Як трапяткі агеньчык свечкі

“…Немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных, але нам, каталікам, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў”, – пісала ў лістападаўскім нумары летась Галіна Таўлуй. А пасля ў рэдакцыю пазваніла Тэрэса Запруцкая з Мінска з просьбай распавесці пра благаслаўлёную больш падрабязна, і наша аўтарка згадзілася на прадаўжэнне ўзнятай тэмы.             

(Працяг. Пачатак у  №№ 11 -2021, 02,03,04 -2022).

 

 

 

Пераходны станCв. Ванда

Варта адзначыць, што пасля некаторых экстазаў Вандзе было цяжкавата  вярнуцца да нармальнага стану, таму яна праходзіла спачатку пераходны стан, як гэта адбывалася з фацімскімі дзецьмі пасля іх бачанняў Маці Божай.

Містычныя бачанні былі ў сястры Ванды яшчэ ў турме. 2 студзеня  1990 года яна расказала  ксяндзу Яну Прышманту, як аднойчы, пасля містычных бачанняў у турме,  турэмны ўрач не магла  адшукаць яе пульс, Ванду палічылі памерлай і вынеслі ў туалет.  Пасля такіх экстазаў турэмны ўрач знаходзіла на целе Ванды сінія плямы.

 

Звышнатуральныя знакі

У жыцці сястры Ванды было шмат з’яўленняў звышнатуральнага характару. Ужо ў раннім дзяцінстве  родныя заўважалі ў дзяўчынкі дзіўныя здарэнні, якія адбываліся з ёю. Калі ёй быў толькі яшчэ адзін год і калі яна яшчэ ўвогуле не хадзіла, то пачула, што Бог будзе хадзіць па вуліцах Навагрудка ў Дзень Божага Цела. Дзяўчынка адчула раптам у сабе такую сілу, што адразу паднялася і пачала нармальна хадзіць. А калі ў яе памёр  малодшы брат і ляжаў у труне, Ванда закрычала: “О, брацік устае!”. Яна ўбачыла свайго брата ў акружэнні анёлаў.

У дашкольным узросце з Вандай здарыўся яшчэ адзін незвычайны выпадак. Яе бацькі пайшлі ў касцёл, а яна засталася дома і плакала. Акурат у гэты момант з’явілася прыгожая дзяўчынка, якая пачала гуляць з Вандай. Гэтая дзяўчынка яшчэ не раз прыходзіла і аднойчы сказала: “Ведаеш, Ванда, я анёлак і заўсёды чуваю над табой, бо гэта мой абавязак”.

У дзень Першай Святой Камуніі Ванда, замест постаці ксяндза, заўважыла Пана Езуса ў прыгожым акружэнні анёлаў. Езус першы раз загаварыў да яе выразным голасам. На наступны год падчас святой Імшы Ванда ўбачыла не ксяндза Букрабу, які цэлебраваў святую Імшу, а самога Пана Езуса. Тады яна перажыла ўсю муку Езуса.

Калі ж Ванда  разам з ксяндзом біскупам  Зыгмунтам  Лазінскім прыехала ў Вільню, то падчас святой  Імшы, якую ён цэлебраваў, заўважыла, што рукі біскупа як бы палымнелі, па іх быццам сплывалі  вогненныя  языкі.

Дом Сясцёр ад Анёлаў у Прыцінах, 1943 г.

Дом Сясцёр ад Анёлаў у Прыцінах, 1943 г.

Незвычайнае здарэнне адбылося з Вандай падчас праходжання прыпынкаў Крыжовага шляху ў Кальварыі. Калі Ванда пад уплывам экстазу адышла ад групы, з якой прыехала ў Вільню і з якой праходзіла  Крыжовы  шлях, то нейкі хлопчык прывёў яе да групы. Ванда была ўпэўнена, што гэта быў яе Анёл-ахоўнік.

Неабходна падкрэсліць, што пастаянныя містычныя перажыванні Ванда мела на працягу ўсяго жыцця. Сярод містычных перажыванняў сястры перш за ўсё варта выдзеліць аб’яўленне Пана Езуса. Езус прамаўляў да Ванды і перадаваў ёй сваё пасланне, звязанае з  прыняццем цярпенняў і складаннем ахвяр. Ён атуляў Ванду сваёй любоўю і падтрымліваў яе духоўна. Аднойчы Езус Сам прыйшоў да Ванды ў Святой Камуніі. Вось як яна апісвала  падрабязнасці, якія датычаць яе бачанняў Езуса.: “Бачыла Яго шмат разоў і ў розных вобразах. Некалькі разоў бачыла Езуса  падчас святой Імшы, а менавіта ў той момант, калі ў святарскіх  руках  узносіцца Гостыя. Замест Гостыі, крыху вышэй, бачыла постаць Хрыста-чалавека. Бачыла вялікае, вялікае зраненае Сэрца. Гледзячы на гэтае Сэрца, магла зразумець, чаго ад Мяне Езус жадае. Езус меў выгляд юнака майго ўзросту, можа, быў крыху старэйшы. Мне тады было 24 гады. Адзенне яго было бела-вогненным. Сэрца Езуса палымнела, як сонечны дыск пасля  ўзыходу сонца. Рана была чырвонай, як наша кроў. Кроў з раны сцякала ў келіх, які святар падымаў падчас святой Імшы.

На пытанне ксяндза-спаведніка, зададзенае Вандзе 22 красавіка 1941 года і звязанае з успрыняццем ёю з’яўлення Езуса, Ванда адказала: “Гэта растлумачыць цяжка. Успрымаю Езуса толькі душой і патанаю нібы ў бяздоннай любові. Ён мяне акунае ў Рану Свайго Сэрца. Разумею Яго любоў у Найсвяцейшай Тройцы праз Беззаганную Маці Марыю, анёлаў і праз нашы душы яшчэ тут, на зямлі… Сястра Ванда ў адказе на пастаўленае пытанне адзначыла таксама, што адчуванне блізкасці Езуса можна  параўнаць з адчуваннем любімага дзіцяці да свайго таты, які дазваляе яму, як сваёй уласнасці, прытуліцца да свайго сэрца. “Езус, – падкрэслівала Ванда, – часам прасвятляе іншыя душы, каб умацаваць іх на шляху цярпення. У падобныя хвіліны адчуваю сябе сапраўды Яго абсалютнай нявольніцай, бо любіць, прасіць і перапрашаць магу толькі так, як Ён хоча. Жыццё, еднасць з іншымі людзьмі становіцца пакутай, а жаданне паяднання з Езусам вялізнае. Езус не абмяжоўвае святла, якое датычыць маёй душы. Бачу дасканала свае мінулыя і цяперашнія грахі, свае схільнасці да злога, але Езус таксама і ўмацоўвае мой дух, каб я не была прыгнечанай, а пастаянна працавала над сабой і старалася быць да Яго падобнай”.f-str-23

Варта адзначыць, што Езус аб’яўляўся Вандзе ў некаторыя перыяды яе жыцця даволі часта. І пра гэтыя аб’яўленні сведчаць не толькі дзённікавыя ўспаміны Ванды, але і таксама яе святары-спаведнікі. Аб’яўлялася Вандзе і Божая Маці. Вось што аб гэтым пісала сястра: “Найсвяцейшая  Марыя Панна ўяўляецца мне пахучасцю неба, найвялікшай  умілавальніцай Найсвяцейшай Тройцы. Душа, якая яшчэ не знайшла Найсвяцейшай Марыі Панны, адчувае сябе, як кветка без вады. Езус паслухмяны Маці Божай і праз Яе заступніцтва шмат прабачае і разумее нашу слабасць. Разумею, што, можа, няправільна  думаю, але, калі б сабраць разам  любоў усіх анёлаў і святых, якой яны палымнеюць да Найсвяцейшай  Тройцы, то ў Беззаганнай Панны Марыі любоў будзе большай. Пасля Бога Яна займае ў небе першае месца. Праз Найсвяцейшую Марыю Панну найбольш душ трапляе на Неба. І гэта чыстыя душы, якія адначасова і церпяць для Неба… Анёлы  таксама  пастаянна адаруюць Яе і ўшаноўваюць як СвятынюДуха Святога. Выглядае  Найсвяцейшая  Панна дзівосна. Яе твар, Яе вочы падобны да Асобы Пана Езуса. Яны дыхаюць Духам Святым. Лягчэй  можна  разгледзець Божую Маці, калі ў душы няма смецця, пад якім маецца на ўвазе самы малы грэх…”

Божая Маці пастаянна чувала над Вандай. У 1927 годзе, калі вырашалася  пытанне, звязанае з тым, ці застанецца яна ўвогуле ў Згуртаванні сясцёр ад Анёлаў, Ванда паехала ў Вострую Браму. Укленчыла перад капліцай і пачала горача маліцца. Пасля абеду ўбачыла, што Божая Маці з абраза дае ёй знак, каб узышла наверх, у сярэдзіну. Закрыстыянін, замыкаючы капліцу, не заўважыў у змроку, што ўнутры капліцы знаходзіцца нейкая асоба. Толькі раніцай наступнага дня ён са здзіўленнем убачыў каля сцяны сястру Ванду.

Пасля ранішняй святой Імшы Ванда вярнулася да сясцёр згуртавання. У гэты ж дзень павінна было адбыцца галасаванне, звязанае з тым, ці  застанецца  Ванда ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў. Сама яна падчас галасавання заставалася спакойнай. Працэдура  была заснавана на тым, што ў кубак кідалі белыя і чорныя фасолінкі. Пасля таго, як  фасолінкі  высыпалі на стол, аказалася, што ўсе яны былі белыя. І азначала гэта, што Ванда можа застацца ў Згуртаванні Сясцёр ад Анёлаў. Тады сястра Рачыньска, якая таксама ўдзельнічала ў галасаванні, са здзіўленнем усклікнула: “Але ж як гэта магчыма?! Я ж добра ведаю, што кінула  не белую фасолінку…”

Сястра Ванда, шчыра молячыся да Божай Маці, вельмі прагла Неба. 31 мая 1943 года, калі Ванда ўвайшла ў капліцу, пачула голас Маці Божай: “Прасі Мяне аб чым хочаш. Я выслухаю”. І Ванда прамовіла: “Маці, забяры мяне да Сябе!”.

Сястра Ванда бачыла не толькі Езуса і Божую Маці,  але і анёлаў, святых, арцыбіскупа  Вінцэнта  Ключыньскага, заснавальніка Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў. Бачыла таксама душы памерлых, душы няшчасных  жанчын, якія прасілі аб дапамозе ў чысцовых цярпеннях. Сястра Ванда шмат разоў зазначала, хто ўжо пакінуў чысцец і радуецца  шчасцем Нябеснага Валадарства.

Умела  Ванда  і чытаць  у людскіх сэрцах. Сястра Разалія Родзевіч гаварыла, што Ванда дакладна ведае і чытае яе сумленне. Аднойчы арцыбіскуп  Ялбжыкоўскі  ў  размове з сястрой Разаліяй Родзевіч паведаміў, што  асабіста  наведае Прыціны і  папрасіў  сястру Разалію, каб яна не гаварыла аб гэтым  Вандзе. Але, калі пасля гэтага Разалія вярнулася дадому, то Ванда  вельмі дакладна перадала ўсю размову сястры Разаліі з арцыбіскупам.

Быў у сястры Ванды яшчэ адзін асаблівы дар – ведаць пра падзеі, якія адбываюцца ў вельмі далёкіх месцах. 17 ліпеня 1942 года, калі пасля экстазу Ванда прыйшла ў прытомнасць, то сказала, што Рамуальд Шульц, сваяк сястры Разаліі з Амерыкі, быў высвечаны на святара. Між іншым, сама Разалія пра гэтага сваяка ўжо даўно не мела ніякіх звестак. Яна проста папрасіла Ванду маліцца за гэтага чалавека. Калі ж вечарам 3 чэрвеня 1963 года сёстры маліліся, то сястра Ванда раптам перапыніла малітву і пачала адгаворваць “Анёл Панскі” за памерлага Папу Яна ХХIII. І толькі раніцай наступнага дня, слухаючы радыё, сёстры даведаліся пра смерць пантыфіка.

Мела сястра Ванда  і яшчэ адну незвычайную ласку – распазнаваць будучыя здарэнні. Мела бачанне свайго будучага спаведніка. Прадказала  арышты ксяндза Барвіцкага і свой асабісты.

У 1949 годзе, у дзень сваіх імянін, сказала, што ў будучым годзе ў Прыцінах не будуць адзначаць яе імяніны, таму што дом Згуртавання Сясцёр ад Анёлаў будзе ліквідаваны. І яшчэ прадказала, якія сёстры будуць арыштаваны.

Пра адзін незвычайны выпадак з жыцця сястры Ванды расказала 27 лютага 1941 года  сястра Разалія. Настаўнік школы ў Прыцінах, які быў вялікім праціўнікам рэлігіі і які не мог увогуле пераносіць сястру Ванду, аднойчы  прыслаў  ёй  кошык  чорных  ягад. Зірнуўшы на іх, Ванда адразу ўсклікнула: “Атручаныя!”. Калі ж адна з дзяўчынак, якімі сястра апекавалася, хацела іх паесці, Ванда катэгарычна забараніла. Сама ж зрабіла  над  імі знак крыжа і з’ела іх. Калі аб усім гэтым даведаўся настаўнік, то ўскрыкнуў: “Перакананы, яе (Ванду) нічога не бярэ!”.

Неабходна адзначыць таксама, што Ванда  працяглы час магла абыходзіцца  без ежы. Пры спажыванні ежы разам з сёстрамі была паслухмянай і ела, хоць і вельмі мала.  

 

 

 

Галіна ТАЎЛУЙ.

(Працяг будзе).


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий