“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.
(Пачатак у №№ 11 -2021, 02, 03 -2022).
Не раз дайходзіла да таго, што д’ябал нават мог ударыць сястру Ванду. Вось што сама яна расказвала: “Д’ябал стаў агідным. Ударыў мяне па шчацэ, выцягнуў за валасы праз дзверы, стукнуў аб таполю. Мяне выратавала Божая Маці. І зноў не ведаю, як апынулася ў ложку, прытулілася да Беззаганнага Сэрца Марыі”.
Асабліва жорсткім чынам помсціў Вандзе д’ябал, калі яна свае цярпенні ахвяроўвала за якога-небудзь святара. Вось адзін з такіх выпадкаў. Ванда ўбачыла на шыі грубыя вяроўкі, якія могуць яе задушыць. Наступіла страшэннае ўдушша, недахоп дыхання, слёзы, усё аблічча стала чырвоным. На хвіліну змагла ўдыхнуць паветра і прамовіла: “Веру ў Яго…” Ізноў душэнне, цела пасінела. Другі раз удыхнула паветра, і зноў жахлівыя мукі, вусны поўнасцю пасінелі. Ванда прамовіла: “Веру ў Яго, Езуса Хрыста, веру!”. Глыбокі ўдых, супакаенне. Езус звярнуўся да яе: “Выратавала яго (аднаго святара) ад павешання”.
Пра іншы прыклад расказвае святар Антоній Зомбэк: “Аднойчы я звярнуў увагу, што сястра Ванда чамусьці вельмі хутка выйшла з капліцы. Знайшоў яе ў ложку ў дзіўным настроі. Бачна было, што адбывалася нейкая ўнутраная барацьба. Твар быў суровы. Не хацела, каб я падышоў. Праз паўгадзіны я ізноў прыйшоў і ўбачыў, што Ванда яўна з чымсьці змагаецца. Праз некалькі хвілін заўважыў яўныя прыкметы душэння, хапанне паветра. Вочы Ванды былі шырока раскрыты. Зрабіў над Вандай знак крыжа і прамовіў лацінскую формулу экзарцызму. Пасля гэтага Ванду падкінула ўверх, яна аддыхалася. Твар набыў нармальны выгляд, але рухі рук пад коўдрай былі неспакойныя. Калі Ванда адсунула коўдру з грудзей, то аказалася, што яна была перавязана вяроўкай. Яна хацела развязаць вяроўку, якая яе страшна душыла. Не жадаючы датыкацца да Ванды сваёй рукой, я паклікаў сястру Рэгіну Арлоўскую, якая знаходзілася ў той час у Прыцінах. Сястра Рэгіна вызваліла Ванду. Гэта была ільняная доўгая (каля пяці метраў) і дзіўна перакручаная вяроўка. У доме сясцёр ніхто такой вяроўкі не бачыў, яна была зусім новая, без прыкмет выкарыстання. На пытанне “Што ўсё гэта можа азначаць?” Ванда адказала, што “адзін ксёндз на далёкай Поўначы хацеў павесіцца, але яна вырвала яго з рук д’ябла. Дэманы, помсцячы Вандзе, хацелі яе задушыць. Вяроўку схавалі, а пазней яна знікла”.
Стыгматы і экстазы
Асаблівым знакам цярпенняў і перажыванняў сястры Ванды з’яўляецца ласка стыгматаў. Ванда адчувала моцны боль у руках і нагах, а менавіта ў тых месцах, якія ў Езуса былі прабіты цвікамі. Гэты боль яна адчула ўжо падчас Першай Святой Камуніі, а таксама, калі ўдзельнічала ў працэсіі, прысвечанай Урачыстасці Святога Арханёла Міхала ў навагрудскім касцёле Святога Арханёла Міхала.
Вельмі моцны боль авалодаў сястрой Вандай на пачатку Крыжовага Шляху, які яна праходзіла ў Кальварыі, калі ўдзельнічала ў пілігрымцы ў Вільню, якая была арганізавана з нагоды Ўрачыстасці перанясення рэліквій Святога Казіміра.
Спазнала таксама Ванда боль ад стыгматаў, калі была ў навіцыяце.
Падчас святой Імшы ў касцёле на Кальварыі, кленчачы перад вялікім крыжам у галоўным алтары, выразна адчула жаданне Пана Езуса, звязанае з прыняццем Вандай такіх фізічных цярпенняў, якія прыносілі Яму найвялікшы боль. Ванда зразумела, што Езус хоча адарыць яе такімі ранамі, якія Ён атрымаў пры ўкрыжаванні. І ў хуткім часе без усякіх вонкавых знакаў Ванда адчула боль вакол галавы, у правым і левым боку, у руках і на нагах. Такі боль па чацвяргах яна пераносіла за святароў, а па пятніцах і серадах – за манаскія законы і за Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў.
Самы ж моцны боль адчувала падчас разважання над Мукай Збаўцы, а таксама падчас святой Імшы пасля святой Камуніі. У перыяд васьмідзённых рэкалекцый Ванда прасіла Езуса, каб даў яўны знак таго, што ўсё, што яна адчувае, сапраўды паходзіць ад Яго. І няхай, напрыклад, такім знакам будзе адчуванне болю Божага Сэрца. Такі знак сапраўды Вандзе быў дадзены. Меч болю пранізаў грудную клетку Ванды. Яна зразумела, што гэты боль з’яўляецца якраз пацверджаннем яе просьбы, скіраванай да Езуса.
Калі ж Ванда разважала пра Ўкрыжаванага Хрыста, пранікаючыся ўсім сэрцам ў Яго Святыя Раны, то адчувала вельмі моцны боль не толькі ў руках і нагах, але і ў галаве. Боль быў настолькі страшны, што пера-ўзыходзіў чалавечае цярпенне. Гэты боль Ванда ахвяроўвала за душы, якіх найбольш патрабуе Сэрца Езуса. І зноў Ванда сказала Езусу, што ахвотна будзе цярпець. 4 сакавіка 1932 года ўпершыню прызналася на споведзі ксяндзу Макарэвічу, што адчувае боль у тых месцах, дзе Езус прабіты цвікамі. Боль таксама працінаў бок, вонкавыя ж знакі адсутнічалі.
У Вялікі Чацвер 1934 года Ванда ноччу малілася ў ложку. Пайсці ў касцёл ёй не дазволілі па прычыне стану здароўя. Падчас гэтай начной малітвы Ванда ў экстазе ўбачыла Збаўцу, Які канаў, жадаючы збавіць душы, якія асабліва адораны ласкамі і якіх Ён хоча мець найбольш блізка каля Свайго Сэрца.
Ванда ведала, што такой жа ахвяры Езус хоча і ад яе. Яна згадзілася на ўсё, але ізноў пажадала, каб раны былі схаваныя ад людзей. Аднак на твары Езуса яна ўбачыла незадавальненне, паколькі не была поўнасцю гатова на ахвяры. Езус жа быў бы гатовы другі раз памерці дзеля дабра душ.
У наступныя перыяды жыцця Ванда перажывала такія цярпенні. Асабліва моцна цярпела па першых чацвяргах і пятніцах, хаця вонкавых слядоў відаць не было.
Вонкавыя стыгматы з’явіліся толькі ў Адвэнце 1934 года. 7 студзеня Ванда самлела падчас споведзі, упала, адчуваючы страшэнны боль у тых месцах, якія ў Езуса былі прабітыя цвікамі. Вострае жалеза пранізвала грудную клетку. Ванда хвалявалася наконт таго, ці зможа яна выкарыстаць ласкі стыгматаў.
Ванда старанна хавала стыгматы да 3 студзеня 1935 года. У гэты дзень іх заўважыў яе спаведнік ксёндз Макарэвіч, які ўдзяляў сакрамэнт намашчэння хворых. Ванда была вельмі занепакоена, але ў духоўным плане адчувала сябе шчаслівай. Езус поўнасцю авалодаў яе душой.
5 красавіка 1935 года стыгматы заўважыла сястра Родзевіч і дапытвалася, што яны азначаюць. Для Ванды гэта было даволі балюча. Аднак сястра Родзевіч усё зразумела і стала вельмі клапатлівай апякункай. Дапамагала пры мыцці акрываўленай бялізны, захоўваючы выяўленую таямніцу. Ванда ж старанна хавала свае раны.
Ксёндз Барвіцкі сцвярджае, што да гэтых балючых вонкавых знакаў варта яшчэ залічыць крывавы пот, рану ў правым боку, рану ў левым боку, рану над левай часткай грудзей, рану правай часткі грудзей, а таксама наступныя раны: левы бок, правая рука, левая рука, правая нага, левая нага. Сюды ж трэба дадаць 13 ранак вакол галавы, крывавыя слёзы, рану на правым плячы, рану на левым плячы, шрамы пасля бічавання, балючыя гузы на галаве, сінякі на целе ад удараў. Да гэтых фізічных ранаў варта дадаць і духоўны знак – рану моманту размовы з Езусам.Стыгматы ў асноўным з’яўляліся ў Вялікім посце, а менавіта – у перыяд вялікага Тыдня.
Шкала цярпення, якое Ванда перажывала з нагоды стыгматаў, была занадта вялікай. Пра гэта сведчаць успаміны сястры Разаліі. Яна расказвала, што “крыві выцякала вельмі шмат. Яна шэсць разоў прыкладвала да ног і да боку шчыльна складзенае палатно, якое ўсё прапітвалася кроўю”.Сястра Разалія адзначала, што “кроў з рук і ног Ванды проста струмянілася. Кроў цякла з вачэй, з галавы…”. Падчас бічавання сястра Разалія павінна была трымаць Ванду, каб яна не ўпала з ложка.
Ахвяраванні
Перад арыштам у 1950 годзе стыгматы пачалі знікаць, у турме перыядычна з’яўляліся. Больш рэдкімі яны сталі пасля вызвалення і вяртання ў Польшчу. У 1980 годзе Ванда пісала свайму спаведніку, што ўжо на працягу шасці гадоў не было вонкавых прыкметаў стыгматаў. Засталіся толькі раны боку і галавы. Аднак боль і розныя цярпенні Ванда адчувала ўсё роўна. Толькі адбывалася гэта ў розныя прамежкі часу, а найчасцей – уначы, паколькі звычайна яна не спала. Цярпенні і боль, звязаныя з дарам стыгматаў, мелі ў сястры Ванды выразна вызначаную мэту. Гэтая мэта была аб’яўлена Вандзе Езусам і ахвяравана за святароў, манаскія законы і за Згуртаванне Сясцёр ад Анёлаў. Езус, ставячы перад Вандай такую мэту, перадаў многа глыбокіх і важных праўдаў пра годнасць святароў, важнасць задач, якія на іх ускладае, а таксама падкрэсліў Сваю асаблівую да іх любоў. Езус перадаў праз сястру Ванду , што грахі святароў прычыняюць Яму вялікі боль.
Асаблівым чынам выявілася перажыванне сястрой Вандай мукі і смерці Езуса. Вось як апісвае гэтае перажыванне ксёндз Зомбэк у сваіх нататках (1947 г.): “Аднойчы, у першую пятніцу пасля абеду, Ванда ляжала ў ложку, не рэагуючы на таго, хто ўвайшоў. Праз хвіліну яна з пяшчотай скіравала свой позірк уверх, затым зірнула ўбок, быццам у нешта ўглядвалася. Твар Ванды набываў выраз дзіўнай павагі. Ніколі такога дзіўна-прыгожага твару ў сястры Ванды не бачыў. Вочы яе былі скіраваныя на нейкі аб’ект на столі. Спрабаваў адшукаць тое, што прыкавала яе позірк. Выраз вачэй Ванды быў незвычайна зацікаўлены. Ён адлюстроўваў замілаванне, і смутак, адначасова і жаль, што тое, што Ванда бачыць, знікае… А праз пэўны час Ванда апусціла павекі і абсалютна спакойна паглядзела на ксяндза Зомбка, у якога не хапіла смеласці распытаць пра змест перажыванняў.
Пра перажыванне сястрой Вандай Хрыстовай Мукі ў пачатку Вялікага посту ў 1947 годзе расказвала сястра Разалія Родзевіч. Перад сном яна зайшла да Ванды і ўбачыла, што сястра сядзіць на ложку і паварочваецца то ў адзін, то ў другі бок. На Разалію Ванда не звярнула ўвагі. Здавалася, што сястра Ванда перажывае бічаванне. Сястра Разалія паклікала ксяндза Антонія Зомбка і сястру Стаху. Пераварочванне з боку на бок працягвалася. Яно не суправаджалася крыкамі. Сястра Разалія растлумачыла, што Ванда сапраўды перажывае бічаванне.
“Вельмі выразна можна было назіраць кананне на крыжы. Ванда, лежачы на ложку, рукі трымала раскінутымі, як на крыжы. Выраз яе твару набыў смяротны выгляд. Перажыванне канання было такім натуральным і адначасова такім цяжкім, што здавалася быццам Ванда сапраўды памрэ. Цяжка дыхаючы, яна хапала паветра. Дыханне станавілася ўсё больш рэдкім, пакутлівым. Урэшце, галава пахілілася, з вуснаў выцекла сліна, наступіў канец.
Некалькі хвілін перад намі ляжаў сапраўдны нябожчык, схуднелы быццам з прычыны доўгай хваробы, дашчэнту вымучаны, з вельмі глыбока запалымі вачыма і пасінелымі вуснамі. Рукі раскінуты, быццам укрыжаваныя, галава схілена.
Праз хвіліну без следу пэўнай мяжы паміж жыццём і смерцю Ванда з мёртвай зрабілася жывой і спакойна паглядзела на тых, хто стаяў побач. Не азіралася, каб пераканацца, дзе знаходзіцца, не спытала, чаму каля яе стаяць ксёндз і сёстры.
Галіна ТАЎЛУЙ.
(Працяг будзе).