалі хваробу на туберкулёз і калі ўсё акружэнне лічыла, што сястра знаходзіцца ўжо на апошняй стадыі захворвання. Вандзе нават прыгатавалі сукенку на смерць, яна атрымала Сакрамэнт намашчэння хворых. Адзін з дактароў увогуле палічыў сястру Ванду заразнай. Гэтае памылковае і несправядлівае меркаванне паслужыла прычынай таго, што Ванда павінна была апошняй прыступаць да прыняцця Святой Камуніі, каб святар, датыкаючыся да яе вуснаў, не перанёс заразныя мікробы на іншых асоб. З гэтай жа нагоды Вандзе было забаронена ўдзельнічаць у сумесным спажыванні ежы з іншымі сёстрамі і ўвогуле быць разам з імі.
Шмат хвароб Ванда перанесла, знаходзячыся ў турме. Пасля вяртання ў Польшчу была выяўлена пухліна мозгу велічынёю з бульбіну. І 17 лістапада 1962 года ў Любліне была праведзена аперацыя па выдаленні гэтай пухліны. Існуе меркаванне, што гэтае злаякаснае новаўтварэнне з’явілася як вынік прыняцця Вандай на сябе такой жа хваробы аднаго святара. 29 лістапада 1985 года, выходзячы з аўтобуса, стукнулася аб прычэп і зламала шыйку сцягна.
Доўгі час ляжала Ванда ў шпіталі з нагой на выцяжцы, але косць не зрасталася. Пазней перажыла складаную сямігадзінную аперацыю, але амаль безвынікова. Пасля гэтага яна магла перамяшчацца ў асноўным у інваліднай калясцы.
Выпрабаванні
Шмат цяжкіх выпрабаванняў перанесла сястра Ванда і ў супольнасці сясцёр свайго згуртавання. Сёстры не разумелі містычных перажыванняў Ванды, і гэта станавілася прычынай таго, што Ванда не магла ўдзельнічаць ні ў сустрэчах, ні ў духоўных практыкаваннях супольнасці. Усё гэта прыводзіла да таго, што Ванда часта падвяргалася вострай крытыцы і з боку сясцёр, і з боку сястры-кіраўнічкі. Каб пазбавіцца такой сітуацыі, кіраўніцтва Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў прыняло рашэнне адправіць (у 1944 г.) сястру Ванду ў прытулак для невылечна хворых у Вільні, якім кіравала сястра Ванды – Уршуля. Меркавалася, што менавіта Уршуля гарантуе Вандзе належную апеку. Для Ванды асабіста такія перамены былі вельмі балючымі, бо на самой справе яна была адхілена ад жыцця згуртавання.
Але ж добра вядома, што Пан Бог дзіўным чынам вядзе выбраных асоб шляхам цяжкіх выпрабаванняў. З аднаго боку сястра Ванда адчувала сябе пакінутай, але менавіта ў прытулку яна спазнала шмат моцных містычных перажыванняў.
Нямала цярпенняў спазнала сястра Ванда, калі ў 1959 годзе апынулася ў псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы. І толькі дзякуючы рашучаму ўмяшальніцтву сястры Разаліі Родзевіч Ванда змагла пакінуць гэтую бальніцу.
Складаным выпрабаваннем для Ванды было напісанне дзённіка, які яна распачала пісаць 25 сакавіка 1935 года. Езус загадаў ёй запісваць Яго выказванні. Аб гэтым гаварылі ёй і святары-спаведнікі. Сястра Ванда сведчыла наступнае: “Маю вялікую цяжкасць пры напісанні дзённіка. Але, калі мне загадвае спаведнік, то буду пісаць, лічачы гэта Божым голасам. У момант, калі гэта пішу, то думаю, што дрэнна растлумачыла спаведніку, таму ён мяне не зразумеў і не вызваліў ад напісання. Не давала мне таксама спакою думка, што ўсё, што напісала, з’яўляецца няпраўдай. Няпраўда і тое, пра што хачу пісаць. Так сказала спаведніку, але ён і гэта загадаў напісаць. У мяне не было ніякага жадання, толькі была паслухмянасць перад спаведнікам і яму абяцала, што буду пісаць” (красавік 1942 года).
25 сакавіка 1935 года сястра Ванда пісала: “Цяжка мне пры-ступіць да напісання дзённіка, але, калі Ты, Божа, гэтага ад мяне хочаш, то веру, што дапаможаш. Думаю, што буду пісаць тое, што будзе для Тваёй большай хвалы, а для мяне будзе цярпеннем за грахі. Святы Дух, асвяці мой розум, кіруй маёй рукой пры пісанні і ў такой шчырасці, якая патрэбна. Жадаю быць схаванай, невядомай”.
Да клопату, звязанага з напісаннем дзённіка, далучыўся таксама чалавечы фактар. У 1938 годзе ксёндз Макарэвіч, жадаючы, каб Генеральная Маці Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў зразумела, якія цяжкасці перажывае сястра Ванда ў згуртаванні, даў ёй прачытаць урыўкі з дзённіка. Хоць ксёндз Макарэвіч абавязаў Генеральную Маці захаваць прачытаныя ўрыўкі ў таямніцы, аднак яна ўсё ж перадала іх іншым сёстрам, пры гэтым у пэўнай ступені змяніла змест напісанага сястрой Вандай. Калі ж сёстры са згуртавання пачалі прад’яўляць Вандзе прыкрыя абвінавачванні, яна , нічога не паведаміўшы спаведніку, знішчыла дзённік і на працягу некалькіх гадоў не ра-біла ніякіх запісаў.
Шмат перажыванняў і цярпенняў было звязана ў сястры Ванды са споведдзю. Спаведнікі адносіліся да яе з недаверам. Аднойчы выпадковы спаведнік спачатку не хацеў даць Вандзе дараванне грахоў, палічыўшы яе псіхічна хворай. Пазней гэты ж спаведнік ўдзяліў дараванне грахоў умоўна.
Часам спаведнік не мог належным чынам зразумець Ванду, часам сама Ванда з прычыны свайго ўнутранага неспакою не магла быць поўнасцю шчырай. Здараліся нават такія выпадкі, калі адчувала, што д’ябал проста закрывае ёй рот. У некаторыя перыяды свайго жыцця Ванда ўвогуле была пазбаўлена пастаяннага духоўнага кіраўніцтва з боку спаведніка. Атрымлівалася так, што багатыя містычныя перажыванні і перажыванні фізічныя павялічвалі неспакой Ванды, узмацнялі яе сумнеў.
Здаралася і так, што часам цяжкія выпрабаванні прыносілі Вандзе непрадбачаныя абставіны. Напрыклад, сам аўтар кнігі “Схаваная стыгматычка” кс. Ян Прышмонт таксама стаў прычынай такіх выпрабаванняў. Ксёндз Ян падчас адведзінаў сястры Ванды ў Беластоку даведаўся, што па прычыне вялікай адлегласці да касцёла Ванда мела пэўныя цяжкасці з удзелам у святой Імшы і прыняццем Святой Камуніі, а таксама з-за адсутнасці пастаяннага спаведніка.
29 сакавіка 1960 года кс. Ян Прышмонт накіраваў з гэтай нагоды ліст да кардынала Стэфана Вышыньскага. Кардынал звярнуўся да біскупа ў Беластоку з загадам прызначыць спаведніка для сястры Ванды, а ліст ксяндза Яна Прышмонта пераслаў Генеральнай Маці . Генеральная, пішучы сястры Вандзе 6 красавіка 1960 года, падкрэсліла, што “сястра Ванда дрэнна паступіла, расказаўшы ксяндзу Яну Прышмонту пра тое, што адбываецца ў згуртаванні, паколькі гэта таямніца шлюбу. Гэта шкодна. І нельга гэтага рабіць”.
Сястра Ванда вельмі балюча гэта перажывала і старалася даказаць Генеральнай Маці, што была не яе ініцыятыва. Асаблівае цярпенне перанесла сястра ў савецкай турме і падчас знаходжання ў перасыльным лагеры ў Быкове. Пра гэта будзе расказана пазней.
Праследаванні з боку д’ябла
Гаворачы пра цярпенні сястры Ванды, немагчыма не звярнуць увагу на іх асаблівы від, якім былі нападкі д’ябла, які часта прыносіў розныя шматлікія цярпенні. Ксёндз Барвіцкі прысвяціў каля 100 старонак сваіх нататкаў менавіта апісанню цярпенняў сястры Ванды з боку д’ябла.
Д’ябал, з’яўляючыся перад Вандай, набываў постаці або святых, або анёла. Злы дух імкнуўся пахіснуць перакананні сястры Ванды і схіліць яе да дрэнных учынкаў. Ён насміхаўся са знаходжання Ванды ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў. Д’ябал стараўся дабіцца таго, каб Ванда не прыступала да споведзі або не была шчырай, гаворачы пра аб’яўленні, паколькі яны не з’яўляюцца грахом, а значыць, не трэба пра іх увогуле гаварыць падчас споведзі. Д’ябал пераконваў таксама Ванду, што яна не павінна пытаць у спаведніка параду і што ўвогуле не варта быць паслухмянай яго наказам. Падгаворваў злы дух Ванду не прыступаць да Святой Камуніі, бо ёсць вельмі неабходная праца.
Вось некаторыя прыклады подступаў д’ябла: “Ксяндзу нельга ўсё расказваць. Святы Касцёл хлусіць. Святы Айцец – гэта звычайны чалавек” (9 кастрычніка 1941 г.). “Гэта не Божая воля, каб цярпела за святароў…Адзін Бог цярпеў. Цяпер не церпіць. Святар – гэта Хрыстос. Цярпець не трэба. Што азначае ахвяра да знішчэння?” (30 кастрычніка 1941 г.). “Ты хлусіш Най-свяцейшай Эўхарыстыі, Боскай Велічы. Ты зацемнена. Ты хлусіш сабе” (19 лютага 1942 г.).
Не раз сястра Ванда супраціўлялася подступам д’ябла. Калі ён назваў яе распусніцай, сказала: “Хоць бы і распусніца, але буду любіць Яго, праўдзівага Езуса, самага любімага Бога. Так наш ксёндз гаворыць”. Д’ябал жа на гэтыя словы Ванды адказаў так: “Усе святары мне належаць. Калі ж не звернеш з гэтай дарогі, то назаўсёды загінеш”. Сястра Ванда адказала: “Добра хоць і…на дрэннай дарозе, але ўсё – дзеля самага любімага”. Д’ябал: “Ты ўпартая, а ўпартасць вядзе да пекла. Ты ж пішаш ня-праўду” (тут размова ідзе пра дзённік, які сястра пісала па загаду духоўнага кіраўніка). Ванда адказала д’яблу: “Я павінна быць паслухмянай, хоць бы і няпраўду” (18 верасня 1941 г.).
Страшэнны боль прыносілі сястры Вандзе ўгаворы д’ябла, каб скараціла сваё жыццё. Злы дух настойваў: “Не пытай ксяндза, але аддай сваё жыццё ў нашы рукі. Скарачаючы жыццё, збавіш святароў без цярпення”.
Галіна ТАЎЛУЙ.
(Працяг будзе).